
Мы ўсё стамляемся. Шчыльны расклад, завалы на працы, стрэс, эмацыйныя перагрузкі і іншыя дробязі жыцця часам адымаюць у нас усякае жаданне займацца нават любімым хобі – і гэта нармальна. Тым больш калі ваша хобі – чытанне. Часам варта зрабіць перапынак у паглынанні выдуманых гісторый і заняцца чым-небудзь іншым, што не зробіць вас меней фанатычным аматарам літаратуры. Прэзентуем вам сем цалкам кніжных актыўнасцей – і гэта нават не чытанне.
Так, аўдыякніжкі – гэта таксама свайго роду чытанне, яно таксама можа перагружаць ваш мозг. Так што пакіньце ўсе буйныя формы – звярніце ўвагу на паэзію! Інтэрнэт поўны аўдыязапісаў (і нават відэа), на якіх паэты чытаюць уласныя творы. Так, як адчувалі іх пры напісанні: пранікліва, эмацыйна і вельмі захапляльна. Да таго ж такое баўленне часу цудоўна сумяшчаецца з паходам у Нацыяналку, бо менавіта тут можна паслухаць мноства сапраўды рэдкіх запісаў. Напрыклад, неверагодны збор вершаў Сільвіі Плат у яе ж выкананні. Або велізарная падборка амерыканскай і брытанскай паэзіі – ад Томаса Эліёта да Чарльза Букоўскі. Выдатная магчымасць зрабіць невялікі перапынак ад шумных напружаных будняў і з галавой пагрузіцца ў галасы з мінулага.
Няхай на сённяшні дзень колькасць культурных мерапрыемстваў крыху паменшылася, у афішы ўсё яшчэ можна знайсці што-небудзь цікавае. Наведайце прэзентацыю кнігі (нават калі вы не знаёмыя з творчасцю аўтара), паслухайце лекцыю ці далучыцеся да кніжнага клуба. Гэта выдатны шанец адчуць сябе часткай кніжнай супольнасці. Можа, нават пазнаёміцца з кімсьці, хто падзяляе вашы літаратурныя густы! Так што адкіньце сарамлівасць і наперад, на кніжныя мерапрыемствы, за новымі ведамі і свежымі ўражаннямі. А калі вагаецеся, з чаго пачаць, зазірніце ў Нацыяналку. Тут актыўнасцей заўсёды хапае.
Нават калі цяпер у вас няма ніякага настрою для чытання, калі-небудзь вы ўсё роўна вернецеся да кніг, а значыць, вам спатрэбіцца самае прыдатнае для гэтага месца. Не, гэтым разам не бібліятэка. Такі куток варта абсталяваць дома – усе мы заслугоўваем свой маленькі чытацкі бярлог. Падсуньце любімае крэсла да кніжных паліц, пастаўце лямпу, накіньце цёплы плед. Можа, пара свечак ці запісак з любімымі цытатамі – якраз тое, што трэба для ўпрыгожвання вашага кутка. Слухайце сваё сэрца і зрабіце сваё чытацкае мястэчка такім, як жадаецца. Няхай нават выглядаць яно будзе не надта ідэальна. У гэтай справе галоўнае – камфорт.
Не абавязкова чакаць вясну, каб правесці лёгкую генеральную ўборку ў кніжных шафах. Пэўна ў вас назапасілася мноства хаатычна расстаўленых кніг, набытых на працягу года (і ні разу не разгорнутых з тых часоў). Час для сартавання! Паглыбіцеся ва ўспаміны, разбіраючы даўно прачытаныя гісторыі, і расстаўце іх па паліцах так, як вам падабаецца. У алфавітным парадку? Добра. Па жанрах? Выдатна! Па колеры? Так таксама можна, і гэта зусім не прыкмета легкадумнасці. Аб сартаванні ў нас выйшаў цэлы артыкул – мы там адкідаем забабоны і абмяркоўваем наогул усе магчымыя варыянты захоўвання кніг на палічках, так што абавязкова зазірніце туды перад пачаткам маштабных прац.
Калі падчас уборкі вы раптам выявілі кнігі, якія не знайшлі ў вашым сэрцы водгуку ці займаюць на паліцы занадта шмат месца, самы час аддаць іх у новыя рукі. Можа, найбліжэйшая бібліятэка якраз мае патрэбу ў новых паступленнях? Выдатны спосаб пабыць не толькі сапраўднымі кнігалюбам, але і добрым чалавекам.
Мабыць, гэта адзін з самых простых спосабаў адпачыць ад чытання, не аддаляючыся пры гэтым ад літаратуры. Нават калі ваша любімая гісторыя да гэтага часу не атрымала экранізацыі, гэта зусім не падстава для маркоты і адмовы ад кіно. Паспрабуйце абраць фільм, заснаваны на кнізе, якую вы яшчэ не чыталі! Ну і потым, зразумела, прачытайце яе. У будучыні. Неагляднай будучыні.
Варыянт для гурманаў свету кінематографа: пабудзьце сапраўдным крытыкам, устроіўшы сабе тэматычны марафон. Што для гэтага патрэбна? Крок першы: абярыце класічны літаратурны твор, які вы ўжо чыталі. Крок другі: знайдзіце ўсе яго экранізацыі. Крок трэці: распачніце кінамарафон і параўноўвайце, параўноўвайце, параўноўвайце. Хто лепш за ўсіх сыграў Гамлета? Якая Ганна Карэніна выйшла найбольш праўдападобнай? Складзіце свой уяўны рэйтынг і адчуйце сябе экспертам, калі ў наступны раз хтосьці ў размове закране тэму экранізацый гэтай кнігі і зразумее, наколькі вы падкаваны ў гэтым пытанні.
Кнігі часцяком пакідаюць у нашых сэрцах незабыўны след у выглядзе неверагодных фраз, незвычайных зваротаў, натхнёных прамоў. Збярыце іх! Успомніце, што вас закранула за жывое, прагартайце кнігі і запішыце сабе пару фраз у нататнік – нават калі яны не матывацыйныя і, замест натхнення, дораць лёгкі прысмак горычы, варта захаваць штосьці настолькі адметнае. З памяці цытаты сатруцца, з нататніка – наўрад ці. Да таго ж іх заўсёды можна будзе выкарыстоўваць у далейшым. Напрыклад, дадаваць у віншавальныя паштоўкі ці нават зрабіць валянцінкі з любімымі цытатамі пра каханне. Урэшце, заўсёды можна проста ўпрыгожыць упадабанымі фразамі свой кніжны куток! Велізарны абшар для фантазіі.
Не абавязкова быць геніяльным кулінарам, каб папесціць сябе нечым смачным і вельмі тэматычным. Ежа і кнігі выдатна спалучаюцца! Не адначасова, але ўсё ж. Мала які твор абыходзіцца без згадкі розных страў і апісання таго, якія ж яны смачныя. Так што ўспомніце, ад якой з кніг у вас прама слінкі цяклі, і наперад, спасцігаць кулінарныя вяршыні! Можа, у вас наўрад ці атрымаецца зварыць сметанковае піва з кніг пра Гары Потэра, але ўжо на смажаныя зялёныя памідоры з кафэ “Паўстанак” майстэрства абавязкова хопіць.
Не прымушайце сябе чытаць, калі ад друкаваных знакаў ужо пачынае нудзіць. Проста слухайце сваё сэрца, парады Нацыяналкі і заставайцеся кнігалюбам, нават калі на чытанне няма зусім ніякіх сіл.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.