ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні
Больш за 2 500 рэдкіх і старадрукаваных дакументаў НББ даступны анлайн

Калейдаскоп дывізіі Серакоўскага: аповесць-мазаіка

Калейдаскоп дывізіі Серакоўскага: аповесць-мазаіка
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

…самае першае адчуванне– калейдаскоп. Драбочкі колераў і святла перамешваюцца, танчаць. Здаецца, у нешта такое складваюцца, але ўзор амаль адразу ж змяняецца, пераўтвараецца ў штосьці іншае. Формы і фрагменты змяняюць адно аднаго, ажно круціцца ў галаве.

Можа, пытанне ў скачках у часе, паміж эпохамі. Вось мы ў 1794 годзе, вось вяртаемся на імгненне ў ХХІ стагоддзе, вось мы ў стагоддзі ХХ, а вось раптам трапілі ў 433 год. Гэтая сюжэтная лінія аповесці “Калейдаскоп дывізіі Серакоўскага”перарываецца, ускладняецца, часавыя паралелі нагрувашчваюцца на ёй. Калі б гэта быў не Стэфан Корф, якога па-чытацку і па-рэдактарску ведаю і па калектыўным зборніку “10+10”, і па публікацыях у беларускім перыядычным друку, гэтую зменлівасць і “расхістанасць” сюжэту магла б палічыць за недахоп. Спісаўшы, як гэта часта здараецца з творамі маладых літаратараў, менавіта на маладосць.

Але ведаючы аўтара, ведаючы яго надзвычайную здольнасць змешваць у мастацкай прасторы рэальнае і ірэальнае (з ухілам у магічны рэалізм), ведаючы яго ўменне ненавязліва расказаць гісторыю так, каб пасля прачытання хацелася паразважаць і да твора вярнуцца… Ведаючы ўсё гэта, думаю, варта паглыбіцца ў тэкст і паспрабаваць скласці каляровыя шкельцы ў гэтым калейдаскопе, быццам мазаіку. Дзіўныя пражскія кексы, таксу-самурая, папаю з тварыкам, спадара ведзьму – усё гэта забаўляльнае і дзівацкае, што стварае ў творы атмасферу абсурднасці. Стварае, наўмысна падкрэсліваючы абсурднасць самой сітуацыі, у якой апынаецца цэлая краіна, дзе нацыянальную прыналежнасць вызначаюць па канфесійнай, дзе цяжка зразумець, хто чужы, а хто свой.

Ад пачатку аўтар абяцае нам аповесць-дыярыуш у 93 днях – і недагаворвае. Бо дыярыуш – не дыярыуш. Ды і справа ў аповесці, падаецца, зусім не ў дывізіі Серакоўскага, вынесенай у назву, не ў днях, праведзеных разам з Янкам Ліпінічам (“каталіком, але мясцовым, камянецкім”).Усё гэта быццам бы і не асабліва істотна, і да Ліпініча і сам аўтар ставіцца трохі адчужана. Але ў чым жа тады справа, у чым цымус і мэта?

Кампазіцыйна твор, як я ўжо казала, досыць фрагментарны. Раздроблены. З аднаго боку, задумка “нарэзаць” хронас у творы такімі вось скрылёчкамі, дынамічнымі эпізодамі, імпануе. Гэта цікава, што і казаць. Ды і вышукваць пасля па змесце эпізод, які хацелася б перачытаць, досыць зручна. Аднак, з другога боку, праз гэта губляецца цэласнасць, успрыняцце аповесці менавіта як аповесці, твора вялікай прозы, кампазіцыйнага і сюжэтнага адзінства. Замест таго маем як бы серыял, набор асобных замалёвак. Адзнака часу, напэўна? Можа быць, улічваючы кліпавасць мыслення маладзейшага пакалення сённяшніх чытачоў, гэта нават дарэчна. Але шчыра прызнаюся, мне не ставала аповесці ў аповесці.

Бо праз гэтую серыяльнасць трохі не паспяваеш рабіць тое, што зрабіць адназначна хацелася б: прывязвацца да персанажаў, пужацца (ці захапляцца) Вялікім Дальжвальдам ды разнастайнымі нячысцікамі. Але ёсць эпізоды, прапісаныя настолькі дэталёва і ўважліва, з настолькі адметным цячэннем плыні мастацкага часу ў іх, што нельга не звярнуць увагу. Для мяне такімі цэнтральнымі эпізодамі сталі фрагменты, маркіраваныя рэлігіяй, – то бок, з’яўленні святароў (айца Серафіма, айца Іосіфа) і жрацоў (каля Дрэва Цёмнай Ночы). Аўтар выразна супрацьпастаўляе хрысціянства (“Біць людзей – грэх”, – кажа ўланам ойча Серафім) і язычніцтва (“Мне няма справы да чалавечых спрэчак!”, – заўважае Воўк-Дажвальд). Як супрацьпастаўляе імкненне таго ж Ліпініча да вайны як свята на пачатку – і ягонае стаўленне да яе ў адной з заключных сцэн: “Янка імкнуўся вярнуцца ў бойку… не таму, што хацеў біцца ці хутчэй даць шаблі больш крыві. Лепш ён зламае шэрагі ворага, лепш ён пераб’е як мага больш расейцаў, і больш сваіх жаўнераў вернуцца дамоў жывымі. Трэба забіваць, каб людзі маглі жыць”.

Аўтар праз сталенне свайго персанажа даводзіць нам: філасофія “ненасилия” або абыякавасць – не варыянт, калі пад пагрозаю знаходзіцца самае дарагое: дом, Радзіма. Свае. Сваё.

Таму сумнаю іроніяй перагукаюцца адзін з самых першых фрагментаў і апошні. У першым, 20 ліпеня 1794 года ойча Серафім і хлопчык размаўляюць пра жаўнераў, якія падыходзяць да вёскі: “Нашыя, нашыя… А якія, Кромча? Па зямлі сваякі, па мове чы па веры? Усе нашыя насамрэч, хлопча”. І гэтаксама 18 верасня 2012 года хлопчыка, якога прывяла ў кобрынскі музей Суворава бабуля, цікавіць пытанне, хто ўсё-такі “нашы” – “А як гэта да Беларусі адносіцца?” Адказ бабулі гучыць, як поўха: “нашыя” – зноў іншыя. Змяніўся час, змянілася ўспрыняцце, і “мясцовы, камянецкі” хлапец стаў “палякам”. І тое, што вось гэты эпізод стаіць апошнім, адразу пасля развагаў пасталелага на вайне Ліпініча пра “трэба забіваць – каб маглі жыць”, – гэта пакідае горкі прысмак.

І тым гарчэйшаю становіцца сцэна 1827 года, якая адкрывае кнігу: вяртанне ўлана Ліпініча ў багну, да прыгажуні з зялёна-блакітнымі валасамі. Багна – быццам адчай, які паглынае зняверанага ваяра. Час дзеяння (час адчаю), выбраны аўтарам для гэтага эпізода, знакавы: праз некалькі год прыдарыцца паўстанне 1830–1831 гадоў, і яму, як і паўстанню 1794 года, суджана захлынуцца крывёю.

Але, калі падумаць: ці паглынае адчай чытача пасля прачытання? Праклён, кінуты падманутым Дальжвальдам (“вашыя землі ніколі не будуць спакойныя”), нібыта збываецца – праз усю нашу гісторыю.

Аднак дзеці, якія задаюць пытанні ў музеях, якія задумваюцца і спрабуюць разабрацца ў абсурднай і трагічнай зблытанасці гісторыі, – гэта надзея.І Стэфан Корф пакідае чытачу гэтую кволую нітачку надзеі.

А гэта ўжо нямала, ці ж не праўда?


Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам