ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
24 верасня – 205 гадоў з дня нараджэння Габрыелі Пузыны, пісьменніцы, мемуарысткі, аўтара зборнікаў вершаў, апавяданняў, драм, камедый, успамінаў
Гранічная шчырасць люстэркавых вершаў

Тыранія геданізму: новая экранізацыя Хакслі

Тыранія геданізму: новая экранізацыя Хакслі
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Сёлета ўлетку на стрымінгавым сэрвісе Peacock адбылася прэм’ера серыяла “Дзіўны новы свет”. Стваральнікі называюць свой твор не экранізацыяй (як фільмы Брынкерхофа (1980) або Лібмана і Уільямса (1998), але алюзіяй на аднайменны раман Хакслі. Як рэжысёр серыяла Оўэн Харыс трактуе культавую антыўтопію Хакслі і наколькі актуальная кніга 1932 года ў наш час? І ці заўважым мы, калі самі апынемся ў “дзіўным новым свеце”?

А можа, не варта і задумвацца? Сомы грам – ніякіх драм.

Brave-New-World-2.png

“Кніга лепш!..”

Напэўна, фраза вышэй – гэта ultima ratio, апошні довад любога кніжніка. Сапраўды, у сучаснага серыяла і кнігі ёсць цэлы шэраг даволі істотных разыходжанняў, ад фемінізацыі асобных персанажаў або перапрацоўкі некаторых вобразаў да закранання тэм, што не цікавілі Хакслі наогул. Калі падумаць, серыял задзейнічае не толькі кніжны, але і кінематаграфічны кантэкст. У рэшце рэшт, ужо ў экранізацыі 1998 года дзеянне пераносілася бліжэй да сучаснасці, перасоўваліся персанажныя акцэнты і нават даволі істотна змянялася канцоўка. Мяркую, больш карэктна ўспрымаць экраннае ўвасабленне тэксту як асобны твор мастацтва, вядома, звязаны з першакрыніцай, але ўсё-ткі вольны ў мастацкім плане.

Варта прызнаць: светаўладкаванне, апісанае Хакслі, серыял абыгрывае даволі дакладна. Стэрыльная (ва ўсіх сэнсах) будучыня, свет геданізму, дзе ўсе належаць усім, дзе адзінота немагчыма апрыёры. Каставая сістэма, прыгнёт “ніжэйшых” “вышэйшымі”, дэградацыя мастацтва, сінтэтычны наркотык. Рэчыўнасць гэтага свету будучыні даволі ўдала падкрэсліваецца новаўвядзеннямі накшталт “разумных лінз”, якія ствараюць вакол карыстальнікаў дапоўненую рэальнасць. Лінзы розных карыстальнікаў, звязаныя адной сеткай і штучным інтэлектам, няўлоўна нагадваюць вядомыя нам сёння “Google glasses” і магчымы татальны кантроль за любымі аперацыямі інтэрнэт-карыстальнікаў. А паглынутасць усіх і кожнага Сеткай навявае думкі пра інтэрнэт-залежнасць, якая сёння таксама, на жаль, частка нашай рэальнасці.

Словам, досыць шмат супадзенняў, ад якіх трохі няўтульна і якія лішні раз пацвярджаюць, што гэта гісторыя пра нас, тут і цяпер.

Рэчыўным робіць гэты свет і праца з дэкарацыямі, з касцюмамі. Дызайн футурыстычны і лаканічны, функцыянальны, вобразы яркія, запамінальныя: ад своеасаблівага адзення розных каст да відаў гарадоў. Падкрэслена зіхоткія і тэхналагічныя пейзажы Горада – і недагледжаныя, забруджаныя, засмечаныя Дзікія Землі. Візуальны кантраст і добра падабраная музыка дадаюць фарбы да апісанай сацыяльнай дыферэнцыяцыі, расколу нібыта ідэальнага грамадства – і трагедыі чалавека ў ім. Бо там, дзе ўсе належаць усім, немагчыма ўсвядоміць сябе. Там, дзе адзіноту лічаць злачыннай, немагчыма ўсвядоміць сваю самасць.

Там, дзе пануе татальны кантроль, няма месца Асобе.

Прысмак сучаснасці

Ствараючы экранізацыю твора, якому амаль сотня гадоў, немагчыма не адаптаваць яго. І справа не толькі ў густах мэтавай аўдыторыі (кожнага канкрэтнага гледача і асобных сацыяльных груп), але і ў зменах, якія зведала за гэты час грамадства. Ды і літаратура ўсё-ткі не стаяла на месцы: жанр антыўтопіі даволі актыўна развіваўся і ўдасканальваўся.

Многія серыяльныя новаўвядзенні, калі падумаць, пазітыўныя. Напрыклад, тут больш жаночых персанажаў, прычым яны займаюць актыўныя пазіцыі, адыгрываюць значную ролю ў сюжэце (напрыклад, кіраўнік Мустафа Монд, Вільгельміна Уотсан). Лінайна Краўн, апісаная Хакслі як даволі аднамерны персанаж, цяпер складаная гераіня, якую пачынаюць прыгнятаць яе абавязкі ў соцыуме і якая не толькі змяняецца сама, але і спрабуе змяніць свой лёс.

Іначай раскрываюцца і ключавыя фігуры Бернарда Маркса і Дзікуна. Апошні, у прыватнасці, ужо не такі нявінны і бездапаможна рамантычны, як выхаваны на Шэкспіры кніжны персанаж. У яго з’яўляюцца цалкам чалавечыя слабасці, недахопы, сам вобраз зніжаецца па шкале маральнасці, але ад гэтага становіцца больш зразумелым, бліжэйшым да гледача. Бернард Маркс, злосны цынік у Хакслі, дзякуючы акцёрскаму абаянню Гары Лойда (дарэчы, прапрапраўнука Чарльза Дзікенса) набывае даволі кранальную паўдзіцячую аўру – гэтакі нязграбны школьнік-аўтсайдар. Матывацыя яго дзеянняў становіцца больш зразумелай, выклікае больш суперажывання: аўтсайдар Маркс у серыяле адчайна спрабуе ўпісацца ў грамадства, якое не прымае яго.

Некалькі недарэчнай, праўда, здаецца перастаноўка акцэнтаў менавіта на асобасныя праблемы герояў – на любоўныя перажыванні, на любоўны трохкутнік. Зразумела, гэта варта спісваць на патрэбы мэтавай аўдыторыі. Аднак у кантэксце антыўтопі і Хакслі такое спрашчэнне праблематыкі трохі расчароўвае. У рэшце рэшт, тое, што таталітарная дзяржава не дае, скажам, гераіні, кахаць каго захоча і быць манагамнай, зусім не асноўная праблема. Бяда ў несвабодзе асобы наогул – і фізічнай, і маральнай, і духоўнай. У размытасці асабістых межаў, у растварэнні чалавечага “я”.

Зрэшты, відавочна, што стваральнікі серыяла гэта разумелі. І таму дадалі сюжэтныя лініі з паўстанцамі-“дзікунамі” і з прыгнечанымі “эпсіланамі”. Апошнія, дарэчы, паказаны не малпападобнымі імбецыламі, як у Хакслі, а хутчэй андроідамі з купіраванымі пачуццямі і адсутнасцю свабоды волі. Акрамя таго, тут жа прысутнічае тэма штучнага інтэлекту, які выбіўся з-пад кантролю стваральнікаў, і лёгкі флёр постапакаліптыкі. Усё гэта змешваецца ў даволі дынамічны кактэйль, і, што немалаважна, пасля прагляду цягне перачытаць кнігу. А гэта азначае, што стаўленне аўтараў серыяла да першакрыніцы паважлівае, а праца з кнігай, пры ўсім асучасненні, – беражлівая.

“Soma red

Як і раман Хакслі, серыял распавядае пра сутыкненне асобы з сістэмай. Але там, дзе кніжны Дзікун, прыгнечаны крушэннем уласных ідэалаў, сістэмай, фактычна, знішчаны, серыяльны персанаж яшчэ пазмагаецца. І, магчыма, стане той самай пясчынкай, якая пераважыць чашу шаляў.

А сам серыял дакладна стане падставай адкрыць для сябе нанова самы знакаміты раман Хакслі.

Навіны

Захаванасць дакументаў як залог якаснага задавальнення чытацкіх запытаў

29 Кас 2020

Ва ўмовах дэфіцыту фінансавання, недахопу плошчаў для размяшчэння фондаў, зніжэння экзэмплярнасці закупляемых дакументаў, пагаршэння якасці паперы і спажывецкіх характарыстык выдавецкай прадукцыі ўзрастае пагроза зніжэння колькаснага і якаснага складу бібліятэчных фондаў. Без актыўнай працы па забеспячэнні захаванасці бібліятэчных фондаў значная частка дакументаў можа быць бязвыплатна страчана.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

29 Кас 2020

Кожны год у канцы кастрычніка мы ўспамінаем сумную дату. У ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе былі забіты некалькі дзясяткаў беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў... Сярод тых, хто загінуў у той жудасны час, ёсць адзін пісьменнік, сёлетні юбіляр, які ўвайшоў у гісторыю пад імем Янка Нёманскі. Давайце ўспомнім гэтага чалавека, а тым самым – усіх, хто быў забіты і не паспеў даспяваць свае песні.

Навіны бібліятэк

УДК і аўтарытэтныя запісы ў адлюстраванні краязнаўчага і краіназнаўчага кантэнту

29 Кас 2020

У рамках VII Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” прайшоў метадычны семінар “Нацыянальныя аб’екты ў каталогах і базах даных бібліятэк Беларусі: методыка прымянення УДК і аўтарытэтных запісаў”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усё не так, як у кнізе! Што не так з экранізацыямі і дзе ў бібліятэцы глядзець кіно

27 Кас 2020

У сучасным кінематографе ўсё менш арыгінальных сцэнарыяў, а экранізацый папулярных кніг – усё больш. Але на самой справе не ўсе з іх удалыя – прынамсі, на наш густ. Што ж не так з экранізацыямі? І чаму мы амаль заўсёды імі незадаволены? Працягнем гутарку пра мастацтва адаптацыі кніжных твораў!

Аўтарскі погляд

Удзельнікам анлайн-конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”

27 Кас 2020

З 1 кастрычніка ў межах віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” быў распачаты анлайн-конкурс чытальнікаў, прымеркаваны да 120-годдзя Уладзіміра Дубоўкі. Арганізатарам выступіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з інфармацыйнымі партнёрамі – часопісамі “Маладосць” і “Бярозка”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111