ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Фотавыстава “Беларусь: цудоўныя імгненні” адкрылася ў Даўгаўпілсе
“Цікава пачытаць”: кніга “Эвристические сказки. Обучение через открытие. Приключения Лисёнка и его друзей”

Асоба і спадчына Язэпа Пушчы: сучаснае прачытанне

Асоба і спадчына Язэпа Пушчы: сучаснае прачытанне
Іншыя Навіны

20 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся круглы стол “Адысея Язэпа Пушчы”, прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, сябра літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Мерапрыемства было арганізавана ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” і стала працягам серыі ініцыятыў, якія ўжо чацвёрты год рэалізуюцца бібліятэкай у гонар юбілеяў беларускіх пісьменнікаў. У пасяджэнні прынялі ўдзел даследчыкі творчасці Язэпа Пушчы, спецыялісты архіваў, музеяў, бібліятэк і ўстаноў адукацыі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Віктар Пшыбытка, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ), які нагадаў пра пісьменнікаў – юбіляраў 2022 года і ініцыятывы, арганізаваныя бібліятэкай у іх гонар.

Мадэратарам круглага стала выступіла Таццяна Лаўрык, загадчыца сектара аналітычнай інфармацыі па культуры і мастацтве інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ, магістр філалагічных навук, куратар праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Падчас адкрыцця навуковага пасяджэння артысты народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай праз тэатралізацыю “ажывілі” вершы Язэпа Пушчы і яго вядомы твор “Лісты да сабакі”.

KS-Jazep-Pushcha-1.jpg

Пра новы віртуальны раздзел праекта да 120-годдзя з дня нараджэння Язэпа Пушчы (1902–1964) і яго найбольш каштоўныя старонкі расказала Юлія Амосава, галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ.

Каштоўным унёскам у мерапрыемства стала грунтоўнае выступленне Ірыны Багдановіч, кандыдата філалагічных навук, дацэнта, дактаранта Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Ірына Эрнстаўна прадставіла Язэпа Пушчу як паэта-авангардыста, прыхільніка імажынісцкіх традыцый і творчасці С. Ясеніна. Цікавыя прыклады з ранніх вершаў 1920-х гадоў, эмацыйнае чытанне, слушныя заўвагі зрабілі яе выступленне, як заўсёды, яскравым і запамінальным.

KS-Jazep-Pushcha-2.jpg

Прыемна, што да ініцыятыў праекта далучаюцца і новыя даследчыкі. Працягам размовы пра творчасць Язэпа Пушчы стала паведамленне Наталлі Заяц, кандыдата філалагічных навук, дацэнта, выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Наталля Віктараўна прааналізавала паэму “Сады вятроў” (1930).

Амаль ніводнае мерапрыемства ў межах праекта не абыходзіцца без выступлення Віктара Жыбуля, літаратуразнаўца, паэта, кандыдата філалагічных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Ён падрабязна пазнаёміў слухачоў з фондам № 26, у якім захоўваюцца дакументы Язэпа Пушчы, і матэрыяламі пра яго, якія перадаў сам пісьменнік, а пасля – яго ўдава Станіслава Шпакоўская.

KS-Jazep-Pushcha-3.jpg

Пра гады працы Язэпа Пушчы настаўнікам рускай мовы ў Манакоўскай і Чаадаеўскай сярэдніх школах, яго педагагічны талент распавёў Дзмітрый Давідоўскі, вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі НББ. Дзмітрый Мікалаевіч не першы год публікуе артыкулы пра “маладнякоўцаў”, актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах праекта, на віртуальных старонках якога можна пазнаёміцца з матэрыяламі даследчыка.

У працяг тэмы быў прадстаўлены відэафрагмент экскурсіі па творчасці Язэпа Пушчы ў школьным музеі “Жива народная память” Чаадаеўскай сярэдняй адукацыйнай школы Мурамскага раёна Уладзімірскай вобласці (Расія). Нацыянальная бібліятэка выказвае шчырую падзяку школе і кіраўніку літаратурна-краязнаўчай залы музея Наталлі Пахомавай за працу па ўшанаванні памяці нашага паэта, дзякуючы якой імя Іосіфа Плашчынскага (Язэпа Пушчы) працягвае жыць сярод чаадаеўцаў.

Язэп Пушча вярнуўся ў Мінск у 1958 годзе, быў нанова прыняты ў Саюз пісьменнікаў, паспеў пабачыць свае творы надрукаванымі. Доўгаму вяртанню да творчасці, да сябе, свайго паэтычнага псеўданіма было прысвечана выступленне Міхаіла Бараноўскага, загадчыка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры). Паведамленне Міхаіла Аляксандравіча раскрыла цікавыя дыскусійныя тэмы, праз разважанне над лёсам Язэпа Пушчы паставіла агульначалавечыя пытанні.

Падчас працы над раздзелам да юбілею Язэпа Пушчы бібліятэка наладзіла стасункі з Навадворскай сярэдняй школай Мінскага раёна, вучні і настаўнікі якой цікавяцца ініцыятывамі праекта і паспяхова ўдзельнічаюць у нашых літаратурных конкурсах. На круглы стол была запрошана вучаніца 9 класа Паліна Сташэўская. Дзяўчына паведаміла пра ініцыятывы, што ладзіць школа ў гонар свайго земляка. Спадзяёмся, што ўдзел у навуковым мерапрыемстве побач з вядомымі літаратуразнаўцамі стане добрым стымулам для далейшых даследаванняў Паліны ў галіне “пушчазнаўства”.

KS-Jazep-Pushcha-7.jpg

Напрыканцы круглага стала быў прадстаўлены відэафрагмент сустрэчы з дачкой Язэпа Пушчы Лідзіяй Іосіфаўнай, які падрыхтавалі ў 2008 годзе вучні і настаўнікі Навадворскай сярэдняй школы на чале з Таццянай Васілевіч, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, якая стала госцяй мерапрыемства.

Пасля заканчэння навуковага пасяджэння ўдзельнікі пазнаёміліся з кніжнай выстаўкай “Вольны птах беларускіх нябёсаў”, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. Пра асаблівасці экспазіцыі гасцям распавёў яе куратар Дзмітрый Давідоўскі. Выстаўку можна наведаць у зале беларускай літаратуры (пам. 205) да 29 чэрвеня 2022 года.

Сустрэча атрымалася вельмі душэўнай, сяброўскай. Спадзяёмся, што праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” аб’яднае яшчэ больш устаноў і зацікаўленых беларускай літаратурай людзей, а імёны “маладнякоўцаў” застануцца ў памяці нашчадкаў.

Тэст да 120-годдзя з дня нараджэння Язэпа Пушчы

10 пытанняў

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Выстава “Шэсць стагоддзяў гісторыі медыцыны і фармацыі ў рарытэтах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі” працягнута да канца ліпеня

1 Ліп 2022

Выстава “Шэсць стагоддзяў гісторыі медыцыны і фармацыі ў рарытэтах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі” выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў музея кнігі. Яе наведала больш за 7 000 чалавек.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы адкрылася выстава да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

30 Чэр 2022

30 чэрвеня ў кальцавым калідоры 2-га паверха Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася архіўная фотавыстава “2022 Год гістарычнай памяці”, прымеркаваная да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Мастацкія выстаўкі

Ствараем разам: народнае мастацтва беларусаў у выставачным праекце “Жывыя крыніцы”

1 Ліп 2022

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае цыкл майстар-класаў з вядомымі народнымі майстрамі Беларусі ў межах выставачнага праекта “Жывыя крыніцы”, прымеркаванага да Года гістарычнай памяці.

Выставачныя мультыпраекты

Бібліятэкарам