ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Песняры зямлі беларускай: у бібліятэцы адкрылася выстаўка, прысвечаная беларускім класікам
Апошнія мірныя дні далёкага 41-га…

Формавідзец, вобразапісец, музыкасловец: новы віртуальны рэсурс

Формавідзец, вобразапісец, музыкасловец: новы віртуальны рэсурс
Іншыя навіны

Нацыянальная бібліятэка Беларусі стварыла новы віртуальны рэсурс, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння паэта, крытыка і перакладчыка Язэпа Пушчы ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

20 мая 2022 г. мы адзначылі юбілей пісьменніка Язэпа Пушчы (1902–1964), які з’яўляўся адным з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў згуртавання “Маладняк”. Паэт быў лідарам авангардысцкага напрамку, прыхільнікам эпатажнасці, эксперыментаў з формай выказвання, майстрам нечаканых вобразаў, стваральнікам “мастацтва жывапісання музыкаю слоў”. Гэтыя асаблівасці незвычайнага пушчаўскага стылю тонка ўлавіў яго сябар па пяру, таленавіты крытык Адам Бабарэка, які ахарактарызаваў творчую манеру паэта трыма неалагізмамі: формавідзец, вобразапісец, музыкасловец.

Pushcha-Ja-1.jpg
Язэп Пушча за працай.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

У межах віртуальнага праекта ўвазе карыстальнікаў прадстаўлены матэрыял пра жыццё і творчасць Язэпа Пушчы, акрэслены яго лёс, сабраны выказванні пра яго сучаснікаў, сяброў, вучняў і настаўнікаў Чаадаеўскай сярэдняй школы, дзе доўгі час працаваў пісьменнік. Фрагменты з успамінаў жонкі Язэпа Пушчы, Станіславы Плашчынскай, паведамяць пра іх кранальную гісторыю знаёмства і далейшага жыцця.

Pushcha-Ja-2.jpg
Язэп Пушча з жонкай у школьным садзе. Чаадаева. 15.06.1958.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

У раздзеле размешчана 5 алічбаваных кніг паэта, якія выйшлі пры яго жыцці і сёння захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Сярод іх – зборнікі вершаў “Раніца рыкае” (1925), “Vita” з аўтографам аўтара (1926), “Дні вясны” (1927), “Песні на руінах” (1929) і паэма “Крывавы плакат” (1930).

Для даследчыкаў і ўсіх, каго цікавяць асоба і творчасць пісьменніка, будуць карыснымі поўныя тэксты матэрыялаў сучасных аўтараў: артыкулы Ірыны Багдановіч, Таццяны Барадуля (пад псеўданімам Марыя Ярашэвіч), Міхаіла Бараноўскага, Дзмітрыя Давідоўскага, Віктара Жыбуля, Ганны Запартыка і Зоі Мельнікавай, якія размешчаны з дазволу даследчыкаў.

Найбольшую каштоўнасць віртуальнаму рэсурсу надае маштабная фотагалерэя, створаная з дапамогай фондаў партнёраў праекта: Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (фонд № 26). За багацце і разнастайнасць матэрыялаў, іх добры стан мы павінны падзякаваць жонцы пісьменніка, якая зберагла спадчыну мужа і некалі перадала яе архівістам і музейнікам.

Pushcha-Ja-3.jpg
Язэп Пушча (першы справа ў другім радзе) з беларускімі пісьменнікамі.
З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

У фотагалерэі размешчаны фатаграфіі паэта і яго родных, групавыя фотаздымкі з пісьменнікамі, калегамі і вучнямі, копіі дакументаў і лістоў, шматлікія віншавальныя паштоўкі і тэлеграмы, выявы дароўных надпісаў у кнігах і фота асабістых рэчаў пісьменніка. Асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць поўныя тэксты запісных кніжак Язэпа Пушчы з накідамі вершаў і аўтарскімі выпраўленнямі, з дапамогай якіх можна зазірнуць у творчую лабараторыю паэта. Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць усе фотаматэрыялы з мэтай іх далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў дакументаў.

Pushcha-Ja-5.jpg
Верш “Калі агонь жыцця згасаць збярэцца”. 31.01.1958. Рукапіс.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Pushcha-Ja-4.jpg
Чарніліца з пісьмовага прыбору Язэпа Пушчы. ХХ ст. З архіва С. Шпакоўскай
З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Pushcha-Ja-6.jpg
Прывітальны адрас беларускіх сяброў-пісьменнікаў з 60-годдзем Язэпа Пушчы. 07.05.1962.
З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

З раздзела “Ушанаванне памяці Язэпа Пушчы” можна даведацца пра разнастайныя ініцыятывы, якія ладзіліся ў яго гонар з другой паловы 1960-х гадоў да нашых дзён. У іх ліку – літаратурныя вечарыны, экскурсіі, напісанне песень на вершы паэта, стварэнне ілюстрацый да яго твораў беларускімі мастакамі, пісьмовыя ўспаміны, што пакінулі калегі-настаўнікі, верш, прысвечаны Пушчы яго вучнем Юрыем Мудровым…


Партрэт Язэпа Пушчы работы А. Кашкурэвіча 1968 г.

Pushcha-Ja-8.jpg
Ілюстрацыя В. Ціхановіча да вершаванай казкі Язэпа Пушчы “На Бабрыцы”.
З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Імя пісьменніка актыўна папулярызуюць землякі. Напрыклад, вучні і настаўнікі Навадворскай сярэдняй школы Мінскага раёна ў 2008 годзе арганізавалі сустрэчу з Лідзіяй Іосіфаўнай, сярэдняй дачкой Язэпа Пушчы. Не забывае пра пісьменніка і Чаадаеўская сярэдняя адукацыйная школа Мурамскага раёна Уладзімірскай вобласці, на базе якой дзейнічае музей “Жива народная память”, дзе ёсць стэнд пра дырэктара школы Іосіфа Паўлавіча Плашчынскага (сапраўднае імя Язэпа Пушчы) і ладзяцца пазнавальныя экскурсіі.

Апошнімі ініцыятывамі ў гонар пісьменніка сталі мерапрыемствы Нацыянальнай бібліятэкі да 120-годдзя з дня яго нараджэння: кніжная выстаўка “Вольны птах беларускіх нябёсаў” у зале беларускай літаратуры і круглы стол “Адысея Язэпа Пушчы”, які прайшоў 20 мая з удзелам вядучых “пушчазнаўцаў”.

Віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” да 100-годдзя ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Маладняк” рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і газетай “Літаратура і мастацтва”.

Запрашаем да знаёмства з праектам і віртуальнай экспазіцыяй, прысвечанай Язэпу Пушчы. Праект прадстаўлены на беларускай і рускай мовах.

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам