Парыжскі “Вулей”: сусветна вядомыя мастакі з Беларусі

У кожнага дзве Радзімы – яго ўласная і Парыж.

Томас Джэферсан


Парыжская школа – гэта ўнікальнае сузор’е вялікіх мастакоў, умоўная назва для пакаленняў творцаў, якія жылі і працавалі ў Парыжы з 1900 да 1960-х гадоў. Сярод іх – вядомыя на ўвесь свет імёны: Пабла Пікасо, Амедэа Мадыльяні, Піт Мандрыян, Дыега Рывера, Фернан Лежэ, Васілій Кандзінскі, Наталля Ганчарова, Міхаіл Ларыёнаў, Марк Шагал, Хаім Суцін, Надзя Лежэ… Мастацтвазнаўцы даўно прыйшлі да высновы, што Парыжская школа ў выяўленчым мастацтве – гэта не напрамак, не стыль, а гістарычны факт.

У пачатку ХХ ст. Парыж лічыўся сталіцай сусветнага мастацтва і прыцягваў творцаў з розных краін, у тым ліку мноства аўтараў з Беларусі, якія далі падставу згадваць нашу краіну ў кантэксце сусветнага мастацтва. Менавіта для творцаў у 1902 годзе скульптар А. Бушэ стварыў будынак пад назвай “Віла Медычы”, які складалі майстэрні і жылыя памяшканні. Згодна з вобразам будынка, асаблівасцямі яго знешняй канструкцыі, самі мастакі пазней назвалі яго “Вулей”, які з 1905 па 1930 год з’яўляўся цэнтрам артыстычнага жыцця не толькі Парыжа, але і ўсёй Еўропы. Да сённяшняга часу гэты ўнікальны будынак застаецца месцам прыцягнення мастакоў і аматараў мастацтва са ўсяго свету.

“Вулей” на пачатку ХХ ст.

“Вулей” на пачатку ХХ ст.

Жыццё рознымі шляхамі прывяло кожнага з беларускіх мастакоў у французскую сталіцу, розныя лёсы напаткалі іх, але аб’ядноўвала барацьба за выжыванне, падтрымка адзін аднаго і ўнікальная атмасфера творчага спаборніцтва, якая панавала ў “Вуллі”. Пераадольваючы голад і хваробы, матэрыяльную нястачу і бытавыя цяжкасці, любоўныя драмы і творчыя крызісы, яны змаглі стаць у адзін шэраг з карэннымі французамі, а вядомая Парыжская школа ўзбагацілася нацыянальнымі адценнямі. Сёння, акрамя вядомых Марка Шагала, Хаіма Суціна, Надзі Лежэ, свету адкрыліся імёны Восіпа Цадкіна, Міхаіла Кікоіна, Пінхуса Крэменя, Восіпа Любіча, Шрагі Царфіна, Яўгенія Зака, Якава Балглея, Роберта Геніна. Гэтыя асобы і іх творчасць усё больш прыцягваюць ўвагу сусветных і беларускіх мастацтвазнаўцаў і калекцыянераў.

Тэрмін “Парыжская школа” ўпершыню ўвёў мастацкі крытык А. Варно, які ў сваёй кнізе “Колыбель молодой живописи: Парижская школа” (1925) пісаў: “Парыжская школа існуе. Пазней гісторыкі мастацтва змогуць лепш за нас вызначыць яе характар і вывучыць элементы, з якіх яна складаецца”.

Сёння нельга не пагадзіцца з гэтай думкай: творчасць мастакоў Парыжскай школы даследавана як сусветнымі, так і айчыннымі навукоўцамі, у гонар гэтых асоб названы вуліцы, адчынены музеі і галерэі, праходзяць пленэры, выставачныя праекты, арганізуюцца канферэнцыі, выдаюцца кнігі, здымаюцца фільмы, ладзяцца тэатральныя пастаноўкі, збіраецца і захоўваецца іх спадчына…

Тытульны ліст кнігі А. Варно

Тытульны ліст кнігі А. Варно
“Колыбель молодой живописи: Парижская школа”
(1925)

Парыжскую школу нельга ўявіць без нашых суайчыннікаў, якія прыўнеслі ў яе вялікую долю ўласнай эстэтыкі. Вобразна і яскрава пра іх ўнёсак у сусветнае мастацтва напісаў вядомы даследчык і крытык Уладзімір Шчасны: “Мёд, прынесены ў парыжскі «Вулей» з Беларусі, збіраўся з розных кветак. Яны не былі яркімі, але пах непрыкметных на першы погляд раслін верасовых раўнін заўсёды стойкі, бо кожная з іх мае свой асаблівы водар. І сабраны з іх мёд не бывае занадта салодкім. Ён заўсёды крыху гарчыць. Паветра Парыжа зрабіла яго яшчэ аскомістым”.


Бібліятэкарам