ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Дастаеўскія: карані роду
Музейныя заняткі “Факсіміле”

Вецер перамен

Вецер перамен
Іншыя навіны

Даём старт новаму віртуальнаму праекту “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў сучаснай прэсе”. З першай публікацыі вы даведаецеся аб архітэктурным праекце новага будынка бібліятэкі, месцы і тэрмінах яго будаўніцтва і гістарычных фактах, звязаных з усходняй часткай Мінска.

Напярэдадні 80-годдзя галоўнай бібліятэкі краіны ў яе сценах зноў загаварылі аб узвядзенні новага будынка і адкрыцці суперсучаснага інфармацыйнага цэнтра. Мары, планы, перспектывы... У той юбілейны год усе верылі, што яны абавязкова спраўдзяцца. А прычынай такога настрою паслужыў візіт прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Нацыянальную бібліятэку і сустрэча з архітэктарамі – аўтарамі праекта яе новага будынка. Гэты дзень, 5 лістапада 2001 года, стаў днём новай эры ў гісторыі галоўнай кніжнай скарбніцы: скончыўся час чакання.

veterperemen_1.jpg
Заслужаныя архітэктары Рэспублікі Беларусь, двойчы лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Віктар Крамарэнка і Міхаіл Вінаградаў

Той стан, у якім знаходзілася Нацыянальная бібліятэка ў пачатку XXI стагоддзя, не давала ёй ніякіх шанцаў на далейшае развіццё. Маючы ўнікальны фонд больш чым у 7,5 мільёнаў асобнікаў, яна па-ранейшаму не мела магчымасці іх годна размясціць. У розных частках горада знаходзілася ўжо 6 (!) будынкаў, дзе ў ледзь прыстасаваных для гэтага ўмовах захоўваліся бібліятэчныя фонды. Але ўсё ж галоўнай мэтай наведвання Нацыянальнай бібліятэкі кіраўніком дзяржавы стала не столькі абмеркаванне існуючых праблем, колькі рэальная праграма дзеянняў. У лекцыйнай зале бібліятэкі былі выстаўлены чарцяжы і макет яе новага будынка.

veterperemen_2.jpg

Пасля абмеркавання праекта, прадстаўленага архітэктарамі Віктарам Крамарэнкам і Міхаілам Вінаградавым, было вырашана: новаму будынку бібліятэкі – быць! І пабудаваны ён будзе там жа, дзе і планавалі калісьці, – у раёне станцыі метро “Усход”. Былі вызначаны і тэрміны будаўніцтва: 3–4 гады, замест разліковых 6–7 гадоў. А гэта значыла, што ўзвядзенне нулявога цыкла будынка пачнецца ў 2002-м і ўжо да 2006 года зазіхаціць на сонцы ўсімі гранямі бібліятэчны “брыльянт”. І кола яго гісторыі закруцілася з нябачанай хуткасцю.

veterperemen_3.jpg

veterperemen_4.jpg

Юрыдычнае абгрунтаванне ўсё вышэйпададзенае знайшло ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 153 ад 7 сакавіка 2002 года “Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»”.

Як і ў пачатку ХХ стагоддзя, месца, абранае для будаўніцтва галоўнай бібліятэкі рэспублікі, аказалася духоўна звязаным з гістарычным мінулым яе народа. Яно ахутана рознымі легендамі, адзначана шматлікімі гістарычнымі падзеямі. Вось чаму не здзіўляе той факт, што кніжная скарбніца краіны была ўзведзена менавіта тут, на гэтых землях. Зрэшты, бібліятэка і сама ўжо даўно з’яўляецца часткай гісторыі нашай краіны.

“Усходняя частка Мінска. Мікрараён Зялёны Луг, вышынныя дамы з мазаічнымі пано – «залатая брама горада», станцыя метро «Усход». Цяпер да гэтых славутасцей горада дадаўся яшчэ і будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які стаў адной з візітовак сталіцы. Але гэта ўсё сучаснасць. Ад мінулага засталася толькі «апранутая» ў гранітныя берагі Сляпянская водная сістэма, з невялікімі каскадамі-вадаспадамі. А некалі на мапах мінскіх ваколіц можна было з лёгкасцю знайсці рэчку Сляпянку, якая працякала скрозь шырокі лясны масіў. Ад яе пайшла і назва бліжэйшых паселішчаў: Сляпянка, Вялікая і Малая Сляпянка. Рака Сляпянка (Слепня) і вёска Сляпянка з’яўляюцца не проста геаграфічнымі назвамі Беларусі, а нясуць на сабе «пыл стагоддзяў»: першая згадка пра іх у гістарычных дакументах адносіцца да XVI стагоддзя. У адным з актаў, выдадзеных Віленскай археаграфічнай камісіяй, у прыватнасці напісана: «…за Слепняю па гасцінцы, які да горада ідзе».

veterperemen_5.jpg

А на месцы Нацыянальнай бібліятэкі стаяла невялікая, з паўсотні двароў, вёсачка Вялікая Слепня, якая існавала яшчэ ў XIX стагоддзі. У 1879 г. у ёй пражывала 254 чалавекі. У ХХ стагоддзі яна разраслася ў некалькі разоў і неўзабаве ўвайшла ў гарадскую рысу. Калі ж пачалі пракладваць галоўны праспект сталіцы, вёска аказалася «рассечанай» напалам. У 70-я гады пры будаўніцтве мікрараёна «Усход» знеслі паўночную (большую) частку вёскі (сёння напамінам аб ёй засталося толькі імя на карце горада – вуліца Вялікая Слепня). А астатнія два дзясяткі дамоў былі знесены ўжо ў апошнія гады, перад пачаткам узвядзення новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі”.

Пройдуць гады, зменяцца пакаленні. Але сувязь часоў застанецца назаўсёды. І, магчыма, калі-небудзь адна з тэматычных экскурсій па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі будзе прысвечана гісторыі зямель, на якіх яна ўзведзена. Бо ўсё ў гэтым жыцці ўзаемазвязана і невыпадкова.


Выкарыстаная літаратура:

  1. Ануфриев, Г. Супербиблиотека обойдется дешевле / Г. Ануфриев // 7 дней. – 2001. – 10 нояб.
  2. Базылева-Ланько, С. Яблоки с Марса и книги с Венеры, или Как сбываются мечты / С. Базылева-Ланько // Библиотеч. дело. – 2009. – № 24. – С. 9–10.
  3. Бібліятэка як агульнацыянальная будоўля дзяржавы // Культура. – 2001. – 10 нояб.
  4. Будет строить вся страна // Центр. газ. – 2001. – 16 нояб.
  5. Гаравы, М. Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі / М. Гаравы // Наша свабода. – 2001. – 9 нояб.

Больш падрабязную інфармацыю вы можаце знайсці ў базе даных “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў прэсе”.

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Чытайце таксама: Cкарб ідэальнай формы (інтэрв'ю з аўтарамі праекта будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – архітэктарамі Міхаілам Вінаградавым і Віктарам Крамарэнкам)

Навіны

Вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”

9 Кра 2021

19 красавіка ў 12.00 пройдзе вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вэбінар “Методыка і тэхналогія каталагізацыі дакументаў у рэгіянальных зводных электронных каталогах”

9 Кра 2021

15 красавіка з 10.00 да 11.30 Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць вэбінар для бібліятэк, падключаных да рэгіянальных зводных электронных каталогаў нашай краіны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

РЗЭК бібліятэк Мінскай вобласці працягвае раскрываць фонды бібліятэчных устаноў рэгіёна

9 Кра 2021

Да Рэгіянальнага зводнага электроннага каталога бібліятэк Мінскай вобласці далучыліся два новыя партнёры – Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўла Пранузы і Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Рэсурс папоўніўся на 87 тысяч бібліяграфічных запісаў на дакументы, якія захоўваюцца ў гэтых бібліятэчных установах.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Узноўлены шэдэўр – пазл вялікага палатна (+ відэа)

9 Кра 2021

Арыгінальная гравіравальная дошка ХVII ст. і ўзноўленая з яе гравюра з партрэтам караля і вялікага князя Яна ІІІ Сабескага ўпершыню дэманструюцца на выставе “Узноўлены шэдэўр” у музеі кнігі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

8 Кра 2021

8 красавіка адбылася сустрэча Кацярыны Мікалаеўны Дулавай, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, члена Канстытуцыйнай камісіі, з працоўным калектывам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111