ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Супрацоўнікі бібліятэкі сустрэліся з кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна
На хвалі цікавасці да XXVI Мінскага міжнароднага кінафестываля “Лістапад"

Валерый Славук прапануе чытаць Макса Фрая

Валерый Славук прапануе чытаць Макса Фрая
Іншыя навіны

У лістападзе прыхільнікаў графікі і ў прыватнасці творчасці Валерыя Славука парадавала з’яўленне новай серыі кніг – “Палац мастацтва” (і гэта невыпадкова, бо ўсе мастакі, творчасць якіх будзе адлюстравана на яе старонках, неаднаразова выстаўляліся ў галоўным храме мастацтва Беларусі).

славук портр-1.jpg

Паспрыяла яе нараджэнню Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а распачало серыю выданне, прысвечанае лаўрэату шматлікіх прэмій (прэміі прафсаюзаў Беларусі (1993), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2001), спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва (2018)) Валерыю Пятровічу Славуку. Кніга ўбачыла свет у выдавецтве “Беларусь” на трох мовах – беларускай, рускай, англійскай. Чытача чакаюць унікальныя партрэты мастака (не толькі фотаздымкі, але і твор пэндзля Л. Шчамялёва), прадмовы А. Карлюкевіча і М. Баразны і чатыры раздзелы: “Малюнкі”, “Афорты”, “Ілюстрацыі”, “Вокладкі”. На прэзентацыі выдання, што адбылася ў кнігарні “Светач”, дырэктар выдавецтва Сяргей Пешын адзначыў, на жаль, далёка не ўсё, створанае мастаком, змаглі сабраць: “Працы пакідаюць межы краіны, але ж фіксацыя павінна адбывацца дзеля будучыні”. Сяргей Уладзіміравіч назваў Валерыя Славука народным мастаком – бо яго творы ведаюць і любяць нават тыя людзі, “якія да мастацтва ставяцца вольна”.

IMG_20191030_161314.jpg

Не шкадавалі добрых слоў і астатнія выступоўцы. Аляксандр Зінкевіч падкрэсліў, што асоба майстра, з твораў якога распачалі серыю, ні ў кога не выклікала пытанняў, і назваў Валерыя Пятровіча “Джорджам Лукасам беларускага мастацтва”. М. Баразна канстатаваў, мастацкі свет Славука настолькі шматгранны, што нельга распавесці пра яго простымі фармулёўкамі, нават і з пункту гледжання мастацтвазнаўства. А Р. Сітніца пажартаваў, што адказ “У нас Славук ёсць!” спыняе ўсе спрэчкі наконт апраўдання існавання Саюза мастакоў.

Падчас сустрэчы В.П. Славук адказаў на нашы пытанні.

– Валерый Пятровіч, як увайшла кніга ў ваша жыццё і паўплывала на лёс?

– Маці была вельмі начытаным чалавекам. Спачатку яна чытала мне ўслых, пасля, каб ад яе не залежаць, я стаў вучыцца сам. І гадоў у шэсць ужо чытаў. Адкрываў целы свет, дзе было цікава існаваць, – свет, у якім жылі Бураціна, Нязнайка і іншыя любімыя героі дзіцычых кніжак.

Любіў Гогаля – “Вечары на хутары бліз Дзіканькі”. Калі заставаўся дома адзін па вечарах, начытаўшыся, баяўся. Ды, відаць, гэта развівае ўяўленне. Бо не прайшоўшы праз такое хваляванне, не прыняўшы тэкст блізка да сэрца, не станеш мастаком.

Маці працавала прыбіральшчыцай у школе ў Коханаве. Купляць кнігі магчымасці не было, затое з бібліятэкі можна было браць любую. Чытаў кнігі і з дамашняй бібліятэкі сваёй сяброўкі-аднагодкі, дачкі дырэктара школы. Запомніліся казкі Братоў Грым – тоўсты вялікі фаліянт, з ілюстрацыямі Дарэ. Вельмі ўважліва разглядаў людаедаў, веліканаў і іншых казачных персанажаў. І стыль іх выканання выклікаў пачцівасць і павагу назаўсёды.

Пасля брат забраў нас на Урал, у Златавуст, я скончыў там сем класаў: горад са змешаным насельніцтвам – татары, рускія (эвакуіраваныя ў вайну з заводамі). Прамысловы горад, помнік Паўлу Аносаву, які адкрыў страчаны сакрэт булатнай сталі. Аднакласнікам маім быў сын галоўнага хірурга горада, у іх таксама была цудоўная бібліятэка: энцыклапедычныя выданні, тоўстыя тамы, часопісы: “Вокруг света”, “Знание – сила”, дзіцячыя. Менавіта ў часопісе “Техника – молодежи” я ўпершыню прачытаў “Туманность Андромеды” і з тых пор захапіўся фантастыкай. Вялікі ўплыў аказала на мяне і амерыканская фантастыка.

– А калі вызначыліся, што будзеце менавіта кніжным графікам?

– Яшчэ ў школе ў нас быў добры настаўнік малявання. Вабілі карціны мастака-фантаста Андрэя Сакалова: пейзажы Марса, Венеры. Яны друкаваліся ў часопісе “Огонек”. Пасля мастак з касманаўтам Леонавым стварыў серыю работ. Але яны былі ўжо не такімі цікавымі – іх тэматыкай стала касмічная тэхніка. Дарэчы ў Амерыцы квітнела мастацтва коміксаў, тэма космасу ў іх добра распрацоўвалася, з незвычайнымі персанажамі – прадстаўнікамі іншых цывілізацый.

Калі б застаўся на Урале, паступіў бы ў мастацкае вучылішча і вывучаў майстэрства стварэння гравюры. Але маці дрэнна пераносіла клімат, і мы вярнуліся ў Беларусь. Тут паступіў у тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі і нават паспеў год папрацаваць у калгасе. Схільнасцей да гэтай працы ў мяне не было, нічога не атрымлівалася, і я з вялікім задавальненнем пайшоў у армію. Пасля арміі паспрабаваў працаваць па спецыяльнасці, але лёс распарадзіўся інакш: мае карыкатуры апублікаваў часопіс “Вожык”. І гэта падштурхнула да канкрэтнага кроку – атрымаць мастацкую адукацыю.

Сітуацыя была такая: у мастацкае вучылішча прымалі з няпоўнай сярэдняй адукацыяй, у інстытут – тых, хто ўжо меў пэўную базу. Калі паказаў вялікі стос сваіх малюнкаў, падбадзёрылі, каб паспрабаваў паступаць у інстытут. Пад канец іспытаў нада мной нахіліўся Шаранговіч і папярэдзіў: “Ты толькі нікуды не з’едзь”. І я зразумеў, што паступлю. На трэцім курсе выбраў спецыялізацыю “кніжная графіка”. Праз мае рукі прайшло шмат дзіцячай літаратуры.

– Якія з аздобленых вамі кніжак асабліва запомніліся?

– Працаваў з выдавецтвам “Юнацтва”. Усе кніжкі помню. І дыпломную работу Удовін сын, якая была рэкамендавана да выдання і перакладзена на многія мовы свету, нават на японскую. І першы блін – камяком: пра піянераў, якія збіралі металалом і да т.п. І беларускую казкуПіліпка-сынок, якая выдадзена ў двух варыянтах – з карашком з тканіны (падарункавая) і як тонкая брашура. І кніжку Купалінка: казкі, быліна, аздобленую для дачкі сябра Ясеніі Сцяпанавай, якая тады была яшчэ школьніцай.

– Відаць, самая знакамітая з адздобленых вамі – энцыклапедыя беларускага фальклору «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак». Як вырашалі яе афармленне?

– Матэрыялу было на 150 персанажаў. У аснове – звесткі, сабраныя дарэвалюцыйнымі даследчыкамі, малюнкі. Але калі я пачынаю працаваць, стараюся забыцца на ўсё, што ведаю, і ўбачыць фальклорныя персанажы так, як убачыў бы іх “некамп’ютарны” чалавек, які не ведае сучасных фільмаў са спецэфектамі.

– Што чыталі апошнім часам і параіце нам?

– Лічу, калі кніга вартая таго, каб яе прачытаць, то яе варта набыць. Нядаўна набыў у букінісце “Золотой ключик, или Приключения Буратино” (1956) з ілюстрацыямі А. Канеўскага, зробленымі падчас вайны, цікава было паглядзець, як у такіх умовах працаваў чалавек. Мне падабаюцца творы Макса Фрая і яго краіна Еха, хаця напісана гэта вельмі проста. Але сябры маё захапленне не падзяляюць. Ды толькі я давяраю свайму густу. Лічыў “Улитку на склоне” братоў Стругацкіх лепшым узорам айчыннай і сусветнай фантастыкі. Неяк на вочы трапіў амерыканскі часопіс з сур’ёзным даследаваннем гэтага жанру – і абраны мною твор таксама названы лепшым. Увогуле ўсё залежыць ад таго, хто і як чытае.

Аўтар публікацыі: Вольга Паўлючэнка.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Выкладчыкі раяць: што чытаць, каб не забыць сваю англійскую, нямецкую і нават чэшскую мову

24 Ліс 2017

У сучасным свеце без ведання замежных моў не абысціся. Але колькі б намаганняў мы ні прыкладалі вывучаючы мовы, наша памяць з часам бязлітасна пазбаўляецца ад усяго слоўнікавага запасу, варта хоць на месяц перастаць практыкавацца. Дык што ж рабіць? Адказ: чытаць, вядома. Выкладчыкі моўнай школы LinguaLand склалі для вас выдатную падборку кніг, якія не толькі падтрымаюць ваш узровень ведаў, але і захопяць самой гісторыяй. Так што хапайце слоўнікі і свае чытацкія білеты: мы ідзём вучыцца!

Аўтарскі погляд

24 лістапада спаўняецца 80 гадоў Тамары Канстанцінаўне Радзевіч, ветэрану Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, высокакваліфікаванаму спецыялісту ў галіне бібліятэчнай справы

24 Ліс 2020

Тамара Канстанцінаўна нарадзілася ў горадзе Мінску ў сям'і служачага. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька Тамары пайшоў на фронт, а маці з сям’ёй вымушана была эвакуіравацца на Урал. Як і многія жыхары Беларусі, дзяўчынка перажыла ўсе жахі вайны.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

21 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Фёдара Уладзіміравіча Сцепанюка, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з 1961 па 1968 год

21 Ліс 2020

Нарадзіўся Фёдар Уладзіміравіч у 1905 г. у в. Чэрск Брэсцкага раёна Беларускай ССР. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 г. ён з бацькамі пераехаў у с. Яфімаўка Бузулукскага павета Самарскай губерні. Там ужо з 11-гадовага ўзросту Фёдар на працягу 5 гадоў працаваў пастухом па найму.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

111