Краязнаўчы напрамак сваёй дзейнасці працягвае Мазырская цэнтральная раённая бібліятэка імя А. С. Пушкіна Гомельскай вобласці. Яна прадаставіла віртуальнай чытальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адразу некалькі сваіх рэсурсаў пра край.
Пра Мазыр, вядомы з XII стагоддзя, і яго жыхарах можна даведацца ў рэсурсе “Мазыр – горад, у якім я жыву”. Тут сабраны гістарычныя нарысы і легенды, гісторыі назваў вуліц, звесткі пра старастаў горада, салдатаў і герояў Вялікай Айчыннай вайны, ганаровых грамадзян і вядомых людзей, а таксама пра музеі, помнікі архітэктуры і прыроды, прадпрыемствы і арганізацыі. Інтэрактыўная карта ў рэсурсе “Мазырскі край” дапаможа знайсці інфармацыю пра гісторыю і сучасны стан населеных пунктаў раёна. Пра пісьменнікаў і паэтаў, звязаных з Мазырскім рэгіёнам сваім нараджэннем або творчасцю, апавядае рэсурс “Літаратура з правінцыяльнай прапіскай”; пра мастакоў і фатографаў – “Мастацкая галерэя «Зачараваныя родным краем»”.
Запрашаем вас на старонку ВЧЗ “Рэсурсы арганізацый – партнёраў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”, дзе вы можаце пазнаёміцца з гэтымі і іншымі электроннымі рэсурсамі, якія распавядаюць пра вялікія і малыя куткі Беларусі. Таксама нагадваем пра падраздзел “Краязнаўчыя рэсурсы публічных бібліятэк” вэб-сайта “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.
Матэрыял пададзены аддзелам карпаратыўнага ўзаемадзеяння.