ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Феномен Максіма Багдановіча
Сучасную расійскую літаратуру для дзяцей і падлеткаў “пачыталі” ў літаратурнай гасцёўні

Літаратурная зорка 1920-х гадоў: новы віртуальны рэсурс

Літаратурная зорка 1920-х гадоў: новы віртуальны рэсурс
Іншыя навіны

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” стварыла новы віртуальны рэсурс, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння вядомага пісьменніка, крытыка і перакладчыка Міхася Зарэцкага (1901–1937).

20 лістапада 2021 г. мы адзначылі юбілей пісьменніка-маладнякоўца, сябра літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Полымя”, творы якога ў 1920–1930-я гг. былі надзвычай папулярнымі як сярод знаўцаў літаратуры, так і сярод простай публікі.

Zarecki-M-1.jpg
Міхась Зарэцкі (другі справа) са сваякамі. 1926.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

У межах віртуальнага праекта ўвазе карыстальнікаў прадстаўлены матэрыял пра жыццё і творчасць Міхася Зарэцкага, цікавыя факты яго біяграфіі, выказванні самога пісьменніка і ўспаміны пра яго сучаснікаў. У раздзеле размешчана 14 алічбаваных кніг празаіка, якія былі выдадзены пры яго жыцці і сёння захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Сярод іх – зборнікі апавяданняў “Пела вясна” (1925), “Пад сонцам” (1926), “На чыгунцы” (1928), “Ракавыя жаронцы” (1930), аповесць “Голы звер” (1926), раманы “Сцежкі-дарожкі” (1928) і “Вязьмо” (1932), нарысы “Падарожжа на Новую Зямлю” (1929) і “Лісты ад знаёмага” (1931) і іншыя творы.

Для даследчыкаў і ўсіх, каго цікавіць імя пісьменніка, будуць карыснымі поўныя тэксты артыкулаў, размешчаныя з дазволу іх аўтараў – Алены Белай, Ігара Шаладонава, Васіля Дранько-Майсюка. Прыемна, што да праекта далучаюцца ўсё новыя навукоўцы, якім мы ўдзячны за змястоўныя матэрыялы.

Да сённяшняга часу творчасць Міхася Зарэцкага застаецца да канца недаследаванай, многія яго рукапісы, лісты, фотаздымкі не захаваліся. У раздзеле “Фотагалерэя” прадстаўлены асобныя каштоўныя дакументы з фондаў нашых партнёраў. На здымках можна ўбачыць Міхася Зарэцкага і яго родных, калег і паплечнікаў, нават ёсць магчымасць паглядзець, як пісьменнік адпачываў з сябрамі ў Гурзуфе.

Zarecki-M-2-3.jpg
Міхась Зарэцкі (першы злева). 1925 г.      Дзеці пісьменніка – Слава і Рада. 1929 г.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Zarecki-M-4.jpg
Артысты БДТ-2 з беларускімі пісьменнікамі. У другім радзе дзявяты злева – Міхась Зарэцкі.
Мінск. 1930-я (?) гг. З архіва М. Хайноўскай.
З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Экспазіцыя прадстаўляе рэчы, звязаныя з пісьменнікам: старонку пра Міхася Зарэцкага з запісной кніжкі яго калегі-маладнякоўца Адама Бабарэкі, запрашальныя білеты на вечары, прысвечаныя юбілеям пісьменніка, машынапіс рэцэнзіі літаратуразнаўца Ю. Пшыркова на раман “Сцежкі-дарожкі” (1958) і інш. Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць усе фотаматэрыялы з мэтай іх далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў дакументаў.

У наш час у гонар Міхася Зарэцкага ладзіцца шэраг разнастайных мерапрыемстваў: арганізуюцца кніжныя і віртуальныя выстаўкі, праходзяць літаратурныя чытанні, лекцыі і вучэбна-пазнавальныя экскурсіі, па матывах твораў празаіка здымаюцца фільмы, выходзяць яго кнігі, ілюстраваныя сучаснымі мастакамі.

Zarecki-M-5.jpg
Фільм “Нябачаны край” па матывах апавядання М. Зарэцкага “Ой, ляцелі гусі…” (аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк).
Настольны табель-каляндар. 2007 г.
З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Апошнімі ініцыятывамі ў гонар Міхася Зарэцкага стала заснаванне выдавецтвам “Галіяфы” штогадовага літаратурнага конкурсу імя пісьменніка, вынікі якога будуць падведзены ў пачатку 2022 г., а таксама правядзенне 18 лістапада 2021 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі круглага стала “«Сцежкамі…» Міхася Зарэцкага: да 120-годдзя з дня нараджэння”. Пра гэтыя і іншыя мерапрыемствы можна даведацца з раздзела “Ушанаванне памяці Міхася Зарэцкага”.

Віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” да 100-годдзя ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Маладняк” рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і газетай “Літаратура і мастацтва”.

Запрашаем да знаёмства з праектам і віртуальнай экспазіцыяй, прысвечанай Міхасю Зарэцкаму (праект прадстаўлены на дзвюх мовах – беларускай і рускай).

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам