ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Грошы нашага часу
Ад вытокаў народных

Бежанцы: з надзеяй – у будучыню

Бежанцы: з надзеяй – у будучыню
Іншыя навіны

З 9 чэрвеня па 12 ліпеня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “Бежанцы: з надзеяй – у будучыню”, прысвечаная Сусветнаму дню бежанцаў.


Гэты Дзень быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН 4 снежня 2000 года (рэзалюцыя 55/76) і штогод адзначаецца 20 чэрвеня, пачынаючы з 2001 года. Абвяшчэнне Дня бежанцаў – даніна павагі сіле духу і мужнасці мільёнаў людзей, пераадолеўшых неверагодныя цяжкасці, каб пачаць жыццё нанава і стаць паўнавартаснымі членамі грамадства ў складаных і нязвыклых абставінах.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый пад тэрмінам “бежанец” разумее асобу, якая “у сілу цалкам абгрунтаваных асцярог стаць ахвярай праследаванняў па прыкмеце расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў знаходзіцца па-за краінай сваёй грамадзянскай прыналежнасці і не можа карыстацца аховай гэтай краіны”.

Па даных Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, у канцы 2015 года ў свеце налічвалася 59,5 мільёна вымушаных перасяленцаў, што з’яўляецца беспрэцэдэнтна высокім паказчыкам. Гэта азначае, што адзін з кожных 122 чалавек сёння адносіцца да катэгорыі або бежанцаў, або ўнутрана перамешчаных асоб ці асоб, якія шукаюць прытулку. У 2015 годзе кожны дзень колькасць бежанцаў, перамешчаных асоб ці асоб, якім неабходны палітычны прытулак, павялічвалася на 42,5 тысячы чалавек, што ў чатыры разы больш, чым у 2010 годзе. За гэтымі лічбамі стаіць нешта большае, чым проста статыстыка: гэта пэўныя людзі і сем’і, у якіх карэнна змянілася жыццё, а будучыня застаецца няяснай.

Канфлікт у Сірыі, а таксама крызісы ў Іраку, Украіне, Паўднёвым Судане, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, на паўночным усходзе Нігерыі і ў асобных раёнах Пакістана прывялі да нябачанага дагэтуль росту маштабаў і паскарэння працэсаў змушанага перамяшчэння людзей на глабальным узроўні. Усё большая колькасць іх мусіць пакідаць месцы свайго пастаяннага пражывання ў пошуках абароны ад праследаванняў і насілля.

Міжнародная супольнасць накіроўвае свае намаганні на палягчэнне цяжкай долі гэтых людзей. Прызнаючы адказнасць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый за лёсы бежанцаў, Генеральная Асамблея ААН у 1950 годзе заснавала Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ), якое пачало сваю дзейнасць 1 студзеня 1951 года. Дзве галоўныя функцыі УВКБ: прадастаўленне бежанцам міжнароднай абароны і імкненне знайсці надзейныя рашэнні іх праблемы.

Азначэнне прававога статусу бежанцаў змяшчаецца ў двух міжнародных дагаворах – Канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951 года і Пратаколе да яе 1967 года. Канвенцыю ратыфікавала звыш 140 дзяржаў, уключаючы Рэспубліку Беларусь, якая далучылася да Канвенцыі і Пратакола ў маі 2001 года. Наша краіна ўносіць свой уклад у міжнародныя намаганні па рашэнні праблем бежанцаў. Прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі было адкрыта ў 1995 годзе. Арганізацыя штогод рэалізуе ў Беларусі праекты на суму каля 1 млн долараў ЗША, якія ў асноўным накіраваны на ўмацаванне нацыянальнай сістэмы прытулку.

Экспазіцыя налічвае каля 100 дакументаў: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы. Вялікую частку выстаўкі складаюць дакументы міжнародных арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы) на рускай і англійскай мовах.

Выстаўка змяшчае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Становішча бежанцаў у свеце.
  • Бежанцы ў сучасным міжнародным праве.
  • Роля УВКБ ААН у абароне праў бежанцаў.
  • Міжнароднае супрацоўніцтва і палітыка дапамогі бежанцам.
  • Сістэма абароны бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь.

Выстаўка прызначана для палітолагаў, юрыстаў, сацыёлагаў, супрацоўнікаў органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, вучэбных і навуковых структур, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца праблемамі бежанцаў і пытаннямі міграцыі і прытулку.

Карысныя спасылкі

Асноўныя дакументы

Дадатковыя дакументы

Спіс літаратуры да выстаўкі

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 34.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам