ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні” прэзентавана ў Польшчы
На хвалях свята

Веліч Цярплівасці: зборнік апавяданняў “Пялёсткі” Уладзіміра Дубоўкі

Веліч Цярплівасці: зборнік апавяданняў “Пялёсткі” Уладзіміра Дубоўкі
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Першае месца ў беларускай паэзіі пасьлякастрычніцкага пэрыяду заняў Дубоўка”, – так пісаў у свой час Максім Гарэцкі. Уладзімір Жылка заўважаў пра калегу: “Ён умее, як з мармуру, высячы свой непаўторны вобраз”. Калі задумацца, досыць рэдкі выпадак, каб аўтар быў прызнаны сваімі ж сучаснікамі, прычым адзінагалосна.

Але Дубоўка – сапраўды “рэдкі выпадак” у беларускай літаратуры. Чаму гэта так і дзеля чаго варта пазнаёміцца з ягоным зборнікам апавяданняў-успамінаў “Пялёсткі” – давайце высветлім.

У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў маланка ніколі не б’е”, – кажа ў сваім вершы “На Беларусі Бог жыве” Караткевіч, Дубоўкаў цёзка. А вось у дубы, дрэвы самыя моцныя, падавалася б, нябесны агонь трапляе якраз-такі часта. “Маланак” у жыцці Уладзіміра Дубоўкі хапала: ён быў арыштаваны тройчы (у 1930-м, 1937-м і 1949-м гг.), адбываў пакаранне (доўгія гады) далёка ад Беларусі, перажыў гібель сына-падлетка. Падчас зняволення літаратурай не займаўся – быццам адгарэла ўсё ўнутры. Быццам згасла.

Але пасля рэабілітацыі ў 1957 годзе, ператрываўшы ўсё, Дубоўка вярнуўся – і да Радзімы, і да творчасці. Падарожнічаў, атрымаў літаратурную прэмію. І памёр 74-гадовым у Маскве. Памёр сябрам Саюза пісьменнікаў БССР.

Жыццё ягонае было доўгае і няпростае, і ўсяго там ставала – і ўзвіваў пурпуровых ветразей, і аванпостаў будучыні, і кругоў… пекла. Усё ён прайшоў, загартаваўся, абпалены агнём.

А ўспамінамі вырашыў падзяліцца, бо ёсць чым, як-ніяк.

“Пялёсткі” – аповесць успамінаў, фактычна, модны сёння нон-фікшн. Дубоўка прыгадвае эпізоды жыцця, дробныя, як апалыя пялёсткі, і дзеліцца імі з самай непасрэднай шчырасцю. Назва зборніка абыгрываецца і тлумачыцца ў аднайменным нарысе, які адкрывае сабою падборку. Тут аўтар прыгадвае, як некалі прагульваўся з дзяўчынай па вуліцы і ў вітрыне антыкварнай крамы заўважыў карціну. Там быў намаляваны “асенні сад, а на пярэднім плане – клумба кветак, злева – частка тэрасы дома. Кветкі на клумбе адцвіталі, абсыпалі на дол пялёсткі. Перад клумбаю стаяла двое людзей у гадах – Ён і Яна. Яны, так адчувалася, маўчалі, але гэтае маўчанне было такое красамоўнае!”. І самога аўтара, і ягоную каханую ўразіла гэтая пара ў восеньскім садзе. А праз шмат гадоў на прагулцы ў маскоўскім парку аўтар з жонкаю “спыніліся ля адной клумбы, на якой былі ўсялякія кветкі, але ўсе на адцвітанні. Пялёсткі ад іх ляжалі на клумбе, на сцяжынцы”. Падабенства здзівіла іх, і ўсхваляваная жонка аўтара заўважыла:

– Думалася, што ніколі мы не дачакаем гэтага часу, аж вось!.. Дачакаліся... Стаім і разглядваем пялёсткі свайго жыцця...

“Пялёсткі жыцця”, якое адцвітае, ападае. Пялёсткі на клумбе ў восеньскім садзе, поўным красамоўнага маўчання.

Дубоўка, мабыць, не быў бы паэтам, не быў бы сабою, каб не падхапіў гэты яркі вобраз ад сваёй каханай Марыі Пятроўны і не ажывіў яго ў літаратурным тэксце.

Апавяданні нанізваюцца, як пацеркі, ідуць ад самых ранніх успамінаў, яшчэ нават не ўласных, а хутчэй ад сямейных легенд (“Як мяне маленькага тапіць меліся”, “Прышываны нос”). І далей да гадоў маладосці, да гадоў сталасці. Аўтар не згадвае некаторых фактаў сваёй біяграфіі – гады ссылкі ў ягоным тэксце адбіваюцца як кароткая згадка “я тады жыў у горадзе Яранску”. І далей ідзе патрэбны з пункту гледжання мастака і паэта эпізод.

Можа быць, у гэтым сакрэт Дубоўкі: не забываючыся пра былое, нават самае страшнае, не засяроджвацца на гэтым, глядзець наперад. Жыць жыццё па-чалавечы, не перакладаючы свой крыж на чужыя плечы, не скардзячыся. Амаль боская трываласць, амаль святая цярплівасць.

Дарэчы, пра цярплівасць, датычную збольшага менавіта творчага жыцця, Дубоўка піша ў нарысе “Гартаванне цярплівасці”, называючы самога сябе (мабыць, не без прыхаванай іроніі) “наогул чалавекам цярплівым”. І тут жа тлумачыць: “Цярплівасць – гэта не адназначна з пакорнасцю або пакорлівасцю. Цярплівасць – гэта маці вынаходлівасці, маці творчасці. Няпраўда, што выдатныя творы з’яўляюцца ў адзін міг. Яны выказацца могуць у адзін міг, але яны раслі, спелі ў сэрцы мастака, можа, не год, а дзесяцігоддзі”. Ведаючы біяграфію пісьменніка, хіба можам не пагадзіцца?

Пялёсткі кветак (нарыс “Зімовыя браткі”) некалі не вытрымалі таежных халадоў, але іх сінявокія браты сустрэлі-такі Дубоўку на Беларусі, хай і праз многія гады.

Ён здолеў вярнуцца і да Радзімы, і да самога сябе. Словы спелі ўнутры яго нават у ссылцы, калі ён быў зняволены, калі быў толькі сціплым рахункаводам або сталяром на Далёкім Усходзе. Ён бачыў і тайгу, і спякотны Бірабіджан, і паўсюль ратавала яго тая боская цярплівасць, шчырасць ды сумленная праца рук сваіх.

Таму зборнік “Пялёсткі” – гэта адначасна і творчы, і жыццёвы маніфест Уладзіміра Дубоўкі. Ягоны запавет, мудрае слова таго, хто бачыў свет і пражыў уласнае жыццё, застаючыся Чалавекам і Творцам.

“Калі ўзяць хоць невялічкую частачку іх, паказаць свайму добраму сябру: зірні, што станецца з пялёсткамі нашага жыцця, калі кветкі сілкуюцца толькі ад шчырасці, ад чыстага сумлення. Яны і пасля адцвітання красуюць і зіхацяць, як жывыя...”

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам