ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Небяспечныя сеткі: аб праблеме камп'ютарнай залежнасці
Пясняр хараства і волі

"Рабі, як не робіць ніхто”: колькі непаслядоўных думак пра аповесць Караткевіча

"Рабі, як не робіць ніхто”: колькі непаслядоўных думак пра аповесць Караткевіча
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Творы класікаў занадта часта расцягваюць на цытаты на паштоўкі ды цішоткі, не чытаючы пры гэтым сам тэкст у ягонай унутранай суладнасці. Чаму варта сёння ж перачытаць “Ладдзю Роспачы” Караткевіча і як прыгоды Гервасія Вылівахі спрыялі станаўленню беларускага фэнтэзі – давайце разбірацца.

Галоўны герой – Гервасій Выліваха – “сабою дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін – самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты”. Караткевіч, стылізуючы мову, пачынае аповед на летапісны манер і не без іроніі падае чытачу хроніку прыгод персанажа. Там, дарэчы, не толькі разнастайныя выбрыкі, кшталту эпізоду з “сярэбранай скрынкай, што ўпала з неба”, але і праўдзівыя подзвігі. Напрыклад, Выліваха з сябрамі “загналі бацьку Палавуса, што дзесяць год са сваёй гайнёю па наваколлі блукаў і якога стараста з войскам спаймаць не мог”. Аднак, як тут жа заўважае ўяўны летапісец, “Божую зрабілі справу, але не для славы Божай, а для мамоны сваёй”.

Стыль жартаўлівай хронікі задае тон аповесці і дорыць чытачу, нават незнаёмаму з тэкстамі беларускіх летапісаў, адчуванне часу, эпохі, у якой жывуць (досыць ідылічна) персанажы. Караткевіч выбудоўвае сваю стылізацыю па-майстэрску, хаця сапраўдны храніст, калі б і вырашыў змясціць расповед пра “небагатага, але добрага роду двараніна” ў сваім летапісе, асуджаў бы Вылівахавы паводзіны з вышыні хрысціянскай дабрачыннасці. Магчыма, нават “запоўніў бы цэлыя тры старонкі летапісу самай абрыдлівай дыдактыкай”.

Караткевічаў летапісец Вылівахам і ягонымі сябрамі любуецца – як любуецца, як любіць сваіх персанажаў і сам аўтар.

І тая падкрэсленая ідылічнасць, у якой жыве герой аповесці, і зачын “жыў сабе” дадаюць тэксту казачнасці, што досыць дзіўным (і чароўным) чынам перамешваецца са стылізацыяй пад летапіс, з умоўнай “гістарычнай праўдай” мастацкай рэальнасці. Такая сумесь быццам бы рыхтуе нас да таго, што будзе надалей. А будзе (спойлер для тых, хто да тэксту яшчэ чамусьці не дабраўся) эпічнае, нават, можна сказаць, традыцыйнае для фэнтэзі супрацьстаянне Дабра і Зла, Жыцця і Смерці.

Мне, верагодна, адразу ж запярэчаць: прычым тут фэнтэзі? Не было такога ў беларускай літаратуры (прынамсі, не ў класічнай). Тут я рашуча не пагаджуся: фантастычны складнік для айчыннай белетрыстыкі досыць натуральны, і не толькі з часоў Караткевіча. Беларуская літаратура можа ганарыцца і Баршчэўскім, і Ластоўскім – абодва, хай і ў розны час, удала працавалі з фантастычным элементам у сваіх тэкстах. Беларускі фальклор – гэта неверагодна багаты легендарыум, а ў нашых летапісах хапае “фантастычных” здарэнняў, апісаных тым або іншым храністам. Так што фантастычнасць (фэнтэзійнасць) Караткевіча тут – спадчынная. І натуральная.

Як абсалютна натуральна і рэчыўна да Вылівахавай камяніцы прыйшла Смерць. “Прыцягнулася па звілістай сцежцы, цяжка перастаўляючы ногі, якія дрэнна згіналіся, закінуўшы на тулаве чорны плашч, нібы ёй было халодна, і ўсміхаючыся вечнай і нязменнай усмешкай, ад якой кідала ў жудасць”. Гэты сюжэт – шляхціц і Смерць, шляхціц і Д’ябал, падарожжа ў Апраметную – таксама аддае казачнасцю. Адно канфлікт, у які ўступае Выліваха, не толькі (і не столькі) уласна фізічны, колькі філасофскі. Як у дыскусіі з каралевай Бонай, так і ў спрэчцы са Смерцю Выліваха адстойвае сваю жыццёвую пазіцыю, свае перакананні, і ягоная перамога – гэта найперш перамога думкі.

Бо нават Смерць з яе халоднай шахматнай логікай не здатная зламаць і адолець “бocкaй нeпacлядoўнacцi чaлaвeчaй дyмкi”.

Бо нават у Апраметнай, халоднай і вусцішнай, чалавек можа заставацца чалавекам. І па-ранейшаму любіць – і жыццё, і Радзіму. Бо і тое, і другое, увасобленае ў агністай кветцы шыпшыны, герой нясе з сабою, бласлаўляючы “бога зямлі сваёй”, які даў яму прыйсці ў свет менавіта ў родным кутку.

Таму што “чалавек носіць сваё неба з сабою”.

Таму і варта перачытаць гэтую аповесць. Асабліва зараз, у наш неспакойны час, – ды і, зрэшты, у любы час, калі на душы няпроста. Калі трэба, каб нехта скіраваў, падказаў. Калі трэба, каб нагадалі, якое насамрэч цудоўнае і хуткаплыннае чалавечае жыццё. І як трэба цаніць кожны свой дзень, кожную хвіліну.

Carpe diem. Лаві дзень. “Людзі не ўмеюць жыць і таму кажуць пра заўтра, якога не будзе”. Таму, кажа Караткевіч, варта жыць і кахаць сёння, каб перад вірам у Апраметную не шкадаваць ні пра што, пакідаючы “лепшую частку сябе на зямлі – тых, каго любіў”.

І любоў – да жыцця і Радзімы – аказваецца мацнейшай за здраду, за ўладу, за саму Смерць, “найвялікшую ўладарку сусвету”.

Выліваха, сутыкнуўшыся з халоднай разважлівасцю Смерці, перамагае яе чалавечнасцю, перад якой высокая логіка бездапаможная. Хітрыкі, каб адхіліць увагу, незаўважны рух рукавом, каб падставіць ладдзю Роспачы пад бой. “Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на «спрадвечны» закон”.

Непераможнасць мудрасці Вылівахі ў тым, што ў ёй няма нічога скутага, коснага. Але ёсць натхненне і сэрца.

Сваё натхненне Гервасій Выліваха, што змагаецца на шахматнай дошцы з самою Смерцю (не за сябе, за іншых людзей), дорыць чытачу. І натхняе чытача як узор рамантычнага героя, што жыве ў фэнтэзійным, але такім беларускім свеце. У свеце, дзе перамешваецца гістарычная праўда, стылізацыя і ненавязлівая казачнасць.

Завяршэнне аповесці таксама трохі казачнае, таму што, як і фінал любой казкі, аддае вечнасцю. І легендай – быццам тая кароткая згадка пра зайца, які так рагатаў, што ў яго трэснула губа.

“А глог цвіў над зямлёю, і гэта было сапраўды як эдэм, у якім гучаў ціхі і пяшчотны смех, ці то зайцаў, ці, можа, самога жыцця”.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Чытайце таксама:

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам