ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Скот Кэрал: “Беларусь стала нам вельмі дарагой”
Выбар за вамі

Святло зоркі, вернутае праз стагоддзе

Святло зоркі, вернутае праз стагоддзе
Іншыя навіны

17 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася лекцыя Ганны Севярынец “Крытык і сусвет. Адам Бабарэка, літаратура і літаратары”, адна з чатырох запланаваных да 120-годдзя таленавітага літаратуразнаўцы.

Педагог, пісьменніца, даследчыца Ганна Севярынец з вялікай цеплынёй знаёміла прысутных з яскравай зоркай беларускай літаратурнай крытыкі, шчодра цытавала вытрымкі з яго артыкулаў, надрукаваных пры жыцці і тых, што не аддаў на старонкі прэсы, бо не толькі вельмі ўважліва ставіўся да слова як прадмета аналізу, але і разумеў яго ўплыў на чалавечыя лёсы.

Сустрэча прайшла ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, арганізаванага Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Спадарыня Ганна кажа пра сябе, што яна “чытач тэкстаў”, у адрозненне ад Віктара Жыбуля і Ганны Запартыка, чыімі намаганнямі расчытаны і вернуты беларускай культуры кожны радок геніяльнага крытыка, таму неаднаразова падкрэслівала, што ў яе “свой Адам Бабарэка”, якому студэнты далі мянушку Геракліт Цьмяны, бо “не казаў ні проста, ні хутка”.

Асэнсоўваючы значэнне гэтай асобы, выступоўца не магла не закрануць пытанне, якую ролю ўвогуле належыць выконваць літаратурнай крытыцы: ацэньваць ці не, прыгадала і афарызм, што ў крытыкі ідуць тыя, хто не здолеў рэалізавацца як пісьменнік ці хоча некаму адпомсціць. Ганна Канстанцінаўна пераканана: задача крытыкі – своеасаблівы погляд на свет праз прызму літаратуры, фармуляванне сусвету словам, уменне адшуваць і бачыць заканамернасці, “таму найперш крытыка – навука, у адрозненне ад паэзіі і прозы, сутнасць якіх – адчуванне, а крытыкі – разуменне”.

А. Бабарэка Ганны Севярынец – “крытык не для ўсіх. Каб удыхаць яго паветра, мы павінны павялічваць памер лёгкіх”. Сучаснікі пакінулі ўспаміны, што гаварыў нягучна. Лужанін – з прыхаванай павагай: “Ён мне нагадваў распятага Хрыста”.

Лекцыю суправаджаў паказ слайдаў з краявідамі родных мясцін крытыка – Капыльшчыны, яго сямейныя фотаздымкі, фота з паплечнікамі. “Маладняк”, “Узвышша”… Калі ў першую суполку прымалі “ўсіх, хто рыфмуе два радкі”, у другой былі тыя, з якімі А. Бабарэку паспрыяла “разгарнуцца думкай максімальна грунтоўна”.

Ён выбіраў аб’ектам аналізу тых, чыя творчасць мела адпаведную глыбіню, хто не толькі “ішоў побач, але і пасля – у часе”: Максім Багдановіч, Кузьма Чорны, Янка Купала, Уладзімір Дубоўка, пра якога Рыгор Барадулін казаў “халаднаваты, з балцкім водсветам”.

Сяброўства А. Бабарэкі і У. Дубоўкі Ганна Севярынец ахарактарызавала як “асвечанае роўнасцю талентаў”. Чаго варты памянёны ёю выпадак: у турме аднойчы цудам трапілі ў адну камеру, разлічаную на 10 чалавек, а забітую пяццюдзесяццю, у якой Бабарэка, калі даведаўся, чым у зняволенні займаўся сябар, перапісаў яго пераклад “Шыльёнскага вязня” Байрана, і менавіта гэтаму спісу наканавана было ацалець у ліхалецці.

Аб’ектам яго ўвагі была творчасць Я. Пушчы, П. Труса, А. Вольнага, М. Зарэцкага, А. Дудара. Менавіта на матэрыялах апошняга А. Бабарэка паказаў саркастычны аспект свайго таленту. Галоўнай заганай для А. Бабарэкі была павярхоўнасць, на яго думку, “мастацтва павінна развівацца ўглыб і ўшыр, а не ў плакат ці слова прамоўцы”.

Філосаф, сацыёлаг, які праз літаратуру спасцігаў сусвет, чыя спадчына “расчытана з урывачкаў”, будаваў сваё жыццё па прынцыпах уласнай творчасці – і промні гэтай зоркі працягваюць асвятляць шлях беларускай культуры праз стагоддзе.

Аўтар публікацыі: Вольга Паўлючэнка.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Кампетэнтна і падрабязна

21 Ліс 2019

20 лістапада Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана і праведзена штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Звароты грамадзян: з практыкі грамадзянска-прававога кансультавання”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віртуальны ваяж па тэатрах нашай краіны – з вэб-сайтам “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”

20 Ліс 2019

Запрашаем наведаць тэатральную старонку навігатара “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”. Тут вы знойдзеце інфармацыю аб музычных, драматычных, лялечных і іншых тэатрах Рэспублікі Беларусь, якія ставяць спектаклі для гледачоў розных узростаў: ад 3-х да 103-х гадоў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111