Бадмінтон – спартыўная гульня з апераным мячом (валанам) і ракеткай. Спартсмены размяшчаюцца на процілеглых баках пляцоўкі, падзеленай сеткай. У матчы могуць удзельнічаць два гульцы ці дзве пары (у тым ліку змешаныя) гульцоў.

Гісторыя ўзнікнення і развіццё ў свеце

Бадмінтон – адна з самых старажытных гульняў нашай планеты. Яна вядзе сваю гісторыю ад старажытнай гульні ў валан. Першыя згадкі пра бадмінтон знойдзены ў кітайскіх манускрыптах і адносяцца да 1122 г. да н.э. Вядомы індыйскія наскальныя малюнкі гульні ў валан, узрост якіх перавышае 2000 гадоў. У Японіі існавала гульня “ойбане” (“лятаючае пяро”), якая заключалася ў перакідванні драўлянымі ракеткамі валана, зробленага з некалькіх пёраў і вішнёвай костачкі.

Гульня ў валан. Крыніца: паштоўка “Гульня ў валан” з фондаў НББ Гульня ў валан. Крыніца: паштоўка “Гульня ў валан” з фондаў НББ

З часам гульня ў валан стала вядома ў Еўропе. Існуюць англійскія сярэдневяковыя гравюры з сялянамі, якія перакідваюць адзін аднаму валан. Шырокую вядомасць гульня з валанам атрымала ў сярэдневяковай Францыі, дзе называлася “жо-дэ-пом” (“гульня з яблыкам”). Пра папулярнасць гэтай гульні сведчаць згадкі пра яе ў творах Фрыдрыха Шылера, Франсуа Рабле, Віктора Гюго і Эміля Заля.

Жанчыны граюць у “Ракетку і валан” (1620). Крыніца: http://1400.рф Жанчыны граюць у “Ракетку і валан” (1620). Крыніца: http://1400.рф

У 1650 г. каралева Швецыі недалёка ад свайго палаца ў Стакгольме пабудавала корт, дзе гуляла ў “пёравы мяч” з прыдворнымі і гасцямі з іншых краін. У пачатку ХVІІІ ст. у ЗША была вельмі распаўсюджана гульня з ракеткай і валанам “battledore and shuttlecock”, якая шмат у чым нагадвала сучасны бадмінтон. У ХVІІІ ст. гульнёй у ляток захапляліся пры двары расійскай імператрыцы Кацярыны II.

“Лятаючая гульня” (канец XVII ст.). Крыніца: http://1400.рф “Лятаючая гульня” (канец XVII ст.). Крыніца: http://1400.рф

У Англіі ХIХ ст. гульня ў валан набыла асаблівую папулярнасць. Назва “бадмінтон” паходзіць ад Бадмінтон-хаус, рэзідэнцыі герцага Бафорта ў Глостаршыры, дзе да канца 1850-х гадоў з’явілася новая версія “лятаючай гульні”. У 1860 г. Ісаак Спрат апублікаваў кнігу “Бадмінтон-Батлдор – новая гульня”, дзе былі апісаны яе першыя правілы.

Сучасны бадмінтон з’явіўся ў 1872 г. i абавязаны сваім узнікненнем англійскім афіцэрам, якія служылі ў Індыі і пасля вяртання на радзіму прывезлі з сабой ракеткі і мячы з пер’ем. У сакавіку 1898 г. у маёнтку Бадмінтон адбыўся першы афіцыйны турнір, у красавіку 1899 г. быў праведзены першы адкрыты чэмпіянат Англіі.

Ракеткі для гульні ў валан 1880 г. Крыніца: http://1400.рф Ракеткі для гульні ў валан 1880 г. Крыніца: http://1400.рф

5 ліпеня 1934 г. была створана Міжнародная федэрацыя бадмінтона (International Badminton Federation, IBF). У 2006 г. IBF змяніла назву і цяпер называецца Сусветнай федэрацыяй бадмінтона (Badminton World Federation, BWF). Федэрацыя выступае арганізатарам спаборніцтваў, асноўнае з якіх – Кубак Томаса для нацыянальных мужчынскіх каманд. Упершыню спаборніцтвы на Кубак Томаса (названы ў гонар былога прэзідэнта IBF) былі праведзены ў 1948 г. Такі турнір сярод жаночых каманд – Кубак Убер (названы ў гонар вядомай дзяячкі IBF) – праводзіцца з 1956 г.

Джордж Томас – заснавальнік і першы прэзідэнт IBF. Крыніца: кніга “Бадминтон” Джордж Томас – заснавальнік і першы прэзідэнт IBF. Крыніца: кніга “Бадминтон”

З 1968 г. праводзіцца асабісты чэмпіянат Еўропы, з 1972 г. – камандны. У 1977 г. адбыўся першы афіцыйны чэмпіянат свету. Сёння бадмінтон – алімпійскім від спорту. У 1992 г. на XXV Алімпійскіх гульнях у Барселоне былі разыграны першыя алімпійскія медалі. У 1996 г. праграму спаборніцтваў па бадмінтоне пашырылі, увёўшы змешаны разрад.


Развіццё бадмінтона на тэрыторыі Беларусі

Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве ў 1957 г. даў пачатак развіццю савецкага бадмінтона. У 1961 г. была створана Усесаюзная федэрацыя бадмінтона. Яе першым старшынёй стаў заслужаны артыст РСФСР Мікалай Рубан.

У Беларусі бадмінтон з’явіўся ў 1960 г. дзякуючы журналісту “Физкультурника Белоруссии” Дзмітрыю Болдыраву. У пачатку 1962 г. была створана Федэрацыя бадмінтона БССР, у лістападзе 1962 г. адбыўся першы чэмпіянат Мінска, затым у Магілёве прайшоў першы чэмпіянат рэспублікі. У 1963 г. беларуская каманда прыняла ўдзел у першым чэмпіянаце СССР па бадмінтоне.

У 1968 г. беларускую зборную ўзначаліў майстар спорту СССР Уладзімір Ліўшыц. У 1971 г. зборная БССР у складзе Уладзіміра Андропава, Уладзіміра Ройзмана, Сямёна Розіна, Людмілы Косе, Анатоля Скрыпко, Таццяны Качатковай і Таццяны Шмакавай заваявала Кубак СССР па бадмінтоне. У сакавіку 1972 г. беларускія спартсмены заваявалі чатыры залатыя і тры сярэбраныя медалі першынства СССР.

Мнагакратны чэмпіён Беларусі і СССР Анатоль Скрыпко. Крыніца: кніга «Бадминтон»
Мнагакратны чэмпіён Беларусі і СССР Анатоль Скрыпко. Крыніца: кніга «Бадминтон»

Святлана Бялясава – спартсменка года Магілёўскай вобласці (1981). Крыніца: кніга “История Могилёвского еврейства”
Святлана Бялясава – спартсменка года Магілёўскай вобласці (1981). Крыніца: кніга “История Могилёвского еврейства”

У 1980 і 1982 гг. каманда БССР была чэмпіёнам краіны. Майстрамі спорту СССР сталі Віктар Конах, Ларыса Рогава (Рогатнева), Валерый Сцяржанаў, Міхаіл Коршук, Яўген Даянаў, Таццяна Герасімовіч. Найбольшых поспехаў на міжнароднай арэне ў складзе зборных каманд СССР дамаглася Святлана Зільберман (Бялясава) – шматразовая чэмпіёнка БССР, сямнаццаціразовая чэмпіёнка СССР, трохразовы бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы.

Заслужанымі трэнерамі Беларусі з’яўляюцца Уладзімір Якаўлевіч Ліўшыц, Міхаіл Барысавіч Зільберман, Віктар Аляксеевіч Конах і Марат Барысавіч Альбінскі.

Развіццё бадмінтона на сучасным этапе

Беларускія бадмінтаністы Улада Чарняўская і Міхаіл Коршук выступалі за нацыянальную зборную на XXVI Алімпійскіх гульнях у 1996 г. Лепшых спартыўных вынікаў у гісторыі суверэннай Беларусі дасягнулі выхаванцы Брэсцкай СДЮШАР прафсаюзаў па акрабатыцы і бадмінтоне Вольга Конан, Надзея Касцючык, Алеся Зайцава і Андрэй Конах. Надзея Касцючык і Вольга Конан станавіліся чэмпіёнкамі Еўропы сярод юніёраў, на ХІХ Алімпійскіх гульнях у Пекіне ў 2008 г. Вольга Конан заняла 9-е месца, на ХХХ Алімпіядзе ў Лондане ў 2012 г. Алеся Зайцава спынілася на 33-й пазіцыі.

Алеся Зайцава. Крыніца: http://zviazda.by Алеся Зайцава. Крыніца: http://zviazda.by

Нацыянальную зборную Беларусі на ІІ Еўрапейскіх гульнях будуць прадстаўляць Алеся Зайцава, Анастасія Чарняўская, Крысціна Сіліч, Юлія Біцукова, Мар’яна Вярбіцкая, Ульяна Захарава, Кацярына Заблоцкая, Андрэй Краўчанка і Ілья Ларушын.

Белорусская федерация бадминтона

Папулярызацыяй і развіццём бадмінтона ў Рэспубліцы Беларусь, падрыхтоўкай спартсменаў высокага ўзроўню, арганізацыяй і правядзеннем рознага роду спаборніцтваў па бадмінтоне займаецца грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя бадмінтона” (ГА “БФБ”), створанае ў 1992 г. Афіцыйны сайт: http://belarusbadminton.by


Крыніцы, выкарыстаныя ў праекце

Літаратура:

  1. В игре стремительный волан / А. В. Скрипко, В. С. Шульман. – Минск, 1990. – С. 11–30, 132–142.
  2. Белорусский олимпийский учебник : учебное пособие для студентов учреждений высшего образования по специальностям физической культуры, спорта и туризма : (с электронным приложением) / [М. Е. Кобринский и др.]. – 2-е изд., переработанное и дополненное. – Минск, 2012. – С. 174–177.
  3. Спортивные и подвижные игры и методика преподавания : курс лекций / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования «Витебский государственный университет им. П. М. Машерова», Кафедра спортивно-педагогических дисциплин ; [составители: А. В. Железнов и др.]. – Витебск : ВГУ, 2018. – С. 22–24.

Інфармацыйныя рэсурсы:

Бібліятэкарам