ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
50 гадоў таму пачала прафесійны шлях у бібліятэцы Кацярына Дзмітрыеўна Варанько
Брытанская канстытуцыя як прававы феномен

Салодкая гаркота ўспамінаў: апавяданне “Горкі ліпавы мёд” Алены Васілевіч

Салодкая гаркота ўспамінаў: апавяданне “Горкі ліпавы мёд” Алены Васілевіч
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Гісторыі сталення, пераходу падлетка ў дарослае жыццё заўжды прыцягваюць увагу. Старэйшыя чытачы пазнаюць у персанажах сябе, прыгадваюць былое. Маладзейшыя, назіраючы, пражываюць вопыт герояў, каб пасля самім лягчэй прайсці па гэтым шляху.

Апавяданне Алены Васілевіч – гэта светлы і трохі шчымлівы ўспамін галоўнага героя пра першае каханне. Успамін адначасна салодкі, быццам ліпавы мёд, і горкі, быццам палын.

Чаму варта абавязкова пакаштаваць “Горкі ліпавы мёд” і як Алена Васілевіч умее падаць падтэкст гісторыі – давайце разбірацца.

Апавяданне створана ў 1974-м, праз год пасля публікацыі слыннага тэксту В. Распуціна “Уроки французского”. Як і ў Распуціна, тут герой-падлетак фарміруе цёплыя сяброўскія стасункі са старэйшай жанчынай. Але напоўненасць гэтых стасунках, як і іх фінал, адрозніваецца.

Задуменнасць і настальгічнасць, бадай, адметныя рысы гэтага тэксту, у якім святочная атмасфера ды стракаценне натоўпу – толькі нагода для разгортвання ўспамінаў, выбудоўвання апавядальнікам асацыятыўнага шэрагу. У натоўпе герой-апавядальнік бачыць маладую закаханую пару, што праменіць “вакол сябе токі шчасце”: “Яна – само мімалётнае ззянне, зіхаценне і завідны бляск маладых вачэй, валасоў, зубоў і нават нейкага незвычайна светлага пушыстага футра. І ён – над усім натоўпам – гэтакі ж дасканалы, спартыўны, непераможны”. Кантрастам выглядае іншая пара – маладая жанчына з дачкою, што вучыцца катацца на каньках. Назіраючы за апошнімі, герой-апавядальнік з міжвольным сумам думае, “чаму яны, у гэтую пару, не радуюцца святочнай ялінцы, а тут – і толькі ўдзвюх”.

Дзве гэтыя сустрэчы ў чужым горадзе, над якім “у чароўным танцы кружацца і мякка сцелюцца долу сняжынкі”, як і аранжавыя электрычныя лямпачкі на слупах вакол катка, падобныя на “даўнія-даўнія сцюдзёныя мандарыны”, абуджаюць памяць. І герой сам дзівіцца:

Бог ты мой, колькі гадоў прайшло, колькі вады сплыло!..

Алена Васілевіч упэўненымі штрыхамі апісвае месца дзеяння. Распавядаючы пра родны горад героя, пісьменніца ўжывае спакойныя, лагодныя фарбы, нават мяккую іронію. І каштаны на бульвары, і школа, і гарадскі летні сад падаюцца падлетку самымі лепшымі (ці хаця б другімі па адметнасці ў краіне). Дзеці захоплены подзвігамі, “яшчэ жывымі прыкладамі герояў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны”. Не без сумнай усмешкі апавядальнік заўважае: “Мы сваю будучыню тады ўяўлялі не інакш як вось у гэтакім толькі пераможным алюры па жыцці”.

Герой прыгадвае сябе чатырнаццацігадовым, калі яны засталіся з маці ўдваіх. Пасля раптоўнай смерці ягонага бацькі маці, у якой “было праклятае буржуазнае мінулае”, не магла знайсці працу. Жылі яны бедна і таму вырашылі ўзяць квартарантак – Дашу і Лідачку.

Васілевіч, выбудоўваючы вобразы, карыстаецца кантрастам, проціпастаўляе студэнтак педагагічнага тэхнікума. Энергічная, жвавая Даша імкнецца кіраваць, адразу ж арганізуе прыборку, а пасля танцаў яе штораз суправаджаюць дамоў кавалеры. Прычым “кожны раз – новы. Сваіх кавалераў, дома, перад намі, Даша высмейвала і знішчала на чым свет стаяў”.

Лідачка ж невысокая і худая, ціхая, “з вялікімі, нібыта чымсьці ці то здзіўленымі, ці то спалоханымі вачыма на хваравітым бледным тварыку”. На танцы з сяброўкай яна не бегае, як ні хацелася б: “Кожны раз пасля таго, як Даша, напудрыўшыся і адзеўшы сваю лепшую сукенку, знікне са смехам за веснічкамі, Лідачка робіцца маўклівая, сумная і як быццам яшчэ больш кволая”. Ад суму Лідачка пагаджаецца схадзіць на каток разам з апавядальнікам. І магчымасць “быць мацнейшым, быць мужчынам” натхняе героя. А з натхнення, з жадання дапамагчы вырастае закаханасць, першая ў жыцці.

Мне ў тую зіму неяк вельмі лёгка і незвычайна радасна жылося на свеце”, – заўважае герой. Дзеля новага пачуцця яму “захацелася стаць дужым і прыгожым”. Ён фантазіруе, як мог бы абараніць Лідачку, панесці яе на руках. Ён спрабуе стаць лепшым, удасканаліцца як у вучобе, так і знешне: “Я хацеў падабацца Лідачцы… Хацеў, каб ёй было гэтак жа радасна глядзець мне ў твар, як мне самому – на яе…”. Маці і Даша жартуюць, што варта было б пажаніць гэтых дваіх, і Лідачка, адрозна ад героя, смяецца разам з імі.

Аднак увесну “быццам адляцела кудысьці ў нябачную далеч і Лідаччына зімовая прыхільнасць да мяне”. Герой сустракае на вуліцы Лідачку з незнаёмым хлопцам, у якога “ўсё было прыгожае: і твар, і валасы, і пастава. І ён курыў!”. Лідачка, прамінаючы, колішняга сябра “ці то не пазнала, ці не звярнула ўвагі, ці проста не заўважыла”. Сэрца героя разбіта, яму “бясконца балюча”. Не таму нават, што ў Лідачкі з’явіўся дарослы кавалер, не таму, што знікла іх сяброўства, але таму, што каханне Лідачкі, відавочна, няшчаснае. Гэта можна зразумець па асобных штрыхах, якія робіць, не акцэнтуючы ўвагі, аўтар. Па размове “строгай, як маці”, Дашы з сяброўкай, па тым, што Лідачка смяецца і плача ў адказ на роспыты каляжанкі.

Паўдзіцячае каханне ўсю вясну яшчэ жыве ў героі, і ён праводзіць Лідачку, якая затрымалася ў горадзе на некалькі дзён, на станцыю. Лідачка “пакідала дом абыякавая, спакойная, ні слёз, ні смеху, як у Дашы. Як быццам тут заставаліся пустыя сцены і не было людзей, якія любілі яе”. Маўчанне Лідачкі – гэта сведчанне глыбокай расчараванасці, пагружанасці ў сябе. Увесь час да адпраўлення цягніка яна са слязьмі чакае некага – і гэты нехта так і не прыходзіць. Ненавязлівыя паківанні аўтара дапамагаюць дабудаваць агульную карціну: Лідачка падманулася ў сваіх чаканнях, апяклася, мабыць, на ўсё жыццё. І ад горычы, што ўздымаецца ўнутры яе, яна не можа вымавіць і слова: ні на станцыі, ні пазней, у якім-кольвек лісце.

А дасылае яна – калі герой ужо страціў надзею – скрыначку са слоікам ліпавага мёду, “празрыстага, залатога”. Як падзяку за дабрыню і клопат пра яе. Быццам вяртаючы пазычаную цеплыню, болей ужо не патрэбную.

Горыч расчараванасці накрывае героя з галавою, ён сам, агаломшаны, знямелы, як некалі Лідачка, збягае ў сад, дзе плача да вечара.

І з гэтымі слязьмі пакідала мяне назаўсёды маё маленства”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам