ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыКандрат Крапіва
Кандрат Крапіва

Кандрат Крапіва

Нарадзіўся Кандрат Крапіва ў 1896 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах і Койданаве (Дзяржынску).

Закончыўшы ў 1913 г. гарадское вучылішча, Кандрат здае экстэрнам экзамен на званне настаўніка пачатковай школы і едзе працаваць у Мнішанскае земскае народнае вучылішча былога Мінскага павета. У 1915 г. яго мабілізуюць у царскую армію і праз некаторы час пасылаюць на фронт. Удзельнік Першай сусветнай вайны (1915–1917). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у пачатку 1918 г., Крапіва як настаўнік дэмабілізуецца з арміі і едзе працаваць у адну з пачатковых школ Уздзенскай воласці. Праз два гады яго прызываюць у Чырвоную Армію. Некаторы час пасля арміі жыве ў роднай вёсцы, а вясною 1925 г. пераязджае ў Мінск, пачынае працаваць у Інстытуце беларускай культуры інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства, актыўна ўключаецца ў літаратурнае жыццё, з’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, а затым – “Узвышша”. У 1926 г. Крапіва паступае на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; пасля заканчэння якога цалкам аддаецца літаратурнай дзейнасці.

Сатырычнае апавяданне “Мой сусед” з’яўляецца класічным творам, скіраваным супраць прыстасаванства. Яно было напісана ў 1927 г. і пэўным чынам перагукаецца з п’есай Е. Міровіча “Кар’ера таварыша Брызгаліна” (1925) і з “Тутэйшымі” (1922) Я. Купалы. У сваім творы К. Крапіва малюе вобраз чалавека-флюгера, які нават прозвішча змяняе ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры: Лукавіцын – Цыбульскі – Цыбулевіч. Таксама, як і купалаўскі Мікіта Зносак, які пры польскай уладзе ператвараецца ў Знасілоўскага, а калі прыходзяць рускія – у Зносілава. І ўсё ж Крапіва не паўтараў Купалу, а па-свойму паспрабаваў адлюстраваць адну з характэрных рыс беларускага менталітэту: здольнасць прыстасоўвацца да любых абставін, нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і адпаведна нацыянальнага патрыятызму ў пэўнай часткі беларускага насельніцтва.

Герой апавядання – настаўнік гарадской гімназіі Міхаіл Іванавіч Лукавіцын – на працы вызначаецца асаблівай стараннасцю і строгасцю. Аднаго вучня, напрыклад, ён “пяць разоў выклікаў на зіме, дамагаючыся, каб той сказаў «рюмка»”. Вучань кожны раз гаварыў “румка” і садзіўся з “едзеніцаю”. Клопаты Лукавіцына па чыстаце вымаўлення “рюмкі” скончылася тым, што вучань у канцы года меў “круглую едзеніцу” і канчаткова “сеў” на другі год, а настаўнік быў задаволены, што выканаў “свой абавязак”. Аднак гэтая “стараннасць” не прынесла Лукавіцыну жаданага паляпшэння кар’еры. Пачынаецца рэвалюцыя, а потым белапольская акупацыя, і Лукавіцын спрабуе тэрмінова перабудавацца і прыстасавацца да новых умоў. Падкрэсліваючы сваю лаяльнасць да польскай улады, ён вешае на сваіх дзвярах таблічку “Міхаіл Цыбульскі – шчыры паляк”, а праз нейкі час, калі пачынаецца перыяд беларусізацыі, ён робіцца Міхасём Цыбулевічам – самым зацятым і шчырым беларусам.

Вобраз Лукавіцына-Цыбульскага-Цыбулевіча абмаляваны ў апавяданні сатырычнымі фарбамі. Разам з тым тут праяўляецца ўменне пісьменніка вылучаць найбольш тыповыя дэталі, падкрэсліваць адметныя рысы характару, што робіць гэты персанаж асабліва каларытным і запамінальным. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае і асаблівае крапівоўскае адчуванне мовы, здольнасць бліскуча выкарыстоўваць скарбы народнай лексікі.

Бібліятэкарам