ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Віншуем Галіну Канстанцінаўну Кулагу, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, з 80-годдзем!
"З верай і праўдай прайшоў праз эпоху": да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы

#BelBookChallenge рэкамендуе: пераклады класікі

#BelBookChallenge рэкамендуе: пераклады класікі
Іншыя навіны

Паліна Доля

BelBookChallenge выходзіць на фінішную прамую! Да канца чэленджу застаўся адзін дзень, таму самы час дачытваць недачытанае і пісаць на яго рэцэнзіі, каб усё-ўсё паспець. А для надання сіл і запалу ў вашым апошнім рыўку Нацыяналка склала для вас не проста падборку, а сапраўдную падвойную норму кніжных рэкамендацый! Сёння пад нашым прыцэлам адразу дзве тэмы: пераклады замежнай класікі і пераклады з рускай мовы – узбоўтаць, але не змешваць. Пра якія-небудзь з гэтых перакладзеных кніг вы, напэўна, ужо чулі, а штосьці можа стаць для вас адкрытым сюрпрызам.

Пачнём здалёку – то бок, з замежнай класікі. У сусветнай літаратуры шмат добрых кніг, якія так і хочацца хутчэй прачытаць. А што можа зрабіць чытанне больш прыемным, чым пераклад на родную беларускую мову? Вось так. Ад класічных брытанскіх дэтэктываў да японскага постмадэрнізму: у класікі мноства граняў, і мы пакажам самыя цікавыя з іх. А заадно здзейснім сапраўднае падарожжа вакол свету!

2021.03.05_вядзьмар.jpg “Вядзьмар. Апошняе жаданне”, Анджэй Сапкоўскі

Пачынаем з бліжэйшых суседзяў. Гісторыя пра прыгоды ведзьмара Геральта з Рывіі сапраўды можа лічыцца класікай фэнтэзі – бо ў яе практычна культавы статус. Незвычайны славянскі антураж разам з нестандартнымі гісторыямі і харызматычнымі персанажамі здольны натхніць, пацешыць і цалкам захапіць вашу ўвагу на доўгія месяцы. “Вядзьмар. Апошняе жаданне” – зборнік навел, які плаўна і бязбольна адкрые для вас займальны свет Сапкоўскага. Мова кнігі вельмі жывая і іранічная, а барацьба з пачварамі як мінімум цікавая. Вельмі рэкамендуем.

2021.03.05_каханне падчас халеры.jpg “Каханне падчас халеры”, Габрыэль Гарсія Маркес

Пункт прызначэння – Іспанія і адна з самых чыстых і шчырых гісторый кахання з усіх, што магло дазволіць сабе чалавецтва (і Маркес, у прыватнасці). Каханне перамагае тут усё: час і прастору, жыццёвыя нягоды і нават недасканаласць чалавечай душы. Прыгажуня Ферміна адхіляе сябра дзяцінства Фларэнтына і выходзіць замуж. Яе муж – перспектыўны доктар, навуковец, які марыць пазбавіць іспанскія калоніі ад іх смяротнай хваробы – халеры, што пажырае ўсё на сваім шляху. Але ці магчыма каханне падчас халеры?

2021.03.05_дойль нататкі пра шэрлака холмса.jpg “Нататкі пра Шэрлака Холмса”, Артур Конан Дойль

Пераносімся ў Англію і палацы розуму! Геніяльны шпік Шэрлак Холмс і яго верны спадарожнік доктар Ватсан загаварылі па-беларуску – разам з усім сваім асяроддзем. У гэтай кнізе сабраны сапраўдныя ўзоры дэтэктыўнага жанру, заблытаныя гісторыі неверагодных здарэнняў (і гэта нават не заўсёды злачынства), а галоўнае – уражлівыя лагічныя ланцужкі і высновы самага вядомага кніжнага шпіка. Атмасфера віктарыянскай Англіі, хаджэнне па лязе і злачынец, які падабраўся занадта блізка, – што можа быць лепш? Самы час напружыць звіліны і падвучыцца дэдуктыўнаму метаду ў лепшых!

2021.03.05_Паланик Бойцовский клуб.png “Байцоўскі клуб”, Чак Паланік

Як наконт амерыканскай класікі? “Байцоўскі клуб” выйшаў у 1996 годзе і амаль адразу стаў культавым, а таму прапускаць магчымасць прачытаць гэтую кнігу па-беларуску – сапраўднае злачынства. Гэта раман-выклік. Праблемы грамадства спажывання, мужнасці, унікальнасці, свабоды, тэмы дабра і зла не проста падымаюцца ў творы – вас акунаюць у іх з галавой, трымаюць, пакуль у лёгкіх не скончыцца паветра, потым дастаюць і апускаюць зноў. Можаце быць упэўнены: гэта гісторыя пераверне ваша жыццё.

2021.03.05_кобо абэ женщина в песках.jpg “Жанчына ў пяску”, Коба Абэ

Замыкаем кола культавым японскім раманам Коба Абэ. Вельмі павольная і змрочная гісторыя з узрушаючым візуалам і самым маляўнічым ў гісторыі літаратуры апісаннем пяску чапляе чытачоў за душу. “Жанчына ў пяску” падобная на сон, благі, трывожны. Звычайны настаўнік у пошуках шпанскай мушкі для сваёй калекцыі становіцца палонным ў дзіўнай вёсцы, якая з кожным днём усё мацней пагружаецца ў пясок. Закінуты сярод выдмаў, зняволены на дне ямы, ён шукае спосаб вярнуць свабоду – і сваё былое жыццё.

Такім чынам, наша кароткае кругасветнае падарожжа па культавых кнігах замежжа падышло да фіналу. Час пераходзіць да класікі рускай літаратуры! Такое, вядома, на беларускай мове з’яўлялася некалькі часцей (асабліва ў савецкі перыяд), але гэта не значыць, што нам няма чым вас зараз здзівіць. Бо ў сённяшняй падборцы і паэзія, і дзённікі, і нават Набокаў.

2021.03.05_Маякоўскі вершы.jpg “Паэзія”, Уладзімір Маякоўскі

Што можа быць лепш за добрую, яркую паэзію, якую прыемна чытаць услых? Вядома, такая ж паэзія па-беларуску! Серыя “Паэты планеты” рэгулярна дае нам такое эстэтычнае задавальненне, але нават тут Маякоўскі вылучаецца. Складаная рытміка яго твораў бліскуча захавана, гукапіс – вышэй за ўсякую пахвалу. У перакладах Барадуліна, Хадановіча, Рыжкова і многіх іншых Маякоўскі гучыць кідка, ярка, рытмічна, амаль звініць. Нават калі арыгінальныя вершы вас ніколі не чаплялі, будзьце ўпэўнены: іх пераклады вы палюбіце з першага погляду.

2021.03.05_лаліта набокаў.jpg “Лаліта”, Уладзімір Набокаў

Скандальна вядомы, але таму не меней культавы раман Уладзіміра Набокава не абышоў бокам беларускамоўных чытачоў. “Лаліта” – сапраўдная барацьба паміж раманістам і чытачом у папяровым эквіваленце. Раман поўны супярэчнасцяў, відавочных і схаваных цытат і алюзій, славеснай гульні, намёкаў і іншых пастак, у якія лёгка можа патрапіць нават самы спрактыкаваны чытач – і будзе гэтаму толькі рады. Будзьце ўпэўнены: гісторыя дзіўнага, хваравітага пачуцця Гумберта Гумберта да дванаццацігадовай німфеткі захопіць вас з галавой, а беларуская мова зробіць яе яшчэ лепш.

2021.03.05_акаянныя дни.png “Акаянныя дні”, Іван Бунін

Люты, непрымірымы, яркі і эмацыйны тэкст “Акаянных дзён” па-беларуску становіцца яшчэ больш уражлівым і адкрытым. Дзённікі Буніна – літаратурны помнік, цэлая серыя апавяданняў аб тым, што хвалявала пісьменніка (а час быў складаны, падстаў для хваляванняў хапала). Ад палітычных і бытавых сварак да апісанняў гарадскіх пейзажаў – тут ёсць усё, што толькі можа прыйсці вам на розум. Але ў цэнтры штодзённасці Буніна, вядома, рэвалюцыя – хаатычны вір з твараў і крыкаў, які паглынае ўсё на сваім шляху, кідае чалавека ў цемру. Акуніцеся і вы.

2021.03.05_бродскі туга і спакой.png “Туга і спакой”, Іосіф Бродскі

Іосіф Бродскі загаварыў па-беларуску ўжо ў 2015 годзе, калі перакладчык Уладзімір Болбас сабраў раннія творы паэта ў зборнік “Туга і спакой”. Яго творы, змрочныя, нервовыя, мяккія і пранікнёныя, на беларускай мове ператвараюцца ў цякучую элегію, якую так і хочацца прачытаць услых. Сам Бродскі лічыў, што вершаскладанне пашырае свядомасць, яно як наркотык, і толькі той, хто стаў залежным ад вершаў, можа называцца паэтам. Гэта адчуваецца ў кожным радку. “Туга і спакой” – гэта паэзія, якая запаўняе лёгкія, паэзія, у якой лёгка патануць і растварыцца. Незабыўны вопыт.

2021.03.05_талстой хаджэнне па муках.png “Хаджэнне па муках”, Аляксей Талстой

Вяртаемся да самых класічных твораў рускай літаратуры – і зноў да пачатку ХХ стагоддзя. У аснове “Хаджэння па муках” – асабісты пісьменніцкі вопыт. Першая сусветная вайна, рэвалюцыя і наступныя падзеі становяцца напружаным, панурым фонам для гісторый сясцёр Каці і Дашы і іх абраннікаў – Цялегіна і Рошчына. Калі свет навокал літаральна разрываецца на часткі, калі складана аддзяліць дабро ад зла, а сваіх ад чужых, кожны дзень нясе ў сабе выпрабаванні, правярае на трываласць пачуцці, нервы і вузы. Прапусціць такую кнігу ў перакладзе на беларускую мову нерэальна.

Перакладаў сусветнай класікі на беларускую мову становіцца ўсё больш, а прычын не чытаць яе – усё менш. Напэўна, кніга, якую вы даўно хацелі прачытаць, ужо з’явілася ў перакладзе на родную мову. Дык чаму б не сумясціць прыемнае з карысным?

Час наганяць упушчаныя тэмы BelBookChallenge, пісаць рэцэнзіі ці проста чытаць у сваё задавальненне – вынікі мы падвядзем 9 сакавіка. І ў наступны раз, калі вас будзе раздзіраць пытанне “што б такога пачытаць?”, успомніце пра нашы рэкамендацыі – яны будуць чакаць вас тут, на сайце Нацыяналкі.

Таму што адказы на ўсе пытанні заўсёды ёсць у бібліятэцы.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”

9 Кра 2021

19 красавіка ў 12.00 пройдзе вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вэбінар “Методыка і тэхналогія каталагізацыі дакументаў у рэгіянальных зводных электронных каталогах”

9 Кра 2021

15 красавіка з 10.00 да 11.30 Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць вэбінар для бібліятэк, падключаных да рэгіянальных зводных электронных каталогаў нашай краіны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

РЗЭК бібліятэк Мінскай вобласці працягвае раскрываць фонды бібліятэчных устаноў рэгіёна

9 Кра 2021

Да Рэгіянальнага зводнага электроннага каталога бібліятэк Мінскай вобласці далучыліся два новыя партнёры – Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўла Пранузы і Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Рэсурс папоўніўся на 87 тысяч бібліяграфічных запісаў на дакументы, якія захоўваюцца ў гэтых бібліятэчных установах.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111