ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПеракладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы і Якуба КоласаПеракладчыцкая дзейнасць Якуба Коласа
Перакладчыцкая дзейнасць Якуба Коласа

Перакладчыцкая дзейнасць Якуба Коласа

Якуб Колас як перакладчык стаў вядомы савецкаму чытачу з 1926 г., калі ў літаратурна-мастацкім дадатку да газеты “Беларуская вёска” з’явіліся яго вольныя ўзнаўленні з рускай мовы вершаў вялікага індыйскага пісьменніка Рабіндраната Тагора “Мілая, ну, глянь...” і “Скажы мне, мой любы”. Найбольш перакладаў пясняр у 30-я гг. Менавіта тады ўпершыню былі апублікаваны яго творчыя перастварэнні неўміручых літаратурных помнікаў А. Пушкіна (“Палтава”), Ю. Лермантава (“Дэман”), паэм і вершаў ўкраінскага Кабзара Т. Шаўчэнкі (“Ерэтык”, “Неафіты”, “Марыя”, “Гамалія”, “Сава”, “Раскапаная магіла”, “Чаго мне так цяжка, чаго мне так нудна”, “Гогалю”) і многія іншыя.

У 1940 г. Я. Колас пераклаў верш А. Міцкевіча “Паніч і дзяўчына”. У 1941 г. да 50-годдзя з дня нараджэння і 30-годдзя літаратурнай дзейнасці вядомага ўкраінскага паэта Паўла Тычыны Колас зрабіў пераклад яго верша “Гаі шумяць”.

Апошнія коласаўскія пераклады датуюцца 50-мі гадамі. Гэта – верш М. Рыльскага (“Музей Леніна ў Пароніне”) і тры вершы П. Тычыны (“Танец на мячы”, “Над бранскімі лясамі” і “...Ёсць шмат у нас мораў”).

Перакладчыцкая спадчына Я. Коласа пры ўсёй яе колькаснай значнасці ўражвае, аднак, не гэтым, а сваёй эстэтычнай важкасцю, той роллю, якую яна адыгрывала і адыгрывае ў станаўленні і развіцці асобных прынцыпаў рэалістычнага перакладчыцкага метаду. Народны пясняр ставіўся да мастацкага перакладу як да справы дзяржаўнай важнасці. Ён добра разумеў, што пераклад служыць адным з аб’ектыўных паказчыкаў характару і інтэнсіўнасці культурнага ўзаемаабмену паміж народамі, іх духоўнага збліжэння. Пераклаў Якуб Колас... Гэта сцвярджала неацэнны, самы непасрэдны ўплыў класікаў братніх літаратур на творчасць народнага песняра, а тым самым – і на ўсю беларускую літаратуру. Гэта гаварыла пра далейшае развіццё і ўзбагачэнне беларускай літаратурнай мовы, актывізацыю яе ўласных моўна-выяўленчых сродкаў, умелае запазычанне тых, якіх па той ці іншай прычыне неставала. Гэта паказвала таксама на няўхільнае папаўненне вопыту перакладчыка, актыўны ўдзел яго ў выпрацоўцы агульных прынцыпаў перакладу твораў з адной роднаснай мовы на другую, у стварэнні тэорыі мастацкага перакладу ўвогуле. Гэта сведчыла, што ўпісвалася яшчэ адна цікавая старонка ў адвечную кнігу славянскай супольнасці.

У 1927 г. ЦК КПБ Беларусі прыняў пастанову выдаць дванаццацітомны збор твораў У. І. Леніна на беларускай мове. У склад камісіі, якая вяла стылявое рэдагаванне перакладаў, увайшоў і Якуб Колас. У 30-я гады ажыццяўлялася выданне на беларускай мове поўнага збору твораў М. Горкага. Колас, разам з М. Лыньковым і З. Бядулем, рэдагаваў гэтае выданне.

“Кабзар” Т. Шаўчэнкі поўнасцю па-беларуску выходзіў двойчы – у 1939 і 1952 гг. І абодва разы (у 1939 – сумесна з Янкам Купалам) Колас браў на сябе нялёгкі, але пачэсны абавязак літаратурнага рэдактара кнігі.

Найбольш перакладаў Я. Колас у 30-я гг. Гэта выклікалася галоўным чынам тым, што іменна ў гэты час беларускі народ разам з усімі савецкімі людзьмі шырока адзначаў некалькі знамянальных дат: у 1937 г. – 100-годдзе з дня смерці А.С. Пушкіна, у 1939 – 125-годдзе з дня нараджэння Т.Р. Шаўчэнкі і М.Ю. Лермантава. Да знамянальных дат друкаваліся шматлікія творы гэтых пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову, перакладаць якія было даручана лепшым літаратурным сілам Беларусі. Таму, безумоўна, Якуб Колас не мог не скарыстаць магчымасці хоць у невялікай меры аддзячыць сваім найбліжэйшым літаратурным настаўнікам, павучыцца ў лепшых майстроў слова.

Перакладзена Якубам Коласам:

Крыніцы інфармацыі:

  1. Рагойша, В. Вяршыні: з невядомага і забытага пра Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча / Вячаслаў Рагойша. – Мінск: Універсітэцкае, 1991. – 199 с.
  2. Рагойша, В. П. Пераклаў Якуб Колас... / В. П. Рагойша. – Мінск, Выдавецтва БДУ, 1972. – 112 с.
Бібліятэкарам