ГалоўнаяНавіныБібліятэка анлайн
Пераможцы анлайн-конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына” сярод дарослых ад 18 гадоў
У Новы год разам з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі

Заняткі па кніжнай культуры дыстанцыйна

Заняткі па кніжнай культуры дыстанцыйна
Іншыя навіны

У перыяд пандэміі COVID-19 шматлікія бібліятэкі і музеі свету адаптоўваюцца да сітуацыі і ствараюць паслугі ў новым фармаце. Праект “У госці да кніг” распрацаваў заняткі па кніжнай культуры “на адлегласці”: тэсты, творчыя заданні і конкурсы.

Праект “У госці да кніг” у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй часткова перайшоў на дыстанцыйнае навучанне. Распрацаваныя матэрыялы з’яўляюцца цікавымі і карыснымі для дзетак і бацькоў, а таксама прапануюцца бібліятэкарам і настаўнікам для выкарыстання на занятках і ўроках.

Тэрміналагічна трэба адрозніваць анлайн-навучанне і дыстанцыйнае навучанне, хаця яны часта спалучаюцца ў адукацыйным працэсе. Анлайн-заняткі прадугледжваюць заняткі ў рэжыме “тут і цяпер”, дазваляюць мець зносіны і адразу высвятляць незразумелыя пытанні. Дыстанцыйныя заняткі дазваляюць вывучаць матэрыялы самастойна, ва ўласным тэмпе, мець даступнымі ў любы час.

Вядома, дыстанцыйнае навучанне не замяніла рэальныя заняткі ў музеі кнігі, але дазволіла падчас эпідэміялагічнай сітуацыі падтрымаць кантакт са сталымі наведвальнікамі і прыцягнула ўвагу новых кліентаў да тэматыкі кніжнай культуры. Відавочна, што дыстанцыйнае навучанне трэба працягваць адначасова з афлайнавымі прапановамі, бо яно спрыяе зацікаўленасці наведвальнікаў і стымулюе да візіта ў рэальны музей кнігі, да больш глыбокага спазнання тэмы і самастойнай працы над тэматыкай.

Распрацаваны наступныя матэрыялы для самастойнага вывучэння

Інфармацыйныя матэрыялы – навукова-папулярныя матэрыялы, якія размяшчаюцца на партале бібліятэкі з мэтай самастойнага вывучэння тэмы.

Як асноўную крыніцу рэкамендуем выкарыстоўваць навукова-папулярнае выданне для дзяцей “У госці да кніг”, якое складаецца з трох раздзелаў: “Рукапісная кніга”, “Друкаваная кніга”, “Францыск Скарына”, прысвечана гісторыі кніжнай культуры і змяшчае творчыя заданні.

У інфармацыйных матэрыялах можна дазнацца, чаму менавіта 6 жніўня – дзень нараджэння беларускай друкаванай кнігі, ці ёсць “Plantiniana” ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і 10 цікавостак пра Музей Плантэна-Марэтуса.

Тэсты

Тэст “15 цікавых пытанняў пра першадрукара” прадугледжвае адказы на пытанні не столькі з мэтай праверыць веды, колькі больш даведацца пра Францыска Скарыну. Кожны адказ дапоўнены інфармацыяй пра яго жыццё і дзейнасць.

Творчыя заданні

Падчас творчага задання “Ствараем уласны дызайн выдавецкай маркі Крыстафа Плантэна” юным кнігазнаўцам было прапанавана па-свойму аздобіць выдавецкую марку друкара, якому сёлета адзначаецца 500 гадоў з дня нараджэння. Удзел прынялі дзеткі і дарослыя, а таксама сам Музей Плантэна-Марэтуса (Антверпен). Удзельнікі прапанавалі дызайн выдавецкай маркі Крыстафа Плантэна: погляд праз 500 гадоў.

Творчае заданне “Самы час ствараць гербарый!” прадугледжвала сабраць уласны гербарый і параўнаць з выявамі ў старадруках. Дзецям былі прадстаўлены электронныя копіі “Гербарыяў” з фонду бібліятэкі, выдадзеныя ў 1484 г. у Майнцы і ў 1509 г. у Венецыі. Старадрукі сталі асновай для пошуку і параўнання з сучаснымі раслінамі.

Дзеткам прапанавана адшукаць у старадруках расліны (асфадэль, палын і іншыя), якія ўпамінаюцца ў кнізе “Гары Потэр і філасофскі камень” і якія вывучаў на занятках зеллязнаўства галоўны герой знакамітай кнігі. Напрыклад, выява асфадэля змешчана ў “Гербарыі”, выдадзеным у 1484 г. Побач з друкаванай лацінскай назвай – рукапісная на польскай мове “złotogłów”. Гэты запіс зрабіў чытач больш за сто гадоў таму. Чыя гэта рука, мы не ведаем, але дакладна вядома, што кніга належала Радзівілам і захоўвалася ў бібліятэцы Нясвіжскага замка.

Да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча падрыхтавана творчае заданне “Цытаты Уладзіміра Караткевіча”. Дзеткі могуць стварыць плакаты з малюнкамі Караткевіча і цытатамі аднаго з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.

Конкурсы

Конкурс да 85-годдзя з дня нараджэння Рыгора Барадуліна быў арганізаваны для школьнікаў 4–11 класаў. Галоўныя мэты прадугледжвалі: павышэнне цікавасці навучэнцаў да беларускай мовы і літаратуры; прыцягненне ўвагі да важнасці чытання; выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры. Дзеці чыталі вершы і выбіралі цытаты з творчай спадчыны паэта, стваралі плакаты з улюбёнымі ўрыўкамі і пісалі эсэ з тлумачэннем свайго выбару. Удзельнікамі сталі школьнікі з розных куткоў краіны. Больш за 50 школьнікаў узялі ўдзел у арганізаваным бібліятэкай конкурсе. Партнёрам конкурсу быў навукова-метадычны часопіс “Адукацыя і выхаванне”, які надрукаваў творчыя работы пераможцаў у жнівеньскім нумары за 2020 год, тэма якога “Гавары са мной па-беларуску!”.

Зычым усім зацікаўленым займальнага спазнання разнастайнасці кніжнай культуры!

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства ў рамках праектаў “У госці да кніг” і “Стварай культуру: бібліятэчныя інавацыйныя паслугі”.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам