ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамЯнка Купала і Якуб Колас – дзецямЯкуб Колас – дзіцячы пісьменнік
Якуб Колас – дзіцячы пісьменнік

Якуб Колас – дзіцячы пісьменнік

Свой шлях дзіцячага пісьменніка Якуб Колас пачаў у 1909 г. выданнем кнігі "Другое чытанне для дзяцей беларусаў", і з таго часу на працягу амаль 50 гадоў пісьменнік плённа працаваў на ніве дзіцячай літаратуры. Першая коласаўская кніга для дзяцей, выдадзеная да рэвалюцыі, з’яўляецца найкаштоўнейшым укладам у беларускую дзіцячую літаратуру, значным этапам у гісторыі яе развіцця.

"Другое чытанне для дзяцей беларусаў" стваралася ў перыяд паўсюднага наступу рэакцыі ў сувязі з паражэннем рэвалюцыі 1905 г., у перыяд, калі паэт быў звольнены з пасады настаўніка за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. У 1909 г., калі аўтар за рэвалюцыйную дзейнасць сядзеў у турме, кніга была надрукавана пецярбургскім выдавецтвам "Загляне сонца і ў наша ваконца" са значнымі купюрамі. З рукапісу царскай цэнзурай былі выключаны творы, якія мелі вострае сацыяльна-палітычнае гучанне і былі накіраваны супраць прыгнятальнікаў народа (байкі "Пан і рэчка", "Баба і куры" і інш.).

Кніга Якуба Коласа адпавядае патрабаванням дзіцячага ўзросту, рознабакова адлюстроўвае жыццё, адрозніваецца адзінствам стылю, народнасцю і багаццем мовы, паслядоўнасцю, лагічнасцю пабудовы.

Ужо гэтая першая кніга выявіла ў творчай асобе Якуба Коласа яркія асаблівасці дзіцячага пісьменніка: глыбокае пранікненне ў духоўны свет дзіцяці, сардэчную ўвагу да працоўнага чалавека, уменне складанае рабіць простым і зразумелым, простае і зразумелае – паэтычным і цікавым.

Асноўная педагагічная задача аўтара – пашырыць жыццёвы далягляд дзяцей, навучыць іх роднай мове, выхаваць высокія этычныя і эстэтычныя ідэалы – вызначае як змест, так і будову кнігі.

Аўтар групуе матэрыял вакол некалькіх асноўных тэм – прырода, родны край, жыццё і праца беларускага селяніна, дзяцінства.

Найбольш развітая і змястоўная тэма хрэстаматыі – тэма прыроды, маляўнічыя і паэтычныя апісанні якой складаюць значную частку ўсіх яе матэрыялаў. Ужо ў гэтай першай кнізе выявілася выдатнае майстэрства Якуба Коласа ў апісанні роднай, непаўторнай прыроды Беларусі. Ужо тут адчуваецца будучы аўтар трылогіі “На ростанях”, паэм “Новая зямля” і “Сымон-музыка”.

Амаль усе пейзажныя замалёўкі кнігі цесна звязаны з жыццём беларускага народа, што ў вялікай ступені вызначае іх агульную ідэйна-мастацкую значнасць. Пісьменнік не хавае ад дзяцей змрочныя бакі жыцця, несправядлівасць існуючага грамадскага ладу. Асобныя апісанні (“Могілкі”, “Палессе”), разам узятыя, ствараюць карціну жыцця дарэвалюцыйнай вёскі. У гэтых апісаннях – свая асаблівая танальнасць, звязаная з вялікім болем аўтара за лёс роднага народа. Ад канкрэтных замалёвак і апісання асобных выпадкаў аўтар удала перакідвае мост да вялікіх чалавечых думак і пачуццяў.

Сістэматычны цесны кантакт з дзецьмі, праца педагога-практыка ў спалучэнні з вялікім пісьменніцкім талентам абумовілі ўменне аўтара чула бачыць і глыбока разумець псіхіку дзяцей.

У створаных аўтарам вобразах дзяцей мы бачым вострую назіральнасць, веданне дзіцячай душы, тонкі псіхалагізм – якасці, неабходныя для дзіцячага пісьменніка.

Якуб Колас па-майстэрску злучае адукацыйны змест сваіх артыкулаў з займальнасцю выкладу (“Якую карысць прыносяць нам птушкі”, “Як выдумляюцца страхі”, “Адлёт птушак”). Веды, што паведамляюцца дзецям, падаюцца тут у форме мастацкіх замалёвак.

Настойліва працаваў пісьменнік над мовай і стылем кнігі, выкарыстоўваючы сваё шырокае знаёмства з фальклорнымі творамі, выдатнае веданне жывой гутарковай мовы народа, з гушчы якога ён сам выйшаў.

Асноўная ўмова прыгажосці і сілы літаратурнай мовы Якуба Коласа – творчы адбор народных моўных сродкаў. Аўтар піша проста, ясна, а таму хораша. Характэрнымі асаблівасцямі кнігі з’яўляецца яе лаканізм, фальклорная афарыстычнасць мовы, трапнасць, сакавітасць, маляўнічасць выяўленчых сродкаў.

Нярэдка, каб дасягнуць большай займальнасці, захапіць, зацікавіць чытача, прывіць яму свае ідэалы і думкі, аўтар звяртаецца да страснасці апавядання, прыўзнятасці выкладу, лірычнай сардэчнасці, чым стварае асаблівую блізкасць да юнага чытача, перадаючы яму аўтарскае ўзнёслае ўспрыманне прыгажосці свету.

Каштоўнасць кнігі “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” вызначаецца ў значнай меры тым, што ў аснове яе ляжыць фальклор. Акрамя арыгінальных твораў паэта, у якіх выкарыстоўваюцца традыцыі вуснай народнай творчасці, у чытанку ўключаны і ўласна фальклорныя творы. Апошні раздзел кнігі (“Казкі”) складаецца з 11 твораў, большасць з якіх – беларускія народныя казкі. Як настаўнік Якуб Колас разумеў, што дзецям вельмі імпануе форма казкі, яе фантастыка, цесна звязаная з жыццём, яе бадзёрасць і аптымізм, яе амаль заўсёды гумарыстычная афарбоўка.

Значная частка прадстаўленых на старонках хрэстаматыі гумарыстычных або сатырычных казак мае ярка выяўлены сацыяльны сэнс (“Мужык і пан”, “Мужык і цыган”, “Воўк-дурань”, “Леў і воўк”). У некаторых казках услаўляецца аптымізм і актыўнасць (“Цяжкая доля”), жыццё-подзвіг, рэвалюцыйная барацьба (“Песня птушкі”).

“Другое чытанне для дзяцей беларусаў” было значным крокам на шляху станаўлення беларускай дзіцячай літаратуры. Высокія мэты – прывіць любоў да радзімы, прыроды, навучыць роднай мове, развіць уменне самастойна думаць, выхаваць барацьбітоў за шчасце народнае – вызначаюць каштоўнасць кнігі.

“Другое чытанне для дзяцей беларусаў” – адзіная кніга Якуба Коласа, напісаная і выдадзеная для дзяцей да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Акрамя гэтай кнігі, пісьменнікам быў створаны шэраг апавяданняў, якія, хоць і не былі адрасаваны дзецям, тым не менш трывала ўвайшлі ў круг дзіцячага чытання: “Думкі ў дарозе”, “Бунт”, “Васіль Чурыла”, “У балоце”, “Жывая вада” і інш.

Асабліва любімыя дзецьмі тыя апавяданні, у якіх гучыць тэма дзяцінства: "У старых дубах", "Дзеравеншчына", "Сірата Юрка", "На жалезнай дарозе". У сваіх апавяданнях Якуб Колас увайшоў у свет дзіцячых думак і пачуццяў, намаляваў карціны па-свойму цікавага і змястоўнага жыцця дзяцей (“У старых дубах”). Разам з тым ён не мог прайсці міма тых умоў, якія нараджалі дзіцячую бездагляднасць, беднату, пакуты і адзіноту. Празаік распрацаваў некалькі сітуацый, тыповых для жыцця дзяцей у дарэвалюцыйны час (“Дзеравеншчына”, “Сірата Юрка”). Аўтар часта прымушае чытача ўбачыць свет вачамі дзяцей, карціны жыцця падае праз іх успрыманне (“На жалезнай дарозе”).

У гэтых творах выявілася высокае псіхалагічнае майстэрства пісьменніка, веданне асаблівасцей мыслення, пачуццяў, духоўнага жыцця дзіцяці.

Апавяданні, створаныя да рэвалюцыі, маюць шэраг агульных асаблівасцей, якія набліжаюць іх да дзіцячага ўспрымання. Апавяданні кампазіцыйна стройныя, маюць выразную аўтарскую пазіцыю, т. зв. “адкрытую ідэю”, што дасягаецца выразнасцю, жыццёвай пераканаўчасцю малюнка.

У апавяданнях – багацце мастацкіх вобразаў вялікай жыццёвай і псіхалагічнай напоўненасці. Асабліва падабаюцца дзецям вобразы іх аднагодкаў – у маленькіх героях юныя чытачы бачаць саміх сябе, пазнаюць свае думкі і пачуцці.

Папулярнасці апавяданняў Якуба Коласа сярод дзяцей спрыялі асаблівасці яго апавядальнай манеры, у якой арганічна спалучаюцца розныя стылёвыя элементы – лірычнасць, драматызм і эпічнасць (“Малады дубок”, "Нёманаў дар").

Сродкам эстэтычнага ўздзеяння на дзяцей з’яўляюцца апісанні прыроды. Роля пейзажаў у апавяданнях пісьменніка таксама вельмі разнастайная. Яны – фон, на якім адбываецца дзеянне (“Васіль Чурыла”), нярэдка прырода – сіла, якая ўздзейнічае на чалавека, накіроўвае яго пачуцці і думкі (“Думкі ў дарозе”). У іншых выпадках – у светлых, жыццесцвярджальных карцінах прыроды крыецца пратэст супраць змрочнай рэчаіснасці, гора і пакут людскіх (“На жалезнай дарозе”). Прырода ў Коласа заўсёды актыўная, у ёй – суд над рэчаіснасцю. Яна ж – дзейсны сродак выхавання патрыятычных пачуццяў дзяцей. Яна ж – адзін са сродкаў адукацыі, крыніца росту іх ведаў, пашырэння жыццёвага далягляду.

Педагагічнай каштоўнасці апавяданняў Якуба Коласа садзейнічае блізкасць да фальклору, шырокае выкарыстанне казачных вобразаў і алегорый (“Жывая вада”), прыказак і прымавак, народных фразеалагічных выразаў (“У балоце”). Мова дзіцячых кніг пісьменніка – гэта арганічны сплаў фальклорнай вобразнасці і паэтычнасці з выразнасцю і сакавітасцю гутарковай мовы.

Узятыя ў цэлым, творы Якуба Коласа для дзяцей, створаныя да рэвалюцыі, складаюць найкаштоўнейшае звяно беларускай дзіцячай літаратуры. Разам з тым, яны адыгралі станоўчую ролю ў працэсе развіцця пісьменніцкага майстэрства аўтара, ва ўдасканаленні яго творчага метаду.

Пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў працэсе стварэння новай беларускай літаратуры для дзяцей быў заснаваны часопіс “Зоркі” (1921–1922). Якуб Колас узяў актыўны ўдзел у яго выданні. На старонках “Зорак” паэт змясціў каля 20 сваіх твораў для дзяцей, большасць якіх трывала ўвайшла ў залаты фонд беларускай дзіцячай літаратуры.

Не менш плённым было супрацоўніцтва паэта ў часопісе “Беларускі піянер” (першы нумар выйшаў у 1924 г.). Асабліва шмат твораў Якуба Коласа было надрукавана ў 1926 г., сярод іх – стаўшыя класічнымі казкі "Рак-вусач" і "Дзед і мядзведзь", шматлікія вершы. Казка “Рак-вусач” вылучаецца дзіўным багаццем ідэйнай задумы. Паэт не толькі пашырае сферу жыццёвага вопыту свайго чытача, ён прывівае яму любоў да жыцця, выхоўвае цікавасць да навакольнай рэчаіснасці. Прадстаўлены ў творы раслінны і жывёльны свет – гэта свет беларускай прыроды, роднай і блізкай дзецям. Казка спрыяе развіццю пачуцця гумару, тым самым выхоўваючы стойкасць і мужнасць душы дзіцяці, гартуючы яго да жыццёвай барацьбы. У ёй асуджаюцца нэндзы, сцвярджаецца жыццярадаснасць, працавітасць, светлая вера ў будучыню.

У 30-я гады Якубам Коласам быў напісаны і выдадзены шэраг кніг для дзяцей. Сярод іх – зборнікі апавяданняў, зборнікі вершаў і вершаваных апавяданняў, народныя казкі ў апрацоўцы пісьменніка, літаратурныя казкі і паэмы, аповесці для піянераў. Паэма "Міхасёвы прыгоды" прысвечана тэме дзяцінства. У цэнтры паэмы – вобраз хлопчыка, які ўспрымае свет непасрэдна, па-дзіцячы. Усім зместам паэмы, усім характарам паэтычных вобразаў, карцінамі жыцця прыроды і людзей аўтар падводзіць юнага чытача да разумення велічы чалавека, яго стваральнай дзейнасці.

Асобнымі выданнямі для дзяцей быў выпушчаны шэраг зборнікаў вершаў: "На рэчцы зімою", "Вершы для дзяцей", "Усход сонца", "Дзецям".

Да лепшых узораў пейзажнай лірыкі паэта можна аднесці вершы "На полі вясною", "Ручэй", "Дуб", "Зіма", "Вясна", "Летам", "Лес", "Ноч". Паэт адухаўляе прыроду, вучыць дзяцей бачыць у, здавалася б, звычайных карцінах неўміручую прыгажосць і сілу. Паэтычная спадчына Якуба Коласа дае багаты матэрыял для дзіцячага чытання. Паэт культываваў у паэзіі для дзяцей амаль усе вядомыя формы паэтычных твораў – песні, вершаваныя казкі і апавяданні, калыханкі, байкі.

Значная частка вершаў прысвечана тэме дзяцінства. Паэт расказвае пра дзяцей, пра іх уражанні і настроі, пра выпадкі з іх жыцця. Звычайнае жыццё хлопчыкаў і дзяўчынак пад пяром паэта губляе сваю звычнасць, набываючы навізну, становячыся цікавым і займальным ("На рэчцы зімою", "Летам", "Песня аб вясне", "Дронік", "Дзед і ўнук", "Рагатка", "У школу", "За навуку", "Піянерам", "Піянерская песня").

Вершы паэта – адна з самых папулярных, найбольш ахвотна чытаемых дзецьмі старонак творчасці Якуба Коласа.

У паслякастрычніцкі перыяд быў таксама выдадзены шэраг апавяданняў Якуба Коласа для дзяцей ("Першыя крокі", "Крок за крокам", "Выбраныя творы", "У старых дубах", "Раніца жыцця", "Апавяданні").

У аповесці Якуба Коласа "Каля заставы" расказваецца пра подзвіг, здзейснены двума савецкімі школьнікамі-піянерамі. Макарка Новак і Лёнік Атрашкевіч – дзеці, выгадаваныя савецкай школай, савецкай рэчаіснасцю. Абодва яны – гарачыя патрыёты сваёй радзімы. Яны гатовы шчыра і аддана служыць ёй. Менавіта таму яны дапамагаюць пагранічнікам злавіць мацёрага шпіёна. У аповесці ўслаўляецца рамантыка подзвігу, выхоўваюцца высакародныя якасці грамадзяніна-патрыёта.

Аповесць цікавая і тым, што ў ёй пісьменнік паставіў і па-мастацку пераканаўча вырашыў праблему вобраза піянера ў дзіцячай літаратуры, тым самым зрабіўшы свой уклад у рашэнне праблемы станоўчага героя савецкай літаратуры.

Акрамя твораў Якуба Коласа, напісаных спецыяльна для дзяцей, у скарбніцу дзіцячай літаратуры трывала ўвайшлі кнігі, разлічаныя на дарослага чытача. Любімым прадметам дзіцячага чытання сталі аповесці "Дрыгва" і "На прасторах жыцця", паэмы "Новая зямля" і "Сымон-музыка".

Якуб Колас займае адно з самых пачэсных месцаў у гісторыі беларускай дзіцячай літаратуры. Яму належыць гонар быць адным з яе заснавальнікаў, заклаўшым першыя цагліны ў падмурак будучага будынка. Народны паэт азначыў шляхі развіцця нацыянальнай дзіцячай літаратуры, гэта былі шляхі народнасці і патрыятызму, гуманізму і інтэрнацыяналізму.

Якуб Колас пакінуў магутны след у беларускай дзіцячай літаратуры. Ён надаў творам для дзяцей такія ідэйна-мастацкія асаблівасці, якія засталіся жыць у літаратуры, сталі традыцыйнымі. Вельмі шырокі і ўзроставы дыяпазон кніг пісьменніка: ад казак для дашкольнікаў да кніг для юнацтва. Кожны твор пісьменніка знаходзіць свайго ўдзячнага чытача сярод дзяцей. І ў гэтым – пацвярджэнне таго факту, што спадчына народнага паэта ўвайшла ў залаты фонд класічных твораў.

Крыніца інфармацыі:

Храпунова, Л.Г. Якуб Колас – детский писатель: автореф. дис. ... канд. филол. наук / Л. Г. Храпунова; Бел. гос. ун-т им. В. И. Ленина – Могилев, 1965. – 20 с.

Бібліятэкарам