
У сучасным свеце без ведання замежных моў не абысціся. Англійская простая, незаменная і ўніверсальная. Нямецкая дае шанец цытаваць Гётэ ў арыгінале. Чэшская? Вы ж ведаеце, усе мараць аб Празе. Але колькі б намаганняў мы ні прыкладалі вывучаючы мовы, наша памяць з часам бязлітасна пазбаўляецца ад усяго слоўнікавага запасу, варта хоць на месяц даць слабіну і перастаць практыкавацца. Дык што ж рабіць? Адказ: чытаць, вядома. Чытанне кніг на замежных мовах дазволіць вам адчуць не толькі дух арыгінальнага тэксту, але і сваю інтэлектуальную перавагу. А Нацыянальная бібліятэка з радасцю дапаможа вам у гэтым, бо тут ёсць кнігі больш чым на 80 мовах! Нават калі вы вучыце чувашскую, тут знойдзецца адпаведнае чытво.
Дык што ж чытаць, каб не згубіць свой слоўнікавы запас англійскай, нямецкай або чэшскай моў?
Выкладчыкі моўнай школы LinguaLand склалі для вас выдатную падборку кніг, якія не толькі падтрымаюць ваш узровень ведаў, але і захопяць самой гісторыяй. Так што хапайце слоўнікі і свае чытацкія білеты: мы ідзём вучыцца!
Англійская мова
Аляксандра Шудзейка, выкладчык англійскай мовы
Кніга: Lord of the Flies: a novel illustrated with stills from the film (London, 1964), William Golding
Каму спадабаецца: аматарам прыгод, скрытых сэнсаў і чорна-белага кіно
Чаму чытаць:
Гэта гісторыя англійскіх школьнікаў, якія апынуліся на незаселенай выспе ў выніку крушэння самалёта, стала адным з самых загадкавых і знакавых раманаў англамоўнай літаратуры XX стагоддзя. У рамана некалькі ўзроўняў чытання і неабмежаваныя магчымасці для інтэрпрэтацыі: гэта і анты-рабінзанада з захапляльным сюжэтам і дынамічным складам, і аналіз розных сістэм грамадскага ладу, і філасофская прытча пра сутнасць чалавечай прыроды ва ўмовах зняцця сацыяльных табу, у якой сімвалічна ўсё: ад загалоўка і галоўных герояў да ракавінкі, выпадкова знойдзенай на беразе.
Са шматлікіх выданняў рамана рэкамендую вінтажны асобнік 1964 года Лонданскага выдавецтва Faber & Faber, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Менавіта гэтае выдавецтва рызыкнула ўпершыню апублікаваць рукапіс ў 1954 годзе, нягледзячы на шматлікія адмовы канкурэнтаў. А ўжо праз 10 гадоў, калі Lord of the Flies замацаваў за сабой статус бестселера, а на экраны выйшаў аднайменны фільм рэжысёра Пітэра Брука, які стаў прэтэндэнтам на Залатую пальмавую галіну ў Канах, выданне было ілюстравана кадрамі з кінастужкі.
Сапраўдны рарытэт, які дазваляе атрымаць асалоду ад алегарычнага стылю нобелеўскага лаўрэата Голдзінга ў спалучэнні з чорна-белай эстэтыкай фільма-сучасніка брытанскай новай хвалі.
Кніга: Wordsmiths and Warriors: The English-Language Tourist's Guide to Britain (Oxford, 2013), David and Hilary Crystal
Каму спадабаецца: падарожнікам, неабыякавым да англійскай мовы і яе гісторыі
Чаму чытаць:
Пазнаючы месца па тым, што нас захапляе, мы робім яго сваім. Так, высокая верагоднасць таго, што аматар гісторыі наведае месца вырашальнай бітвы, той, каму цікава архітэктура, згубіцца сярод скляпенняў і вітражоў гатычнага сабора, а натураліст абавязкова заедзе ў парк дзікай прыроды.
“А як жа быць таму, хто ўлюблёны ў англійскую мову?” – спытаеце вы. Гэтым жа пытаннем задаюцца лінгвіст Дэвід і фатограф-аматар Хілары і у пошуках адказу на яго выпраўляюцца ў падарожжа па Вялікабрытаніі, спыняючыся ў тых месцах, назва, гісторыя, геаграфічныя асаблівасці і жыхары якіх так ці інакш паўплывалі на фарміраванне англійскай мовы на кожным з этапаў яе развіцця. Вы наўрад ці чулі пра большасць з гэтых паселішчаў, гарадоў і вуліц, а між тым у адным з гэтых месцаў была знойдзена першае англійскае слова, напісанае рунамі; у другім – разгортвалася дзеянне англа-саксонскага эпасу, які апісвае легендарную (але ці рэальную?) бітва; а ў трэцім – Шэкспір складаў няўяўныя для сучаснікаў словазлучэнні, якія пасля сталі фразеалагізмамі.
Як бы вы ні чыталі Wordsmiths and Warriors – як дзённік вандроўцы, які іранічна апавядае пра дажджлівыя будні і нечаканыя адкрыцці, як даведнік па малавядомых месцах Брытаніі, забяспечаны практычнымі парадамі і мастацкімі фота, ці як даследаванне па гісторыі англійскай мовы з цытатамі гістарычных хронік і літаратурных твораў – кніга абавязкова стане вашым спосабам зрабіць гэту краіну, яе мову і культуру трохі сваімі.
Чэшская мова
Лінда Рудэнка, выкладчык чэшскай мовы
Кніга: Psí hvĕzda Sírius: Aneb láskyplné vyprávĕnky o psech, Jiří Marek
Каму спадабаецца: аматарам сабак, бязладзіцы і чэшскай мовы з узроўнем А2 +
Чаму чытаць:
Кніга, якую складана знайсці нават у букіністычных крамах Чэхіі.
Цалкам чароўны зборнік апавяданняў, поўны самаахвярнай любові да сабак. Іржы Марэк як быццам паказвае наша недарэчнае жыццё з усімі праблемамі, перажываннямі і прыхільнасцямі – так яно выглядае аднекуль знізу, вачыма хатніх і дзікіх жывёл.
А яшчэ гэта вельмі атмасферная кніга пра Прагу мінулага стагоддзя: яе кватэры, пад'езды, паркі і вулачкі.
Усе апавяданні досыць кароткія, каб не надакучыць аднастайным сабачым жыццём, і простыя ў выкладзе. Гэта мова казкі ў пэўным сэнсе: без павучанняў і мудрагелістых фраз, але вельмі вобразная і жывая. Падыдзе тым, хто любіць даведвацца ўсё пра ўсё.
Нямецкая мова
Валянціна Жукоўская, выкладчык нямецкай мовы
Кніга: Der Vorleser: Roman, Bernhard Schlink
Каму спадабаецца: аматарам неадназначных пытанняў – маральных і амаральных
Чаму чытаць:
Падзеі пачынаюць разгортвацца ў 1958 годзе, калі Міхаэль, 15-гадовы падлетак з сям'і сярэдняга дастатку, сустракае 38-гадовую Ханну, якая належыць да працоўнага класа, і ўлюбляецца ў яе. Ханна кіруе іх адносінамі і ў вольны час прымушае Міхаэля чытаць ёй кнігі. Але праз некалькі месяцаў Ханна знікае. Праз гады Міхаэль, ужо студэнт-юрыст, прысутнічае на судовым працэсе датычна злачынстваў нацыстаў і пазнае сярод абвінавачаных Ханну...
У рамане падымаюцца такія складаныя і часта табуяваныя тэмы, як пытанне вінаватасці, нацысцкі рэжым, адносіны паміж людзьмі з вялікай розніцай ва ўзросце, а таксама непісьменнасць.
Калі вы яшчэ не бачылі экранізацыю гэтага дзіўнага рамана (2008), то настойліва раім паглядзець. Незалежна ад вашага ўзроўню нямецкай мовы, фільм дапаможа вам зразумець тэкст.
Кніга: Die Vermessung der Welt/ Измеряя мир: [роман], Даніэль Кельман
Каму спадабаецца: аматарам навукі, біяграфій і простых гісторый аб складаным.
Чаму чытаць:
Гэты раман настолькі папулярны, што ў 2012 годзе па ім знялі фільм. Гістарычная фантастыка, якая распавядае пра Аляксандра фон Гумбальта і Карла Фрыдрыха Гаўса, навукоўцаў XIX стагоддзя, зацікаўленых у вымярэнні свету. У рамане апісваецца жыццё і асабістыя якасці гэтых дзвюх гістарычных фігур, а таксама іх розныя падыходы да дасягнення сваіх мэт. Фон Гумбальт верыў у фізічнае вымярэнне свету, а Гаўс меў “адарваны ад рэальнасці” падыход да навукі. Адным словам, Die Vermessung der Welt – прынадны кавалачак як для фанатаў гісторыі, так і для аматараў прыгод.
Калі вы даўно хацелі пачаць вучыць якую-небудзь мову, але так і не дачакаліся знака ад Сусвету, то вось ён. Тэрмінова хапайце падручнікі і наперад – спасцігаць англійскую, нямецкую, чэшскую мову або што б там ні было. А заадно развівацца і станавіцца лепш.
Бо калі, як не цяпер?
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.