ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Сустрэча з дэлегацыяй Інданезіі
Снег – зімовы цуд

Раман Матульскі: “У сучасным свеце няма ведаў канстанты”

Раман Матульскі: “У сучасным свеце няма ведаў канстанты”
Іншыя навіны

6 снежня адбылася сустрэча фіналістаў конкурсу “Студэнт года” з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшынёй грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктарам педагагічных навук, прафесарам Раманам Матульскім.

Раман Сцяпанавіч ведае аб працы са студэнтамі з уласнага вопыту – ён сам выкладаў у ВНУ і працаваў дэканам. На сустрэчы з фіналістамі конкурсу “Студэнт года” нават адзначыў, што спадзяецца аднойчы вярнуцца да ролі выкладчыка ўніверсітэта.

Галоўную тэму сустрэчы вызначыла пытанне, чым могуць быць карысныя бібліятэкі сучасным студэнтам. Падрабязна пра гэта распавёў сам дырэктар.

Навошта цяпер бібліятэкі, калі ёсць інтэрнэт?

Пытанню аб тым, ці патрэбны кніга або бібліятэка, ужо мінімум гадоў сто пяцьдзясят. Такое пытанне ўзнікае ў грамадстве, калі адбываецца змена або грамадска-палітычнай, або тэхналагічнай фармацыі. Каб знайсці адказ на яго, мне прыйшлося напісаць доктарскую дысертацыю.

Бібліятэка – адна са штучных сістэм, створаная чалавекам. У старажытныя часы ён бегаў за мамантам і яго задавальняла хуткасць бегу. Але з развіццём цывілізацыі ў чалавецтва станавілася ўсё больш вынаходніцтваў. Пераселі з каня ў аўтамабіль, потым на параход, а зараз мы паспяхова лётаем на самалётах і ракетах.

Гэтак жа і бібліятэкі. Калі чалавецтва развівалася павольна, то інфармацыя была даступнай для ўсіх. Але як толькі нашы патрэбы пачалі ўскладняцца, стала зразумела, што захаваць і перадаць іншым пакаленням усю інфармацыю немагчыма. Тады стварылі штучную сістэму – спачатку кнігу, потым бібліятэку.

Якая задача бібліятэкі?

Задача вельмі простая – кампенсаваць магчымасці нашага арганізма па перадачы і захоўванні інфармацыі. Бібліятэка ажыццяўляе збор, захоўванне, распаўсюджванне ў прасторы і часе сацыяльназначымых дакументаў. Такая задача з кожным годам усё больш ускладняецца і павялічваецца. Спосабы, формы мяняюцца, застаецца сутнасць: патрэба ў інфармацыі, неабходнасць яе захоўваць і распаўсюджваць. Прыкладна пятнаццаць гадоў таму ва ўсім свеце дружна заявілі: “З'явіліся аптычныя дыскі – праблема захавання інфармацыі вырашана”. Зараз ніхто сур'ёзна не разглядае аптычны дыск як спосаб захавання інфармацыі.

2.JPG

Чаму бібліятэкі пустуюць?

Падкрэслю, што бібліятэка – гэта збор не кніг, а сацыяльназначымых дакументаў. Ёй як мінімум пяць тысяч гадоў як сацыяльнай інстытуцыі. Усё тое, што адбываецца зараз, – гэта імгненне. Але ўзнікае пытанне: а што ж тады наведвальнікаў мала? Калі я праходзіў практыку студэнтам, бачыў, як з раніцы ў бібліятэцы праз усю чытальную залу да кафедры выдачы збіралася чарга ў чатыры рады.

Важна разумець узаемасувязь бібліятэкі і ўзроўню сацыяльнай абароны ў грамадстве, які ў Беларусі настолькі высокі, што многімі рэчамі мы сталі грэбаваць. Нядаўна я бачыў публічную гарадскую бібліятэку ў адной сярэднеразвітой краіне. Яна заўсёды перапоўненая, адчыняецца а 6-й гадзіне раніцы і зачыняецца а 12-й ночы. Хтосьці начуе пад будынкам, каб раніцай патрапіць першым. Чаму? Там бібліятэка – гэта адзіны спосаб вырвацца з галечы, адзіны бясплатны спосаб доступу да ведаў. Сярэдняя і вышэйшая адукацыя платная, кніга ў краме таксама платная – і так не ў адной краіне. Вы не ўяўляеце, як змяніўся б алгарытм паводзін, калі б, напрыклад, з наступнага года школьныя падручнікі прыйшлося купляць.

Бібліятэка і веды

Гадоў пяць назад Свабодны ўніверсітэт Берліна пабудаваў уласную бібліятэку. У яе дырэктара адна праблема – дзе знайсці дадатковыя крэслы. У мінулым годзе Кентскі ўніверсітэт пабудаваў бібліятэку. Яна перапоўнена. Чаму? У іх што, праблемы з інтэрнэтам? Не.

Наша адукацыя пакуль яшчэ прытрымліваецца прынцыпу даць веды, якія з'яўляюцца канстантай. У сучасным свеце няма ведання канстанты. Задача студэнта сёння – навучыцца атрымліваць веды, аперыраваць імі. Сістэма тых універсітэтаў, пра якія я казаў, арыентавана не на тое, каб даць студэнту дыплом, і нават не на тое, каб даць веды. Яна дапамагае студэнту навучыцца атрымліваць веды самастойна, аналізаваць іх і выкарыстоўваць у жыцці. А галоўная лабараторыя такіх ВНУ – бібліятэка.

Раман Матульскі таксама распавёў пра канкрэтныя магчымасці Нацыянальнай бібліятэкі, актуальныя для даследчыкаў, у тым ліку – студэнтаў. Госці сустрэчы задалі шэраг пытанняў аб сучаснай адукацыі, а таксама падзяліліся ўласнымі думкамі.

1.JPG

Ян Астражынскі, студэнт лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

“Хаця многія сцвярджаюць адваротнае, чытанне сёння ў асяроддзі студэнтаў вельмі актуальнае, прычым не “для галачкі”, а для самаразвіцця. Аднак студэнты майго ўніверсітэта наведваюць Нацыянальную бібліятэку ў першую чаргу дзеля атрымання прафесійнай літаратуры. Прычым бывае, што прыходзіш за кнігай, якая ў адзіным экзэмпляры, – а яна ўжо кімсьці занятая. Таму не думаю, што карыстальнікаў тут мала”.

Іна Клячан, курсант факультэта міліцыі Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь:

“Мы на сустрэчы гаварылі пра тое, што чытанне для кожнага чалавека індывідуальнае. Але студэнты павінны быць усебакова развітымі. Незалежна ад прафесіі мы павінны раскрывацца шматгранна, і чытанне нам у гэтым дапамагае. Чытаю літаратуру не толькі па спецыяльнасці, але і сусветную класіку, сучасныя бестселеры. Я ўпершыню ў Нацыянальнай бібліятэцы, і падчас экскурсіі звярнула ўвагу, што для тых, хто любіць чытаць, для студэнтаў і даследчыкаў тут мноства магчымасцей”.

Аўтар публікацыі: Яна Паляшчук.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Раман Матульскі аб праекце да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

28 Сту 2020

Госцем перадачы “Новая раніца” на “РТР-Беларусь” стаў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. У інтэрв’ю ён анансаваў праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніжныя прафесары сталі энцыклапедыстамі

27 Сту 2020

26 студзеня ў межах праекта “Клуб кніжных прафесараў” адбыліся заняткі на выставе “Энцыклапедыя: нацыянальны праект” з куратарам выставы і даследчыкам энцыклапедый Ксеніяй Сушай.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Мінску выходзяць 2 шведскія кнігі з шыкоўнымі ілюстрацыямі

26 Сту 2020

У выдавецтве Koska падрыхтавалі да выхаду адразу дзве кнігі шведскіх пісьменнікаў Юі і Тумаса Вісландэраў пра прыгоды каровы Мамы Му і яе сябра Крумкача. Кнігі з’явяцца ў продажы 6 лютага: выхад прымеркаваны да Мінскага кніжнага кірмаша.

Навіны бібліятэк

Сустрэча з адвакатам на тэму новай рэдакцыі жыллёвага кодэкса

24 Сту 2020

23 студзеня 2020 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Новая рэдакцыя жыллёвага кодэкса: агляд асноўных змяненняў і дапаўненняў”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111