ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыЯнка Купала
Янка Купала

Янка Купала

Час Першай сусветнай вайны, якая прынесла на беларускую зямлю смерць, збядненне, жыццёвыя трагедыі і гранічна абвастрыла грамадскія канфлікты, супаў з перыядам паскоранага станаўлення і развіцця нацыянальнай літаратуры. Яе класікі Янка Купала, Якуб Колас, М. Багдановіч адгукнуліся на трагічныя падзеі вайны найбольш мабільным і аператыўным літаратурным жанрам – лірычным маналогам, які дазваляў сінхронна перадаць пачуцці і перажыванні, звязаныя са страшнай агульначалавечай бядой, аднак не прэтэндаваў на глыбокі яе аналіз ці стварэнне эпічна аб’ектыўнай карціны.

У жыццёвыя лёс Янкі Купалы Першая сусветная вайна ўвайшла непасрэдна: Купала быў прызваны ў армію ў студзені 1916 г. і служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску.

З першых жа дзён вайны гучыць яркі матыў яе асуджэння ў лірыцы Янкі Купалы: “1914-ты”, “Песні вайны”, “Вясна 1915-ая”. Паэт увасабляе яго ў традыцыйных фальклорных вобразах вогнішча, буры, грому, завірухі, пажараў, праз форму народнага хаўтурнага галашэння маці-ўдавы і карціну пабоішча-жніва, якая яўна пераклікаецца з адпаведным малюнкам “Слова пра паход Ігаравы”. Купала-рамантык амаль не апісвае рэалістычныя падзеі, але надае вялікую ўвагу сімвалам: камета ў небе, крык гругана, сава на крыжы… Паэт задумваецца найперш пра антыгуманную сутнасць падзей, прынесеных 1914 годам:

“Не забіваці” – ты стрывожыў права,
На сэрца і душу наклікаў цьму,
Людзей на звераў пошасцяй крывавай
Ператварыў і здаў наследніку свайму.

Нават вясна наступнага, 1915-га года ўяўляецца Янку Купалу не надзеяй. А “балем звяр’я” і груганоў, жалобай краю, “А надпіс на яе агнёвым знамені: “Вайна!”. Змрочны, выкліканы падзеямі сусветнай і грамадзянскай вайны настрой адчуваецца ў хрэстаматыйна вядомых вершах “Спадчына” і “Паязджане”.

У знакамітым вершы "Паязджане" (1918) перадаецца светадчуванне звычайнага чалавека, які ва ўмовах вайны і гістарычных катаклізмаў гвалтам вырываецца са свайго натуральнага асяроддзя, спакойнага мірнага жыцця і вымушаны пакутліва шукаць хоць нейкага прыстанку ў шырокім свеце:

Распаўзлася па абшары
Снежным пухам, снежнай марай
Папаўзуха-завіруха –
Злога духа злыбядуха.
Ў полі дымна, ў полі цёмна,
Беспатольна і заломна,
Ні пуціны, ні ўпыння,
Як у вечнай дамавіне.

“Паязджане” перакладзены на многія мовы свету: англійскую,балгарскую, іспанскую, польскую і рускую. Міжнароднае прызнанне – невыпадковае, яно сведчанне вялікай эстэтычнай вартасці верша. У аснову твора Янка Купала паклаў народнае павер’е, паводле якога ўдзельнікі вяселля, калі ім перабяжыць дарогу ваўкалак, будуць бясконца блудзіць у наваколлі і ніколі не вернуцца ў дом, з якога выехалі.

Як у моры, ў белым снегу,
Без днявання, без начлегу,
Ў бездарожжа, ў беспрыстанне
Едуць, едуць паязджане.
Едуць, едуць, ані следу,
Ні праслуху, ні прагледу,
Ні прасвету, ні надзеі, –
Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.

У першыя паслякастрычніцкія гады ў Янкі Купалы разам з пачуццем надзеі нарастаюць адчуванні трывогі і адчаю. У гады ваенных ліхалеццяў беларусы сталі народам-бежанцам. Тэма бежанства становіцца асноўнай, але не вычэрпвае ўсю семантычную глыбіню верша “Паязджане”. Час паказаў, што бежанства стала эмблемай усяго ХХ ст., лёсам многіх народаў.

У вершы – вобраз вясельнага картэжу – “поезда” ў бязрадаснай сітуацыі, сярод зімовай завірухі ў полі ўначы… Вясельнікі-“паязджане”, ахопленыя жахам, прымерзлыя адно да аднаго…

Бежанства беларусаў, эмігранцтва, расчараванне паэта ў гістарычнай перспектыве свайго шматпакутнага народа – гэта далёка не ўсе магчымыя прачытанні верша. Паязджане – гэта людзі-цені, людзі-прывіды, рабы, духоўныя жабракі, гэта метафара адчужанасці людзей ад саміх сябе, неідэнтычнасці, духоўнай неўкарэненасці, санлівасці, немачы, смерці-пры-жыцці (або жыцця ў смерці) – усяго таго, што Янка Купала не стамляўся выкрываць і з цягам папярэдняга свайго творчага шляху, і пазней.

Бібліятэкарам