ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПеракладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы і Якуба КоласаПеракладчыцкая дзейнасць Янкі КупалыПераклад "Слова пра паход Ігаравы"
Пераклад

Пераклад "Слова пра паход Ігаравы"

У 1918–1921 гадах Янка Купала двойчы (!) – прозай і вершамі – пераклаў “Слова пра паход Ігаравы (PDF). Празаічны пераклад быў зроблены ў 1919 г. і апублікаваны ў газеце “Беларусь” за лістапад таго года. А ўжо 11 лістапада ў газеце “Беларусь”, дзе друкавалася заканчэнне перакладу, з’явілася наступная вытрымка з ліста акадэміка Я. Карскага: “Не магу не прывітаць Вашага жадання пералажыць «Слова аб палку Ігаравым», гэты дзівосны старасвецка-рускі твор, на беларускую мову, па сваёй архаічнасці так блізкую да яго. Пераклад, кажучы наогул, даслоўны і вельмі ўдалы. Думаю, што справа гэтым у Вас не абмяжуецца і Вы дасце таксама вершаваны пераклад гэтага помніка, тым болей, што і цяпер шмат радкоў у Вашым перакладзе могуць быць ужо падзелены на вершы, разумеецца, без рыфмаў, якія для падобных твораў не так ужо і патрэбны...”.

Купалавы пераклады “Слова пра паход Ігаравы” – унікальныя: максімальна дакладна перадаючы змест і фабулу сярэдневяковага помніка, яны кардынальна змяняюць яго сэнс; пад пяром Купалы “Слова” не толькі робіцца востранадзённым для сучаснай перакладчыку нацыянальнай культуры, але і выяўляе свайго роду архетыповыя рысы беларускай культуры ў цэлым.

Культурна-палітычнае становішча Русі напярэдадні мангола-татарскага нашэсця і культурна-палітычнае становішча Беларусі ў тыя часы (1918–1920) рэзка адрозніваюцца. Але Купала знівеліраваў канкрэтна-гістарычныя і прыватныя адрозненні і закцэнтаваў увагу на агульнаактуальным – на закліку да еднасці, на апалогіі канцэнтравання ўсіх сіл для перамогі над пераўзыходзячымі па магутнасці ворагамі. Такім чынам, у перакладах Купалы “Слова” атрымала прытчавы сэнс; змяніўшы жанр, “трудная повесть” ператварылася ў прыпавесць, чый сюжэт па жанравым азначэнні не адпавядае сэнсу, але толькі намякае на наяўнасць ці нават магчымасць наяўнасці нейкага сэнсу, адрознага ад сюжэту і фабулы. Пры гэтым само “Слова” ўспрымаецца Купалам як цалкам станоўчы прататып-прытча таго, што адбываецца і мае адбыцца зараз. Мова і сюжэт “Слова” робяцца свайго роду “эзопавай” мовай паэта. Здаецца часам, што “Слова” і тагачасная творчасць Купалы пераклікаюцца, тлумачаць і дапаўняюць адно аднаго: выразы “Слова” прымушаюць прыгадаць Купалавы радкі, а думкі і выказванні паэта тлумачацца вобразамі-прытчамі “Слова”. “Трудная повесть” набывае сэнс нацыянальна-вызваленчай прытчы-пракламацыі, якая заклікае аб’яднацца і “моцна трымаць сцяг змагання за сваё вызваленне”, “дзеля адраджэння свайго народа, дзеля адбудавання незалежнасці сваёй Беларускай дзяржавы”, каб “ад няпаду, ад няволі бараніць страну”.

Дакладна вызначаюцца вобразныя адпаведнасці гэтай пракламацыі-прытчы: сонечнае зацьменне – шматвяковае рабства беларусаў; полаўцы – ворагі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў; паражэнне “храбрых русічаў” – антынацыянальная дзейнасць на Беларусі як “сацыяльных рэвалюцыянераў”, так і “нацыянальных”; плач Яраслаўны – галашэнне Айчыны па сваіх сынах і г. д.

Цікавыя сэнсавыя метамарфозы адбываюцца пад пяром Купалы з вобразамі галоўных дзеючых асоб “Слова” – князёў-братоў Ігара і Усевалада. У новым сэнсавым кантэксце гэтыя вобразы выступаюць прататыпамі і адначасова сімваламі чаканага нацыянальнага героя – выратавальніка і збаўцы, Ваяка і Уладара. У вершы “Паўстань” (1919) Янка Купала звяртаецца да Ваяка з заклікам:

...волатам на вогненным кані
Народ аграблены...
За Бацькаўшчыну павядзі ў агні!

Як у свой час Ігар “навастрыў сваёй мужнасцю сэрца; напоўніўся духу барацьбянага і павёў сваё войска ... на землі Палавецкія за Рускія землі”; “на зямлю палаўчан на змаганне, ды за Рускай зямлі бытаванне!”.

Верш “Ваяк” (1919) нават пабудаваны па тым жа сюжэце, што і “Слова”, з той толькі розніцай, што ў “Слове” “перайшло баразну” Ігарава войска (“о, Рускае земле, уже за шеломянем есі!”), а ў купалавым “Ваяку” – варожае, але гэтая “дэталька” як быццам і не заўважаецца Купалам, нівеліруецца агульным пафасам нацыянальна-вызваленчай барацьбы.

Маляўнічае апісанне “Буй-тура Всеволода” ў “Слове” дае Купалу вельмі яркія і выразныя фарбы для выявы чаканага беларускага Ваяка – змагара за волю:

Яр-тур Усеваладзе! Стаіш у барацьбе й засыпаеш ты вояў варожых стрэламі, грыміш ты аб шоламы мячамі сталёвымі. Дзе толькі даскочыш, сваім залатым, тур, свецячы шоламам, – ляжаць там паганыя галовы палавецкія.

З відавочнай алюзіяй на “Слова” апісвае Купала бойку беларускага Ваяка з ворагам:

Наляцеў, як пярун,
На разбойніцкі зброд;
Запусціў меч-калдун,
– Сцеражыся, народ.
Б’е агонь з дзецюка,
Косіць голавы з плеч,
Не здрыгнецца рука,
Не тупеецца меч.
Тысячу ўжо лягло,
Ўжо другую сячэ...
(“Ваяк”)

Вобраз жа дзяўчыны, за якую загінуў Купалаў Ваяк і якая пры такім супастаўленні тыпалагізуецца з вобразам “красныя Глебовны”, перарастае такім чынам у сімвал радзімы (“а дзяўчыне няўцям, што памёр праз яе”, але і за яе) – радзімы, якая не ведае пра сваіх абаронцаў. Цікава параўнаць згаданыя вобразы з прытчавым жа вобразам князя (“Князь”, 1919), які кінуў дзяўчыне-радзіме “горсць серабра” ды “паехаў сам, сам”, – ці адкупіўшыся, ці, наадварот, пакінуўшы заклад-абяцанку вярнуцца і ажаніцца з дзяўчынай-лілеяй (г. зн. каралеўнай), як паехалі некалі князь Ігар ад сваёй лады-Яраслаўны, Усевалад ад “красной Глебовны”, а іх воі ад “жен руских” абараняць (ва ўспрыманні Купалы) сваю зямлю ад паганых.

Дзіўная рэч, сэнсавы адбітак аднаго з вобразаў “Слова”, што паглыбляе і манументалізуе прыватныя і, здавалася б, другарадныя вобразы ў вершах Купалы, у сваю чаргу застаецца на “Слове” і надае вобразу “милыя хоти Глебовны”, Яраслаўны і ўвогуле “жен руских” сэнсавае адценне, не чытальнае як такое ў “Слове”: каханка ёсць увасабленнем, як бы матэрыялізацыяй кахання да айчыны, да “отня злата стола”; плач каханкі па каханым – плач айчыны па сваім абаронцы... Падобныя ўзаемаадбіткі вельмі характэрныя для дадзенага этапу Купалавай творчасці. У “Паўстань” Купала заклікае Ваяка:

...На стражы стань гранічнае мяжы...
Свой край заваяваць паўстань, ваяк!

На што як быццам адгукаецца Ігар са “Слова”:

Пасядзем жа, брацця, на быстрыя коні свае... Хачу... дзіду зламаці aб поля канец палавецкага!

У паэтычным перакладзе гэта гучыць яшчэ больш выразна:

...хачу вострую дзіду
Зламаць за бяду і абіду
аб канец палавецкага поля;
хачу з вамі, русіны, за волю
Палажыць сваю голаў да скону.

Тэма абароны мяжы, што праходзіць чырвонай ніткай праз усю Купалаву творчасць 1918–1921 гг., вельмі трапна ўгадана і падхоплена ў перакладзе помніка, хоць і таксама неадэкватна аўтэнтычнаму сэнсу: у “Слове” Ігар “нечестно” парушае мяжу Рускае зямлі, “зламаўшы дзіду аб канец палавецкага поля”, і гэтым самым менавіта ён, Ігар, а не хто іншы, “адчыняе полю (г. зн. полаўцам, увогуле – ворагам) вароты” і пускае на Русь “деву Обиду”, Карну і Жэлю. Але той самы Ігар, уцёкшы з палону, ідзе перш-наперш не да “бацькава пасаду”, але да кіеўскай Багародзіцы Пірагошчай, каб замаліць свой грэх парушальніка мяжы і прасіць Багародзіцу дапамагчы здзейсніць заклік Святаслава – “зачыніць полю вароты”. У перакладзе Купалы Ігар – прататып і сімвал ідэалізаванага чаканага ваяка – насуперак зместу арыгінала ёсць не парушальнік, але ахоўнік мяжы.

Вобраз Уладара паўстае ў Купалы свайго роду зваротным бокам вобраза Ваяка. Яно і зразумела: абараніўшы межы, здабыўшы волю і вярнуўшы сабе “бацькаў пасад”, Ваяк па неабходнасці ператвараецца ва Уладара. Ігараў палон натуральна бачыцца Купалу сімвалічнай выявай “апекавання” беларускага народа “ўсялякімі чынамі” маскоўскага цара, бальшавікоў, немцаў, палякаў – рознымі “суседзямі”, што “пруць к яму ў гаспадары”, а вызваленне Ігара – правобразам-сімвалам будучага нацыянальнага вызвалення і дзяржаўнага адраджэння і незалежнасці. У перакладах Купалы Ігараў палон, як і палон беларускага народа, – гістарычная несправядлівасць, бяда, Карна, Жэля і “дева Обида” ў адной асобе, што прыведзены на Беларусь нахабнымі “суседзямі” – “сваякамі”, “разбойніцкім збродам”, увогуле кажучы, “паганымі”. Але ж, верыць Купала – і змест “Слова” ў дадзеным выпадку выступае доказам і прататыпам таго, – “аграблены” і запалонены беларускі народ, як і Ігар у свой час, вернецца “къ отню злату столу”.

“Светлая будучыня”, відавочна, асацыявана Купалам з часамі Усяслава Полацкага. Усяслававы часы, апісаныя аўтарам "Слова" са спачувальнай іроніяй, у Купалы – прывабны вобраз залатога веку беларускай нацыянальнай культуры, калі “хоць і часта бяды нацярпеўся” Усяслаў, але ж сам, без дапамогі “суседзяў-дабрадзеяў”, “...людзям суд судзіў, гарадамі князёў надзяляў, а сам поначы, свету на здзіў, ваўкалакам ці воўкам гуляў...”. Усяслаў-пераварацень сімвалізуе беларускі народ, які мусіць хутка паўстаць з мёртвых, узняцца з попелу, прачнуцца ад шматвяковага сну.

Пераклады Купалы настолькі ж актуальныя для палітыка-культурнай сітуацыі Беларусі ў 1918–1921 гадах, як само “Слова пра паход Ігаравы” было злабадзённым у апошняй чвэрці XII стагоддзя ў старажытнай Русі. Купала знівеліраваў канкрэтна-гістарычныя і прыватныя адрозненні эпох і засяродзіў увагу на агульнаактуальным – на адчуванні памежнасці сітуацыі, калі тое ці іншае рашэнне-дзеянне можа павярнуць кола гісторыі і нацыянальнага лёсу, на закліку да еднасці, на апалогіі канцэнтравання ўсіх сіл для перамогі над пераўзыходзячымі па магутнасці ворагамі, сярод якіх – таксама і ўласныя духоўныя і маральныя заганы чалавека.

Крыніцы інфармацыі:

  1. Ляўшун, Л. Беларусацэнтрызм купалавых перакладаў “Слова пра паход Ігаравы” / Любоў Ляўшун // Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур: матэр. міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 3–4 кастр. 2002 г.) / Рэдкал.: У. В. Гніламёдаў (гал. рэд.) і інш. – Мінск, 2002. – С. 232–238.
  2. Ляўшун, Л. “Свевая славы оба полы сего времени …” : “Слова пра паход Ігара” ў творчасці Янкі Купалы / Любоў Ляўшун // Беларуская думка. – 2008. – № 6. – С. 98–103.
  3. Проневич, Г. Н. "Слово о полку Игореве" в становлении историко-литературного самосознания славянских литератур эпохи романтизма: А. Пушкин, А. Мицкевич, Янка Купала / Г. Н. Проневич // Литературная классика в диалоге культур: тезисы к Междунар. науч. конф., посвященной 120-летию Янки Купалы и Якуба Коласа (Москва, 23 окт. 2002 г.). – Москва, 2002. – С. 52–57.
  4. Хазанава, К. Пераклад Янкі Купалы “Слова пра паход Ігаравы”: узнаўленне назвы / Кацярына Хазанава // Нараджэнне класіка: VII Міжнародныя Купалаўскія чытанні – навук. канф., Мінск, 17–18 чэрв. 2004 г. / уклад. А. У. Бурбоўская; рэдкал. В. П. Рагойша (рэд.), С. У. Вечар, Ж. К. Дапкюнас. – Мінск, 2005. – С. 232–236.
Бібліятэкарам