ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
21 лютага 1945 года. 78 дзён да Перамогі
Музейныя заняткі да Дня роднай мовы

“Дзякуй за беларускую мову”

Іншыя навіны

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы прапануем вам пазнаёміцца з некаторымі беларускамоўнымі супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі. Замалёўкі іх асабістых гісторый і парады для тых, хто яшчэ не вырашыўся загаварыць на роднай, – у нашым матэрыяле.


Татьяна Лаврик

Таццяна Лаўрык, інфармацыйна-аналітычны аддзел

Каб захаваць родную мову, трэба, каб вакол як мага больш людзей гаварыла на ёй. Добра, калі ёсць падтрымка дома.

Я размаўляю на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці з 2016 года. Пераход на родную мову абумоўлены тым, што ў мяне беларускамоўны муж і мне хацелася яго падтрымаць. Да таго ж я настаўніца беларускай мовы.

У школе я 10 год выкладала беларускую мову і літаратуру, пасля працы таксама старалася размаўляць з настаўнікамі на мове. Пасля я перайшла ў Нацыянальную бібліятэку, працавала ў беларускай зале. Хоць і прыходзіла шмат беларускамоўных чытачоў, усё ж такі карыстацца беларускай мне не даводзілася так часта, таму што былі звычайныя пытанні: што вам выдаць, што знайсці. Адчувала, што родная мова губляецца, я стала горш размаўляць.

Калі я пачала працаваць у інфармацыйна-аналітычным аддзеле, вырашыла, што лепш адразу перайсці на беларускую. Новы калектыў, мяне не ведаюць, хай прывыкаюць да мовы. Магчыма, для іх гэта таксама падтрымка і дапамога навучыцца лепш гаварыць па-беларуску.

Каб захаваць родную мову, трэба, каб вакол як мага больш людзей гаварыла на ёй. Добра, калі ёсць падтрымка дома. Калі б не муж, можа быць, я б і не перайшла. Таксама трэба пашыраць слоўнікавы запас. Чаму б не пахадзіць на розныя курсы, тую ж “Мова Нанова”, беларускамоўныя імпрэзы, у музеі?


Ксения Суша

Ксенія Суша, навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства

Не ўмееш па-беларуску правесці экскурсію ці напісаць артыкул – на курсы, вучыся!

Я люблю беларускую мову, ведаю і з вялікім задавальненнем выкарыстоўваю як у паўсядзённым жыцці, так і ў прафесійнай дзейнасці. Размаўляць на ёй па-за межамі ўрокаў беларускай мовы і літаратуры я пачала, калі трапіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Гэтаму спрыяла асяроддзе: шмат хто з выкладчыкаў вёў заняткі на беларускай мове, і не толькі тыя прадметы, што тычыліся беларускай культуры, але і агульнаадукацыйныя. Таксама і сярод студэнтаў былі вельмі цікавыя беларускамоўныя хлопцы і дзяўчаты. А больш за ўсіх мяне натхняў мой будучы муж, з якім мы разам вучыліся, і яго беларускамоўная сям’я.

Я бачу розныя магчымасці для распаўсюджвання мовы. Па-першае, значны ўплыў на сітуацыю з беларускай мовай маглі б зрабіць пэўныя захады з боку дзяржаўных інстытуцый, напрыклад, абавязковае выкарыстанне беларускай мовы ў пэўных сферах жыцця – для справаводства, чыноўнікаў, дзяржаўных СМІ. Гэта стварыла б даволі моцную матывацыю для яе вывучэння і выкарыстання.

Па-другое, патрэбны даступныя сродкі і магчымасці для пастаяннага павышэння ўзроўню ведання мовы для людзей розных узростаў, розных відаў дзейнасці. Кшталту курсаў англійскай мовы, якія прапануе сваім супрацоўнікам кожная даволі буйная беларуская IT-кампанія. Не ўмееш весці бухгалтарскі ўлік па-беларуску, не ўмееш расказаць пакупніку пра свой тавар па-беларуску, не ўмееш па-беларуску правесці экскурсію ці напісаць артыкул – на курсы, вучыся!


Татьяна Сапего

Таццяна Сапега, навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства

Не бойцеся размаўляць з памылкамі – іх робяць нават беларускія пісьменнікі!

Штодзень размаўляць на беларускай мове я пачала на першым курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. А гэта значыць, што размаўляю на роднай мове ўжо чвэрць стагоддзя. На жаданне перайсці на беларускую паўплывалі мае цудоўныя выкладчыкі. Яны былі патрыётамі, смелымі і прынцыповымі людзьмі, якія змагаліся за нашу мову, культуру і нацыянальнае адраджэнне.

Многія людзі дагэтуль успрымаюць карыстанне беларускай мовай як нешта незвычайнае, неардынарнае і сітуацыйнае. Калі я размаўляю па-беларуску сярод незнаёмых людзей на вуліцы, у мяне часам запытваюць: “Вы настаўніца беларускай мовы?”. Я адказваю, што працую ў Нацыянальнай бібліятэцы і лічу звычайнай справаю для супрацоўніка сферы культуры ведаць нацыянальную мову і пашыраць яе. Але мая беларускамоўнасць звязана не толькі з прафесійнымі інтарэсамі. Сярод маіх знаёмых ёсць беларускамоўныя праграмісты, лекары, бізнэсоўцы, кухары… Для іх беларуская мова – гэта штодзённая норма.

Галоўным у распаўсюджванні беларускай мовы я лічу пачынаць з самога сябе і быць беларускамоўным не па сітуацыі, а заўсёды. Безумоўна, важна выхоўваць дзіця беларускамоўным з першай хвіліны яго жыцця. Я прайшла гэты шлях і, па шчырасці, не заўважыла ў гэтым нічога асабліва гераічнага. Так, існуе шмат праблем: недастаткова беларускамоўных садкоў, школак, універсітэтаў, кніг, фільмаў і г.д. Але трэба ўпарта пачынаць з сябе і са сваёй сям’і.

Каб хутчэй авалодаць мовай, я параю чытаць кнігі па-беларуску, наведваць імпрэзы, дзе можна чуць жывую мову і камунікаваць. І галоўнае: не бойцеся размаўляць з памылкамі – іх робяць нават беларускія пісьменнікі! Безумоўна, пры вывучэнні мовы трэба крыху напружыцца, але гэта варта таго. Разам з моваю мы адкрываем саміх сябе і ўнікальны беларускі сусвет!


Юрась Бородин

Юрась Барадзін, аддзел кнігазахавання

Трэба, каб было больш творчых людзей, якія б пісалі па-беларуску прозу і паэзію.

Ужо ў дзіцячым садку я пастаянна чуў родную мову, тыя ж дзіцячыя песні. Разам з гэтым склалася так, што амаль паўсюль было рускамоўнае асяроддзе. Таму я размаўляў на мове дрэнна і пры магчымасці. Калі я паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацваў, стаў далучацца да беларускамоўных колаў, сустракаць беларускамоўных выкладчыкаў. Было шмат лекцый, дысцыплін на роднай мове.

Я адчуваў, што трэба часцей размаўляць на мове краіны, у якой нарадзіўся. Таму я стараюся і старонкі ў сацсетках весці на беларускай мове, і вершы, і песні пісаць па-беларуску. На рускай розных вершаў, твораў і без мяне хапае.

Трэба, каб было больш творчых людзей, якія б пісалі па-беларуску прозу і паэзію. На дадзены момант, каб зрабіць свой унёсак, я запісваю на студыі беларускамоўны альбом. На тую тэму, на якую да мяне ніхто яшчэ не пісаў, – сагу аб вікінгах. Далей па майму запланаваму спісу пойдзе альбом, цалкам прысвечаны Кастусю Каліноўскаму.

Каб пашыраць валоданне роднай мовай, трэба далучацца да беларускамоўных колаў, як я, напрыклад, далучыўся да фальклорнага калектыву “Мілавіца”, у якім ужо больш за тры гады ўдзельнічаю. Гэта адзін з прыкладаў беларускамоўнага асяроддзя.


Елена Балыко

Алена Балыка, аддзел галерэйна-выставачнай дзейнасці

Зараз у Мінску вельмі добра ставяцца да тых, хто размаўляе на роднай мове. Часта людзі могуць сказаць: “Дзякуй за беларускую мову”.

Я размаўляю на беларускай мове з 2011 года. Мне пашанцавала, таму што большасць маіх знаёмых – беларускамоўныя. На гэта паўплывалі мае інтарэсы і зацікаўленасці: культура, этналогія, этнаграфія. Гэта вельмі натуральна, што людзі, якія займаюцца роднай культурай, з большага беларускамоўныя. Але ёсць у мяне беларускамоўныя знаёмыя, якія працуюць архітэктарамі, электрыкамі і інш. Гэтыя людзі цікавяцца беларускай гісторыяй, літаратурай.

Зараз у Мінску вельмі добра ставяцца да тых, хто размаўляе на роднай мове. Часта людзі могуць сказаць: “Дзякуй за беларускую мову”. Асабліва прыемна, калі гэта кажуць у дзяржаўных установах.

Дзеля пашырэння мовы трэба на ёй размаўляць і не саромецца“трасяніць”. Вельмі часта даводзіцца чуць, што “я б хацеў размаўляць па-беларуску, але я саромеюся, што буду гаварыць на трасянцы”. Я, напрыклад, вельмі люблю трасянку.

Калі сама пачала размаўляць, завяла маленькую запісную кніжачку, куды выпісвала незнаёмыя словы. Потым прыходзіла да слоўніка і выпісвала. Таксама лічу, што трэба шмат чытаць па-беларуску. Гэтая парада тычыцца любой мовы. Галоўнае, не саромецца. Нічога страшнага, калі ты нават скажаш слова з рускай мовы з беларускім акцэнтам.

Гутарыла Яна Паляшчук.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Выставачна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага

27 Ліп 2021

27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося пленарнае пасяджэнне выставачна-асветніцкага мерапрыемства, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага, і адкрыццё фотавыставы “Пецярбург Дастаеўскага”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мой чытацкі спіс: навошта ім дзяліцца і ў чым наогул сэнс

28 Ліп 2021

У эпоху Інтэрнэту ўсё наша жыццё навідавоку. Фотаздымкі з паездак, душэўныя пасты ў сацсетках, нататкі пра хобі і любімыя фільмы хутка становяцца здабыткам грамадскасці – і нават чытанне. Што прымушае нас весці свае чытацкія дзённікі? Пахвальба, жаданне самасцвердзіцца ці проста прага да самавыяўлення? Давайце разбірацца – у спісах, кнігах і саміх сабе.

Аўтарскі погляд

“Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” – выстава ў музеі кнігі (+відэа)

23 Ліп 2021

22 ліпеня ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё выставы “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей”, на якой упершыню дэманструюцца разам аўтэнтычныя сведчанні пра знакамітага пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Садовае чараўніцтва: як Сесіль Мэры Баркер і кветкавыя феі змянілі кніжную ілюстрацыю

23 Ліп 2021

Вы калі-небудзь звярталі ўвагу, якія добрыя ілюстрацыі ў дзіцячых кнігах? Яны лёгкія, пяшчотныя, прыемныя воку і сэрцу – адно задавальненне... Праўда, мы зусім не ўспрымаем іх усур'ёз. У рэшце рэшт, гэта ж для дзяцей, а значыць, там шмат спрашчэнняў, умоўнасцей і зусім ніякай сур'ёзнасці, так? А вось і не. Кніжная ілюстрацыя можа быць сур'ёзнай, дакладнай і нават цалкам навуковай – не губляючы пры гэтым свайго чараўніцтва. Сёння мы пагаворым пра Сесіль Мэры Баркер, сапраўдную каралеву кветкавых фей, і пра батанічную ілюстрацыю.

Аўтарскі погляд

23 Ліп 2021

Пра бібліяаптэку мы яшчэ пагаворым. А зараз – пра рэчы не менш важныя. Свой першы твор Янка Купала напісаў па-польску, Якуб Колас – па-руску. Але кожны вярнуўся да родных вытокаў. Рашуча і канчаткова. Так бусел вяртаецца з выраю менавіта ў сваю буслянку…

Навіны бібліятэк

Бібліятэкарам