ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Ад Дубоўкі да Кафкі: дзе паслухаць па-беларуску навукпоп пра літаратуру
Залацінкі заўваг, або Як папраўлялі маю беларускую мову

Знявечанае юнацтва: аповесць “Лісце каштанаў” Уладзіміра Караткевіча

Знявечанае юнацтва: аповесць “Лісце каштанаў” Уладзіміра Караткевіча
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Жорсткасць страшнейшая за ўсё, калі ўваходзіць у звычку. Калі не здзіўляе болей, калі болей не выклікае пратэсту. Калі становіцца часткаю чарады будняў, нечым неад’емным.

Вайна страшнейшая за ўсё, калі становіцца звыклай. Калі зверствы нелюдзяў і чалавечыя смерці не выклікаюць здзіўлення. Калі словы “міны”, “кантузіі”, “параненыя”, “забітыя” становяцца звычайнымі словамі абыходу.

У дарослых душы загартаваныя, закарэлыя, не гнуцца, часцей – ламаюцца. А вось у дзяцей, падлеткаў – пяшчотныя, цалкам не сфармаваныя. Як маладыя дрэўцы: як падвяжаш, так і вырасце. І калі маладая душа звыкае, прырастае да жорсткасці, яшчэ не займеўшы самасці, не знайшоўшы сваёй дарогі, вось тады – страшна.

Аповесць Уладзіміра Караткевіча “Лісце каштанаў” расказвае нам пра суполку падлеткаў, чыё сталенне было атручана вайной. І самі яны, як прыбітыя марозамі маладыя дрэўцы, – галодныя, замучаныя, кожны са сваім болем, са сваёй пякучаю памяццю, з нянавісцю, якую выгадавала ў іх ваеннае ліхалецце. У пасляваенным Кіеве, разбураным, галодным, яны блукаюць па вуліцах – “проста хлопцы, якія часам яшчэ гулялі ў вайну”. А горад вакол іх “ціхі, нібы прыглушаны, нібы ледзь ачухаўся ад страшнага сну, зразумеў, што ўсё мінула, і пацягнуўся насустрач сонцу, але яшчэ не смяецца, бо не можа да канца паверыць у радасць, і толькі нясмелай, харошай усмешкай сустракае неба, і сінь Дняпра, і цвіценне белай акацыі”. Горад у аповесці (Караткевіч нават падсмейваецца над тым, што “наша літаратура поўная гарадамі Энскамі, Ліпскамі”) сам па сабе персанаж, падобны да падлеткаў, якім “чатырнаццаць – пятнаццаць – шаснаццаць” гадоў. Як і яны, ён перажыў вайну не без стратаў, як і яны, усё яшчэ не аправіўся канчаткова. І, як і яны, насуперак усяму – жыве.

Вам, магчыма, для жыцця больш мужнасці спатрэбіцца, чым нам для смерці, – кажа героям аповесці лейтэнант, якога яны сустрэлі ў адной з алеяў за кінатэатрам “Паўлін”.

Цікава, што кампазіцыйна “Лісце каштанаў” (1973) нагадвае “Дзікае паляванне караля Стаха” (1964). Як Андрэй Беларэцкі з вышыні амаль сотні пражытых гадоў прыгадвае мінулыя здарэнні, так і Васіль Стасевіч, ужо дарослы чалавек, звяртаецца да падзей свайго юнацтва – вызначальных у ягоным жыцці. Пачынаючы (і прыцягваючы чытацкую ўвагу) згадкаю пра тое, як не выносіць лістоты “жоўтай, асенняй, залацістай пад сонцам, лапчастай (а за ёй сіняе-сіняе неба залатой восені)”, персанаж-апавядальнік з самага пачатку нанізвае некалькі яркіх (і па-свойму жудасных) ваенных успамінаў, як бы падрыхтоўваючы чытача да таго, што будзе далей, чым паўстане для яго прыгожае каштанавае лісце.

Сам па сабе твор вельмі лірычны – тонкай атмасферай настальгіі, дабрадушным і часам іранічным замілаваннем, з якім апісваюцца персанажы. Нягледзячы на тое, праз што ім давялося прайсці, нягледзячы на тое, што ім рана давялося пасталець, яны ўсё яшчэ падлеткі, амаль дзеці. Але пачуццё справядлівасці ў іх моцнае, як ва ўсіх, хто змагаўся з горам і нястачай. “Нам па картачках належала чатырыста грамаў хлеба на дзень. У правінцыі на карткі больш нічога не давалі, і гэтага было мала, дужа мала. І ўсё ж ніхто з гэтай прычыны не ныў. Ведалі: даць болей проста немагчыма, калі хочам дабіць гэтую ненавідную свалоту, давесці справу да сапраўднага канца”. І таму, што яны нароўні з дарослымі галадаюць дзеля Перамогі, ім цяжка бачыць “тоўстых румяных пекараў” на вітрыне булачнай: “з нас нібы насмяяліся, абняславілі, аганьбавалі. І, галоўнае, не толькі з нас, а і з усіх гэтых нясытых людзей, якія мужна, аддана рабілі сваю справу і не скардзіліся”. Таму ў вітрыну ляціць цагліна – як пратэст супраць несправядлівасці, супраць недарэчнай “рэкламы”. Сівы мінак, які бачыў усё, кажа на гэта:

Словам трэба, дзеяннем дурасць біць. Маладыя вы, нецярплівыя.

І глытае кароткае “а можа…” – бо, можа быць, часам менавіта ўмоўная цагліна ў руках юнака становіцца ultima ratio, асабліва калі большасць прамінае побач, не заўважаючы брыдкага здзеку з усіх бяздольных, хто, “не ныючы”, працуе для агульнага шчасця і вызвалення.

Нецярплівасць – нецярпімасць – героі дэманструюць і ў эпізодзе з “расстрэлам”. Для Васіля, напрыклад, дзіка назіраць за падобнай “рэканструкцыяй”, бо “некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, якія горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі”. Тут жа “фашысты” гуляюцца ў расстрэлы, выкрыкваючы ламаныя фразы на амаль не зразумелай ім мове. Так дзеці часам слепа капіруюць дарослых: “Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы, відаць, такога не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў”. Задужа ваяўнічы Гнат з “шалёнымі вачыма”, які занадта (не бачыўшы ў жыцці) лёгка гуляецца словам “смерць” і з запалам б’е слабейшага драўляным карабінам між лапатак – чым не гатовы матэрыял для паліцая?

Пратэст, які нараджаецца ў сэрцах героях ад гэтых сцэн – пратэст натуральны, чалавечы: “Уся нянавісць, якую мы гадамі запасілі і таілі ў сэрцы – уся яна нібы адразу выплюхнулася ў прыпадку шалёнага гневу супраць гэтых... што гуляюць у гульні, якіх не павінен дазваляць сабе нават дзесяцігадовы мужчына, калі ён прадчувае ў сабе чалавека. Ужо не кажучы пра пятнаццацігадовых”. І б’юцца хлопцы – “бяспамятныя, ашалелыя ад ярасці” – не зважаючы на колькасную перавагу. Бо змагаюцца з тым, з чым змагаюцца ў гэты час усе – з фашызмам, што намёртва засеў у пустых галовах Гната і ягоных ваякаў.

Выснова, да якой падводзіць Караткевіч, простая: нельга маўчаць і бяздзейнічаць, сутыкаючыся з падобным. Незалежна ад нацыі (Карл – немец, Навум – габрэй, Васіль – беларус), ад сацыяльнай або ўзроставай прыналежнасці, ёсць агульная мяжа, па адзін бок якой – людзі, па другі – вылюдкі.

Але аповесць пра падлеткаў, нават падлеткаў няпростай ваеннай пары, не была б такою, калі б не здарылася каханне. “Гэта было цалкам не тое, што потым. Пасля мы, хто дажыў, шмат чаго разумелі, а тады гэта было так, як быццам перад чалавекам, які дагэтуль бачыў толькі ноч, заднела, засвяцілася зусім яшчэ невядомая яму, незразумелая, але ад гэтага яшчэ больш прывабная заранка. Божа мой, якія мы былі маладыя, якія да святасці дурныя і якія бязглузда, па-боску чыстыя!”. Гэтая яшчэ дзіцячая чысціня, нявіннасць першага кахання (“дружбы”) робіць успаміны пра яго асабліва кранальнымі. Бо чысціня і прыгажосць на жудасным фоне вайны расцвітаюць толькі ярчэй. Бо герой-апавядальнік, незнарок падслухаўшы ўночы гутарку сяброў пра шчырыя і чыстыя пачуцці да дзяўчыны, не можа дараваць “усяму, што свядома сее варожасць, усёй хлусні і подласці свету” ціхай начной размовы тых, што раніцай загінулі.

Фінал аповесці – сімвалічны. Быццам не міннае поле, смяротная пастка, кінутая гітлераўцамі, забівае герояў, але сам няўмольны вір вайны, вір жорсткасці і забойстваў зацягвае іх, нявінных, ламае і нявечыць. Васіль бачыць сваіх сяброў – ці тое, што было імі. І на іх “з кожным парывам дняпроўскага ветру ападалі жоўтыя змаршчакаватыя лісты з выкарчаванага з корнем старога каштана”. Прыгажосць, якая ўкрывае смерць і разбурэнне. Прыгажосць “за краем чорнай вясёлкі”.

Гэтая аповесць не была б такой прыгожай, каб не гэты страшны – горкі, як палын, – фінал. Таму што трэба памятаць пра тых, хто так і застаўся “за чорнай вясёлкай”. Пра тых, хто не пабачыць ні новага дня, ні золата новых восеней.

Пакуль жыве памяць пра ахвяраў страшэннага крывавага віру – датуль жывая і непарушная мяжа паміж людзьмі і вылюдкамі.

Наша памяць, нават самая балючая, беражэ ў нас чалавечнасць.

Пачынаюць аблятаць каштаны. І ў гэты журботны час наша апаленае, спаленае, наша забітае вайной, наша знявечанае юнацтва заўсёды, заўсёды ўспамінаецца мне”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам