ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыАндрэй Мрый
Андрэй Мрый

Андрэй Мрый

Празаік, журналіст. Брат драматурга В. Шашалевіча. З сям’і валаснога пісара. Скончыў духоўнае вучылішча і Магілёўскую духоўную семінарыю (1914). Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. З трэцяга курса (1916) мабілізаваны ў школу прапаршчыкаў. Праз 4 месяцы адпраўлены на фронт у 94 енісейскі полк. З 1918 да 1921 г. – у Чырвонай Арміі, камандзір 345-й роты 14-га палка. У 1921–1926 гг. настаўнічаў у мяст. Краснаполле (выкладаў гісторыю і французскую мову). Публікаваўся з 1924 г. Са сваякамі стварыў у Краснаполлі тэатр; выдаваў рукапісны часопіс “Пралеска”. Збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў слоўнікавую камісію Інбелкульта. У жніўні 1926 г. выехаў у Мінск, дзе па прапанове Зм. Бядулі стаў супрацоўнікам часопіса “Наш край”, потым інспектарам Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР. З 1933 г. працаваў стыльрэдактарам у газеце “Звязда”. Сябра літаратурнага аб’яднання “Узвышша” (з 1929 г.; друкаваўся ў аднайменным часопісе з 1927 г.).

У 1929 г. напісаў сатырычны раман “Запіскі Самсона Самасуя”, які быў абвешчаны “злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасць”, цалкам апублікаваны толькі ў 1988 г. (“Полымя”, № 1), экранізаваны ў 1990 г. пад назвай “Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя”. Пісьменніка арыштавалі ў 1934 г. па справе краснапольскіх настаўнікаў, ён быў асуджаны “тройкай” на 5 гадоў зняволення і этапіраваны ў Карагандзінскі ППЛ. Пасля падачы апеляцыі Генпракурору СССР тэрмін пазбаўлення волі зменены: тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгалтарам да снежня 1937 г. У пачатку 1938-га прыехаў у Мурманск, настаўнічаў у адной з сярэдніх школ. Зноў арыштаваны ў 1940 г., асуджаны (праз дзесяць дзён) на 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Карагандзе, у Валагодскай і Мурманскай абласцях. У ссылцы працягваў літаратурную дзейнасць, напісаў раман з лагернага жыцця “Жывы дом”. У 1943 г. медыцынскай камісіяй прызнаны інвалідам і адпраўлены паміраць дамоў. Па некаторых звестках забіты рэцыдывістамі ў цягніку. Рэабілітаваны ў 1961 г.

Апавяданне “Камандзір” (1927) пачынаецца з анекдатычнай сітуацыі: у чырвоныя камандзіры выбіваюцца два неадукаваныя местачкоўцы. “А мы, ведаеце, ні бэ, ні мэ! Ні ойча наш, ні багародзіцу. Толькі, праўда, лаянкаю добра крылі”. Аднак неўзабаве сітуацыя напаўняецца непадробным драматызмам. 3 тою ж прастадушнай самаіроніяй герой распавядае пра крывавыя рэвалюцыйныя падзеі, і ў ягоным гумары пачынаюць гучаць злавесныя ноткі. Новаспечаныя “чырвоныя камандзіры” чыняць забойствы і гвалт у панскім маёнтку, люта здзекуюцца з генерала Уварава і ягонай дачкі. Праўда, вастрыня рэалістычнага апісання крыху здымаецца дыдактычным фіналам, дзе гора-камандзіраў чакае пакаранне: “Скінулі мяне з камандзірства, засадзілі ў турму, судзілі мяне. Суд, пабачыўшы мае маладыя леці, дараваў мне, вярнуў у часць. А там накіравалі мяне на курсы, дзе я зразумеў, які я гад быў і што няправільна разумеў усё. Цяпер мяне ўжо не паддзенеш”. Аднак самазадаволенасць, смакаванне падрабязнасцей, з якімі герой распавядае пра свае авантуры, прымушаюць засумнявацца ў шчырасці такога прызнання. Мова “камандзіра”, у якой абыгрываецца палітычны жаргон, прымітыўная і самапарадыйная, выглядае прадвесцем будучых маналогаў Самасуя, які з гэткім жа самалюбаваннем будзе згадваць уласнае “рэвалюцыйнае мінулае”.

Бібліятэкарам