ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
"Быць чалавекам на зямлі": асэнсаванне творчасці Рыгора Барадуліна
“Свята земляробскай Беларусі”

Пра вандроўкі вечныя: адно апавяданне Рэя Брэдберы

Пра вандроўкі вечныя: адно апавяданне Рэя Брэдберы
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

“Азірніся на дом, анёл” – так называецца раман Тома Вулфа, што натхняе галоўнага героя апавядання на змаганне. Змаганне, пра якое ўсю сваю гісторыю марыла чалавецтва. Змаганне з часам.

Бо ў кожнага мёртвага генія, у кожнага зніклага талента заўжды ёсць самае важнае, яшчэ не створанае, не завершанае. “Найлепшая кніга яшчэ будзе напісана”. Калі згасае яркае жыццё, быццам абрываецца струна. І, абарваўшыся, падаецца, яшчэ гучыць, і шматкроп’і рассыпаюцца па паперы.

Персанаж Брэдберы, мільянер Генры Філд, які сам усё жыццё пісаў “у стол”, раптам разумее, што нікому з ягоных сучаснікаў не пад сілу асэнсаваць усю веліч Века Ракеты, усю прыгажосць і вусціш Космасу, увесь трагізм адзіноты ў ім чалавека. Год 2257, ракеты, атамныя цуды, падарожжы да чужых планет і падвойных сонцаў. Каму гэта па сіле! Спрабавалі, праўда, усе. Ды ні ў аднаго сучаснага аўтара нічога не выйшла. Космас занадта неабсяжны, міжзорныя караблі занадта хуткія, адкрыцці атамнай навукі занадта нечаканыя”. Сцяміўшы гэта і ўсвядоміўшы ўласную мізэрнасць як літаратара, Філд спальвае свае “дзесяць мільёнаў слоў”, у адзін момант ператвараючы ў нішто семдзесят гадоў працы. І, застаўшыся сам-насам з “роздумам пра марную працу і згубленае жыццё”, шукае апірышча ў мінулым – у кнігах.

Раман Вулфа, знойдзены Філдам у бібліятэцы “сярод кніг, да якіх паўстагоддзя ніхто не дакранаўся”, наводзіць яго на нечаканую думку. Ідэю, дзеля якой Філд, склікаўшы да сябе “юрыстаў, сяброў, вучоных, літаратараў”, не шкадуе ніякіх выдаткаў.

А менавіта: вярнуць да жыцця, выцягнуўшы ненадоўга з мінулага, Томаса Вулфа, аднаго з самых таленавітых пісьменнікаў свайго часу. Зачараваны Вулфам, Філд так характарызуе яго:

– Том Вулф – вось хто нам трэба! Вось чалавек, які быў створаны для таго, каб пісаць пра вялікае, пра Час і Прастору, пра галактыкі і касмічную вайну, пра метэоры і планеты. Ён любіў і апісваў усё нешта такое, велічнае і грознае. Проста ён нарадзіўся занадта рана. Яму патрэбны быў матэрыял сапраўды грандыёзны, а на Зямлі ён нічога такога не знайшоў. Яму трэба было нарадзіцца не сто тысяч дзён назад, а сёння.

У чым жа матывацыя персанажа Брэдберы? Часткова, мабыць, гэта спроба рэалізаваць ўласныя няспраўджаныя чаканні ды амбіцыі, спрычыніцца, у якасці своеасаблівага мецэната, да творчасці генія. Адно, канечне, звычайна мецэнаты падтрымлівалі таленты матэрыяльна. Генры Філд жа дае Вулфу, вернутаму незвычайнай машынай прафесара Боўлтана, іншыя, але не менш каштоўныя для генія рэсурсы.

Час і ўражанні.

Два месяцы адтэрміноўкі смерці. Час, каб пабачыць эпоху Космасу і апісаць, апець яе на старонках сваіх рукапісаў.

Брэдберы, трэба заўважыць, асабліва не пагружаецца ў дэталёвае апісанне сетынгу, у якім жыве ягоны герой. Скажам, служак ды гасцей Філд выклікае “па тэлевізары”, прафесар Боўлтан працуе з машынай, у якой ёсць рэле, каналы энергіі ды нейкі загадкавы нявытлумачаны Элемент Часу. Кветкі з Месяца, “нібы белае і блакітнае полымя”. Да Марса, да астэроідаў, да далёкіх зорных сістэм лятуць ракеты – але мы бачым толькі агні ў небе, якія нагадваюць салют і якія Філд паказвае дастаўленаму з мінулага Вулфу. Уласна, гэта і ўсё. Не так шмат для фантастычнага апавядання, калі падумаць.

Але гэтага досыць, бо лагічны цэнтр твора – зусім не фантастычны антураж, не дэманстрацыя складаных тэхналогій. Сапраўдным цэнтрам, сэрцам апавядання з’яўляецца спакуслівая думка пра магчымасць, пра новы шанец, новую надзею. І Брэдберы – праз свайго Генры Філда, “фінансавага туза”, – дае Томасу Вулфу такую магчымасць.

Колькім беларускім аўтарам хацелася б яе даць, праўда?

Такім чынам “касмічная” фантастыка пераварочваецца, набывае амаль прытчавае гучанне. Волат літаратуры глядзіць на новы для яго свет вачыма дзіцяці. Брэдберы неаднаразова падкрэслівае гэта, робячы ненавязлівы акцэнт. “Сапраўдны хлапчук”, – кажа пра Вулфа Філд з амаль бацькоўскай пяшчотай. Ды, зрэшты, гэта і ёсць бацькоўская пяшчота, пяшчота стваральніка да створанага. Філд ганарыцца Вулфам, ягоным талентам і працаздольнасцю, ягонай фантазіяй, ягонай здольнасцю апісваць веліч Сусвету. Ягонай здольнасцю бачыць – і захоўваць пабачанае ў сваіх творах.

Можа быць, ненавязліва падказвае нам аўтар апавядання, бяда тэхналагічнай цывілізацыі ў тым, што яе прадстаўнікі губляюць здольнасць глядзець на свет па-дзіцячы. З захопленасцю, з затоеным ад радаснага чакання дыханнем. Дзівы навукі, якімі б нечаканымі яны ні былі, для карыстальніка становяцца задужа звыклымі, штодзённымі.

І таму Томас Вулф, які нарадзіўся разам з дваццатым стагоддзем і пайшоў з жыцця трыццацівасьмігадовым, здольны ўбачыць усе гэтыя дзівосы незамутненым позіркам. А пабачыўшы – перастварыць іх на паперы: “Космас як восень, пісаў Томас Вулф. І гаварыў пра пустэльны змрок, пра адзіноту, пра тое, які маленечкі закінуты ў космасе чалавек. Гаварыў пра вечную восень, якая ніколі не канчаецца. І яшчэ пра міжпланетны карабель, пра тое, як пахне метал і які ён навобмацак, і пра пачуццё высокага лёсу, пра няўрымслівае захапленне, з якім нарэшце адрываешся ад Зямлі, пакідаеш за сабою ўсе зямныя задачы і журботы і імкнешся да задачы куды больш цяжкай, да журбы куды больш горкай. Сапраўды, гэта былі цудоўныя старонкі, і яны гаварылі тое, што абавязкова трэба было сказаць пра Сусвет і чалавека і пра яго малюпасенькія ракеты, якія згубіліся ў бязмежжы…

Вулф глядзіць і стварае апантана, напоўніцу выкарыстоўваючы дадзеную яму магчымасць, і ягоная адданасць справе, зацятасць і ўпартасць ствараюць цуд. Там, дзе не вытрымлівае машына Боўлтана, губляючы рэле за рэле ад напружання, нязломная воля прыкоўвае Вулфа да будучыні:

Па сутнасці, яго зараз утрымлівае ў нас толькі адно – ён сам, яго страсць, яго работа.

Воля і страсць чалавека мацнейшыя за тэхналогіі.

І тэлетайп упарта піша радок за радком – па дзесяць тысяч слоў штодня.

І ствараецца кніга, якую аўтару немагчыма ўзяць з сабою, кніга, названая ім самім цытатаю з колішняга твора. А ўрэшце рэшт праз два месяцы Вулф вяртаецца ў свой час, на смяротную пасцель, і ягоныя згадкі пра Марс ды падарожжа падаюцца ўсім адно трызненнем хворага на пнеўманію.

Але, быццам самі сабою, быццам падаючы з неба, з’яўляюцца на магіле Вулфа дзівосныя кветкі з Месяца – “быццам белае і блакітнае полымя”. А лепшая кніга яшчэ толькі будзе напісана.

“…навошта нам Зямля? Каб вандраваць па ёй? Ці для таго нам Зямля, каб не ведаць на ёй спакою? Кожны, каму трэба Зямля, будзе мець яе, застанецца на ёй, супакоіцца на маленькім шматку і будзе ў цесным куточку яе вечна…”

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам