ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Я застаюся тут!
“Цікава пачытаць”: кніга Крысціны Качэня “Пчёлка”

Пра рабства, барацьбу, каханне: 9 кніг афраамерыканскіх аўтараў, якіх вы маглі прапусціць

Пра рабства, барацьбу, каханне: 9 кніг афраамерыканскіх аўтараў, якіх вы маглі прапусціць
Іншыя навіны

Паліна Доля

Кнігі амерыканскіх аўтараў даўно і трывала пасяліліся ў чытацкіх вішлістах многіх з нас, але цэлы пласт з іх мог застацца па-за вашай увагай. Афраамерыканская літаратура – з'ява вельмі спецыфічная. Сотні гадоў рабства і сегрэгацыі, няроўнасці і барацьбы за ўласныя правы пакінулі свой след у кнігах, а любоў да вуснай творчасці і элементы афрыканскай міфалогіі стварылі непаўторны каларыт, заўважны нават у навуковай фантастыцы. Сёння, да дня нараджэння першай вядомай афраамерыканскай паэткі Філіс Уітлі, мы ўзгадаем пісьменнікаў, якім яе творчасць адкрыла шлях у літаратуру – і працягвае адкрываць да гэтага часу.

2021.08.06_Ричард Райт Чёрный.png Рычард Райт, “Чёрный”

Пачнём з класікі. Адзін з самых значных афраамерыканскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя, Рычард Райт, вырас у лясах Місісіпі, зазнаў беднасць і голад, нянавісць і страх. Ён не грэбаваў красці, хлусіць і бадзяцца: інакш выжыць было немагчыма. З аднаго боку – белыя, абыякавыя, жорсткія, часам жаласліва-паблажлівыя. З іншага – такія ж чорныя, што пагарджаюць кожным, хто вылучаецца і спрабуе пачаць новае, лепшае жыццё. Так пра што ж пісаць, як не пра гэта? “Чорны” – гэта аўтабіяграфічны раман Райта пра цяжкасці сталення на амерыканскім Поўдні часоў Джыма Кроў. Гэта споведзь і разам з тым абвінавачванне, наглядны прыклад тэорыі вядра з крабамі. “Чорны” – пра тое, як цяжка вырасці чалавекам, калі вакол толькі жорсткасць і боль, і іх скура не мае колеру.

2021.08.06_Ральф Эллисон Король американского лото.png Ральф Элісан, “Король американского лото”

Пасляваенная “чорная” Амерыка, 40–60-я з усім іх вар'яцтвам, трывогай, расчараваннем: Ральф Элісан у сваіх апавяданнях захаваў гэтую эпоху з яе гаркатой і пышнасцю. Ашаламляльны кантраст паміж прагрэсіўнай Поўначчу і кансерватыўным Поўднем паказаны глыбока трагічна: куды б ты ні бег, чаго б ні шукаў – хаос ці стабільнасць, – у выніку, паміж імі няма амаль ніякай розніцы – свет усё яшчэ глядзіць на цябе пагардліва. Але разам з тым Элісан захоўвае неверагодны аптымізм. Сіла духу, упартасць і крыху надзеі на светлую будучыню – вось усё, што ёсць у яго герояў. І яны спраўляюцца.

2021.08.06_Майя Анджелу Я знаю почему птица в клетке поёт.png Мая Анджэлу, “Я знаю, почему птица в клетке поёт”

Гісторыя радасная і пакутлівая, таямнічая, цягучая, эфемерная, як само дзяцінства. Туга самотнага дзіцяці, рэлігійныя выкрыкі і самыя правільныя словы, якія змякчаюць чалавечае сэрца, – мемуары Маі Анджэлу спалучаюць у сабе ўсё гэта. Аддадзеная разам з братам на апеку бабулі, Мая з дзяцінства сутыкаецца з незразумелымі ёй, дзіцяці, непрыманнем і расізмам, а ў восем гадоў зазнае гвалт, з наступствамі якога будзе вымушана мірыцца ўсё жыццё. Але гэта гісторыя не толькі пра нягоды і боль – яна пра знаходжанне сябе. Пра любоў да сабе, пра дабрыню, пра пошукі ўласных душэўных сіл і мэты, дзеля якой хочацца горы звярнуць. Жыццесцвярджальна.

2021.08.06_Джеймс Болдуин Бийл-стрит.png Джэймс Болдуін, “Если Бийл-стрит могла бы заговорить”

Сумленны, адкрыты і кранальны, раман – гэта песня кахання перад тварам несправядлівасці. Ціш дзевятнаццаць, і яна без памяці закахана ў маладога скульптара Фоні, нават чакае ад яго дзіця, будучыня здаецца такой светлай і бясхмарнай. Але нішто добрае не можа доўжыцца вечна – Фоні памылкова абвінавачваюць у жудасным злачынстве і садзяць за краты, што спараджае цэлы калейдаскоп страшных падзей, цяжкіх перашкод, складаных эмоцый. Прыхільнасць, адчай, надзея. Блюзавыя матывы сплятаюць паміж сабой смутак і сапраўдную жарсць, атрымліваецца кранальная гісторыя кахання на мяжы. Жывая і балючая, гэта гісторыя вартая вашай увагі.

2021.08.06_Элис Уокер Цвет пурпурный.png Эліс Уокер, “Цвет пурпурный”

Сацыяльная несправядлівасць застаецца ключавой тэмай у афраамерыканскай літаратуры і даўно стала добрай глебай для штампаў. Здавалася б, што новага можа быць у яшчэ адной гісторыі цяжкага лёсу цемнаскурай жанчыны старога Поўдня? Але Эліс Уокер падае гэтую гісторыю жыва, ярка, з новага, незвычайнага ракурсу. Сацыяльная роля галоўнай гераіні, Сілі, даволі сумная: спачатку – пакорлівая служанка жорсткага бацькі, які разлучыў яе з дзецьмі і сястрой, потым – забітая жонка-рабыня не менш суровага мужа. Будучыня здаецца змрочнай і страшнай, пакуль у жыцці Сілі не з'яўляецца настаўніца і сапраўдная сяброўка, апора і падтрымка. Здабыць свабоду, пакінуць мінулае, знайсці сваё прызначэнне і нават блізкіх людзей – разам ім усё па плячы.

2021.08.06_Тони Моррисон Возлюбленная.png Тоні Морысан, “Возлюбленная”

Сярэдзіна 1800-х. Набліжаецца адмена рабства ў Амерыцы, вось-вось свет стане амаль бяспечным і трохі больш сумленным. Але былая рабыня Сэці пакутуе ад жудасных падзей мінулага. Прывід мёртвай дачкі, дзяўчынкі без імені, на чыёй магіле напісана толькі “Любімая”, вяртаецца ў яе дом, ператвараючы кожны дзень у сапраўднае выпрабаванне. Тоні Морысан узрушаюча ясна і жудасна паказвае ўздзеянне рабства на чалавека, яго спробы забыць, пачаць усё з нуля, што толькі заганяе ў кут, пазбаўляе ўласнай ідэнтычнасці. І разам з тым – гэта гісторыя адносін маці і дачкі з вельмі незвычайнага пункту гледжання. Гэта раман пра тое, як цяжка часам бывае вырваць з сэрца памяць пра мінулае, пра складаны выбар, які мяняе лёс, і людзей, якія назаўсёды застаюцца любімымі.

2021.08.06_Уолтер Дин Майерс Дневник Скотта Пендлтона Коллинза.png Уолтар Дын Мейерс, “Дневник Скотта Пендлтона Коллинза, солдата Второй мировой войны”

Гэтая кніга – жахі вайны для самых маленькіх, хупавы спосаб развеяць ў вашага дзіцяці ўвесь флёр ваеннай рамантыкі. “Дзённік” – гэта запісы маладога амерыканскага салдата, які ўпершыню трапляе на фронт і сутыкаецца з усімі нягодамі ваеннай мясасечкі. Бо яго першая аперацыя – гэта высадка ў Нармандыі. Пакутлівыя бітвы дзень за днём, у кожным запісе – непадробны страх загінуць, не дажыць да канца, не вярнуцца дадому. Мова кнігі вельмі простая, але таму толькі больш рэалістычна ўспрымаецца гэта гісторыя. Салдаты ідуць у бой, жартуюць, гінуць на перадавой, і Скот Пэндлтан Колінз – адзін з іх. Чапляе.

2021.08.06_Уолтер Мосли Арчибальд Беззаконец.png Уолтар Мослі, “Арчибальд Беззаконец, вольный анархист”

Закончым спіс прозы бліскучай абсурдысцкай навелай Уолтара Мослі. Малады студэнт факультэта журналістыкі Фелікс Арлеан выпадкова аказваецца на службе ў дзіўнаватага, але вельмі харызматычнага дэтэктыва Арчыбальда Беззаконца, які сам сябе называе вольным анархістам. З самага пачатку новая праца аказваецца зусім не тым, чаго чакаў Фелікс: тут і злачынныя сеткі, і забойствы, і выкраданне брыльянтаў на мільёны даляраў... І бедны студэнт цяпер па вушы ў гэтым заграз. Самы час заручыцца падтрымкай Арчыбальда Беззаконца і разам раскрыць некалькі замоў, арыштаваць усіх зладзеяў, а заадно разабрацца – дзе ж грань паміж чалавекам і хаосам? І як бы незнарок яе не пераступіць?

2021.08.06_Негритянская поэзия США.png “Негритянская поэзия США. ХХ век”

Асобная гарачая рэкамендацыя для ўсіх апантаных аматараў паэзіі. Афраамерыканскія паэты – сапраўдная знаходка для любога знатака. Блюзавыя матывы ў кожным радку і цудоўныя старажытныя традыцыі вуснай творчасці сплятаюць паміж сабой у адзіную песню голас народа, моцнага, цярплівага, шчырага. Гэта песня пра доўгія гады рабства, пра несправядлівасць, пра надзею і, нарэшце, пра волю. У гэтым зборніку ёсць сапраўды ўсё, пра што толькі можна марыць: ад Гарлемскага рэнесансу ў асобе Каўнці Калена і Лэнгстана Х'юза да бітніка Лероя Джонса. Настойліва раім да прачытання “Начало поэмы о том, почему я сжёг город” Лорэнса Бэнфарда. А яшчэ “Вступление” Х'юза. І “Для Линды” Джонса... На самой справе, чытайце ўсё, яно таго вартае.

Афраамерыканская літаратура – гэта штосьці адметнае, здольнае адгукнуцца сёння ў сэрцы кожнага з нас. Бо гэта гісторыі пра барацьбу з апошніх сіл за сваё месца пад сонцам, пра прадузятасць з абодвух бакоў, пра жыццё ў галечы і ўзыходжанне на вяршыні, пра цяжкае мінулае і хісткую будучыню – яна распавядае пра ўсё са сваім непаўторным каларытам. Неадназначныя тэмы адкрыюць свет у новым ракурсе, а невычэрпны аптымізм дапаможа не апусціць рукі ў цяжкі час. Таму – чытайце. І прыходзьце ў Нацыяналку, у рэшце рэшт. Дзе яшчэ можна знайсці столькі выдатных кніг, як не тут?

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Чытайце таксама: 7 кніг пра Паўночную Карэю, якія вас здзівяць

Навіны

30 Ліп 2021

Мы так часта ўжываем слова “культура”, што іншым разам не задумваемся над глыбінным сэнсам паняцця. І дарэмна. Напэўна, у гэтым прычына не надта вялікай чысціні нашых ліфтаў і душ. А таксама – не вельмі добрага ведання роднай гісторыі ды імя продка ў пятым калене. А сапраўды, што за паняцце такое – культура?

Навіны бібліятэк

Выставачна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага

27 Ліп 2021

27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося пленарнае пасяджэнне выставачна-асветніцкага мерапрыемства, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага, і адкрыццё фотавыставы “Пецярбург Дастаеўскага”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мой чытацкі спіс: навошта ім дзяліцца і ў чым наогул сэнс

28 Ліп 2021

У эпоху Інтэрнэту ўсё наша жыццё навідавоку. Фотаздымкі з паездак, душэўныя пасты ў сацсетках, нататкі пра хобі і любімыя фільмы хутка становяцца здабыткам грамадскасці – і нават чытанне. Што прымушае нас весці свае чытацкія дзённікі? Пахвальба, жаданне самасцвердзіцца ці проста прага да самавыяўлення? Давайце разбірацца – у спісах, кнігах і саміх сабе.

Аўтарскі погляд

“Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” – выстава ў музеі кнігі (+відэа)

23 Ліп 2021

22 ліпеня ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё выставы “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей”, на якой упершыню дэманструюцца разам аўтэнтычныя сведчанні пра знакамітага пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам