ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Аб гісторыі моў свету
Шляхамі Песняра

Акіяны планеты Зямля

Акіяны планеты Зямля
Іншыя навіны

З 7 чэрвеня па 31 ліпеня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстаўка “Акіяны планеты Зямля: засваенне, вывучэнне, захаванне”, прысвечаная Сусветнаму дню акіянаў.


Гэты Дзень быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН 5 снежня 2008 года (рэзалюцыя 63/111) і штогод адзначаецца 8 чэрвеня, пачынаючы з 2009 года.

Акіяны займаюць тры чвэрці паверхні нашай планеты і змяшчаюць 97 працэнтаў водных запасаў Зямлі. Іх тэмпература, хімічныя працэсы, плыні і жыццё вызначаюць дзеянне глабальных сістэм, якія робяць Зямлю прыдатнай для існавання чалавецтва. Дажджавая і пітная вада, надвор’е, клімат, берагавыя лініі, вялікая частка нашай ежы і нават кісларод у паветры, якім мы дыхаем, – усё ў канчатковым выніку даецца Сусветным акіянам і рэгулюецца ім. Акіян мае незлічоныя багацці і магчымасці. Яго рэсурсы – залог жыцця і наступнага развіцця чалавечай цывілізацыі. Абароненасць, здаровы стан і прадуктыўнасць Сусветнага акіяна з’яўляюцца неад’емнымі складнікамі дабрабыту людзей, эканамічнай бяспекі і ўстойлівага развіцця грамадства.

Акіяны велізарныя, але іх здольнасць вытрымліваць шкоду, якую прычыняе чалавек, не бязмежная. Разнастайнасць біялагічных відаў, што насяляюць акіяны, знаходзіцца пад пагрозай, якая няўхільна ўзрастае. Негатыўныя наступствы чалавечай дзейнасці – празмерная эксплуатацыя жывых рэсурсаў мора, забруджванне акіянаў небяспечнымі для іх рэчывамі і адходамі вытворчай дзейнасці, змена клімату і акісленне акіяна – з’яўляюцца сур’ёзнай пагрозай для марскога асяроддзя і не праходзяць бясследна.

Каб у поўнай меры скарыстацца выгодамі, якія дораць акіяны, чалавецтва павінна ахоўваць марское асяроддзе і клапатліва распараджацца яго рэсурсамі. Захаваць акіяны і зрабіць усё для іх экалагічнага дабрабыту – адна з найважнейшых задач сучаснага грамадства.

Абаронай марскога асяроддзя і прыцягненнем увагі сусветнай грамадскасці да праблем акіянаў і мораў займаецца Праграма ААН па навакольным асяроддзі, а таксама Міжнародная марская арганізацыя (ММА). Апошняя з’яўляецца спецыялізаванай установай ААН, адказнай за прыняцце мер па недапушчэнні забруджвання мора з суднаў і павышэнне бяспекі міжнароднага суднаходства. Гэтай арганізацыяй распрацавана звыш 40 канвенцый і дагавораў у галіне аховы марскога асяроддзя, уключаючы Канвенцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па марскім праве 1982 года, якую называюць “канстытуцыяй акіянаў”.

Сусветны акіян – важны аб’ект навуковых даследаванняў. Больш поўнае веданне працэсаў, што адбываюцца ў акіяне, і ўменне іх прагназаваць дазволіць зняць праблему цунамі, ураганаў і засух, зрабіць свет менш залежным ад стыхіі. Пранікаючы ўсё глыбей у таямніцы акіянаў, вучоныя працягваюць адкрываць новыя формы марской флоры і фаўны. Бяскрайнія прасторы марскіх глыбінь захоўваюць мноства сакрэтаў, і дагэтуль акіян з’яўляецца адным з самых загадкавых і малавывучаных аб’ектаў на Зямлі.

Прадстаўленыя на выстаўцы дакументы раскажуць пра рэсурсы і працэсы, што ідуць у Сусветным акіяне, а таксама пазнаёмяць чытача з міжнароднай сістэмай мер і правіл, накіраванай на падтрыманне бяспекі марскога суднаходства і ахову марскога асяроддзя.

Экспазіцыя налічвае каля 60 дакументаў: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы. Вялікую частку выстаўкі складаюць дакументы міжнародных арганізацый на рускай, англійскай і французскай мовах.

Выстаўка мае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Сусветны акіян: гісторыя, геаграфія, прырода.
  • Рэсурсы Сусветнага акіяна і іх засваенне. Даследаванні Сусветнага акіяна. Акіяналогія.
  • Марское права. Падтрыманне бяспекі марскога суднаходства. Дзейнасць ММА.
  • Забруджванне і ахова прыроды Сусветнага акіяна.
  • Міжнароднае супрацоўніцтва па сумесным выкарыстанні мораў і акіянаў.

Выстаўка прызначана для спецыялістаў па марскім праве, эколагаў, маракоў, біёлагаў, акіянолагаў, а таксама шырокага круга чытачоў, якія цікавяцца даследаваннямі марскіх глыбінь і праблемамі акіянаў і мораў.

Спіс літаратуры

Карысныя спасылкі

   

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам