МАСТАЦКАЯ ГІМНАСТЫКА

Мастацкая гімнастыка – жаночы від спорту, заснаваны на выкананні гімнастычных і танцавальных практыкаванняў без прадмета, а таксама са скакалкай, абручом, мячом, булавамі і стужкай.

Гісторыя ўзнікнення і развіццё ў свеце

Перадумовы да ўзнікнення мастацкай гімнастыкі стварыліся на рубяжы ХІХ–ХХ стст. Шэраг асноватворных ідэй і прынцыпаў мастацкай гімнастыкі быў сфармуляваны французскім спеваком, педагогам і тэарэтыкам сцэнічнага мастацтва Франсуа Дэльсартам.

Франсуа Дэльсарт. Крыніца: http://www.delsarteproject.com Франсуа Дэльсарт. Крыніца: http://www.delsarteproject.com

У другой палове ХІХ ст. французскі фізіёлаг і педагог Жорж Дэмені стварыў адмысловую сістэму гімнастычных практыкаванняў, накіраваную на ўмацаванне жаночага здароўя і фізічных сіл, развіццё грацыі і вытанчанасці, умення плаўна і грацыёзна рухацца.

Аўтарам “жаночай функцыянальнай гімнастыкі” была паслядоўніца вучэння Жоржа Дэмені ўрач-гінеколаг з ЗША Бэс Менсендзік.

Бэс Менсендзік. Крыніца: https://www.movementhealth.com.au Бэс Менсендзік. Крыніца: https://www.movementhealth.com.au

Вялікім прыхільнікам сістэмы Менсендзік быў прафесар Жэнеўскай кансерваторыі Эміль Жак-Далькроз. Значны ўплыў на фарміраванне рытмапластычнага напрамку ў харэаграфіі аказала знакамітая амерыканская танцоўшчыца пачатку ХХ ст. Айседора Дункан, танцы якой складаліся з простых рухаў, пабудаваных на перадачы зместу музычных твораў.

“Жыццё як маятнік: чым мацней ты пакутуеш, тым больш незвычайным будзе шчасце; чым глыбейшы смутак, тым больш яркай будзе радасць”. Айседора Дункан. Крыніца: кніга «Айседора Дункан: модерн на босу ногу» “Жыццё як маятнік: чым мацней ты пакутуеш, тым больш незвычайным будзе шчасце; чым глыбейшы смутак, тым больш яркай будзе радасць”. Айседора Дункан. Крыніца: кніга «Айседора Дункан: модерн на босу ногу»

У пачатку ХХ ст. Санкт-Пецярбург быў адным з цэнтраў развіцця пластычнай творчасці і тэатральнага мастацтва. У горадзе быў створаны і дзейнічаў шэраг школ, курсаў і студый: курсы рытмічнай гімнастыкі князя Сяргея Міхайлавіча Валконскага; школа пластыкі і сцэнічнай выразнасці Клаўдзіі Ісачэнка-Сакаловай; студыя “Гептахор” пры Інстытуце жывога слова і інш. У 1920 г. быў створаны Петраградскі інстытут рытму, пачала працаваць студыя адзінага мастацтва імя Дельсарта пры Галоўнавуцы, праз год была заснавана студыя Зінаіды Вербавай, якая пазней стала Дзяржаўнай мастацкай школай.

У 1934 г. на базе Дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры імя П.Ф. Лесгафта была адкрыта Вышэйшая школа мастацкага руху (ВШМР). Першымі яе выпускніцамі былі Таццяна Варакіна, Ганна Ларыёнава, Таццяна Маркава, Соф'я Нячаева, Юлія Шышкарова, якія пазней сталі гонарам савецкай школы мастацкай гімнастыкі.

Алімпійская чэмпіёнка Марына Лобач (1988). Крыніца: часопіс «Алло, МТС» Алімпійская чэмпіёнка Марына Лобач (1988). Крыніца: часопіс «Алло, МТС»

У красавіку 1941 г. выпускнікі і настаўнікі ВШМР правялі першы чэмпіянат Ленінграда па мастацкай гімнастыцы. У 1946 г. у Ленінградзе прайшлі першыя пасляваенныя асабіста-камандныя спаборніцтвы, у 1948 г. адбыўся першы чэмпіянат СССР. Да пачатку 1960-х гг. Міжнародная федэрацыя гімнастыкі прызнала мастацкую гімнастыку самастойным відам спорту. У снежні 1963 г. у Будапешце прайшлі першыя афіцыйныя міжнародныя спаборніцтвы – Кубак Еўропы. Абсалютнай чэмпіёнкай турніру і першай чэмпіёнкай свету па мастацкай гімнастыцы стала Людміла Савінкова (СССР).

У 1980 г. Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) уключыў мастацкую гімнастыку ў праграму Алімпійскіх гульняў. Першыя алімпійскія медалі былі разыграны ў 1984 г. на гульнях ХХІІІ Алімпіяды. Першай алімпійскай чэмпіёнкай стала прадстаўніца Канады Лоры Фанг. У 1988 г. на гульнях ХХIV Алімпіяды ў Сеуле першы і апошні алімпійскі залаты медаль для каманды СССР заваявала беларуска Марына Лобач.

Развіццё мастацкай гімнастыкі на тэрыторыі Беларусі

Першыя секцыі мастацкай гімнастыкі былі арганізаваны ў 1946 г. у Віцебскім тэхнікуме фізічнай культуры. Выпускніцы тэхнікума прадстаўлялі Беларусь на першым Усесаюзным камандным конкурсе ў Таліне ў 1947 г. Першы чэмпіянат Беларускай ССР быў праведзены у 1951 г. Першай чэмпіёнкай краіны стала Ніна Коржаль (Мушніцкая).

У 1960-х гг. цэнтрам развіцця гімнастыкі становіцца Мінск, дзе працуюць трэнерамі Ларыса Гадзіева і Людміла Міснік. Іх выхаванкі Наталля Бардушка (Васюк), Ірына Варган, Наталля Насеннікава і Людміла Дзялендзік заваявалі тытул чэмпіёнак краіны. У 1977 г. беларуская зборная ўпершыню стала чэмпіёнам СССР у новым відзе мастацкай гімнастыкі – групавых практыкаваннях.

Галіна Крыленка (1970-я гг). Крыніца: https://www.sb.by Галіна Крыленка (1970-я гг). Крыніца: https://www.sb.by

У 1978 г. у Мінску была адкрыта першая ў СССР спецыялізаваная школа па мастацкай гімнастыцы, якую ўзначаліла Ларыса Гадзіева. За час працы яна падрыхтавала плеяду таленавітых гімнастак і стварыла беларускую школу мастацкай гімнастыкі, адну з наймацнейшых у Савецкім Саюзе. Ларыса Германаўна Гадзіева – ганаровы майстар спорту, заслужаны трэнер БССР і СССР, старшыня Федэрацыі мастацкай гімнастыкі СССР. Штогод у Мінску праводзіцца міжнародны турнір памяці Ларысы Гадзіевай, яе імя прысвоена Мінскай гарадской СДЮШАР прафсаюзаў.

Алімпійская чэмпіёнка Марына Лобач (1988). Крыніца: https://by.tribuna.com Алімпійская чэмпіёнка Марына Лобач (1988). Крыніца: https://by.tribuna.com

Велізарных поспехаў дасягнула выхаванка Ларысы Гадзіевай Галіна Логвінава (Крыленка), якая ў складзе зборнай СССР двойчы, у 1973 і 1977 гг., атрымлівала тытул чэмпіёнкі свету, у 1975–1977 гг. – чэмпіёнкі СССР, стала заслужаным майстрам спорту СССР. Выхаванка Галіны Крыленкі Марына Лобач ў 1988 г. стала алімпійскай чэмпіёнкай.

Развіццё мастацкай гімнастыкі на сучасным этапе

Беларуская зборная па мастацкай гімнастыцы ўваходзіць у лік наймацнейшых каманд свету. Ларыса Лук’яненка на працягу 1992–1996 гг. пяць разоў станавілася чэмпіёнкай свету, Таццяна Агрызка ў 1993 г. стала чэмпіёнкай і бронзавым прызёрам чэмпіянату свету, Яўгенія Паўліна двойчы выйгравала серабро (1997, 1999) і бронзу (1996, 1999) чэмпіянатаў свету, была чэмпіёнкай Еўропы (1998). У 1998 г. чэмпіёнкамі свету ў групавых практыкаваннях сталі Вольга Зайцава, Галіна Малашанка, Ганна Глазкова, Таццяна Бялан, Ірына Ільянкова і Анастасія Зварыка.

Пяцікратная чэмпіёнка свету Ларыса Лук’яненка. Крыніца: https://gimnastika.pro Пяцікратная чэмпіёнка свету Ларыса Лук’яненка. Крыніца: https://gimnastika.pro

Чэмпіёнка свету Таццяна Агрызка. Крыніца: https://www.pressball.by Чэмпіёнка свету Таццяна Агрызка. Крыніца: https://www.pressball.by

Прызёр чэмпіянатаў свету, чэмпіёнка Еўропы Яўгенія Паўліна. Крыніца: http://www.rgym.info Прызёр чэмпіянатаў свету, чэмпіёнка Еўропы Яўгенія Паўліна. Крыніца: http://www.rgym.info


Сярэбраны медаль гульняў ХХVІІ Алімпіяды ў Сіднеі ў 2000 г. заваявала мінчанка Юлія Раскіна. Беларуская каманда ў складзе Таццяны Ананкі, Таццяны Бялан, Ганны Глазковай, Ірыны Ільянковай, Марыі Лазук і Вольгі Пузевіч стала сярэбраным прызёрам у групавым мнагабор'і.

У 2008 г. сярэбраны медаль ХХІХ Алімпійскіх гульняў у індывідуальным мнагабор'і выйграла Іна Жукава. Бронзавыя ўзнагароды ў групавым мнагабор'і заваявала каманда Беларусі ў складзе Алесі Бабушкінай, Анастасіі Іваньковай, Ксеніі Санковіч, Зінаіды Лунінай, Глафіры Марціновіч, Аліны Туміловіч.

Сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Сіднеі Юлія Раскіна. Крыніца: https://gimnastika.pro Сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Сіднеі Юлія Раскіна. Крыніца: https://gimnastika.pro

Сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Пекіне Іна Жукава. Крыніца: https://www.sb.by Сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Пекіне Іна Жукава. Крыніца: https://www.sb.by


На гульнях ХХХ Алімпіяды ў Лондане ў 2012 г. Любоў Чаркашына выйграла бронзу ў індывідуальным мнагабор'і. Серабро ў групавых практыкаваннях заваявалі Марына Ганчарова, Анастасія Іванькова, Наталля Лешчык, Аляксандра Наркевіч, Ксенія Санковіч і Аліна Туміловіч.

Бронзавы прызёр Алімпіяды ў Лондане Любоў Чаркашына. Крыніца: https://www.sb.by Бронзавы прызёр Алімпіяды ў Лондане Любоў Чаркашына. Крыніца: https://www.sb.by

Марына Ганчарова, Анастасія Іванькова, Аліна Туміловіч, Ксенія Санковіч, Наталля Лешчык і Аляксандра Наркевіч – серабро (2012). Крыніца: https://www.interfax.by Марына Ганчарова, Анастасія Іванькова, Аліна Туміловіч, Ксенія Санковіч, Наталля Лешчык і Аляксандра Наркевіч – серабро (2012). Крыніца: https://www.interfax.by


На чэмпіянаце свету 2015 г. Меліціна Станюта заваявала бронзавыя ўзнагароды ў практыкаваннях з мячом і індывідуальным мнагабор'і, што дазволіла нашай зборнай стаць сярэбраным прызёрам.

Бронзавы прызёр чэмпіянату свету Меліціна Станюта (2015). Крыніца: http://fcollection.by Бронзавы прызёр чэмпіянату свету Меліціна Станюта (2015). Крыніца: http://fcollection.by

Беларускія спартсменкі заваявалі 6 медалёў на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы ў 2016 г. Каманда Беларусі ў складзе Ксеніі Чалдышкінай, Ганны Дудзянковай, Марыі Кадобінай, Марыі Коцяк, Валерыі Пішчэлінай і Арыны Цыцылінай стала лепшай у групавых практыкаваннях з пяццю стужкамі, заваявала серабро ў мнагабор'і. Кацярына Галкіна двойчы станавілася сярэбраным прызёрам чэмпіянатаў свету ў 2017 і 2018 гг.

Сёння ў склад Нацыянальнай зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы ўваходзяць Кацярына Галкіна, Аліна Гарноська, Юлія Ісачэнка, Юлія Еўчык, Ганна Швайба, Маргарыта Авадзінская, Ганна Гайдукевіч, Анастасія Рыбакова і інш. Увесну 2018 г. беларускія гімнасткі атрымалі ў сваё распараджэнне Палац мастацкай гімнастыкі, у якім праходзіць падрыхтоўка да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Лагатып Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. Крыніца: http://www.bga.by Лагатып Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. Крыніца: http://www.bga.by

Папулярызацыяй і развіццём мастацкай гімнастыкі ў Рэспубліцы Беларусь, падрыхтоўкай спартсменаў, арганізацыяй і правядзеннем рознага роду спаборніцтваў займаецца грамадская арганізацыя “Беларуская асацыяцыя гімнастыкі” (ГА “БАГ”). Асацыяцыя аб'ядноўвае спартсменаў, трэнераў, суддзяў і спецыялістаў па гімнастычных відах спорту: спартыўнай гімнастыцы, мастацкай гімнастыцы, акрабатыцы, спартыўнай аэробіцы, скачках на батуце і аздараўленчай гімнастыцы. Афіцыйны сайт: http://www.bga.by

Чэмпіёны і прызёры І Еўрапейскіх гульняў

Рэкардсменкай па колькасці заваяваных медалёў на І Еўрапейскіх гульнях у Баку ў 2015 г. стала Меліціна Станюта, якая атрымала 4 узнагароды: сярэбраны медаль за практыкаванне з абручом і 3 бронзавыя – у мнагабор'і, за практыкаванні з мячом і булавамі.

Ксенія Чалдышкіна, Ганна Дудзянкова, Марыя Кадобіна, Валерыя Пішчэліна і Арына Цыцыліна перамаглі ў групавым практыкаванні з шасцю булавамі і двума абручамі і сталі бронзавымі прызёрамі ў мнагабор'і.


Крыніцы, выкарыстаныя ў праекце

Літаратура:

  1. Волкова, О. А. Становление художественной гимнастики в БССР (1946―1991) / Волкова О. А. // Научное обоснование физического воспитания, спортивной тренировки и подготовки кадров по физической культуре, спорту и туризму : материалы XV Международной научной сессии по итогам НИР за 2016 год, посвященной 80-летию университета (Минск, 30 марта – 17 мая 2017 г.) : в 4 ч. / [редколлегия: Т. Д. Полякова (главный редактор) и др.]. – Минск, 2017. – Ч. 3. – С. 65–68.
  2. Винер-Усманова, И. А. Художественная гимнастика: история, состояние и перспективы развития : учебное пособие для образовательной программы по направлению 49.04.01 — «Физическая культура» / И. А. Винер-Усманова [и др.] ; Национальный государственный университет физической культуры, спорта и здоровья им. П. Ф. Лесгафта, Санкт-Петербург. – Москва : Человек, 2014. – С. 6–39.

Інфармацыйныя рэсурсы



Бібліятэкарам