ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПершыя творыПершыя творы Янкі КупалыВерш "А хто там ідзе?"
Верш

Верш "А хто там ідзе?"

У кожнай літаратуры ёсць творы, якія складаюць яе гонар і славу. Па іх мяркуюць пра сталасць літаратуры, узровень яе развіцця. Гэта перш за ўсё творы буйныя: раманы, аповесці, паэмы.

Але не меншую вядомасць прынеслі ў свой час і творы малых жанраў. Славуты верш "А хто там ідзе?" (PDF 1, 2) адкрыў свету не толькі Янку Купалу, прадстаўніка маладой беларускай літаратуры, але і сам народ. У сусветнай паэзіі няшмат знойдзецца вершаў, у якіх у такой сціслай і простай форме, з такой гранічнай выразнасцю і праўдзівасцю быў бы намаляваны партрэт цэлага народа ў адзін з самых вялікіх момантаў яго гісторыі – у момант яго палітычнага станаўлення.

Верш упершыню апублікаваны ў зборніку "Жалейка" (1908, Пецярбург).

Пра верш "А хто там ідзе?" Янка Купала казаў: “Мне хацелася крыкнуць на ўвесь свет аб тым, як цяжка пакутуе народ пад прыгнётам цара і капіталістаў”. І свет пачуў песняра. Менавіта з часу з’яўлення верша актывізавалася цікавасць грамадскасці да беларусаў.

У паэта сцвярджэнне індывідуальнай чалавечай годнасці і гуманістычнай самакаштоўнасці беларуса як асобы распачынаецца з самых ранніх польскамоўных твораў. Потым з’яўляецца цэлы цыкл беларускамоўных вершаў, дзе ўслаўляецца чалавек – мужык-беларус у сукупнасці ўсіх сваіх складаных сувязей з матэрыяльным і духоўным светам, праз якія паэт прыходзіць да сцвярджэння самавартасці ўсёй беларускай нацыі.

Паваротным момантам у канчатковым светапоглядным фарміраванні Янкі Купалы як паэта-грамадзяніна, паэта-прарока і адраджэнца становіцца славуты верш-гімн "А хто там ідзе?" (1905–1907). Тут фактычна ўпершыню вымаўляецца ўголас палітычная дэкларацыя шматмільённага беларускага народа: "Людзьмі звацца", – гэта значыць сцвердзіцца ў свеце не толькі сацыяльна, але і этнічна, палітычна, як самастойная паўнавартасная нацыя.

У мастацкім, эстэтычным плане гэты твор уражвае найперш сваім лаканізмам у адборы дэталяў, вобразаў, слоў. Сам па сабе верш – разгорнутая метафара, але па-за гэтай метафарай непасрэдна ў тэксце няма звыклых для паэзіі вобразна-выяўленчых сродкаў: эпітэтаў, параўнанняў ці тых жа метафар. Дасканаласць і прастата адлюстраванай карціны і выказанай у творы ідэі ўжо ў першых водгуках на верш справядліва асацыіруецца з геніяльнасцю, з выхадам па-за межы аднае беларускай тэматыкі ў свет агульначалавечай культуры. Згадаем яшчэ раз славутыя купалаўскія радкі:

А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
– Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,
На руках ў крыві, на нагах у лапцях?
– Сваю крыўду.

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць на паказ сваю?
– На свет цэлы.

А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон?
– Бяда, гора.

А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
– Людзьмі звацца.

У 1909 г. у часопісе "Przeglаd Krajowy" (№ 7–8) вядомы польскі крытык і гісторык літаратуры Ежы Янкоўскі (1887–1941) пісаў пра купалаўскі верш наступнае: "Чуваць у гэтым вершы водгулле размеранага кроку мільёнаў ног, веліч пакрыўджанага народа, які ідзе на барацьбу за сваю чалавечую годнасць, на бой за шчасце, уздымае чытача. Песня аб тым вялікім паходзе імпануе, трывожыць, пранізвае пагрозай чакання. Народ ідзе! Песня нарастае да сілы гімна, хоць яна ім не названа. Трэба нарадзіцца ў нашы дні на берагах Віліі, каб з поўным усведамленнем зразумець той факт, што не кожны гімн ёсць гімнам. Параўнайце вышэй успомнены беларускі верш з так званым "Літоўскім гімнам" нейкага п. Антона Завішы... і пераканаецеся, што ў значнай ступені паэтычны дар Янкі Купалы перарастае мяжу роднай культуры".

Тое, што прыведзеная цытата не была перабольшаннем, пацвярджаюць радкі самога верша, які сёння аднагалосна называецца беларускім гімнам.

Верш "А хто там ідзе?" перакладзены на 82 замежныя мовы.

“А хто там ідзе?” – паваротны пункт у станаўленні беларускай літаратуры, гімн яе народа, які ўзнімаўся на барацьбу.

Луі Арагон

Мы, чэхі, не можам не адчуць – асабліва ў заключных радках гэтага верша, які заканчваецца словамі “людзьмі звацца”, – унутранай блізкасці яго да “Балады аб вясне 1848 года” Яна Неруды.

Іозеф Румлер

У трупе Ігната Буйніцкага на кожным выступленні спявалі “А хто там ідзе?”, выкананне мела характар харалу. Пытанне спяваў адзін голас – сола. Адказваў хор, няспешна, сумна, аднак з цвёрдай рашучасцю ў канцавых радках песні. Гледачы прыціхалі. Неяк знячэўку запаноўвала цішыня, не чуваць было нават шэпту. Здавалася, што вось зараз усе паўстаюць з месцаў і песню Янкі Купалы прыме глядзельная зала як гімн Бацькаўшчыне.

Зыгмунд Абрамовіч

Верш гэты выдатны. У простую і даступную форму яго паэт уклаў агромністы змест. У ім, у гэтым вершы, у некалькіх радках выяўлена тое, для чаго іншаму паэту спатрэбілася б напісаць цэлую паэму. Верш “А хто там ідзе?” – адзін з самых моцных, самых лепшых вершаў Янкі Купалы, калі не сказаць – самы моцны, самы лепшы.

Міхаіл Ісакоўскі

Верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” я лічу найвыдатнейшым не толькі па сацыяльным яго значэнні, але і па высокім ўзроўні майстэрства, па смеласці фармальнага яго рашэння.

Мікалай Браўн

Верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” набыў сапраўды гістарычнае значэнне. З часоў верша “А хто там ідзе?” пачалося шырокае прызнанне беларускай літаратуры як глыбока народнай, прагрэсіўнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай.

Гаўрыла Гарэцкі

Поўны журбы і разам з тым азораны надзеяй гімн “А хто там ідзе?”... Аўтар, гаворачы пра беларусаў і выказваючы іх жаданне “людзьмі звацца”, мае на ўвазе нацыянальную і сацыяльную крыўду і супраць яе пратэстуе.

Максім Рыльскі

На працягу многіх гадоў свой агромністы паэтычны дар аддавалі народу Янка Купала і Якуб Колас. Агульнавядомы водгук на іх М. Горкага. Агульнавядомы і пераклад верша Янкі Купалы “А хто там ідзе?”, зроблены самім Горкім, верша магутнага па моцы грамадзянскага і паэтычнага пачуцця... Мне думаецца, што яшчэ многія паэты будуць звяртацца да гэтага класічнага твора таксама, як і да “Заповіту” Тараса Шаўчэнкі.

Аляксандр Пракоф’еў

pdf.pngВерш "А хто там ідзе?" 



pdf.pngФаксіміле

Бібліятэкарам