“Прыйдзе час… Мяне яшчэ пашукаюць”
Я. Драздовіч
Язэп Драздовіч – адна з найбольш значных, самабытных і незвычайных асоб беларускай культуры і мастацтва. Творчы дыяпазон майстра настолькі разнастайны, што здаецца немагчымым аднесці яго да адзінай плыні, напрамку, стылю, віду дзейнасці: Язэп Нарцызавіч быў не толькі таленавітым мастаком і скульптарам, але і выдатным пісьменнікам, паэтам, настаўнікам, этнографам, фалькларыстам, філосафам, хірамантам, археолагам, тэатральным дзеячам, астраномам-аматарам і заснавальнікам беларускай тэарэтычнай астраноміі. Немагчыма зразумець, як гэты чалавек за свой нядоўгі, поўны цяжкасцей шлях здолеў ахапіць такую шматграннасць жыцця, спрыяць адраджэнню нацыянальнай культуры, спазнаць неверагоднае, адчыніць перад людзьмі дзверы будучыні і дазволіць ім марыць… Невыпадкова беларускі мастак, сучаснік Драздовіча Пётра Сергіевіч назваў творцу “нашым маленькім павятовым Леанарда да Вінчы”.

Аўтапартрэт. 1943
Жыццё Язэпа Драздовіча праходзіла на фоне найскладанейшых гістарычных падзей – Першай сусветнай вайны, у якой ён прымаў самы непасрэдны ўдзел, рэвалюцыйных пераўтварэнняў, Другой сусветнай вайны. Больш за гэта, на долю мастака прыйшлося вельмі шмат цяжкасцей, звязаных са складанымі жыццёвымі ўмовамі, голадам і нястачай, чалавечым непаразуменнем і адзінотай.

Космас. 1943
Пры жыцці незвычайнае светаўспрыманне Драздовіча, вялікае захапленне космасам і планетамі не знайшло водгуку ў ягоных сяброў і сучаснікаў, што надало яму рэпутацыю дзіўнага і нават звар`яцелага мастака. Дагэтуль яшчэ ніхто на Беларусі і не марыў пра касмічныя вандроўкі, жыццё на іншых планетах, не думаў, з чаго складаюцца кольцы Сатурна і як выглядаюць сатурняне. Але такі лёс спасцігае многіх творцаў, навукоўцаў, геніяў, апярэдзіўшых свой час. Незразумелы людзьмі, Драздовіч паступова ператвараецца ў маргінала і самотнага чалавека, абраўшы шлях “вечнага вандроўніка” з бясконцымі падарожжамі па роднай зямлі. За гады вандровак, ён збіраў і запісваў фальклор, склаў дыялектычныя слоўнікі, займаўся археалогіяй, стварыў вялікую колькасць графічных замалёвак і маляваных дываноў.
Сёння ўжо нельга ўявіць Язэпа Драздовіча ў іншым абліччы, няйнакш як мудрацом, прарокам, які безупынна ідзе па дарогах Беларусі, абапіраючыся на кій і ствараючы такім чынам своеасаблівы архетыпічны вобраз, неад`емна звязаны са шляхам, рухам наперад. Так, на дарозе, у 1954 годзе і скончылася зямное вандраванне гэтага незвычайнага чалавека…

Гасцінец. 1925
Доўгі час пра жыццё і дзейнасць Язэпа Нарцызавіча Драздовіча, “дзядзькі Язэпа”, як яго называлі знаёмыя, не было добра вядома. Яго імя стала яркім адкрыццём у Беларусі ў 1984 годзе дзякуючы выхаду ў свет кнігі “Вечны вандроўнік” вядомага пісьменніка і навукоўца Арсеня Ліса.
На сённяшні дзень цікавасць да асобы Язэпа Драздовіча не змяншаецца. Праходзяць выстаўкі, пленэры і навуковыя канферэнцыі ў яго гонар, выдаюцца манаграфіі, прысвечаныя творчасці мастака, ствараюцца дакументальныя фільмы. Астранамічныя гіпотэзы і яго мары аб палётах у касмічную прастору цалкам увасобіліся і працягваюць сваё далейшае развіццё. Язэп Драздовіч верыў: “Прыйдзе час… Мяне яшчэ пашукаюць”. Прадказанні гэтага дзіўнага чалавека, несумненнага майстра і сапраўднага прарока здзейсніліся.