ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Прывілеі і вольнасці гарадоў Вялікага Княства Літоўскага
“Усміхаюцца кветкі лабеліі…”, “Раманс вінаграднай лазы” і яшчэ два вершы – “Звязда” публікуе невядомыя рукапісы вершаў Караткевіча

Што прыснілі б творцы: пра кнігу “Сны сноў” Антоніа Табукі

Што прыснілі б творцы: пра кнігу “Сны сноў” Антоніа Табукі
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Што здарыцца, калі адзін з самых вядомых італьянскіх пісьменнікаў задумаецца, якія сненні маглі б прыйсці да іншых творцаў – з розных краін і розных эпох?

Здарыцца кніга. Вось гэтая кніга Антоніа Табукі, якая, дзякуючы высілкам перакладчыцы Вольгі Колас, загучала па-беларуску.

Ад канцэпцыі такога ажыўлення гістарычных асоб трохі павявае Хармсавымі абсурднымі мініяцюрамі пра класікаў рускай літаратуры. Аднак італьянскі пісьменнік, уводзячы ў свае навелы літаратурны кантэкст, пераследуе іншыя мэты – даведацца пра “начныя маршруты думак” розных творцаў. То бок, вывучыць псіхалогію творчасці.

Сама структура гэтага невялікага зборніка навел адмысловая. У кароткім уступе сам А. Табукі прызнаецца, што заўжды хацеў бы ведаць сны сваіх любімых творцаў. Ведаць сненні – значыць заўжды і спрабаваць патлумачыць іх. Невыпадкова, думаецца, шэраг славутых імёнаў замыкае Зігмунд Фройд – “тлумачальнік сноў”, паводле Табукі.

Да сноў, сканструяваных аўтарам для слынных гістарычных постацей, заўжды можна падабраць тлумачэнне – ведаючы творчасць той або іншай персаналіі ці асаблівасці біяграфіі. Зрэшты, аўтар кнігі нават падае сціслыя даведкі пра кожнага з тых, “хто сніў у гэтай кнізе”, робячы адмысловы акцэнт на тых дэталях біяграфіі, якія могуць даць чытачу падказку для прачытання таго або іншага снення.

Для аўтара кнігі, мяркую, гэтая нізка навел была спробай “падключыцца” да сненняў самага значнага для яго аўтара – партугальца Фернанда Песоа, даследаванням творчасці якога А. Табукі прысвяціў 20 гадоў жыцця. Сам Песоа, які, дарэчы, актыўна практыкаваў літаратурную гульню і гэтэронімы (або хутчэй альтэр-эга?), ува ўласным сне сустракаецца са сваім жа псеўданімам. І той у гутарцы з Песоа характарызуе сябе наступным чынам:

– Я самая глыбінная ваша частка. Самая цьмяная частка. І таму я ваш настаўнік.

Творчасць, такім чынам, у інтэрпрэтацыі А. Табукі паўстае нейкім глыбінным пластом чалавечай псіхікі, і кожны сон – быццам акно ўва ўнутраны свет, у перажыванні, мары і страхі кожнага з творцаў. І ў сваіх кароткіх замалёўках А. Табукі дэманструе стасункі падсвядомасці (то бок, стыхіі творчасці, маркіраванай дасягненнямі той або іншай выдатнай асобы) і свядомасці (уласна, персаналіі). Караваджа спіць у абдоймах прастытуткі і бачыць у сне Бога, Лорка прачынаецца ад удараў жандарскіх прыкладаў у свае дзверы. У хісткім свеце сненняў спраўджваюцца невыканальныя жаданні творцаў: скажам, Авідзій з трыумфам вяртаецца ў Рым, Тулуз-Латрэк абдымае недасяжную каханую, Дэбюсі прыпыняе час. Чэхаў, Апулей і Рабле сустракаюцца з уласнымі персанажамі, якія – у межах іх уласнай свядомасці – абсалютна рэальныя. Жывыя.

Жывымі паўстаюць перад чытачом і цэнтральныя персанажы навел – творцы. Нават Дэдал, з чыіх блуканняў па Лабірынце пачынаецца цыкл сненняў, падаецца аўтарам нароўні з іншымі цалкам рэальнымі асобамі. Хаця ў каментарах А. Табукі акрэслівае гэтую персаналію як “архітэктара, першага авіятара і, мажліва, наш сон”.

Сны і ява, рэальнасць фізічная і псіхічная, мастацкая, перамешваюцца ў хісткае адзінства. Дэдал, магчыма, “наш сон” (агульны сон, міф, падсвядомае), але апісаная Фройдам тройца існуе ў кожным з нас. Сны творцаў змыліся хвалямі часу – але творчасць іх засталася жыць. А ў ёй захаваліся, быццам адбіткі даўніх паўзуноў у пясчаніку, і іх душы. Усе іх перажыванні, спадзевы і начныя кашмары, боль і шчасце.

Эпіграф са старажытнай кітайскай песні, што адкрывае зборнік, кажа: “пад міндальным дрэвам тваёй жанчыны, калі жнівеньскі маладзік уздымецца над хатай, можаш сніць, на пацеху багам, сны іншага”. Пад міндальным дрэвам адпачывае перад любошчамі Арцюр Рэмбо, а каханыя прыходзяць да творцаў, як здань Беатрычэ да Аліг’еры. Месяц, гэтае начное сонца, асвятляе сны, ажыўляе каханне. Пачуццёвы бок, моцны ў чалавечай падсвядомасці, прасочваецца ў кожнае сненне, а многія прадметы набываюць шматзначнасць, становяцца сімваламі. Прычым сімваламі фрэйдысцкага кшталту: А. Табукі досыць актыўна карыстаецца працамі Фройда па трактаванні сненняў і зашыфроўвае ў ілюзорным свеце сноў і факты біяграфіі, і асобасную спецыфіку сваіх персанажаў.

У кожнага свае прэферэнцыі, і таму мне было асабліва цікава пабачыць аўтарскую “рэканструкцыю” свядомасці Уладзіміра Маякоўскага. У навеле красавік 1930 года (апошні месяц жыцця паэта, як згадвае А. Табукі). Сон, які ўтварае для Маякоўскага аўтар, падаецца, з роду кашмараў, што вяртаюцца з ночы ў ноч. Зачараваны імклівасцю метро, Маякоўскі называе сябе “ўсяго толькі воблакам у штанах”. Навязлівае імкненне мыць рукі, што пераследавала Маякоўскага ў рэальным жыцці (пасля смерці бацькі ён стаў гермафобам) афарбоўваецца агульным неспакоем савецкіх трыццатых. І вось Маякоўскага (у сне) затрымліваюць для “кантрольнага вобыску”, вядуць на тэатралізаваны суд, уціскваюць у непамерную жоўтую кофту і выпраўляюць у падарожжа на цягніку. За вокнамі паэт бачыць “неабсяжныя палі і раўніны, дзе знясіленыя мужчыны і жанчыны ляжалі з калодкамі на запясцях”.

Маякоўскі, што едзе, падхоплены рухавіком сістэмы, заціснуты ў межах аднаго амплуа “рупара эпохі”, мучаецца, адчуваючы сваю асабістую спрычыненасць да злачынстваў той самай сістэмы, што апранула яго ў “жоўтую кофту”. “Паравоз рэвалюцыі”, аднак, цягне яго за сабою, не пакідаючы магчымасці выйсці з зачараванага кола, сысці, пазбавіўшыся “гучных, хвалебных, напышлівых вершаў”.

І тады Уладзімір Маякоўскі прачнуўся і пайшоў мыць рукі”.

Вось #такое_чытво.
Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам