З 10 чэрвеня па 10 верасня ў кальцавым калідоры 3-га паверха праводзіцца тэматычная выстаўка “Грошы нашага часу. Дэнамінацыя ў Беларусі 2016”.
Дэнамінацыя беларускага рубля за яго адносна кароткую гісторыю адбывалася ўжо двойчы. У далёкім 1992 годзе ў Беларусі з’явіліся новыя грошы – усім вядомыя “зайчыкі”, “вавёрачкі”, “зубры”… Праз два гады, у 1994-м, была праведзена першая дэнамінацыя, калі з беларускіх купюр прыбралі адзін нуль. У 2000 год краіна ўвайшла з новымі грашыма, пазбаўленымі яшчэ трох нулёў.
З 1 ліпеня 2016 года ў Рэспубліцы Беларусь будзе праведзена дэнамінацыя афіцыйнай грашовай адзінкі. Адпаведнае рашэнне зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 года № 450.
Агульная канцэпцыя дызайну новых грошай адпавядае дэвізу “Мая краіна – Беларусь”. Кожная банкнота прысвечана адной з абласцей Беларусі і гораду Мінску.
У экспазіцыі “Грошы нашага часу. Дэнамінацыя ў Беларусі 2016” прадстаўлена каля 70 дакументаў. Гэта кнігі і энцыклапедычныя выданні па гісторыі ўзнікнення грошай, нумізматыцы, баністыцы і фінансавай пісьменнасці.
Раздзел выстаўкі “Грошы любяць разумных людзей” раскажа чытачу пра базавыя асновы фінансавай кампетэнцыі, валодаць якімі неабходна, каб выжыць у сучасным грамадстве. У раздзеле “Грашовая азбука” сабраны кнігі для дзяцей і іх бацькоў, у якіх простай і даступнай мовай распавядаецца, як стаць фінансава пісьменным чалавекам. На выстаўцы таксама прадстаўлены кнігі аб гісторыі грашовага звароту ў нашай краіне і беларускіх папяровых грашовых знаках.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 28 86.