ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіВіртуальнае падарожжа з Янкам МаўрамПадарожжа па беларускім Палессі (аповесць “Палескія рабінзоны”, 1929)
Падарожжа па беларускім Палессі (аповесць “Палескія рабінзоны”, 1929)

Падарожжа па беларускім Палессі (аповесць “Палескія рабінзоны”, 1929)

Лясное мора

Хлопцы нерухома сядзелі адзін супраць аднаго, нібы буслы ў гняздзе, і пазіралі то на дно лодкі, дзе было пальцы на чатыры вады, то адзін аднаму ў вочы.

Човен, які і без таго мала высоўваўся з вады, цяпер яшчэ больш апусціўся. І яшчэ больш небяспечным быў кожны рух.

А навакол разляглося неабсяжнае каламутнае мора. Далёка ззаду ледзь віднеўся бераг, ад якога яны ехалі, а наперадзе, яшчэ далей, паўставаў той лес, на які хацеў паглядзець Мірон. Да лесу гэтага было яшчэ далёка, але затое ехаць туды было цікавей. Улетку тут канчалася возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой. Гэтай вадзе не відаць было канца-краю, апрача той палоскі лесу на даляглядзе. І на ўсёй гэтай прасторы то там, то там вытыркаліся з вады верхавіны дрэў і кустоў – то паасобку, то групамі.

Надвор’е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся. То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе. Першы раз адбылася яна з месяц назад, з крыгамі, замаразкамі. Пасля таго тыдні са два трымалася сапраўдная, цёплая вясна. Вада амаль сышла, але потым зноў пачаліся дажджы і снег. Ужо тыдзень, як скончылася і гэтая непагадзь. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх аколіц, асабліва з поўначы.

Скарбы прыроды

Ціха ішлі яны па лесе, пільна прыглядаючыся навокал. За гэты невялікі час, як яны апынуліся на востраве, прырода значна змянілася. Лісце на дрэвах загусцелася, трава паднялася. Здавалася, і птушак больш стала, мацней разляталіся па лесе іх галасы. Вось пінькае лілавагрудая зябка, вось заліваецца чорны дрозд, свішча жоўтая івалга, стукаюць дзятлы.

Заварушыліся розныя казюлькі, а ў цяньку пачуўся непрыемны звон камароў.

Сям-там пераскакваюць з дрэва на дрэва вавёркі.

– Вось каб яшчэ арэхаў знайсці! – прамовіў Мірон.

– Разласаваўся, – усміхнуўся Віктар. – Не на кожным кроку гэта здараецца, брат ты мой. Нават каб і знайшлі такое самае дупло, дык гэта зусім не значыць, што там абавязкова будуць арэхі: маглі і вавёркі з’есці за зіму.

Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер скуры – руды з белымі плямамі.

Мірон няўважліва зірнуў на яе і прамовіў:

– А гэта не вавёрка?

– Тсс! – шапнуў Віктар і прытрымаў рукою Мірона. – Гэта гарнастай!

– Няўжо ж ён такі нікчэмны? – здзівіўся Мірон.

– Зімою ён белы, а цяпер якраз змяняе зімовае адзенне на летняе. Самая галоўная яго адзнака – канец хваста, які заўсёды бывае чорным.

Гарнастай тым часам знік з вачэй.

Мірон зняважліва паціснуў плячыма.

– А я думаў – гарнастай немаведама што такое. Раней жа ніхто не меў права насіць гарнастаевыя футры, апрача цароў ды князёў.

– Я думаю, каб цары прысвоілі сабе таксама выключнае права на лапці, тады і лапці лічыліся б найбагацейшай і самай моднай рэччу, – усміхнуўся Віктар.

Праз некаторы час натрапілі на вожыка. Убачыўшы небяспеку, небарака зараз жа скруціўся ў клубок. Хлопцы падышлі да яго і пачалі меркаваць, што з ім рабіць.

– Каб былі дома, то ўзялі б яго жывым на пацеху, а тут што з ім будзеш рабіць? Есці, мусіць, яго нельга, – разважаў Віктар.

– А трэба было б і яго як-небудзь скарыстаць, – напружана думаў Мірон. – Могуць, напрыклад, спатрэбіцца ягоныя іглы ў якой-небудзь справе.

– А ведаеш што? – схапіўся Віктар. – Калі ўзяць яго скуру ды абкруціць ёю канец нашай дубіны, дык будзе такая булава, што з ёю хоць на мядзведзя ідзі!

– Вось бачыш!

– Але ж як шкада забіваць гэтае мілае стварэнне! – уздыхнуў Віктар.

Аднак прыйшлося забіць. Да журавін і змяінай скуры далучыўся вожык. З гэтай здабычай яны і вярнуліся дадому.

…Асабліва кінулася ў вочы, калі праз некаторы час яны заўважылі на спадзе, пад аховай дрэў, купку не то травы, не то кустоў з вялікімі прыгожымі залаціста-жоўтымі кветкамі. Падышоўшы бліжэй, хлопцы ўбачылі, што некаторыя сцяблы дасягаюць двух метраў вышыні. Лісце было прадаўгаватае, тоўстае, нібы тлустае. Ад кветак ішоў моцны пах. Усё гэта рабіла ўражанне, нібы расліна гэтая з’яўляецца тут нейкім госцем.

– А гэтая штука досыць цікавая! – прамовіў Віктар і пачаў кратаць кветкі і лісце. – Нібы нейкія там фікусы ці рададэндраны – ліха іх ведае, – што часам трымаюць у пакоях, у гаршках. Ды і пах такі, што можна адурэць.

Мірон жа, здавалася, глядзеў на расліну з нейкім хваляваннем.

– Так, – сказаў ён нарэшце. – Гэта – азалія, або, як кажуць у народзе, “божае дрэўца”. Чытаў пра яе і нават дзівіўся, чаму гэта яе так паважаюць. Наш прафесар Адамаў нават спецыяльна ездзіў у нейкі кут Беларусі, каб паглядзець на яе і даследаваць. Апісаў падрабязна: і якія суседзі каля яе растуць, і якое дрэва, і якім клінам яна размясцілася, і які каменьчык знаходзіцца пад ёй. А ўрэшце ўзняў хадайніцтва, каб агарадзіць і абараніць яе.

(Янка Маўр. Аповесць “Палескія рабінзоны”. Мастак Ю.К. Зайцаў.)

Кароткая даведка пра беларускае Палессе

Бібліятэкарам