ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіВіртуальнае падарожжа з Янкам МаўрамВіртуальнае падарожжа з Янкам Маўрам
Віртуальнае падарожжа з Янкам Маўрам

Віртуальнае падарожжа з Янкам Маўрам

Ці магчыма здзейсніць падарожжа ў краіну, не наведваючы яе? Так, магчыма. І менавіта такое падарожжа прапануе ажыццявіць сваім чытачам знакаміты беларускі пісьменнік Янка Маўр з дапамогай сваіх кніг і ілюстрацый беларускіх і расійскіх мастакоў.

Яго кнігі, створаныя амаль стагоддзе таму, і дагэтуль ўражваюць надзвычайнымі прыгодамі і яскравымі апісаннямі. Творы Янкі Маўра ў пачатку XX стагоддзя дазволілі чытачу пабываць у такіх экзатычных кутках Зямлі, як Новая Гвінея (аповесць “У краіне райскай птушкі”, 1926), Вогненная Зямля (аповесць “Сын вады”, 1927), Ява (раман “Амок”, 1928), а таксама наведаць прыгожыя мясціны беларускага Палесся (аповесць “Палескія рабінзоны”, 1929).

Гэтаму аўтару належаць першыя у беларускай літаратуры творы ў прыгодніцка-фантастычным жанры. Янка Маўр рызыкнуў паказаць раслінны і жывёльны свет, норавы і побыт мясцовых жыхароў аддаленых краін. Чытачу нават можа падацца, што аўтар не толькі бываў у тых мясцінах, але і правёў там даволі доўгі час.

І сапраўды здзіўляе той факт, што Янка Маўр ніколі не быў у далёкім замежжы. Так, ён праехаў ад Варшавы на захадзе да Байкала на ўсходзе, ад Мурманска на поўначы да Каўказа на поўдні, але ніколі не быў у краінах, якія ён апісвае ў творах. Аднак валоданне мовай эсперанта – універсальнай штучнай мовай, створанай на лацінскай аснове, – дазваляла яму быць звязаным з даследчыкамі бадай што ўсяго свету і ведаць да дробязей побыт і жыццё людзей Інданезіі, Барнеа, Суматры, Новай Зеландыі ці Аўстраліі.

Адкуль жа пачалася гэтая любоў да падарожжаў і экзатычных краін? Верагодней за ўсё – з дзяцінства пісьменніка, калі маці засталася адна з маленькім сынам на руках без гаспадаркі, без сваёй зямлі і вымушана была шукаць працу ў розных вёсках, пераязджаючы з месца на месца. Магчыма, менавіта гэтыя пераезды і абудзілі ў душы хлопчыка любоў да змены месцаў, да падарожжаў, у якіх заўсёды ёсць чаканне новага і прадчуванне неверагоднага.

Тое, што даросламу здалося б цяжкасцю, дзіцячая душа разумела як прыгоды. Вось які ўспамін мы знаходзім у аўтабіяграфічнай кнізе Янкі Маўра “Шлях з цемры”: “…Недзе за горадам мы знайшлі зачараваную краіну. Дарослыя людзі сказалі б, што гэта было невялікае заросшае возера, а для нас гэта быў вялікі і таемны свет. Мы ведалі, што недзе побач было мора, але мы яго бадай што і не бачылі. Яно было з другога боку горада, дзе жывуць чужыя людзі ў прыгожых дамах, і нам туды ісці не выпадала. Ды і навошта нам гэтае мора, калі тут у сто разоў лепей? Тут вада цёплая, густая, зялёная. Ці станеш, ці ляжаш – заўсёды табе і цёпла, і мякка. А побач уздымаецца чаротнік, аір, і расце ён не абы як, а вуліцамі. Паўзеш пасярод такой вуліцы, а па баках высокія-высокія сцены, толькі неба відаць. Па зялёнай вадзе за табой застаецца след, таксама добрая рэч :гэта значыць, што ты першы пралажыў тут дарогу”.

А потым, калі Янка Маўр ўжо стаў вучнем рамеснага вучылішча, у яго з’явілася мара – займець лодку і на ёй аб’ехаць усе рэкі і моры, усе кантыненты…

Імкненне да пазнання свету і незвычайная сіла фантазіі дапамаглі аўтару знайсці адказ на пытанне, як пісаць, пра што пісаць. Вось як, па яго словах, узнікла ідэя напісання першай прыгодніцкай кнігі: “Дык калі я напісаў сваю першую самадзейную аповесць «Чалавек ідзе», то Якімовіч вельмі зацікавіўся ёю і надрукаваў у «Беларускім піянеры» ў 1924 годзе. Пасля мяне паклікаў у выдавецтва Цішка Гартны і кажа, што беларусы не маюць свайго Майн Рыда і што мне трэба напісаць прыгодніцкую кніжку. Як жа яе напісаць? «А ты паглядзі ўважліва на карту», – гаворыць Гартны. Прыйшоў я дамоў. Вось жа задача: глянь на карту паўшар’яў і вывудзь што-небудзь прыгодніцкае. Узяўся я за астравы, на якіх бываў Міклуха-Маклай. Пачаў капацца, варушыцца – і з’явілася аповесць «У краіне райскай птушкі»”.

Пасля яе з’явіліся многія апавяданні, аповесць “Сын вады”, раман “Амок”. На жаль, Янка Маўр так і застаўся адзіным прадстаўніком беларускай прыгодніцкай літаратуры такога маштабу. На заканамернае пытанне “Чаму?” сам Янка Маўр адказваў так: “Сакрэт вельмі просты. Каб сабраць ураджай, патрэбны гады падрыхтоўкі. Мае пісанні – гэта вынік карпатлівай папярэдняй работы”.

І да сённяшняга дня мы з задавальненнем чытаем захапляльныя творы аднаго з самых яскравых і самабытных беларускіх пісьменнікаў – Янкі Маўра.

Бібліятэкарам