Паклон з дарогі, паклон з далёкай
Чужым і блізкім – паклон, паклон…
Да зараніцы залатавокай
Іду ў прывабны, іду ў палон.


Уладзімір Марцінавіч Хадыка (3.01.1905, в. Цітва, Ігуменскі павет, Мінская губерня – 1.07.1940, станцыя Ер каля Улан-Удэ) – беларускі паэт і перакладчык.

Уладзімір Хадыка

Паэт нарадзіўся ў вёсцы Цітва Ігуменскага павета (зараз Пухавіцкі раён) у сям’і селяніна-парабка. Сям’я была шматдзетнай – дзевяць дзяцей. Звыклы да цяжкай працы, Уладзімір з 12 гадоў стаў парабкам. З ранняга дзяцінства ў хлопчыку прачнулася цяга да вучобы і ведаў. Яшчэ да школы ён зацікавіўся кнігамі, а калі стаў вучнем, сабраў невялічкую бібліятэку. Вучыцца даводзілася зімамі, калі не было столькі працы, але ўсё ж хлопец скончыў Дудзіцкую пачатковую школу, а ў 1923 г. – агульнаадукацыйныя курсы ў Мінску. Вярнуўшыся з вучобы, працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Асака Дудзіцкага сельсавета.

У 1925 г. удзельнічаў у першым з’ездзе літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Першы Усебеларускі з’езд аб’яднання “Маладняк”

Першы Усебеларускі з’езд паэтаў і пісьменнікаў аб’яднання “Маладняк”. У 2-м радзе: Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Станіслаў Шушкевіч (?), Алесь Якімовіч, Максім Лужанін, Кастусь Губарэвіч, Уладзімір Хадыка (?), ?, ?, Мікола Міцкевіч, Паўлюк Трус, Юрка Лявонны, ?, Сымон Хурсік, Мікола Ільінскі. З фондаў БДАМЛМ.

“Суніцы”

Першыя яго вершы “Пуціна срэбная, сінь бору мудрая…”, “Па вясновым торам” былі надрукаваны ў часопісе “Чырвоны сейбіт” (1926, № 4). “Тыповая біяграфія паэта-маладнякоўца другога закліку, другой «хвалі»”, – адзначаў Р. Бярозкін. Таму і першы зборнік аўтара, які выйшаў у серыі “Кніжніца «Маладняка»”, “Суніцы” (1926) па змесце і “бурапенных” спосабах падачы матэрыялу – тыпова маладнякоўская кніжка.

Пасля выхаду кнігі У. Хадыкі “Суніцы” (1926) афіцыйная крытыка ўшчувала паэта за “нацыяналістычныя настроі”.

Максім Гарэцкі вылучаў у першым зборніку паэта тры асноўныя матывы: радасць новага жыцця, любоў да Беларусі, яе прыроды і тужлівыя асабістыя перажыванні, далей удакладняючы: “…лепшыя месцы ў зборніку – у вершах, напісаных пад уплывам імажынізму, але з большаю самастойнасьцю. <…> Пазьнейшыя вершы У. Хадыкі вызначаюцца своеасаблівай імпрэсіяй, пэўнай настраёвасьцю і адшліфаванай формаю”.


У пачатку сакавіка 1927 г. у час перарэгістрацыі “Маладняка” У. Хадыка атрымліваў членскі білет № 22 у ваеннай форме: у той час ён служыў у Чырвонай Арміі (1926–1927) у Навазыбкаве на Браншчыне.

Членскі білет У. Хадыка

Перасяліўшыся ў Мінск у 1928 г., Хадыка меў намер паступіць у БДУ, аднак яго не дапусцілі да ўступных іспытаў, бо не хапала належнай падрыхтоўкі. З 1929 г. працаваў сакратаром часопіса “Полымя”.

“…прыгожы, русагаловы чалавек. Жывыя, трошкі насмешлівыя вочы надаюць ягонай маладой прыгажосці прывабнасць і абаянне высокай адухоўленасці. Гэта ён, наш агульны любімец, Уладзімір Хадыка. Сабрацці па пяру любяць яго за дабрыню і дасціпнасць, і вядома, за вершы, зайздросна добрыя самабытныя вершы”.

Аляксей Зарыцкі

Уладзімір Хадыка. Сяброўскі шарж Цфаніі Кіпніса. 1932 г.

Уладзімір Хадыка. Сяброўскі шарж Цфаніі Кіпніса. 1932 г.

У 1930-я гг. жыў з літаратурнай працы, быў адным з арганізатараў нефармальнай суполкі ТАВІЗ – “Таварыства аматараў выпіць і закусіць”, якое дзейнічала ў гэтыя гады сярод беларускіх пісьменнікаў. Насамрэч, акцэнт рабіўся на нефармальнасць згуртавання, непадкантрольнасць палітызаванаму літаратурнаму афіцыёзу. Пасля жаніцьбы пакінуў суполку.

“На паседжаньнях багемы без старшыні і сакратара за кухлем ці кілішкам чыталіся творы, якія пісалі для сябе, а не для друку. Тут кожны адчуваў сябе самім сабой, тут скідваліся тыя «маскі», пра якія прыгадваў Язэп Пушча”.

Юрка Віцьбіч


У 1931 г. за ўдзел у ТАВІЗе Хадыка быў выключаны з БелАПП, пра што сведчыла хроніка ў часопісе “Маладняк” (1931, № 1). З 1934 г. – член Саюза пісьменнікаў БССР.

Да часу свайго зняволення Хадыка паспеў выдаць толькі тры кнігі паэзіі: “Суніцы” (1926), “Выбраныя вершы” (1932), “Радасны будзень” (1935). У Маскве рыхтаваўся зборнік яго вершаў на рускай мове, але па прычыне адмоўнага водгуку Г. Шэнгелі кніга не выйшла. Пісаў ён і пад псеўданімам Лухалі (з С. Ліхадзіеўскім і М. Лужаніным).

“Выбраныя вершы”
“Радасны будзень”


Цікава піша Мікола Хведаровіч пра працу Уладзіміра Хадыкі, яго ўніклівую распрацоўку кожнай дэталі і слова ў вершы. Над радком ён мог прасядзець некалькі гадзін, пакуль той “не загаворыць з аўтарам”. І таму ўдалая фраза ці трапнае слова прыносіла вялікую радасць паэту. Уедлівасць Хадыкі можна растлумачыць асаблівасцямі яго характару:

“Хадыка быў вялікі акуратыст. Ніколі я не заўважаў на ім нясвежай кашулі. Яго адзіны гарнітур быў заўсёды старанна адпрасаваны.<…> Прыемна прыгадваць зараз, што гэтая ашчаднасць адчувалася і ў творчасці. Словы былі дарагія, і імі не вельмі раскідаліся”.

Мікола Хведаровіч

Найбольш сталае з напісанага Уладзімірам Хадыкам адносіцца да пачатку і сярэдзіны 1930-х гг. Ён становіцца лірыкам, для якога непрымальныя няшчырасць, несумленнасць у вершы. У сярэдзіне 1930-х, калі ў паэзіі паўсюль запанавала калектыўнае і няпэўнае “мы”, у творах Хадыкі па-ранейшаму гучала яго “я”, як у пераносным сэнсе, так і літаральна. Ён не спакушаўся воклічным, публіцыстычным вырашэннем балючай для яго тэмы. З вершаў пачатку 1930-х паўстае складаная гама пачуццяў чалавека, які не бяздумна перажывае “вялікі пералом” у вясковым жыцці, усё яшчэ блізкім яму, ужо гараджаніну, – тут і спроба задушыць у сабе ўспамін пра вёску, і разам з тым гаворка пра яе як пра нешта пазбытае, пераадоленае. Драматызм перадаецца праз развагі пра мінулае вёскі, пра свае карані.

Ускапаю дзедаўскі дрывотнік,
Па каліву перабяру…

Таму тагачасная крытыка не зусім прыхільна сустракала яго паэзію, абвінавачваючы ў невыразнасці, містыфікацыі, суб’ектыўнасці. Ад маладых паэтаў у тыя часы чакалі стварэння грамадзянскай лірыкі, ухвалення надыходу дыктатуры пралетарыяту. На агульных сходах пісьменнікаў яго імкнуліся “перабудаваць”, “пачэсныя крытыкі накідваліся на яго, як сабакі, ад якіх цяжка адчапіцца”.

“У кулуарах гаварылі, што гэта найлепшы паэт, а ў крытыцы і на літаратурных сходах называлі песімістам, неграмадскім чалавекам, які не знайшоў з пралетарыятам супольнай дарогі”.

Масей Сяднёў

Паэзію У. Хадыкі высока цаніў Янка Купала, у 1934 г. нават прысвяціў яму эпіграму “Валодзю Хадыку”. У адказ Янку Купалу У. Хадыка напісаў верш “Ад сэрца” (“ЛіМ”, 6 жн. 1935 г.).

Аўтар яскрава праявіў сябе як перакладчык на беларускую мову паэтычных і празаічных твораў: апавяданні А. Чэхава, М. Горкага (“Песня пра Буравесніка”, п’есы “Мяшчане”, “На дне”, “Чалавек”, “Дачнікі”, “Дзеці сонца”, “Варвары” і інш.), раман К. Гарбунова “Ледалом”, кніга выбраных твораў У. Бахмецьева “Людзі і рэчы”, раман М. Шолахава “Ціхі Дон”.

“Ледалом”
“Дзёньнік румынскага салдата”
“Ціхі Дон”



26 лістапада 1936 г. (у адпаведнасці са звесткамі Л. Маракова) паэта арыштавалі, а ў 1937 г. асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі і на 5 гадоў – грамадзянскіх праў. Яго накіроўваюць спачатку ў лагер Нова-Іванаўка Кемераўскай вобласці, а пасля пераводзяць на каменаломні ў Навасібірскую вобласць. Паводле ўспамінаў іншых літаратараў-катаржнікаў С. Шушкевіча і М. Сяднёва, Хадыка працягваў пісаць і ў зняволенні, занатоўваў вершы на паперы для курэння, а потым зашываў у каўнер кажуха.

“Духам Хадыка быў нязломны. Трэба было толькі дзівіцца яго самаўпэўненасці і самаахвярнасці. Нягледзячы на страшэнныя ўмовы, Хадыка шмат пісаў. Некаторыя ж вершы гінулі пасля таго, як яны былі каму-небудзь прачытаныя. Хадыка мужна пераносіў усе цяжкасці лагернага быту”.

Масей Сяднёў

Загінуў паэт 1 ліпеня 1940 г., расціснуты каменнай глыбай у вапняковым кар’еры. Жорстка абышоўся лёс і з сям’ёй Хадыкі. Пасля зняволення паэта яго старэнькая маці, батрачка, і жонка Фаіна з маленькім сынам на руках засталіся бяздомнымі. У час Вялікай Айчыннай вайны Фаіна была расстраляна, а сямігадовы Уладзік загінуў у лагеры Трасцянец.

Пасля смерці паэта выходзілі зборнікі яго выбраных твораў. Першы ўбачыў свет у 1959 г., аднак, як адзначалі даследчыкі, у кнізе было шмат адвольных правак, скарачэнняў, тэкставай блытаніны, тое ж назіралася і ў другім зборніку, які выйшаў у серыі “Бібліятэка беларускай паэзіі” ў 1969 г. Самае апошняе, найбольш поўнае выданне твораў паэта, укладзенае А.Л. Вераб’ём, “На ўзвеях дзён” (1986) – невялікая кніжачка, куды ўвайшлі творы з яго зборнікаў, а таксама вершы, апублікаваныя на старонках “Маладняка”, “Звязды”, “Савецкай Беларусі” і іншых выданняў у 1926–1936 гг.

Паэзія першай паловы XX стагоддзя
“На ўзвеях дзён”


Даследаванне творчасці Уладзіміра Хадыкі не спыняецца. Так, былі падрыхтаваны матэрыялы пра лёс пісьменніка Яўгенам Гарадніцкім, Міколам Вічом, Анатолем Вераб’ём, Леанідам Мараковым, Віктарам Жыбулем і іншымі. І цяпер цікавасць да гэтай асобы захоўваецца, у 2017 г. у серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры” выйшаў зборнік “Паэзія першай паловы XX стагоддзя: міжваенны перыяд” (т. 15; Мінск, 2017), які змяшчае вершы Уладзіміра Хадыкі.

16 студзеня 2020 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў круглы стол “Маладнякоўскімі крокамі” ў рамках Дня літаб’яднання “Маладняк”, на якім прагучаў даклад даследчыка творчасці У. Хадыкі А. Л. Вераб’я – “Жыццёвы і творчы шлях паэта і перакладчыка Уладзіміра Хадыкі”.

Анатоль Верабей

Анатоль Верабей на круглым стале “Маладнякоўскімі крокамі”.
16.01.2020.
Фота Н. Жарскай

У вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна знаходзіцца сядзіба Бонч-Асмалоўскіх, дзе цяпер размяшчаецца краязнаўчы музей Пухаўшчыны. Тут створаны куток, прысвечаны ўраджэнцу Пухавіцкага раёна, Уладзіміру Хадыку. Супрацоўнікі музея сабралі той нешматлікі матэрыял пра гэтага аўтара, які захоўваецца ў музейных фондах Беларусі: копіі фатаграфій і яго кнігі. Ганаровае месца тут займаюць і вокладкі кніг з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.


Музей
Музей

Экспанаты краязнаўчага музея Пухавіцкага раёна. Сядзіба Бонч-Асмалоўскіх.
04.09.2021.
Фота Т. Лаўрык



Жывы агонь паэтавай душы


Я пакінуў у дарозе многа
Слоў лірычных, незабытных дум.


Уладзімір Хадыка раскрыўся як пранікнёны лірык, здольны перадаць тонкія зрухі ў людскіх думках і пачуццях. Ён менш за ўсё спакушаўся воклічным, публіцыстычным вырашэннем балючых для яго тэм. У ранніх вершах выявіліся прыкметы імажынісцкай паэтыкі і адначасова ўвасобіўся сялянскі погляд на свет. Пры ўсёй сваёй адметнасці паэзія У. Хадыкі ўвабрала многія супярэчлівыя рысы “Маладняка”, ён ухваляў і вітаў новае жыццё. Адзін з першых у беларускай паэзіі паэт пачаў вызваляцца ў другой палове 1920-х гг. ад “бурапеннасці”. У гэты час ў яго лірыцы ўзмацняюцца журботныя, элегічныя матывы. Падобныя змены адбываліся і ў паэзіі П. Труса, Т. Кляшторнага, Я. Пушчы, А. Дудара. Найбольш сталае з напісанага Уладзімірам Хадыкам належыць пачатку і сярэдзіне трыццатых гадоў. Пры жыцці аўтара выйшлі толькі тры зборнікі паэзіі – “Суніцы” (1926), “Выбраныя вершы” (1932), “Радасны будзень” (1935).

Пісьменнік працаваў і як перакладчык, на яго рахунку пераклады твораў М. Горкага, М. Шолахава, А. Чэхава і іншых аўтараў.

Да лепшых узораў інтымнай лірыкі 1920-х гг. Ніл Гілевіч адносіць вершы паэта “Снапок аўса” і “Штандар чырвоны…”.

Снапок аўса

Мне сказала маці: выжні
Ты цялятам асакі…
Калыхаўся ціха здрыжнік
Ля блакітнае ракі.

Мне сказала маці: туга
Натапчы і прынясі…
Гаманіла неба з лугам,
Гаманіла з лугам сінь.

Маці мне сказала: у хату
Ты астатняе ўсып…
Жалі ў полудзень дзяўчаты
Недажатыя аўсы.

Па балотах і аблонях
Я зялёнага шукаў…
Сенажаці збілі коні,
І пасохла асака.

Па дарозе невядомай
Беглі кветкі і раса…
І да матчынага дома
Я прынёс снапок аўса.

1927 г.

“Штандар чырвоны…”

Штандар чырвоны, штандар чырвоны –
Вяночак хатак ў агні зары…
На гонях росных травы зялёнай
У прыполік новы ты набяры.

Ты мне казала – па кветкі збегай,
Ты мне казала – цвітуць лугі.
Шукаў я кветак, шукаў пад снегам,
І ў сэрцы многа было тугі.

А зараз травень, вясёлы травень,
Усюды зелень, усюды рань –
І ты не хочаш ў дзявочай славе
Мінулых сцежак прайсці дэсань…

Брыдзеш са мною, брыдзеш к дуброве, –
К балоту пройдзем – там асака…
Прыпол нажнеш ты, не мне – карове,
Табе карова дасць малака…

На журавіну, на залатую
Скаціўся буйнай слязы крышталь.
Краіну волі і я вартую,
Люблю паходы і кудры сталь.

Паклон з дарогі, паклон з далёкай
Чужым і блізкім – паклон, паклон…
Да зараніцы залатавокай
Іду ў прывабны, іду ў палон.

Для нашай песні я лад прыдбаю –
Жыццём праслухай, душой адчуй…
Мая дзяўчынка, мая любая,
Мяне, салдата, ты не цалуй.

г. Навазыбкаў, 25.1.1927 г.


Творчая спадчына У. Хадыкі стала значным набыткам беларускай літаратуры 1920–1930-х гг.







  • Прыжыццёвыя публікацыі У. Хадыкі ў перыядычных выданнях з фондаў НББ

    1926

    “Пуціна срэбная, сінь бору мудрая…”; Па вясновым торам : [вершы] / У. Хадыка // Чырв. сейбіт. – 1926. – № 4. – С. 8. – (Шыфр НББ: МФ594)

    Беларусь; Вясна : [вершы] / У. Хадыка // Чырв. змена. – 1926. – 30 мая. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//738)

    1927

    “За далінаю нязнанаю…” : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1927. – № 1. – С. 45. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Просіні, зоры чырвоныя…” : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1927. – № 3. – С. 25. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Штандар чырвоны…” : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1927. – № 4. – С. 30. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “У бары і вецер ходзіць блудны…” : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1927. – № 5. – С. 28. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    У чорных забатсьняў лужын…” : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1927. – № 6. – С. 14. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    1928

    “Снапок аўса”; “Не гавары «апошнім словам»” : [вершы] / У. Хадыка // Маладняк. – 1928. – № 1. – С. 37–38. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “За сонцам радаснай даліны…” : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1928. – № 8. – С. 23. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Пад вокнамі срэбная воля…” : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1928. – № 10. – С. 30. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Мне здаецца – калёсы на месце стаяць…” : [верш] / У. Хадыка // Полымя. – 1928. – № 5. – С. 66. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    “Апошнюю песню пяю…” : [верш] / У. Хадыка // Полымя. – 1928. – № 8. – С. 48. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Кулямёты і штыкі : [верш] / У. Хадыка // Полымя. – 1928. – № 10. – С. 72. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    “Ах, якія вятры!..”; “Я бачыў новую карыкатуру”; “Пад соннаю вярбою…” : [вершы] / У. Хадыка // Узвышша. – 1928. – № 3. – С. 107–108. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    “Пасярод зямлі – аблонь…”; “Наўпярэймы ночы выйду я…” : [вершы] / У. Хадыка // Узвышша. – 1928. – № 4. – С. 96–97. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    “Адышла, адгрымела навала…”; “Прысядзем, ночка, на траве…” : [вершы] / У. Хадыка // Узвышша. – 1928. – № 5. – С. 100–101. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    Драбіны коцяцца з гары : [верш] / У. Хадыка // Чырв. сейбіт. – 1928. – № 9. – С. 8. – (Шыфр НББ: МФ594)

    1929

    Сталёвыя хвальбоны : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1929. – № 1. – С. 54. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Зара : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1929. – № 5–6. – С. 75. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Хроніка. Пісьменнікі пра сябе / У. Хадыка // Маладняк. – 1929. – № 7. – С. 107. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    “Гудуць слупы…”; “Дрыжыць дрыгва…” : [вершы] / У. Хадыка // Маладняк. – 1929. – № 11–12. – С. 53–54. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Гарманіст : [верш] / У. Хадыка // Полымя. – 1929. – № 1. – С. 83–84. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Сярод дарог : [верш] / У. Хадыка // Полымя. – 1929. – № 8–9. – С. 41–42. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Прошвы : [верш] / У. Хадыка // Узвышша. – 1929. – № 1. – С. 71–73. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    У мораку; Пад клёнамі : [вершы] / У. Хадыка // Узвышша. – 1929. – № 2. – С. 55–57. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    “Табе я сёння не скажу…”; Пароша : [вершы] / У. Хадыка // Узвышша. – 1929. – № 3. – С. 14–16. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    Трывожны шум : [верш] / У. Хадыка // Узвышша. – 1929. – № 4. – С. 63. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    “У чорным змроку ліхтары…” : [верш] / У. Хадыка // Савец. Беларусь. – 1929. – 23 снеж. – С. 3. – (Шыфр НББ: 4Н//4403)

    1930

    На ўзбярэжжы дзён : цыкл вершаў / У. Хадыка // Маладняк. – 1930. – № 5. – С. 35–38. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    На ўздымах : [вершы] / У. Хадыка // Маладняк. – 1930. – № 11. – С. 83–86. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Над драпежнай чарадою; Бой пераможных рат : [вершы] / У. Хадыка // Узвышша. – 1930. – № 9–10. – С. 14–17. – (Шыфр НББ: 3ОК12702)

    1931

    На варце пільнай і ўпартай : [верш] / У. Хадыка // Маладняк. – 1931. – № 1. – С. 26–27. – (Шыфр НББ: 3ОК6382)

    Радкі лірычнай песні : [верш] / У. Хадыка // Полымя. – 1931. – № 1. – С. 59–65. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Адбіткі сэрца : [верш] / У. Хадыка // Полымя. – 1931. – № 3. – С. 185–192. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    У зялёным адвячорку : [верш] / У. Хадыка // Полымя. – 1931. – № 9. – С. 64–68. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    “Я раз абраў свой дом стары…” : [верш] / У. Хадыка // Чырв. Беларусь. – 1931. – № 10. – С. 11. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    Ад праўд маёй жыццёвай стромы; Проці яснага сонца : [вершы] / У. Хадыка // Чырв. Беларусь. – 1931. – № 13. – С. 10. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    1932

    “Запелі зноў ліпнёвыя вятры…” : [верш] / У. Хадыка // Беларусь калгасная. – 1932. – № 1. – С. 40. – (Шыфр НББ: 3ОК10011)

    Дзве песні : [верш] / У. Хадыка // Беларусь калгасная. – 1932. – № 3. – С. 77. – (Шыфр НББ: 3ОК10011)

    Аб чым у думах сню: “Была пара – я марыў быць…”; “Інакшым ладам быў закон”; “Іду я ніцы ля трасця…”; “Збіралі сілу нашых рот…” : [вершы] / У. Хадыка // Полымя рэвалюцыі. – 1932. – № 1. – С. 104–107. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Далікатныя вершы : [верш] / У. Хадыка // Полымя. – 1932. – № 2. – С. 100–103. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    “Каб звінелі дні”; “Час вялікіх судных рат”; “Вецер свішча праз мяжу”; “Я за айчынай дух раню” : [вершы] / У. Хадыка // Чырв. Беларусь. – 1932. – № 13. – С. 13. – (Шыфр НББ: 3ОК242)

    Змагацца за бяскласавае грамадства / У. Хадыка // ЛіМ. – 1932. – 15 мая. – С. 1. – (Шыфр НББ: 4Н//334)

    1934

    Вершы краіне : [вершы] / У. Хадыка // Полымя рэвалюцыі. – 1934. – № 8. – С. 48–55. (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1935

    За строем дат і рубрык : [верш] / У. Хадыка // Полымя рэвалюцыі. – 1935. – № 3. – С. 33–38. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Пры святле тваіх усмешак : [верш] / У. Хадыка // Полымя рэвалюцыі. – 1935. – № 5. – С. 45–49. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Радзіме : [верш] / У. Хадыка // Полымя рэвалюцыі. – 1935. – № 11. – С. 30–31. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Асенні вечар; Я люблю : [вершы] / У. Хадыка // Полымя рэвалюцыі. – 1935. – № 12. – С. 40–44. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    1936

    Песні з поўдня : [верш] / У. Хадыка // Полымя рэвалюцыі. – 1936. – № 1. – С. 9–16. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Пяць вершаў: “На хвалях дзён, на ўздрыгах буры чорнай…”; “Пазалацелі дрэвы. Восень…”; “Глядзі, якая перад намі…”; “Яшчэ зіма зямлю трымае…”; “Старой зямлі адвечны сполах…” : [вершы] / У. Хадыка // Полымя рэвалюцыі. – 1936. – № 4. – С. 3–7. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Чырвоныя радкі: Слова правадыра; Пачатак свету; Байцы; Зацішак; Рэвалюцыі салдаты : [вершы] / У. Хадыка // Полымя рэвалюцыі. – 1936. – № 5. – С. 82–85. – (Шыфр НББ: 3ОК1714)

    Уверх

Самабытны талент: літаратура пра Уладзіміра Хадыку


У раздзеле прапануецца бібліяграфічны спіс выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які дапаможа даследчыкам пазнаёміцца з трагічным лёсам і творчасцю паэта, перакладчыка Уладзіміра Хадыкі. Асабліва грунтоўна разглядалася творчасць пісьменніка ў кнігах Р. Бярозкіна, М. Стральцова, М. Мішчанчука, цікавасць выклікаюць успаміны пра таленавітага паэта яго сяброў па пяру – А. Зарыцкага, М. Хведаровіча, М. Сяднёва, С. Шушкевіча. Некаторыя з артыкулаў сучасных аўтараў (А. Вераб’я, Т. Лаўрык) алічбаваны і даступны чытачу ў поўным аб’ёме.


Кніжныя выданні






Фотагалерэя



Бібліятэкарам