ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы
Вясны гарачы подых…

#BelBookChallenge прапануе: кнігі з дзяцінства ў перакладзе на беларускую мову

#BelBookChallenge прапануе: кнігі з дзяцінства ў перакладзе на беларускую мову
Іншыя навіны

Даня Карчашкіна

BelBookChallenge не проста так прапануе вам наступную тэму – кнігі, што падабаліся ў дзяцінстве, у перакладзе на беларускую. Што за магчымасць, акрамя выкліку самому сабе, можа прымусіць нас вярнуцца да нечага ўжо прачытанага і асэнсаванага некалі?

Сучаснае жыццё патрабуе праглынаць, не перажоўваючы, усё новую і новую інфармацыю, хутка адкладаць яе ў дальнюю скрыню памяці і бегчы за наступнай. Але як насамрэч важна часам зірнуць з вышыні новага ўзросту на тое, што некалі натхняла.

А вы памятаеце тыя казкі, што чытала вам матуля ў дзяцінстве? Вядома ж, амаль не памятаеце. Магчыма, фрагментарна ці нейкімі дэталямі, вобразамі, мараллю… Гэта той скарб, што застаецца ў нашым падсвядомым на доўгія гады, але ў той жа час з’яўляецца такім недасягальным у сваёй эмацыйнай напоўненасці.

А ці памятаеце вы, як у больш сталым, але усё яшчэ пяшчотным узросце ўпершыню адкрылі тую самую гісторыю, якая назаўжды змяніла вашае ўяўленне пра жыццё? Калі вы сталі верыць, што аднойчы атрымаеце ліст са школы магіі, што дзівосныя істоты вандруюць па свеце, а ў вашай шафе можна знайсці іншую загадкавую краіну?

Вам не прыйдзецца літаральна “перачытваць” – вас чакае нешта куды большае. Гэта двухвектарны вопыт: знаёмы матэрыял, але ў нязвыклым узросце і (магчыма) на нязвыклай мове. Абяцаем, вы будзеце здзіўлены ад эмацыйнай буры ўнутры.

І, ужо традыцыйна, прапануем вам падборку кніг для аблягчэння пошуку. Магчыма, яна ў нейкім сэнсе будзе даволі суб’ектыўнай, але мы пастараліся зрабіць так, каб хоць на адну з кніг ваша свядомае адрэагавала push‑апавяшчэннем “Памятаю, хачу, чытаю!”.

Засталося не так шмат часу да канца чэленджу, таму хутчэй выбірайце кніжку на ваш густ і атрымлівайце порцыю незабыўных уражанняў.

2021.03.04_Шарль Перо.png “Чарадзейныя Казкі”, Шарль Перо

О, так. На гэтай кнізе шмат хто зловіць трыгер. Магчыма, у тым узросце вы нават і не ўсведамлялі, што за аўтара чытае матуля, але перажыванні за лёс Чырвонага Каптурка і лёгкая вусціш ад словазлучэння “Сіняя Барада” ўжо нікуды не дзенуцца. Кніга была перакладзена на беларускую яшчэ ў 90-х, але не так даўно свет пабачыла новае прыгожае перавыданне казак знакамітага класіка. Самым прыемным з’яўляецца тое, што казкі перакладаліся з аўтэнтычных арыгіналаў, таму фіналы некаторых з іх могуць вас вельмі-вееельмі ўразіць.

2021.03.04_салавей і ружа.png “Салавей і Ружа. Казкі”, Оскар Уайльд

Магчыма, не кожнаму ў дзяцінстве маці чытала падобныя казкі, бо яны даволі спецыфічныя па сваім змесце. Але вельмі раім судакрануцца з гэтай кнігай хаця б пасля чэленджу (ці ўзяць у межах гэтай тэмы, нават калі ў дзяцінстве не чыталі, толькі тссс…). Па-першае, Уайльд-казачнік – неверагодны. Калі для вас ён быў аўтарам толькі “Партрэту Дарыяна Грэя”, то зборнік – абавязковы для азнаямлення. Па-другое, неверагодны візуал. Гэтая нефарматная кніга за сваёй зялёнай вокладкай хавае не толькі непаўторныя кранальныя сюжэты, але і малюнкі ад Барыса Заборава і Уладзіміра Зуйкова, якія не пакінуць вас раўнадушнымі.

2021.03.04_маленькі прынц.png “Маленькі прынц”, Антуан дэ Сэнт-Экзюперы

Для кагосьці гісторыя пра маленькага прынца на планеце В-612 засталася цёплым павучальным успамінам з далёкага юнацтва, а некаторыя людзі раслі разам з кнігамі Экзюперы. Усё пачыналася з “Маленькага прынца”, а працягвалася ў дарослым узросце “Планетай людзей” і “Паўднёвым паштаром”. У любым выпадку, “мы адказныя за тых, каго прыручылі”, і калі вы аднойчы прыручылі ў сваім сэрцы ружу пад шкляным каўпаком і баранчыка ў каробачцы, то паспрабуйце зірнуць на іх па-новаму на роднай мове! Пераклад існуе нават не ў адзіным варыянце: Эдзі Агняцвет, Ніна Мацяш… Калі вы чалавек даволі спецыфічнага кніжнага густу (а можа, проста… філолаг), то выбірайце, які з перакладаў вам адгукнецца больш.

2021.03.04_хобіт.png “Хобіт, або Вандроўка туды і назад”, Дж. Р. Р. Толкін

Гэта, дарэчы, таксама даволі спрэчны выбар кнігі, бо ў некаторых людзей шлях знаёмства з Міжзем’ем пачынаўся менавіта з “Уладара пярсцёнкаў”, а “Хобіт” пасля аказваўся невядомым дагэтуль прыемным дадаткам да ўлюбёнай гісторыі. Але, калі кіравацца логікай, дзіцячай кнігай усё ж лічыцца неверагодная вандроўка Більба Бэгінса. Вы можаце абраць тое, што чыталі ў дзяцінстве, але галоўная радасная навіна: абедзве кнігі перакладзены на беларускую! Таму ўсё у вашых руках.

Вялізны боль для адданых беларускіх “талкіністаў” заключаецца ў тым, што дагэтуль не існуе перакладу “Сільмарыліёна”. Магчыма, перачытванне адной з названых кніг натхніць каго-небудзь на падобны подзвіг.

2021.03.04_Хронікі Нарніі.png “Хронікі Нарніі”, К. С. Льюіс

Фанаты чароўнай краіны Нарніі, вам дазваляецца млець ад захаплення. З кніг “Хронікі” перакладзены на беларускую дзве: “Пляменнік чараўніка” і “Леў, вядзьмарка і гардэроб”. Прычым пераклады з’явіліся менавіта ў такім парадку (што больш правільна для разумення ўсёй гісторыі). Так ці інакш, ведалі вы пра пераклады ці не, пагрузіцца ў чароўную краіну, дзе жывёлы могуць размаўляць, магія нікога не здзіўляе, а дабро змагаецца са злом, кожнаму будзе на карысць. Асабліва ў наш складаны і імклівы час (у Нарніі ж час ідзе куды павольней). Таксама вы можаце пабачыць у гэтых кнігах шмат цікавых адсылак, якія раскрыюцца толькі праз прызму вашага цяперашняга вопыту і даросласці. Таму паспрабуйце, чаму б і не?

2021.03.04_гары потэр і філасофскі камень.png “Гары Потэр”, Дж. Роўлінг

Напэўна, на гэтых кнігах пакуль што паспелі вырасці толькі адно ці два пакаленні чытачоў, але папулярнасці ў гісторыі не адымаць. Чытачы кнігі памятаюць, як яны з задавальненнем праглыналі частку за часткай і не заўважалі, як разам з галоўным персанажам Гары Потэрам раслі і яны. Пасля першых некалькіх частак з хваляваннем марылі і чакалі, як у вакно аднойчы пагрукае сава з лістом у зубах, які запросіць іх у Хогварц, ламалі галаву над тым, на які ж факультэт размяркуе іх магічны капялюш… З апошнімі часткамі, будучы ўжо больш дарослымі, перажывалі з-за вайны ў магічным свеце, з-за смерцяў дарагіх сэрцу герояў і верылі, ва ўсю моц верылі, што зло не зможа перамагчы.

Радасная навіна ў тым, што на беларускую перакладзены ўжо дзве першыя часткі і выдаўцы на гэтым не збіраюцца спыняцца, нягледзячы ні на што. Таму вы маеце магчымасць з задавальненнем перачытаць гісторыю “хлопчыка, які выжыў” на беларускай мове і, магчыма, зразумець, што менавіта на ёй вы ў будучыні пазнаёміце з магічным сусветам сваіх дзяцей.

Якімі б кнігамі вы ні натхняліся ў дзяцінстве, мы жывём у цудоўны час, калі перакладаў на беларускую з’яўляецца ўсё больш. Спадзяемся, што гэтая тэма прынясе вам шмат прыемных эмоцый і ўспамінаў, а таксама дапаможа пранікнуцца дадатковай павагай да роднай мовы, яе пяшчотай і цеплынёй.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”

9 Кра 2021

19 красавіка ў 12.00 пройдзе вэбінар “Публікацыя навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вэбінар “Методыка і тэхналогія каталагізацыі дакументаў у рэгіянальных зводных электронных каталогах”

9 Кра 2021

15 красавіка з 10.00 да 11.30 Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць вэбінар для бібліятэк, падключаных да рэгіянальных зводных электронных каталогаў нашай краіны.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

РЗЭК бібліятэк Мінскай вобласці працягвае раскрываць фонды бібліятэчных устаноў рэгіёна

9 Кра 2021

Да Рэгіянальнага зводнага электроннага каталога бібліятэк Мінскай вобласці далучыліся два новыя партнёры – Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўла Пранузы і Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Рэсурс папоўніўся на 87 тысяч бібліяграфічных запісаў на дакументы, якія захоўваюцца ў гэтых бібліятэчных установах.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Узноўлены шэдэўр – пазл вялікага палатна (+ відэа)

9 Кра 2021

Арыгінальная гравіравальная дошка ХVII ст. і ўзноўленая з яе гравюра з партрэтам караля і вялікага князя Яна ІІІ Сабескага ўпершыню дэманструюцца на выставе “Узноўлены шэдэўр” у музеі кнігі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

8 Кра 2021

8 красавіка адбылася сустрэча Кацярыны Мікалаеўны Дулавай, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, члена Канстытуцыйнай камісіі, з працоўным калектывам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111