ДЗЮДО

Дзюдо – від японскай нацыянальнай барацьбы, мадэрнізаванае джыу-джытсу; адно з усходніх адзінаборстваў.

Гісторыя ўзнікнення і развіцця ў свеце

Вучэнне аднаго дабрачыннага чалавека здольна паўплываць на многіх; тое, што было добра засвоена адным пакаленнем, будзе перададзена сотням пакаленняў.

Дзігара Кано

Дзюдо
Крыніца: кніга "Дзюдо. Страницы истории"

Дзюдо – японскае баявое мастацтва, філасофія і спартыўнае адзінаборства без зброі, створанае ў канцы XIX стагоддзя. У адрозненне ад бокса, каратэ і іншых ударных стыляў адзінаборстваў, асновай дзюдо з’яўляюцца кідкі, болевыя прыёмы, утрыманні і ўдушэнні ў партэры.

Слова “дзюдо” ў перакладзе з японскага – “гнуткі шлях да перамогі”, а ідэальны тып дзюдаіста – чалавек, які ставіцца незвычайна мякка да людзей і жыцця. Сваім паходжаннем дзюдо абавязана шматвяковай традыцыі баявога адзінаборства, якое сфармавалася і развілася ў розных школах джыу-джытсу сярэдневяковай Японіі.


Дзігара Кано
Крыніца: кніга "Дзюдо. Страницы истории"

Сучаснае дзюдо было створана вялікім майстрам баявых мастацтваў Дзігары Кано.

У 1882 г. малады Дзігара Кано адкрыў сваю школу барацьбы і назваў яе Кадакан. Паступова новая сістэма атрымала завершаны выгляд. У яе ўвайшлі не толькі прыёмы самаабароны ў стойцы і лежачы, але і спосабы самастрахоўкі. Былі распрацаваны правілы спаборніцтваў.

У пачатку XX стагоддзя клубы дзюдо з’явіліся ў ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі. У 1903 г. японскі дзюдаіст Есіякі Ямасіта правёў дэманстрацыю прыёмаў дзюдо для прэзідэнта ЗША Тэадора Рузвельта і далей на працягу двух гадоў выкладаў дзюдо ў Ваенна-марской акадэміі ЗША.


24 ліпеня 1948 г. быў створаны Еўрапейскі саюз па дзюдо (European Judo Union – EJU).

У 1951 г. пачала працу Міжнародная федэрацыя дзюдо (International Judo Federation – IJF).

Чэмпіянаты Еўропы па дзюдо сталі праводзіцца з 1951 г.

Першы чэмпіянат свету па дзюдо прайшоў у Токіа ў 1956 г., дзе былі прадстаўлены спартсмены 21 краіны. Ён праводзіўся без падзелу на вагавыя катэгорыі.

У 1964 г. дзюдо было ўпершыню ўключана ў праграму Алімпійскіх гульняў. Японскія змагары былі першымі ў трох катэгорыях.


Нараджэнне дзюдо ў Расіі звязана з імем Васіля Ашчэпкава. Ён быў адпраўлены ў Японію, дзе быў прыняты ў інстытут Кадакан. Пасля завяршэння навучання вярнуўся ў Расію і пачаў ствараць секцыі.

Шота Чачышвілі
Крыніца: judoinside.com

На першынстве Еўропы ў Эсэне (Германіі) у 1962 г. зборная СССР па дзюдо атрымала дзве залатыя ўзнагароды – спартсмены Анзор Кібрацашвілі, Анзор Кікнадзэ.

У 1972 г. была створана Федэрацыя дзюдо СССР.

Першым савецкім алімпійскім чэмпіёнам стаў Шота Чачышвілі (трэнер Гурам Папіташвілі).


Жанчыны пачалі прымаць удзел у міжнародных спаборніцтвах з 1980 г., калі ў Нью-Ёрку адбыўся чэмпіянат свету па дзюдо. З 1992 г. жаночае дзюдо было ўключана ў алімпійскую праграму. У СССР спаборніцтвы па жаночым дзюдо пачалі праводзіцца з 1984 г.

У канцы зыходзячага стагоддзя Алімпійскі камітэт Расіі назваў лепшага спартсмена дзюдо ХХ стагоддзя. Ім стаў заслужаны майстар спорту СССР, алімпійскі чэмпіён, двухразовы чэмпіён свету, пяціразовы чэмпіён СССР, пераможца Спартакіяды народаў СССР – Мікалай Саладухін. Лепшым трэнерам у Расіі ХХ стагоддзя названы Якуб Коблеў, заслужаны трэнер СССР, вучні якога заваёўвалі вышэйшыя ўзнагароды на чэмпіянатах Еўропы і свету, Алімпійскіх гульнях.

Еўрапейскі саюз дзюдо з 2005 г. стаў праводзіць спаборніцтвы па ката. Міжнародная федэрацыя дзюдо (International Judo Federation) правяла першы чэмпіянат свету па ката ў Парыжы ў 2008 г.

Па даных Міжнароднай федэрацыі аматарскай барацьбы (FILA), дзюдо разам з грэка-рымскай барацьбой, вольнай барацьбой і самба ўваходзіць у чацвёрку найбольш папулярных у свеце відаў спартыўнай барацьбы.

Гісторыя развіцця дзюдо на тэрыторыі Беларусі

Гісторыя развіцця дзюдо на тэрыторыі Беларусі пачынаецца з 1962 г., калі ураджэнец Віцебскай вобласці Аляксандр Лукашэвіч быў уключаны ў асноўны склад першай у гісторыі СССР зборнай каманды па дзюдо. На чэмпіянаце Еўропы (Эсэн, Германія) ён заваяваў сярэбраны медаль.

Першы залаты медаль на еўрапейскім першынстве быў атрыманы выхаванцам Віталя Сянько і Уладлена Жогіна Васілём Касенюком ў 1968 г. Выступаючы на першынстве Еўропы сярод юнакоў у Лондане, ён быў мацнейшым у сваёй вагавай катэгорыі.

Васіль Касянюк
Крыніца: кніга "Дзюдо. Страницы истории"

Уладлен Жогін
Крыніца: кніга "Дзюдо. Страницы истории"


У 1972 г. пасля стварэння Федэрацыі дзюдо СССР сталі з’яўляцца першыя секцыі па дзюдо і на тэрыторыі нашай краіны. У Беларускім політэхнічным інстытуце трэнерамі Віталём Сянько і Сямёнам Туманавым была сфарміравана каманда для ўдзелу ў спаборніцтвах па дзюдо. Аднак афіцыйна дзюдо ў Беларусі папулярызуецца з 1976 г., калі Федэрацыя барацьбы, самба БССР была перайменавана ў Федэрацыю барацьбы, самба і дзюдо БССР.

У 1977 г. пачаўся набор на аддзяленне дзюдо ў Беларускім інстытуце фізічнай культуры; многія выпускнікі былі накіраваны ў розныя спартыўныя арганізацыі.

У 1978 г. беларускі спартсмен Віталь Пясняк заваёўвае бронзавы медаль юнацкага першынства Савецкага Саюза. У 1980 г. ён узнагароджаны залатым медалём на першынстве Еўропы сярод моладзі. На чэмпіянаце Еўропы па дзюдо – 1983 ён становіцца мацнейшым дзюдаістам кантынента, у 1984 г. яму прысвоена званне заслужанага майстра спорту.

Віталь Пясняк
Крыніца: кніга "Дзюдо. Страницы истории"

Віталь Пясняк на трэніроўцы
Крыніца: кніга "Дзюдо. Страницы истории"


З 1984 г. у БССР стала развівацца дзюдо сярод жанчын.

На першым Кубку СССР у 1987 г. дзяўчаты занялі другое каманднае месца, а на першынстве СССР Вольга Круталевіч стала першай.

У 1988 г. на першынстве СССР сярод дзяўчын ужо дзве спартсменкі – Вольга Круталевіч і Вераніка Казлоўская – заваявалі залатыя медалі.

Упершыню беларускія дзюдаісткі падняліся на вышэйшую прыступку гонару на міжнародных спаборніцтвах: А. Тарасава стала пераможцай першынства Еўропы, а Вераніка Казлоўская – чэмпіёнкай свету сярод студэнтаў.

У 1990 г. чэмпіёнкай Савецкага Саюза стала Таццяна Масквіна.

Таццяна Масквіна (справа)
Крыніца: часопіс "Гладиатор"

Гісторыя развіцця дзюдо ў Беларусі на сучасным этапе

У 1993 г. Беларуская федэрацыя дзюдо была прынята ў члены Еўрапейскага саюза дзюдо (EJU) і Міжнароднай федэрацыі дзюдо (IJF).

З 1994 г. па ініцыятыве трэнера па дзюдо Уладзіміра Грышчанкова на тэрыторыі Беларусі сталі рэгулярна праводзіцца міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы пад эгідай Еўрапейскага саюза дзюдо і Міжнароднай федэрацыі дзюдо.

Бронзавыя медалі з чэмпіянатаў свету для беларускага дзюдо заваёўвалі: Націк Багіраў (1995, 1999 гг., трэнеры: Сямён Гуманаў, Магамед Рамазанаў), Сяргей Кухарэнка (2003 г., трэнер Віктар Унучкін), Ігар Макараў (2003 г., трэнер Уладзімір Асін ), Андрэй Казусенок (2005 г.), Дар’я Скрыпнік (2015 г.); срэбра – Юрый Рыбак (2007 г.) і Сяргей Шундзікаў (2009 г.).

Націк Багіраў
Крыніца: часопіс "Гладиатор"

Дар’я Скрыпнік
Крыніца: часопіс "Наш спорт"


У 2000 г. бронзавы медаль ХХVII летніх Алімпійскіх гульняў у Сіднэі атрымаў Анатоль Ларукоў. На сусветным першынстве ў 2002 г. упершыню вышэйшую ўзнагароду заваяваў Дзяніс Кунцэвіч (трэнер Леанід Рабцаў).

Анатоль Ларукоў
Крыніца: http://judobelarus.com

Дзяніс Кунцэвіч
Крыніца: http://www.noc.by


Трыумфальным годам для беларускага дзюдо сапраўды стаў 2004-ты, калі Ігар Макараў, выхаванец гомельскага трэнера Уладзіміра Асіна, узняўся на вышэйшую прыступку п’едэстала на ХХVШ летніх Алімпійскіх гульнях у Афінах.
(Артыкул пра І. Макарава)

Ігар Макараў
Крыніца: каляндар "Спортсмены Республики Беларусь на играх XXVIII Олимпиады в Афинах"

Ігар Макараў
Крыніца: часопіс "Наш спорт"


Беларуская федэрацыя дзюдо арганізавала ветэранскі рух. Беларускія ветэраны годна прадстаўляюць Рэспубліку Беларусь на міжнародных спаборніцтвах. Майстар спорту Георгій Барысевіч выйграў званне чэмпіёна Еўропы ў 2004 г., заслужаны трэнер СССР, БССР Сямён Гуманаў заваяваў бронзавы медаль.

Беларуская федэрацыя дзюдо з’яўляецца грамадска-спартыўным аб’яднаннем спецыялістаў і спартсменаў дзюдо. Афіцыйны сайт: https://www.judo.by.

У 2016 г. створаны незалежны інтэрнэт-сайт пра дзюдо – JUDOKA.BY, які аказвае інфармацыйную падтрымку ў правядзенні турніраў і разнастайных мерапрыемстваў, звязаных з дзюдо.


Крыніцы, выкарыстаныя ў праекце

Кнігі:

  1. Грищенков, В. Дзюдо: страницы истории : учеб.-метод. пособие / В. Грищенков. – Минск : Белорус. гос. ун-т физ. культуры, 2009–2010. – 3 т.
  2. Педро, Дж. Дзюдо. Техника и тактика : [пер. с англ.] / Дж. Педро, У. Дарбином. – М. : Эксмо, 2005. – 183 с.
  3. Сухороков, А. В. Сущность «гибкого пути», или Познание мудрости Пути света / А. В. Сухоруков. – Брест : БелИнтерМаркет, 2006. – 255 с.
  4. Медведь, А. В. Дзюдо : метод. пособие для спортив. совершенствования в вузах / А. В. Медведь, В. Я. Глезер, С. А. Гуманов ; Мин. радиотехн. ин-т. – Минск : МРТИ, 1980. – 49 с.


Артыкулы:

  1. Анатолий Ларюков [Электронный ресурс] // Judobelarus.com : сайт любителей дзюдо в Беларуси. – Режим доступа: http://judobelarus.com/?p=204. – Дата доступа: 19.01.2019.
  2. Басинская, М. Бело-синяя фиеста [Изоматериал] / М. Басинская // Гладиатор. – 1999. – № 1. – С. 4–5.
  3. Гупало, Е. Ю. Дзюдо / Е. Ю. Гупало // Спорт : энцикл. для юношества / [науч. ред. Е. Я. Гик]. – М., 2007. – С. 186–189.
  4. Дзюдо [Электронный ресурс] // II Европейские игры, 21–30 июня 2019. – Режим доступа: https://minsk2019.by/ru/disciplines/15. – Дата доступа: 18.01.2019.
  5. Дзюдо в Беларуси [Электронный ресурс] // JUDOKA.BY. – Режим доступа: http://judoka.by/judo/judo-belarus. – Дата доступа: 21.01.2019.
  6. Захаров, И. 10 лучших дзюдоистов мира за всю историю [Электронный ресурс] / И. Захаров // BASETOP.RU : рейтинги в мире. – Режим доступа: https://basetop.ru/reyting-luchshih-dzyudoistov-mira. – Дата доступа: 01.02.2019.
  7. Игорь Макаров. Дзюдо // Спортсмены Республики Беларусь на играх XXVIII Олимпиады в Афинах [Изоматериал] : 2005 : [календарь перекид. наст.] / Нац. Олимп. Ком. Респ. Беларусь. – [Минск, 2004]. – [С. 3].
  8. Макаров, И. «Моим подопечным нужен живой пример, а не рассказы с учебникам в руках» / И. Макаров ; записал В. Хиневич // Спорт. – 2017. – № 6. – С. 10–12.
  9. Макаров, И. В. «Моим подопечным нужен живой пример, а не рассказы с учебником в руках» / И. В. Макаров ; записал В. Хиневич // Наш спорт . – 2017. – № 6. – С. 10–12.
  10. Максимович, В. А. Дзюдо / В. А. Максимович // Спортивная борьба / В. А. Максимович. – Гродно, 2017. – С. 27–35.
  11. Мицкевич, Э. А. Дзюдо / Э. А. Мицкевич // Спортивная энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск, 2005. – С. 179–180.
  12. Мицкевич, Э. А. История развития дзюдо в мире / Э. А. Мицкевич // Мир спорта. – 2012. – № 4. – С. 54–58.
  13. О федерации [Электронный ресурс] // Белорусская федерация дзюдо. – Режим доступа: http://judo.by/index.php?option=com_content&view=article&id=130:ofederac1&catid=55:ofede.... – Дата доступа: 21.01.2019.
  14. Писарев, В. Последний поединок Татьяны Москвиной / В. Писарев // Гладиатор. – 1997. – № 1. – С. 39.
  15. Скрыпник, Д. «Когда у человека есть мечта, то он способен преодолеть любые трудности» / Д. Скрыпник ; записала О. Самойлович // Наш спорт. – 2015. – № 10. – С. 22–23.
  16. Тадахиро Номура – выдающийся японский дзюдоит [Электронный ресурс] // Uprofi stories. – Режим доступа: https://www.4profi.com/tadakhiro-nomura-vydayushhiysya-yaponski. – Дата доступа: 12.01.2019.
  17. Тбилиси-2015. Дзюдо. Состав команды [Электронный ресурс] // Нац. олимп. ком. Респ. Беларусь. – Режим доступа: http://www.noc.by/news/tbilisi-2015-dzyudo-sostav-komandy/?print=y. – Дата доступа: 19.01.2019.
  18. Федерация дзюдо России [Электронный ресурс] : [история] // Федерация дзюдо России. – Режим доступа: https://www.judo.ru/23. – Дата доступа: 21.01.2019.
  19. Shota Chochishvili Judoka [Electronic resource] // Judoinside.com. – Mode of access: https://judoinside.com/judoka/5775/Shota_Chochishvili/judo-photos. – Date of access: 21.01.2019.



Бібліятэкарам