ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Завітайце на літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
Хрышчэнне Гасподняе ў старадруках

Без панікі: чаму дзецям карысна чытаць страшныя гісторыі і як рабіць гэта правільна

Без панікі: чаму дзецям карысна чытаць страшныя гісторыі і як рабіць гэта правільна
Іншыя навіны

Паліна Доля

Дамы з прывідамі, жывыя мерцвякі, злавесныя праклёны... Змрочныя гісторыі заўсёды лічыліся больш прыдатнымі для старэйшай аўдыторыі, такое не варта даваць чытаць дзецям. І вельмі дарма: у страшылках значна больш карысці, чым эфемернай шкоды. Праўда, да іх – як і да ўсіх кніг – варта падыходзіць з розумам. Сёння мы паглядзім, як адкрыць для дзіцяці забаронены свет страшных гісторый і чаму гэта ў цэлым карысна.

Такім чынам, пачнём з простага: добрая кніга не абавязкова павінна мець шчаслівы канец. Бо ў жыцці, як ні сумна, хэпі-энды здараюцца з той жа верагоднасцю, што і дрэнныя канцоўкі. Так, гэта тычыцца і дзіцячай літаратуры. Як наконт “Паутины Шарлотты”, “Дзяўчынкі з запалкамі”, у рэшце рэшт, “Белага Біма Чорнае вуха”? Для дзяцей не так важна, хто галоўны герой – чалавек, сабака або маленькі павучок. Калі ён гіне, гэта заўсёды сумна і здольна крануць нават дарослае сэрца, што ўжо казаць пра дзяцей.

І сумныя, і страшныя гісторыі знаходзяць водгук у дзяцей. Дрэнны фінал вучыць іх спагадзе, а ўсякія пачвары з казак становяцца годнымі сапернікамі галоўных герояў, а без гэтага гісторыя ўжо не такая цікавая. Кніга становіцца куды менш захапляльнай, калі ты не перажываеш – што ж будзе далей з героем? Ён пераможа? У большасці выпадкаў так і адбываецца, але часам гісторыя патрабуе перамогі дрэнных хлопцаў.

Многія дзіцячыя кнігі ў канцы прыходзяць да свайго “доўга і шчасліва”. Але часам сумны фінал ці больш змрочная гісторыя робіць кнігу глыбокай і больш павучальнай. Дзецям трэба і тое, і іншае.

Як ужо гаварылася ў артыкуле пра прычыны любові да сумных кніг, усякая гісторыя для нас – гэта магчымасць адрэпетаваць сітуацыю, перажыць яе ў бяспечных і максімальна камфортных умовах. Для дзяцей кнігі працуюць гэтак жа. Гэта выдатны спосаб спазнаць свет – а ён, як мы ведаем, складаецца не толькі з добрых людзей і вясёлкавых поні. Гісторыі павінны паказваць дзецям поўны спектр даступных адчуванняў.

Так як жа лепш адкрыць для дзяцей свет змрочных гісторый?

Зніміце ружовыя акуляры

Так, кожны з бацькоў жадае, каб яго дзіця было шчаслівае. Але ж ніхто не можа быць шчаслівым увесь час – калі, вядома, не выцяўся ў дзяцінстве галавой і асуджаны быць заўсёды вясёлым. А таму галоўная задача бацькоў не зберагчы сваё дзіця ад усяго дрэннага, злога і страшнага ў свеце, а навучыць спраўляцца з усім гэтым – і сваімі эмоцыямі у тым ліку. Жахлівыя кнігі і гісторыі з дрэнным канцом – выдатны інструмент для гэтага. Да таго ж, на фоне рафінаваных шчаслівых казак, дзе ніколі не адбываецца нічога дрэннага, змрочныя кнігі ўражваюць куды мацней. Дзеці таксама любяць цікавыя гісторыі – дзе ёсць барацьба, трагедыя, цяжкасці. Ім трэба часам пужацца. Ім трэба часам сумаваць. Змірыцеся.

Пачніце з казак

Ні для каго не сакрэт: крыніцы папулярных казак звычайна даволі жудасныя. Баба-Яга, дамавік або праўдзівая гісторыя Чырвонага Каптурка – у старадаўнія часы дарослыя не шкадавалі дзяцей, шчодра дадаючы ў казкі страшныя падрабязнасці або змрочныя сюжэтныя хады. Пачытайце зборнікі казак народаў свету і абярыце некалькі на свой густ. Заадно і трошкі павялічыце ўзровень культурнага развіцця дзіцяці. Дарэчы, пра незвычайныя казкі з усяго свету можна пачытаць у нашым тэматычным матэрыяле.

Паспрабуйце розныя версіі

Правядзіце адзін забаўны эксперымент: чытаючы казку, прапануйце дзіцяці некалькі розных варыянтаў падзей. Напрыклад, у вашай кніжцы пра трох парасят яны ў фінале пачынаюць сябраваць з ваўком. Раскажыце версію, дзе ён спрабуе прабрацца ў хату праз комін і абпальвае хвост у каміне. Ці тую, дзе воўк усё ж дабіраецца да двух з трох парсючкоў і ратуецца толькі адзін. Успомніце ўсе існуючыя варыяцыі казкі і спытаеце дзіця, якая яму спадабалася больш за астатнія. Будзьце ўпэўнены, адказ вас здзівіць.

Як бы там ні было, усякая папулярная казка мае некалькі больш змрочных аналагаў у іншых культурах: узяць хоць бы кітайскую “Папялушку” – Е-Сянь, ці афрыканскую “Папялушку” – Кэтскінэлу, ці... Намёк вы зразумелі.

Пазбягайце жахлівых малюнкаў

Як бы ні прыцягвалі змрочныя гісторыі, жахлівыя ілюстрацыі да іх хутчэй адштурхваюць. Уяўленне дзіцяці і без таго дастаткова жывое, каб па тэксце дамаляваць жудасныя карцінкі ў галаве, – як жа яно ўзмацняе страх, калі атрымлівае візуальныя крыніцы! Як тут адчуваць сябе ў бяспецы, калі такая страшная пачвара глядзіць на цябе прама з кнігі? Добры спосаб змякчыць жахлівыя моманты – чытаць услых, а не ўручаць дзіцяці кнігу.

Засяродзьцеся на пачуццях

Перад тым, як адкрыць для дзіцяці свет страшных гісторый з сумным канцом... папярэдзьце яго аб гэтым. А потым расшукайце ў сабе акцёрскі талент і іграйце, як у апошні раз. Вы – апавядальнік, а ваша аўдыторыя – самая ўражлівая на свеце. Ваш тон голасу моцна ўплывае на тое, як дзіця ўспрыме гісторыю. І, вядома, гэта выдатны інструмент для рэгулявання напружання ў тэксце: калі ваша дзіця вось-вось схаваецца пад ложак ад страху, значыць, час паслабіць свой страшны тон.

І пастаўцеся сур'ёзна да пачуццяў дзіця. Хай персанажы ў кнізе і выдуманыя, але пачуцці, якія яны выклікаюць, цалкам рэальныя.

Ведайце сваю аўдыторыю

Такім чынам, увесь артыкул быў пра тое, як карысна часам дзецям спалохацца або паплакаць над смерцю ўлюбёнага кніжнага героя, але абмовімся: гэта працуе не для ўсіх. Некаторыя дзеці такія чулыя, што адна толькі згадка ў казцы пра злога троля стане прычынай іх начных кашмараў на доўгія гады. Іншыя любяць страшныя гісторыі, але толькі не перад сном, калі за акном згушчаецца цемра. Трэція будуць ад гэтых гісторый у захапленні, нават калі слухаюць іх пасярод ночы.

Не бойцеся адкрываць для дзяцей непрывабны бок свету. У рэшце рэшт, калі яны сутыкнуцца з усёй суровасцю дарослага жыцця, то перанясуць гэта значна лягчэй – бо іх з дзяцінства да гэтага рыхтавалі... казкі.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Навіны

Да 85-годдзя з дня нараджэння першага загадчыка навукова-даследчага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Канстанціна Сямёнавіча Санько

3 Сак 2021

Канстанцін Сямёнавіч нарадзіўся 3 сакавіка 1936 года ў вёсцы Пахабаўшчына (сёння – в. Альбянка Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Хроніка будаўніцтва. 2002 год

2 Сак 2021

Наступныя некалькі публікацый у рамках віртуальнага праекта “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў сучаснай прэсе” будуць прысвечаны хроніцы будаўніцтва новага будынка, перадавым тэхналогіям беларускіх архітэктараў і праекціроўшчыкаў і ўнікальнаму досведу, назапашанаму за час узвядзення новага будынка галоўнай бібліятэкі краіны.

Да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

#BelBookChallenge рэкамендуе: зборнікі любоўнай лірыкі

2 Сак 2021

У першыя вясновыя дзянькі сэрца патрабуе цяпла не толькі ад тэрмометра, але і ў душы. А дзе шукаць сардэчнае цяпло, як не ў каханні? Першыя цёплыя абдымкі квітнеючага юнацтва або жар шчырых пачуццяў на піку адносін – усё гэта, вядома, ёсць і ў жыцці, але перад тым, як акунуцца ў любоўныя перыпетыі, варта патрэніравацца на кнігах. А, як мы ведаем, нішто не раскажа пра каханне лепш, чым паэзія! Наступная тэма BelBookChallenge – зборнікі любоўнай лірыкі.

Блог прафесійнага чытача

3 Сак 2021

Сусветны дзень пісьменніка 3 сакавіка на канале «Беларусь 3» адзначаць паказамі праграм, прысвечаных беларускім класікам. А 5 сакавіка ўбачым экранізацыю п'есы «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы, юбілей якога адзначаецца сёлета.

Навіны бібліятэк

Залатая Горка, Доўгі Брод, Пярэспа: гісторыя пасляваеннага Мінска ў фотадакументах

2 Сак 2021

Гісторык і экскурсавод Іван Сацукевіч прадставіў на ХХVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы сваю кнігу “Минск: из руин к процветанию”. Выданне прысвечана пасляваеннай гісторыі сталіцы ў перыяд з 1944 па 1979 год.

Навіны бібліятэк

Бібліятэкарам
111