
Паглядзім праўдзе ў вочы: выбіраючы кнігу, мы ўсе звяртаем увагу на вокладку. Кніжны дызайн цяпер набірае абароты, бо заўсёды прыемна мець прыгожа аформленую хатнюю бібліятэку. А зараз падумайце: колькі з вашых кніг захавалі супервокладкі? Што адбываецца з імі пасля куплі? Вы пазбаўляецеся ад іх, пакідаючы кнігу ў першапачатковым выглядзе, ці, наадварот, захоўваеце больш маляўнічую абгортку дзеля эстэтыкі?
Мы ўжо разабраліся з тым, чаму кнігі прамавугольнай формы і як яны сталі ўніверсальным падарункам. Самы час узяцца за супервокладку!
Такім чынам, як вы маглі заўважыць, сучасны кніжны дызайн вельмі, вельмі малады. Але ў кожнага з элементаў кнігі ўсё яшчэ ёсць займальная гісторыя, і нават такая навіна, як супервокладка, не выключэнне. Дык хто ж продак гэтай кніжнай “адзежы”? Мы зазірнулі ў “Энциклопедию книжного дела” і разгледзім гісторыю супервокладкі па этапах.
Кнігі як раскоша: да 1800-х
Доўгі час кнігі былі рэдкасцю, раскошай і, адпаведна, вельмі старанна захоўваліся – інакш да чаго такія намаганні? Першыя скруткі загортвалі ў шкуры для лепшай захаванасці, укладвалі ў футляры-тубусы і ставілі ў спецыяльныя шафы, але гэта ўсё яшчэ далёка ад таго, што сёння мы называем супервокладкай. Трохі бліжэй да яе наблізіліся кумдахі – ірландскія скрыні-рэлікварыі з ранняга Сярэднявечча. Багаты арнамент, упрыгажэнні і агульная форма, падагнаная пад кнігу, – чым не супервокладка з 1800-х? Не толькі выглядае прыгожа, але і здольная захаваць кнігу ад непагадзі. Сучасныя супервокладкі такім пахваліцца не могуць.
Да XVI стагоддзя кнігі абгортваліся ў чахлы з шоўку, скуры ці аксаміту – усё яшчэ прыгожа, але ўжо меней зручна для транспарціроўкі. Зрэшты, у гэты перыяд і неабходнасць везці кнігу праз дажджлівыя раўніны Ірландыі таксама адпала, так што ўпор на эстэтычнасць не быў лішнім.
Кнігі ўсё яшчэ раскоша: 1800-я гады
Для гісторыі сучаснай кнігі гэты перыяд знакавы – у тым ліку і таму, што чалавецтва нарэшце прыйшло да супервокладкі. Кнігі перасталі быць прывілеем самай багатай праслойкі насельніцтва. Праўда, прадаваліся яны ўсё ж не так, як у сучасных крамах – з тонкай часовай вокладкай або і зусім без яе. Як вам такое? Купіць стос папер, каб потым самому замовіць на іх вокладку – бо ў кожнага кнігалюба 1800-х, які дастаткова сябе паважае, хатняя бібліятэка павінна быць не толькі шматлікай, але і гарманічнай па колеры карэньчыкаў.
Супервокладка з'яўляецца ў гэты перыяд для захавання ўсё яшчэ каштоўных кніг – з пазалотай і цісненнем на скуранай вокладцы. Цёмная скура і золата, як мы ведаем, падыходзіць да кніжных паліц любых колераў, так што неабходнасці заказваць вокладку самому ўжо не ўзнікала. А для захоўвання такіх кніг (а каштавалі яны крыху менш, чым жыццё), прадаўцы абгортвалі іх у паперу. Да 1830 года абараняць папяровымі чахламі сталі і тканкавыя вокладкі – ад пылу і на ўсялякі выпадак. Зрэшты, усе гэтыя прататыпы супервокладак былі аднаразовымі і не занадта эстэтычнымі.
Праўда, былі і выключэнні. Напрыклад, кніга “Friendship's Offering” (дарэчы, спецыяльнае падарункавае выданне), надрукаваная ў 1829 годзе, – на яе супервокладцы была размешчана... рэклама іншых кніг.
Пачынаючы з 1850-х кнігі пачалі бараніць не паперай, а больш празрыстым пергаментам, каб можна было разглядзець вокладку. Зрэшты, з папяровымі вокладкамі таксама знайшлі выхад. У іх проста выразалі акенцы на месцы ілюстрацый і назвы кнігі на карэньчыку – мінус да надзейнасці аховы, плюс да пакупальніцкай цікавасці. На пакінутых пасля выразання частках супервокладкі друкавалі рэкламу іншых кніг і ўсяго, што магло спатрэбіцца сярэднестатыстычнаму чытачу – напрыклад, добрага мыла.
Такім чынам, да 1890 супервокладкі, хай і ў нязвыклым нам выглядзе, умацавалі свае пазіцыі і сталі звычайнай з'явай. З іх нават пачалі прыбіраць рэкламу і замяняць яе ілюстрацыямі. Так, простымі і дэкаратыўнымі, але ўсё ж лепшымі, чым надпіс “Купляйце мыла братоў Снайдэр!” прама над загалоўкам “Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў”.
Кнігі даступныя ўсім: 1900-я
Такім чынам, да пачатку ХХ стагоддзя кнігі канчаткова сталі масавым здабыткам: чытаюць усе. Кнігі прадаюць з прылаўкаў крам, з адкрытых фургонаў на вуліцах, нават каміваяжоры набіваюць свае валізкі кнігамі і адпраўляюцца ў шлях. І хоць якасць вокладак і паперы палепшылася, супервокладкі сталі неабходнасцю. А калі кнігу трэба прадаць, нават папяровая абгортка павінна выглядаць прывабна!
Спачатку ілюстрацыі выкарыстоўваліся толькі для дзіцячых кніг, але к 1910-му кнігагандляры нарэшце зразумелі: пра кнігу судзяць па вокладцы. Вось так папяровыя абгорткі нарэшце пачалі актыўна ўпрыгожвацца малюнкамі, узорамі, арнаментамі і амаль цалкам выцеснілі рэкламу гаспадарчых тавараў. Рэкамендацыі новых кніг працягвалі друкавацца на адваротным баку вокладкі. Праўда, друк быў усё яшчэ недасканалым, так што колеры ў ілюстрацыі не адрозніваліся разнастайнасцю.
Важнае змяненне адбылося і ў 1920-х. Спачатку цана кнігі друкавалася на супервокладцы, але цяпер яе нарэшце перанеслі на ўнутраны ўкладыш, так што знікла неабходнасць выкідваць прыгожую абгортку падарункавых выданняў – цяпер цану кнігі можна было проста абрэзаць. Зрэшты, супервокладкі выклікалі абурэнне ў эстэтаў. Таму што квятчастыя абгорткі – гэта груба і вульгарна, а пра кнігу трэба судзіць па змесце, а не па малюнку, тым больш такім аднаразовым. Такія ўжо былі норавы.
Але час ішоў, і супервокладкі станавіліся ўсё больш складанымі і яркімі, атрымлівалі ламінаваныя пакрыцці і незвычайныя цісненні на спецыяльных выданнях. Дызайн кніг мяняўся і станавіўся неверагодна прывабным... Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Кнігі ў супервокладках: надзейнае сёння і хвалюючае заўтра
Такім чынам, амаль праз 200 гадоў пасля вынаходства першых сапраўдных супервокладак што з імі адбываецца цяпер? На самой справе ўсё складана. Шматлікія аматары кніг усё яшчэ ставяцца да такіх абгортак як да смецця – здымаюць пасля куплі і без згрызот сумлення кідаюць у смеццевы бак перад тым, як паставіць кнігу на паліцу. З іншага боку, не менш людзей сапраўды пачалі паважаць эстэтычны бок супервокладак. Паглядзім праўдзе ў вочы: часам супервокладкі значна ярчэйшыя і прыгажэйшыя, чым арыгінальная абгортка. Вось так замест таго, каб абараняць выданне ад пылу, бруду і вашых скупых слёз над цэннікамі ў кнігарнях, супервокладкі раптам атрымалі эстэтычную функцыю. Таму што мы любім прыгожыя рэчы. Ды і прадаюцца кнігі ў абгортцы куды лепш, чым без яе.
Некаторыя абгорткі не менш унікальныя, чым самі кнігі, і таксама становяцца аб'ектам палявання кніжных калекцыянераў. Ствараюцца нават дакладныя копіі старых супервокладак – і каштуюць яны нятанна. Выходзіць, камусьці гэта ўсё ж трэба, раз ёсць такі попыт.
У канчатковым выніку, галоўнае пытанне супервокладак – захоўваць або не захоўваць? Слухайце сваё сэрца і вырашайце, на якім вы баку.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.