ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Заснавальнік зоагеаграфіі Беларусі
Водгукі пра XVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні

“Беларускі салавей”: новая віртуальная экспазіцыя да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі

“Беларускі салавей”: новая віртуальная экспазіцыя да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі
Іншыя навіны

Прадстаўляем новы раздзел віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і часопісам “Маладосць” да 100-годдзя ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Новая віртуальная экспазіцыя праекта прысвечана надзвычай цікавай асобе – пісьменніку, мовазнаўцу, літаратурнаму крытыку, перакладчыку, аднаму з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, сябру літаратурнага аб’яднання “Маладняк” Змітраку Бядулю (1886–1941), 135-годдзе якога адзначаецца 6 мая (па новым стылі).

Мемарыяльная дошка-1.jpg
Мемарыяльная дошка на доме ў вёсцы Пасадзец (Лагойскі раён), дзе нарадзіўся З. Бядуля

Асоба пісьменніка за апошні час стала асабліва актуальнай. 3 лістапада 2020 года ў гадавіну яго смерці адбылася найважнейшая для беларускай культуры падзея: прах пісьменніка нарэшце вярнуўся на радзіму, прайшло яго перапахаванне на Усходніх могілках. Цяпер да ўшанавання памяці Змітрака Бядулі далучылася і Нацыянальная бібліятэка, стварыўшы віртуальны раздзел праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прысвечаны юбілею пісьменніка.

Увазе карыстальнікаў прадстаўлены матэрыял пра жыццё і лёс Змітрака Бядулі, асаблівасці яго творчасці. У раздзеле размешчаны 29 алічбаваных кніг Змітрака Бядулі, якія пабачылі свет пры жыцці “маладнякоўца” і сёння захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Сярод іх “Абразкі” (1913), паэтычны зборнік “Пад родным небам” (1922), “На зачарованых гонях” (1923, 1927), зборнік апавяданняў “Дэлегатка” (1928), раман “Язэп Крушынскі” (1929–1932), кніга нарысаў “Дзесяць” (1930), зборнік апавяданняў “Тры пальцы” (1930), “Па пройдзеных сцежках” (1940), а таксама шэраг твораў для дзяцей: знакамітая аповесць “Салавей” (1928, 1932), “Хлопчык з-пад Гродна” (1940), “Люцік” (1941) і іншыя творы.

Звяртаем увагу, што па тэхнічных прычынах прагляд паўнатэкставых дакументаў на партале бібліятэкі часова недаступны.

У раздзеле сабрана літаратура пра жыццё і творчасць З. Бядулі. Для даследчыкаў і ўсіх, хто цікавіцца асобай і творчасцю пісьменніка, будуць карыснымі поўныя тэксты матэрыялаў сучасных аўтараў – артыкулы Зоі Мельнікавай, Ігара Шаладонава, Віктара Жыбуля, Анатоля Трафімчыка, Дарыі Карчашкінай, якія размешчаны з дазволу аўтараў.

Надзвычай цікавай з’яўляецца “Фотагалерэя”. Тут можна ўбачыць шэраг каштоўных фотаздымкаў з фондаў партнёраў праекта, сярод якіх фота з сямейнага альбома і групавыя фотаздымкі з пісьменнікамі. З выяў на нас глядзяць і малады, і больш сталы Змітрок Бядуля, а таксама яго родныя, нашчадкі, сябры…

 Byadulya.jpg Мацвей Плаўнік-3.jpg 
 Змітрок Бядуля. г. Вільня. 1914 г. З фондаў ДМГБЛ Мацвей Плаўнік, брат Бядулі. 30.03.1926. З фондаў ДМГБЛ 

З. Бядуля, М. Каспяровіч, У. Дубоўка.jpg
З. Бядуля, М. Каспяровіч, У. Дубоўка, 1925–1926 г. З фондаў БДАМЛМ

Асобна ў фотагалерэі прадстаўлены лісты і дакументы З. Бядулі, а таксама крытычнае даследаванне яго навуковай дзейнасці аўтарства М. Камінскага. Даследчыкам даецца магчымасць спампоўваць усе фотаматэрыялы з мэтай іх далейшага выкарыстання са спасылкай на захавальнікаў дакументаў.

Ліст да сястры Гені.jpg

Ліст Змітрака Бядулі да сястры Гені Чаржынскай. 23.03.1941. Мінск.
З архіву Рагнеды Маслоўскай, пляменніцы З. Бядулі. ДМГБЛ

Зацікавяць карыстальнікаў каштоўныя фотаздымкі пастаноўкі “Салавей” паводле аднайменнай аповесці З. Бядулі. Прэм’ера спектакля адбылася на сцэне БДТ-1 у 1937 г. Ролі ў ім выконвалі вядучыя артысты тэатра: Л. Рахленка, С. Станюта, Г. Глебаў, М. Зораў, В. Галіна-Александроўская, С. Бірыла і іншыя.

Сцэна са спектакля “Салавей”.jpg
Сцэна са спектакля “Салавей”. Г. Глебаў у ролі Выгорскага (сядзіць у цэнтры), Л. Рахленка ў ролі Салаўя (стаіць трэці злева). Пастаноўка Л. Рахленкі і Л. Літвінава. БДТ-1. 1937 г. З фондаў БДАМЛМ

Памяць пра Змітрака Бядулю захоўваецца намаганнямі цэлага шэрагу культурных і навучальных устаноў. Так, Нацыянальнай бібліятэцы ўдалося наладзіць сувязь з сярэдняй школай аг. Крайска, дзе па сённяшні момант захаваліся каштоўныя экспанаты, звязаныя з асобай пісьменніка, напрыклад, яго аўтограф (фота можна ўбачыць у праекце).

У 2021 г. да юбілею З. Бядулі было рэалізавана ўжо некалькі цікавых ініцыятыў. Так, “Беларуская хатка” (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры), дзе з канца 1915 па 1919 г. жыў пісьменнік, арганізавала конкурс “Мастак слова – Змітрок Бядуля” для юных мастакоў ад 6 да 18 гадоў, а таксама літаратурна-дакументальную экспазіцыю “На струнах душы”, прысвечаную 135-годдзю Змітрака Бядулі, якую кожны можа наведаць да 31 жніўня. Сярод мерапрыемстваў – некалькі ініцыятыў Нацыянальнай бібліятэкі: навукова-практычны семінар “Шляхамі маладнякоўцаў”, акцыя “Беларускі салавей” з удзелам Яфіма Плаўніка, сына пісьменніка. Сёлета плануецца яшчэ цэлы шэраг падзей, прымеркаваных да 135-годдзя Змітрака Бядулі.

Запрашаем да знаёмства з праектам “На хвалі часу, у плыні жыцця”, дзе вас чакае шмат цікавага пра новага героя нашага віртуальнага рэсурсу!

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Як трусік Пітэр і Джамайма Крак стварылі першы кніжны мерч

11 Чэр 2021

Пра любое новае захапленне часта хочацца крычаць на ўвесь свет. Зачапіла кніга? Куплю закладкі з цытатамі! Спадабалася музычная група? Хутчэй, трэба купіць футболку з яе лагатыпам! Уразіў новы фільм? Ну, вы зразумелі ход думкі. Чым бы мы ні захапляліся, напэўна ў свеце ўжо ёсць падыходзячы мерч – вопратка, аксесуары і іншыя рэчы з сімволікай. Лічыцца, што эпоха мерчу пачалася з дыснееўскай Беласнежкі і выпуску лялек з галоўнай гераіняй, гномамі і добрымі звярамі-сябрамі. Але мала хто ведае, што першы сапраўдны мерчандайз быў... кніжным. Хвіліначку ўвагі, спадары і спадарыні: сёння мы паглядзім, як трусік Пітэр і Беатрыс Потэр сталі піянерамі ў гэтай няпростай справе і што з гэтага выйшла.

Аўтарскі погляд

Віртуальная чытальная зала НББ для публічных бібліятэк Мінскай вобласці: інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне карыстальнікаў у сучасных умовах

10 Чэр 2021

Нацыянальная бібліятэка працягвае серыю мерапрыемстваў, прысвечаных пытанням метадычнага забеспячэння работы публічных бібліятэк розных рэгіёнаў нашай краіны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўнае папаўненне фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

9 Чэр 2021

Фонды бібліятэкі ўвесь час папаўняюцца, але найбольшую цікавасць і каштоўнасць уяўляюць кнігі і экспанаты, якія трапляюць у галоўнае кнігасховішча краіны з уласных палічак саміх аўтараў ці іх нашчадкаў. Сёння мы рады прадставіць вам такое выданне.

Да 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"

Апублікаваныя відэаматэрыялы сімпозіума “Узаемадзеянне бібліятэк, выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў у Расіі і свеце – вопыт і перспектывы”

9 Чэр 2021

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі нацыянальных бібліятэк розных краін і спецыялісты выдавецкіх і кнігараспаспаўсюджвальных арганізацый.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111