ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Малюнкі Кузьмы Чорнага
Самая медыйная касмічная кніга: анлайн-выстава да Міжнароднага дня музеяў (+ відэа)

“Ад Максіма Кніжніка пачатак”: аповесць “Развітанне” Барыса Мікуліча

“Ад Максіма Кніжніка пачатак”: аповесць “Развітанне” Барыса Мікуліча
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Выпрабаванняў, якія выпалі на долю Барыса Мікуліча, стала б на некалькі аповесцей. Зрэшты, змрочныя 30-я гады ХХ стагоддзя выпрабоўвалі не аднаго Мікуліча – а, падавалася, усю беларускую нацыю.

Але і праз выпрабаванні ды пакуты можна прайсці па-рознаму. І выйсці з іх, перажыць іх – па-рознаму. Некага нягоды ламаюць – а нехта працягвае жыць, застаецца чалавекам. Застаецца сабою.

У Барыса Мікуліча тое апошняе атрымалася: сведчаннем служыць хаця б ягоная “Аповесць для сябе”, дзённікавыя запісы-ўспаміны, у тым ліку – і пра лагернае, турэмнае жыццё. Аповесць “Развітанне”, прысвечаная Максіму Багдановічу, таксама пераконвае: яе аўтар не згубіў свой талент, не страціў надзвычайную здольнасць закранаць чалавечыя душы. Праўда, сумна, што да чытачоў твор прыйшоў са спазненнем: напісаны ў 1947 годзе, ён быў надрукаваны толькі ў 1959-м, праз 5 год пасля смерці апальнага пісьменніка ў сібірскай ссылцы.

Так што гэтая аповесць – у пэўным сэнсе развітанне і яе аўтара таксама.

Чаму Барыс Мікуліч выбраў менавіта асобу Максіма Багдановіча? Ды яшчэ і ўзяўся асвятляць менавіта гэты адрэзак жыцця класіка: апошні візіт на Беларусь, якую трасе ваеннаю ліхаманкай? Можа быць, прычынаю было адчуванне сваёй назвычайнай блізкасці з гэтай сапраўды знакавай гістарычнай асобай. Як і Багдановіча, самотнага Мікуліча ў гэты час радавалі хіба што “маўклівыя і на першы погляд безуважныя, але сапраўдныя сябры – кнігі”. Як і Багдановіч, аддзелены ад свайго атачэння церневым вянком хваробы, Мікуліч, апальны аўтар, якога ўпарта не друкавалі, пачуваў сябе ізгоем. І, як і Багдановіч, спадзяваўся на адно: “…я хоць кніжку ў спадчыну пакіну. Можа, і яна дапаможа наблізіць час, калі беларуская культура выйдзе на шырокае поле. Можа, праз гадоў трыццаць яе і будуць чытаць”.

І, як і Багдановіч, Мікуліч усім сэрцам імкнуўся на Беларусь – куды вяртацца яму пасля першай высылкі было забаронена.

Гэтая душэўная блізкасць, нават роднасць аўтара і персанажа дазваляюць стварыць вельмі жывы і прыцягальны для чытачоў вобраз. І, пры ўсім тым, – вобраз Багдановіча ў аповесці пазнавальны: “Каштанавыя валасы над высокім ілбом, такія ж вочы, якія часта цямнеюць, здаюцца нават чорнымі, над чырвонымі, хваравіта-яркімі вуснамі мяккія вусы, трохі святлейшыя за валасы. Твар вельмі бледны, малочна-белы, толькі на скулах ружавеюць дзве плямы сухотнага румянцу. Ліцэйская тужурка, у ёй вельмі ўтульна, хоць яна і старая ўжо”. Аўтар нават робіць некалькі заўваг адносна творчай манеры, заглыбляючы нас у псіхалогію творчасці, дазваляючы зазірнуць “за кулісы” працы літаратара: “Ён заўсёды слухаўся свайго натхнення, цалкам аддаваўся ўладзе музыкі, якая ўзнікла ў ім, ніколі не заціскаў яе, не стрымліваў, не абмяжоўваў. Лісткі пакрываліся дробным, але вельмі выразным почыркам, яны адкладаліся адзін да аднаго, парамі, з цягам часу ён вяртаўся да іх. Тады пачыналася праца, шліфоўка, праверка рытму, замена слоў”. Думаецца, аўтар многае сваё, асабістае перадаў персанажу – дзелячы з ім і тугу па Радзіме, і пакуты творчасці, і самоту.

Беларусь, жаданая і любая і аўтару, і ягонаму персанажу, з’яўляецца на старонках аповесці сімвалічнай персаніфікацыяй – дзяўчынай па імені Вераніка. Мікуліч апісвае яе замілавана: “вобраз русавалосай дзяўчыны з чыстым, крышку вузкім тварам, дзяўчыны ў даматканай мужчынскай світцы з кніжкай у кішэні паўстаў перад ім і ўжо неадлучна ішоў побач”. Спачатку мы бачым яе з кнігаю Максіма ў руках па дарозе ў Мінск. Пасля – ля ног Багдановіча (“я не ела тры дні”), зморанай, хворай і згаладалай, як і ўвесь Мінск.

А Мінск, апісаны ў аповесці, не проста месца дзеяння – гэта жывая істота, таксама спакутаваная, прыгнечаная: “Мінск перапоўнены быў уцекачамі, параненымі, людзьмі, якія нажывалі грошы на пастаўках, на перапродажах, людзьмі, якія шукалі ў незлічоных шпіталях родных – памёршых, людзьмі, якія прыязджалі ў пекла вайны, каб у рэстаранчыках, казіно, кафейнях, у публічных дамах забыць усё на свеце. Мінск быў перапоўнены афіцэрамі, гандлярамі, какоткамі, быў перапоўнены людзьмі ў шэрых світках і лапцях”. Вусцішныя карціны горада, што б’ецца ў агоніі, карціны ўсеагульнай, народнай трагедыі не могуць не ўражваць. Як не можа не ўражваць і трагедыя асабістая, што разгортваецца на гэтым жудасным фоне: трагедыя творцы, трагедыя паэта. Параўноўваючы сябе з Купалам, герой аповесці зняверваецца ў сваіх сілах, у сваёй здольнасці быць сапраўдным, патрэбным свайму люду паэтам: “Вось Купалу я зайздрошчу. Ён – з народам, і ў яго многа сілы, ён дачакаецца”.

І таму зусім не выпадкова, што Багдановіч, едучы дамоў, выбіраецца з вагона 1-га класа. Выбіраецца, каб апынуцца побач са сваімі людзьмі, якія, быццам інстынктыўна пазнаўшы ў ім свайго, “да яго паставіліся даверліва, і ўсе яму апавядалі аб сваіх турботах. І з апавяданняў гэтых паўставала перад ім народнае гора – маўклівае, шэрае, няўхільнае, цяжкае і даўкае гора”. І стаўленне героя да гэтых людзей, да іх болю, дае (неўпрыкмет) адказ на ўсе ягоныя сумневы ў самім сабе і сваёй творчасці. Бо герой аповесці “слухаў сялян і жанчын, дзяцей і старых, а недзе ў мазгу, у маленькім куточку яго, узнікла і знікла, зноў узнікла і зноў знікла пытанне: паэт, што ты зрабіў, каб аблегчыць народнае гора? Ды хто з іх ведае, што ён паэт? Колькі з іх умее чытаць? Як можа трапіць да іх кніжка, надрукаваная невялікім тыражом у друкарні пана Марціна Кухты?

Тая самая кніжка з’яўляецца пасля ў руках “дзяўчыны ў шэрай світцы” – зачытаная і залюбленая. Такім чынам сам Барыс Мікуліч, бязмерна шкадуючы свайго персанажа, такога самотнага ў апошнія месяцы свайго жыцця, падае яму знак-пацверджанне: ты застанешся. Ты – сапраўдны.

Багдановічаў верш “Пагоня”, які не цытуецца, а ўсё-такі, як біццё сэрца, гучыць у тэксце аповесці, – яшчэ адзін падобны знак. “Коні, коні! Сімвал, старадаўні герб Вільні, Вострая Брама, гісторыя! Але не гістарычнымі вобразамі гучыць верш. Аб тых, хто ў цяжкі час выпрабавання выракся Айчыны, аб тых, што забылі, як можна пакутаваць за Айчыну. Пра тугу па радзіме, якую просіць паэт, каб яна даравала запозненага ў любові сына і дазволіла памерці за яе...” Бо (і тут нельга з Барысам Мікулічам у ягонай ацэнцы Багдановіча не пагадзіцца) паэт, які здольны на такія радкі, – гэта сапраўды народны паэт.

Сам тэкст, прысвечаны барацьбе (безнадзейнай) са смяротнай хваробаю, падаецца, мусіць быць надзвычайна сумным. І пранізлівы сум сапраўды гучыць у гэтай аповесці – як гучыць сумная нота ў Багдановічавай паэзіі. “Апошнія дні я ўвесь час развітваюся...” – заўважае сам персанаж, звяртаючыся да гуртка моладзі, што завітаў праводзіць яго ў далёкае падарожжа на поўдзень.

Але поруч з сумам, сплятаючыся з ім, гучыць і надзея: бо змагацца (з хваробай, з апалай, з варожай навалай) немагчыма, калі не жыве ўнутры цябе ўпартае спадзяванне насуперак усяму. І мікулічаўскі Багдановіч, насуперак разбітаму люстру (“У чорта не веру, а ў гэта  веру. Матчын падарунак. Не, гэта канец”), верыць у самае, мусіць, важнае – у свой народ:

– Праўда, Ясакар, мы дажывём. Мы!..

…а яшчэ праз колькі часу  у кастрычніку таго ж 1917 года  надышло сапраўднае світанне, аб якім марыў хворы паэт.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам