ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПершыя творыПершыя творы Янкі КупалыВерш "Мужык"
Верш

Верш "Мужык"

15 мая 1905 г. у газеце “Северо-Западный край” Янка Купала публікуе славуты свой верш “Мужык” (PDF), падпісаны псеўданімам “Я. Купала”. Гэта было першае выступленне ў друку. Газета выходзіла на рускай мове, але купалаўскі верш быў апублікаваны ў арыгінале. Ад “Маёй долі” яго аддзяляе ўсяго адзін год, але розніца відавочная. У “Мужыку” Янка Купала адыходзіць ад фальклорна-міфалагічнага мыслення і, гаворачы пра рэальнае становішча беларуса, звяртаецца да больш канкрэтна-індывідуалізаваных сродкаў мастацкай тыпізацыі. Гэтаму спрыяла новая канцэпцыя купалаўскага героя, які ўпершыню кідае выклік свайму лёсу:

Што я мужык, усе тут знаюць.
І, як ёсць гэты свет вялік,
З мяне смяюцца, пагарджаюць, –
Бо я мужык, дурны мужык…

У вершы – абагулены вобраз нешчаслівага, занядбанага чалавека, які, аднак, валодае пачуццём самапавагі і імкнецца самасцвердзіцца ў жыцці. Формай выяўлення гэтага вобраза робіцца аб’ектывізаваны маналог, а цэнтральнай думкай гэтага маналога – сцвярджэнне маральных і духоўных вартасцей мужыка, найперш пачуцця яго чалавечай годнасці:

Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

Гэта быў верш-учынак. Людзі пачулі ў ім голас беларускага селяніна, таго мужыка, з працы якога карыстаўся свет, а сам ён быў загнаны і прыгнечаны. Сучаснікі ўбачылі ў гэтым творы вострую і мастацкі пераканальную крытыку таго спаконвечнага песімізму, якім былі ахутаны лёс і само існаванне беларускага народа. Янка Купала сцвярджае павагу да простага чалавека, права змагацца за сваё чалавечае званне. Менавіта такім чынам ён вяртаў беларусу сэнс жыцця, які, па сутнасці, быў для яго страчаны.

pdf.pngВерш "Мужык"

Бібліятэкарам