ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
420 гадоў чытаем “Перэгрынацыю” Радзівіла Сіроткі
Экскурсія да Дня маці

Юлій Таўбін. «З пабітаю лютняй ідзе паэт...»

Юлій Таўбін. «З пабітаю лютняй ідзе паэт...»
Іншыя навіны

Імжа, імжа засцілае свет,
Размыты дажджамі шлях.
З пабітаю лютняй ідзе паэт
Сірано дэ Бержэрак.
Жыццё неўзаметку, як дым, прайшло...
Пакінута недзе труна...
Ніхто не частуе яго даўно
Бадзёрай бутэлькай віна...
Гадоў кавалькады ніхто назад
Не можа адкінуць бег.
І месяц смяецца, як тлусты абат,
Над торбай паэтавых бед...

Верш, які гучыць як дасканалы пераклад нейкага класіка сусветнай літаратуры, быў напісаны на Беларусі ў 1929–1930-х гадах.

Яго аўтар сапраўды шмат займаўся перакладамі, валодаючы некалькімі мовамі, і дасканала ведаў сусветную паэзію.

А свой талент уклаў у беларускую культуру, хоць нарадзіўся, між іншым, у Астрагожску Варонежскай губерні, у сям’і аптэкара, 110 гадоў таму. І каб у 1921 г. не пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў, не мелі б мы ў сваёй гісторыі выдатнага паэта, якога ўспамінаюць незаслужана мала.

«Мой палісад засыпаў пухкі снег...»

Пачнём з чарговага звароту да фонду крытыка Лукі Бэндэ, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Як вядома, «аглабельны крытык» Лука Бэндэ збіраў рукапісы рэпрэсіраваных пісьменнікаў. Ёсць там і рукапіс, на якім напісана: «Ю. А. Таўбін. Лірыка. Эпас. Выбраныя вершы 1928–32 г.». На ім штамп ад 23 лістапада 1932 года «Падпісана ў друк». Захаваўся бланк за № А1232 да рукапісу, адрасаваны друкарні. Там значыцца, што Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі накіроўвае да друку зборнік «Лірыка-эпас» аўтара Юлія Таўбіна аб’ёмам 128 старонак, накладам 2000 асобнікаў.

Яшчэ адзін рукапіс Таўбіна ў архіве Бэндэ – зборнік перакладаў Генрыха Гейнэ.

Абодва рукапісы так і не сталіся кнігамі.

На фотаздымку, які выяўляе юнага Юлія (Юдэля) Таўбіна, – задумлівы малады чалавек з пышным чубам, пульхнымі вуснамі і мройным позіркам цёмных вачэй... Як пісаў Сяргей Грахоўскі, «Сярод пісьменнікаў Таўбін быў адметны ад усіх: зрэнкі аксамітна-чорных вачэй, здавалася, бачаць навылёт, выразныя тоўстыя губы нечым нагадвалі Пушкіна, у свае дзевятнаццаць гадоў ён хадзіў трошкі сагнуты, нібы толькі ўстаў з-за стала».

У Мсціслаўлі, дзе Таўбін вучыўся ў школе, потым у педтэхнікуме, ён знайшоў сапраўдных аднадумцаў, якія стварылі літаратурную групу «Мсціслаўцы». Туды ўваходзілі разам з ім Аркадзь Куляшоў і Змітрок Астапенка.

Сяргей Грахоўскі так успамінаў пра пачатак іх творчага шляху:

Мы пасябравалі, не ведаючы адзін аднаго. У Мсціславе жыў Юлі Таўбін, у Мінску – Алесь Розна, у Глуску – я. Часопіс «Беларускі піянер» часта друкаваў нашы вершы з тытулам «піянер» перад прозвішчам. Рэдагаваў часопіс Алесь Якімовіч і кожнаму паведаміў адрас сваіх найбольш сталых карэспандэнтаў. Адразу паляцелі пісьмы ў Мсціслаў, у Мінск і ў Глуск.

Пра што мы толькі не марылі тады, пра што не пісалі адзін аднаму. У кожным лісце былі вершы. Многія з іх друкаваліся, а некаторыя ўвайшлі ў пасмяротныя выданні Юлія Таўбіна. Вось ужо сорак чатыры гады памяць беражэ яго радкі, напісаныя ў пару дзяцінства.

Мой палісад засыпаў пухкі снег,
Даўно-даўно асыпалісь жасміны,
Раяцца часта ў думках у мяне
Урыўкі ўжо забытых успамінаў.

Таўбін-1.jpg

«Гавораць, што жыць лірыкам, магчыма, цяжэй за іншых...»

Таўбін робіцца чальцом літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а ў 1927-м яго выключаюць разам са Змітраком Астапенкам, Петрусём Броўкам і Кастусём Губарэвічам. У кожнай творчай арганізацыі свае «непажаданыя».

Калі ў 1929-м Мсціслаўскі педтэхнікум зачыняюць, Таўбін у ліку тройкі «мсціслаўцаў» адпраўляецца ў Мінск, паступае на літаратурны факультэт педінстытута і нават уступае ў БелАПП – Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. Дзіўны выбар – бо пралетарскія паэты змагаліся з «буржуазным фармалізмам», варта было паэту прыдумаць незвычайны вобраз – аглабельная крытыка напагатоў... А ў Таўбіна паэзія цалкам упісваецца ў еўрапейскі кантэкст з усімі яе сімвалізмамі:

Кожны з маленства злучаны выракам,
А потым крывёю аплочвае чыншы.
На Беларусі зрабіцца лірыкам
Куды лягчэй, як чым-небудзь іншым.
Вагон прарываецца рыбай праз нерат,
Бярозы галлём быццам б’юцца аб шыбы.
І так мая лірыка рвецца наперад,
Як гэтая самая ў нераце рыба.
...З маленства з нас кожны 
злучаны выракам
Плоціць за вырак багатыя чыншы...
Гавораць, што жыць лірыкам,
Магчыма, цяжэй за іншых...

БелАПП варагаваў з «Маладняком», так што пераход туды Таўбіна выглядае стратэгічным крокам. Грахоўскі ўспамінае пра Таўбіна тых часоў:

Ён тады разам з Астапенкам і Куляшовым жыў у прыватным пакойчыку на вуліцы Розы Люксембург. Тры мсціслаўцы былі амаль неразлучныя. У тыя гады вуліца Люксембург была своеасаблівым беларускім Парнасам: там кватаравалі Пятро Глебка, Таўбін, Астапенка, Куляшоў, Сяргей Дарожны, Віктар Казлоўскі, Лужанін і цэлая чарада маладзейшых паэтаў наймала пакойчыкі і катушкі ў мінскіх чыгуначнікаў і рамеснікаў за пераездам.

Зразумела, вершы Таўбіна не маглі быць па-за ўвагай аглабельных крытыкаў кшталту Кучара і Бэндэ. Юлія абвінавачвалі найбольш у «псыхокапанні». А крытык Кабакоў напісаў у рэцэнзіі на першы зборнік Таўбіна «Агні», што той, па-першае, даў эпіграфам да сваёй кніжкі «вытрымку з заядлага беларускага контррэволюцыянера паэта Ул. Дубоўкі... Па-другое, ва ўсёй кніжцы мы не знайшлі ніводнага слова, дзе гаварылася б аб партыі, аб рабочым класе, які будуе сацыялізм...»

Якімі б трывожнымі ні рабіліся абставіны жыцця, паэты былі маладыя, натхнёныя і, як і іх калегі ва ўсе часы, марылі пра вечнае і шукалі багемнага асяродка. Напрыклад, Таўбін, сціплы інтэлектуальны юнак, увайшоў у ТАВІЗ – Таварыства аматараў выпіць і закусіць. Гэта, вядома, суполка жартоўная, сяброўская – не толькі выпівалі-закусвалі, але чыталі вершы, горача дыскутавалі... Зноў звернемся да ўспамінаў Грахоўскага:

Мы пайшлі да Мікуліча. Мінулі драўляны мост праз Свіслач. Увесь раён за ракою быў драўляны. Толькі што адбушавала паводка, і прырэчныя домікі стаялі без вокан і платоў. Па дарозе Таўбін купіў ладны пакунак цукерак «Мішка». Мы імі ласаваліся па дарозе і пакуль ён чытаў паэму. У Барысаў пакойчык пад самым дахам вяла цёмная лесвіца. Канапка, стол і паліца з кнігамі – вось і ўся мэбля.

Юлі, падкурчыўшы ногі, сеў на канапку і, пагойдваючыся ў такт рытму, пачаў чытаць:

На шалік зор,
Змяніўшы хмар башлык,
Нясуць дазор
Вясна і маладзік.

Паэма мяне ўсхвалявала экзотыкай нябачных крымскіх пейзажаў, дасведчанасцю аўтара, звонкім рытмам, дакладнасцю радка і страфы. Таўбін быў, бадай, самы начытаны і эрудзіраваны сярод тагачасных маладых паэтаў. І ён, як і Розна, вывучаў нямецкую і англійскую мовы, зарубежных паэтаў чытаў у арыгінале і перакладаў без падрадкоўнікаў. Пры ім я станавіўся скаваны, саромеючыся свайго вясковага, правінцыяльнага прымітывізму.

«І от – Цюмень. Замоўк зацяты у той сібірскае цішы»

Таўбіна арыштавалі ў канцы лютага 1933-га. Як сведчыла дачка Аркадзя Куляшова Валянціна, «повадам для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амерыку». Даследчык творчасці Таўбіна Віктар Жыбуль заўважае: «На пачатку 1933 г. Юлі Таўбін яшчэ здолеў падаць голас са старонкі «ЛіМ’а», распавёўшы пра свае творчыя планы: «У 1933 годзе хачу дапісаць даўно пачатую вершаваную аповесць “Доктар Батурын”. Хачу напісаць некалькі вершаў, што даўно ў мяне наспяваюць. Выйдзе кніга „Лірыка. Эпас“. Буду перакладаць ангельскіх і нямецкіх паэтаў».

Аповесць засталася недапісаная, кніга не выйшла... Таўбіна саслалі ў Цюмень, дзе ён працаваў у тэатры загадчыкам літаратурнай часткі. Паэт Змітрок Віталін, аднакурснік Юлія, прысвяціў яму верш, які пачынаецца радком «Яго саслалі да Цюмені...»:

І от – Цюмень. Замоўк зацяты
У той сібірскае цішы.
І хоць няма на вокнах кратаў –
Палеглі краты на душы...
Не чуючы жывога слова
Радзімы-матухны сваёй,
Пачаў пісаць на рускай мове –
Дзівосных думак сумны строй.

Так, Таўбін шмат перакладае і спрабуе ствараць на рускай мове, шле ў друк... Цудам захаваліся рукапісы яго паэм «Михайло» пра Ламаносава і «Осада» пра падзеі Грамадзянскай вайны. Але ссыльнаму надрукавацца было немагчыма. Як пісаў у тым жа вершы Змітрок Віталін:

Прынёс у друк...
Спыталі: хто вы?
Ён адказаў, як мае быць.
– Ваш верш па думцы свежы, новы,
Ды вершы трэба вам забыць...

Смяюся з выдумкі жартоўнай
(А ці жартоўнай, як сказаць?)
Што вывучаў ангельску мову,
Каб цягу ў Альбіён задаць...
Сябры яго любілі:
– Юлька!
І ён умеў сяброў любіць.
А той, у Крамлі, пасмоктваў люльку
І думаў, як яго забіць.

Пачалася хваля паўторных арыштаў. 4 лістапада 1936 года Таўбіна арыштавалі зноў. Ён крыкнуў аднаму са знаёмых у мінскай турме: «Маё следства закончана. Абвінавачваннем служыць нарыс Кучара!». Вось узор з таго нарыса:

Творчасць Таўбіна, яго актыўнае ігнараванне нашай рэчаіснасці, захапленне буржуазнай прадажніцкай гнілой культурай, замкненне ў кола сваіх псіхалагічна хворых успрыманняў, рамантычнае эстэцтва – усё гэта вынікае з нянавісці яго, Таўбіна, да дыктатуры пралетарыяту, да нашага сацыялістычнага будаўніцтва.

«Ці не абрыдла безназоўнасць вам?»

Юлія Таўбіна расстралялі разам з дзясяткамі іншых літаратараў у ноч з 20 на 30 кастрычніка 1937 года. Яму было 26 гадоў. Пасля гэтага выйшла яшчэ некалькі яго перакладаў. У архіве захоўваецца ліст Абеля Ісакавіча Старцава, знакамітага расійскага перакладчыка, вучонага-амерыканіста, напісаны 10 ліпеня 1966 года. Ліст адрасаваны, як я зразумела, Станіславу Пятровічу Шушкевічу, які працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» і, відаць, рыхтаваў творы Таўбіна да друку.

Я ни разу не видел Таубина (о чем жалею): только лишь говорил однажды по телефону о работе, которую он выполнял по моей просьбе. Однако я отлично помню и о его ярком даровании поэта-переводчика и о его судьбе.

В Москве готовился к изданию роман ирландского писателя Шона О’Фаолэйна «Гнездо простых людей». Я писал предисловие к роману и следил за его переводом. В тексте романа были стихи, нелегкие для перевода; кто-то рекомендовал совершенно мне неизвестного Таубина, студента лит. ин-та. Я, без особой веры в успех, обратился к нему и был удивлен блеском полученных стихов... Переводчик одинаково свободно чувствовал себя и в сатирическом народном стихе и в лирической балладе и безошибочно передавал тональность подлинника.

О, как часто я вижу – опять и опять –
Детских дней моих тихий приют...
Этих дней и тебя, моя родина-мать,
Никогда мне года не вернут.
Солнце в море скрывалось, 
и падала мгла,
И закат золотил корабли...
Я играл и резвился, под сенью лесной
У истоков родимого Ли.

Когда книга вышла, Таубин уже был арестован, и фамилия его не была названа. Пользуюсь случаем удостоверить, что перевод стихов принадлежит ему.

В дальнейшем я прочитал переводы Таубина из Хаусмана, Синга, Честертона и Мейсфилда, напечатанные в «Антологии новой английской поэзии», вышедшей ранее. Некоторые из них очень хороши. Не сомневаюсь, что как переводчик английской поэзии он занял бы место среди лучших ваших мастеров.

Я был очень рад, когда прочитал недавно в «Новом мире» прекрасные стихи Кулёшова, посвященные памяти Таубина; я никогда не переставал жалеть о нем.

А вось радкі са згаданага верша Аркадзя Куляшова «Памяці паэтаў З. Астапенкі і Ю. Таўбіна»:

Сябры мае! Пад пустак дыванамі
Ці не абрыдла безназоўнасць вам?
Дзе дзверы, што замкнуліся за вамі?
Як вас знайсці? Якіх пытацца брам?

Маўчыць нябыт каменных пліт паважных,
Дзе з надпісаў дажджы змываюць пыл,
Там я блукаў, але імёнаў вашых
Не адшукаў на вокладках магіл.

Няма куды сваю жалобу ўскласці
Ні жонкам, ні знаёмым, ні бацькам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасці
У маладосці марылася нам?

Нядоўгім быў ваш век, як век падзёнак,
Мае сябры!.. Суровы сівер змёў
Са старту вас. Вы – кнігі без старонак,
Лісты без дрэў, дарогі без слядоў.

Нялёгка мне працягам быць тых самых
Няходжаных шляхоў, быць вартым тых
Спраў абарваных, кніг недапісаных,
Якім не ўзняцца з фінішаў сваіх.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам