ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Рыхтуйцеся да чэленджу!
Першая канферэнцыя “Паэт і Свет”

П'есы: як іх чытаць і ўвогуле навошта

П'есы: як іх чытаць і ўвогуле навошта
Іншыя навіны

Паліна Доля

Якім бы захопленым чытачом вы ні былі, колькі б тон кніг ні паглыналі, прынамсі адзін жанр літаратуры пазбег вашай увагі. П'есы! У нас трохі цьмянае ўяўленне пра іх – шмат дыялогаў, няма апісанняў, размовы з чэрапам... Мы часта ўспрымаем п'есы як падрыхтоўчы матэрыял да пастаноўкі, быццам бы адкрываць іх павінны толькі рэжысёры з акцёрамі. Але што калі я скажу вам, што п'есы можна чытаць наогул усім? Уладкоўвайцеся і разамніце галасавыя звязкі – мы пачынаем!

Верагодна, першым знаёмствам з п'есамі для многіх з нас сталі школьныя ўрокі літаратуры – на іх усё і скончылася. Вядома, жывы тэатр – больш яркі і відовішчны спосаб пазнаёміцца ​​з гісторыяй, яго асаблівую атмасферу не ўзнавіць дома, седзячы з кнігай у руках. На жаль, тут усплывае адно “але”: кошт квіткоў. Не ўсе мы бязмежна багатыя, не ўсе водзім знаёмства з адміністрацыяй тэатраў, і нават калі вы пачняце асабіста шантажаваць Аляксандра Марчанку, то наўрад ці патрапіце на ўсе паказы “З вучылішча” (“С училища”). Месцы ў тэатрах абмежаваныя, як і нашы сродкі, таму часам лепшы спосаб азнаёміцца ​​з пастаноўкай – гэта прачытаць п'есу.

Хай вы самы заўзяты тэатрал і жыцця свайго не ўяўляеце без жывых спектакляў, чытанне п'ес па-ранейшаму можа даставіць зусім адмысловае задавальненне. У перыяд, калі тэатральныя пляцоўкі зачыненыя на каранцін, ведаеце, дзе можна знайсці магію сцэны? У сваім уяўленні, вядома. Яму не патрэбны бюджэт, дагавор арэнды і аўтарскія адлічэнні. Усё, што трэба, – гэта ўявіць сябе акцёрам, рэжысёрам і сцэнографам у адной асобе, а потым пачытаць п'есу ўслых. У адрозненні ад класічнай прозы, тут менавіта вы адказваеце за акцёрскі склад і дэкарацыі. П'еса дае вам аснову – дыялогі, гісторыю, сцэнічныя указанні, і ўжо ў вашай волі інтэрпрэтаваць гэта па-свойму. Вось чаму можна ўбачыць дрэнныя і добрыя пастаноўкі адной і той жа п'есы (у вашым уяўленні пастаноўка, вядома, заўсёды будзе лепшай з магчымых).

Акрамя таго, чытанне п'есы – гэта выдатная магчымасць зазірнуць за заслону спектакляў, якія вы ўжо паглядзелі. Старонка за старонкай, п'еса адкрывае чытачу свайго роду сакрэтныя формулы, асаблівы рэцэпт, спіс інгрэдыентаў, з якіх рэжысёр зрабіў нешта ўнікальнае, непаўторнае. Гэта падобна на паглынанне кавалачка сырога цеста для печыва: яго, вядома, лепш есці гатовым, але вам усё адно смачна.

А яшчэ п'еса – гэта па сутнасці выдатная гісторыя, расказаная выключна з дапамогай дыялогаў. Што можа быць займальней? Ні доўгіх апісанняў, ні эпічных маштабаў дзеяння, толькі чыстае мастацтва размовы.

Такім чынам, зараз вы перакананы, што чытанне п'ес – карысны і важны занятак, і менавіта гэтага вам у жыцці не хапала. Што ж рабіць далей?

Правільны адказ: чытаць (і ісці ў бібліятэку, вядома). Але кажам адразу, чытаць тут трэба па-асабліваму. Для п'есы недастаткова слізгаць позіркам па старонцы – тут як ніколі важна пагружэнне ў гісторыю. Вось чаму лепш чытаць п'есы ўслых: калі няма ні дэкарацый, ні акцёраў у касцюмах, менавіта вашы інтанацыі і жэсты працуюць на стварэнне атмасферы. “Услых” можна чытаць і ў абсалютнай цішыні – выкладваючыся напоўніцу сваім унутраным голасам. Але яшчэ больш задавальнення ад такога чытання можна атрымаць у кампаніі. Збярыце сяброў, падзяліце ролі і наперад! Толькі памятайце аб бяспечнай дыстанцыі – чытку п'есы можна зладзіць і анлайн.

Насамрэч чытанне п'ес – гэта асаблівы навык: такое не абавязкова атрымаецца адразу, але варта паспрабаваць. Мы падабралі для вас тры простых парады, якія зробяць ваша знаёмства з драматургіяй прыемным – ці хоць бы бязбольным.

1. Рабіце паметкі ў працэсе. Гэта добрая звычка для чытання ўвогуле, але з п'есамі яна працуе яшчэ лепш. Завядзіце нататнік або нават пішыце на палях! Але толькі не ў бібліятэчных кнігах, гэта недаравальна.

2. Візуалізуйце. У п'есах няма апісання герояў – так падбярыце свой акцёрскі склад! Хто б лепш за ўсіх сыграў Макбета? А Барбару Радзівіл? Ва ўяўным кастынгу можна ні ў чым сабе не адмаўляць, бо гэтыя акцёры не запатрабуюць ганарар.

3. Памятайце аб кантэксце. Ні адзін твор мастацтва не з'явіўся ў адрыве ад рэальнасці – гісторыя паўсюль пакінула свой след. А п'есы звычайна значна больш прамалінейныя за доўгія раманы. Таму не забудзьцеся зірнуць на год напісання і ўспомніць, што там такога адбылося. Будзьце ўпэўнены, п'еса зайграе для вас новымі фарбамі.

16.10.2020_Антология.jpgДык што ж чытаць? Раздзіраючыся паміж класічным “Кукольным домом” Генрыка Ібсена і яшчэ больш класічным “Гамлетом”, успомніце аб беларускай драматургіі – сучаснай, з якой вы нават у школьнай праграме не сутыкаліся. Раім пачаць з “Антологии современной белорусской драматургии” і з галавой нырнуць у творчасць Дзмітрыя Багаслаўскага – адразу з першай старонкі зборніка, з п'есы “Ціхі шорах сыходзячых крокаў”. Гэтая п'еса, як і “Любоў людзей”, стала культавай амаль адразу пасля з'яўлення. Кранальная гісторыя аб патаемных перажываннях і стратах, у якой ёсць над чым пасмяяцца і паплакаць, неаднаразова ставілася на сцэне – яна вельмі добра пад гэта адаптаваная. Таму што Дзмітрый Багаслаўскі яшчэ і рэжысёр, вось так. Дарэчы, выдатны шанец пазнаёміцца ​​з яго працамі на максімум – паглядзець спектакль “Сярожа вельмі тупы” у рамках Міжнароднага форуму TEART. Там ёсць усё – дзіўныя кур'еры, невядомая посылка і шмат пытанняў, над якімі вы раней не задумваліся.

Падумайце аб усіх спектаклях, на афішы якіх вы глядзелі сумнымі вачыма. Падумайце аб усіх пастаноўках, якія наўрад ці ў бліжэйшы час увасобяць на беларускай сцэне. Падумайце – і разгарніце п'есы.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Усё не так, як у кнізе! Што не так з экранізацыямі і дзе ў бібліятэцы глядзець кіно

27 Кас 2020

У сучасным кінематографе ўсё менш арыгінальных сцэнарыяў, а экранізацый папулярных кніг – усё больш. Але на самой справе не ўсе з іх удалыя – прынамсі, на наш густ. Што ж не так з экранізацыямі? І чаму мы амаль заўсёды імі незадаволены? Працягнем гутарку пра мастацтва адаптацыі кніжных твораў!

Аўтарскі погляд

Удзельнікам анлайн-конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”

27 Кас 2020

З 1 кастрычніка ў межах віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” быў распачаты анлайн-конкурс чытальнікаў, прымеркаваны да 120-годдзя Уладзіміра Дубоўкі. Арганізатарам выступіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з інфармацыйнымі партнёрамі – часопісамі “Маладосць” і “Бярозка”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Размова з адвакатам аб куплі-продажы нерухомасці

26 Кас 2020

23 кастрычніка Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана і праведзена штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Купля-продаж нерухомасці: як зрабіць правільна”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

26 Кас 2020

“На хвалі часу, у плыні жыцця” – праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса “Маладосць”.

Навіны бібліятэк

Скарыназнаўства ў Францыі

23 Кас 2020

23 кастрычніка адбыўся рэальна-віртуальны навуковы круглы стол, прысвечаны кнігазнаўчым даследаванням ў Францыі. Вядучым экспертам мерапрыемства выступіла Вольга Шутава, кіраўнік Лабараторыі скарыназнаўства і валарызацыі даследаванняў гісторыі культуры Беларусі (Парыж, Францыя), кандыдат гістарычных навук.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111