ГалоўнаяНавуковая дзейнасцьНавукова-даследчая дзейнасць

Навукова-даследчая дзейнасць

Навукова-даследчая дзейнасць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) накіравана ў першую чаргу на прагназаванне далейшага развіцця галіны ў цэлым і аптымізацыю функцыянавання НББ у прыватнасці.

За сваю шматгадовую гісторыю бібліятэка ажыццявіла шэраг буйных навуковых даследаванняў, неаднаразова прымала ўдзел у комплексных рэспубліканскіх і міжнародных даследаваннях.

Навуковыя даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства з 70-х гг. XX стагоддзя накіраваны на вывучэнне гісторыі бібліятэчнай справы, мадэляванне прагнозаў развіцця галіны, фарміраванне дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы краіны, вывучэнне зместу і тэхналогіі абслугоўвання розных груп насельніцтва, распрацоўку навуковых рэкамендацый па фарміраванні і задавальненні чытацкіх запытаў, аптымізацыю бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання, аналіз стану і эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк рэспублікі, у тым ліку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Навуковая дзейнасць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў галіне кнігазнаўства накіравана на распрацоўку тэарэтычных і практычных пытанняў фарміравання Нацыянальнага фонду кніжных помнікаў Беларусі і адпрацоўку навуковых метадаў і прынцыпаў адбору дакументаў у дадзены фонд, вывучэнне калекцый інкунабул, рукапісаў, кірыліцы, палеатыпаў, палонікі XVIII ст., архіўных дакументаў.

Адным з галоўных напрамкаў навуковай работы бібліятэкі з’яўляецца даследаванне праблем бібліятэказнаўства і практычнай бібліяграфіі. Асноўнымі задачамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў галіне бібліяграфазнаўства з’яўляюцца вывучэнне тэорыі, гісторыі, методыкі арганізацыі нацыянальнай бібліяграфіі, а таксама эфектыўнасці выкарыстання бібліяграфічных дапаможнікаў бібліятэкамі рэспублікі і прапаганда бібліяграфічных ведаў, распрацоўка навуковых, метадычных і тэхналагічных падыходаў да генерацыі новай інфармацыйнай прадукцыі НББ і абнаўлення той, што ўжо існуе.

З сярэдзіны 90-х гадоў XX стагоддзя Нацыянальная бібліятэка Беларусі пачала ажыццяўленне навукова-даследчай дзейнасці ў галіне інфармацыйных тэхналогій (ІТ). Вынікам прыкладных даследаванняў ў галіне ІТ сталі распрацоўкі новых метадаў і прыёмаў рэтраспектыўнай канверсіі картачных каталогаў у машыначытальныя масівы, алічбоўкі дакументнага фонду і стварэння электронных калекцый, апісання лічбавых дакументаў, іх інтэграцыі ў сеткі і інш.

111