ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайАсноўныя бітвы, баі, ваенныя аперацыіНарачанская аперацыя – бітва за Парыж пад Нараччу
Нарачанская аперацыя – бітва за Парыж пад Нараччу

Нарачанская аперацыя – бітва за Парыж пад Нараччу

11 лютага 1916 г. у магілёўскай Стаўцы адбылася нарада, прысвечаная далейшым дзеянням Заходняга фронту. У пачатку 1916 г. германская армія пачала штурм буйнейшай французскай крэпасці Вердэн. Страта французамі Вердэна адкрывала перад германскімі войскамі свабодны шлях на Парыж, што непазбежна вяло да капітуляцыі Францыі. Становішча пад Вердэнам складвалася адчайнае, і саюзнае французскае камандаванне папрасіла ў расійскай Стаўкі правесці наступленне, якое "адцягвала б" увагу. У сувязі з цяжкім становішчам на французскім фронце каля сцен крэпасці Вердэн было вырашана аказаць саюзнікам дапамогу і пачаць наступленне ў раёне возера Нарач. Глаўкам Заходняга фронту А.Е. Эверт звярнуў увагу на невыгоднасць пагодных умоў, на негатоўнасць яго войск да аперацыі, але яго довады не былі пачуты. У выніку Нарачанскую аперацыю было даручана правесці генералу ад інфантэрыі А.Ф. Рагозе, ураджэнцу Віцебска, выпускніку Полацкага кадэцкага корпуса. Ён быў часова прызначаны камандуючым 2-й арміяй.

Пад час аперацый Руская імператарская армія павінна была рашучым ударам выбіць саперніка з беларускіх зямель і развіць наступленне ў Літве і Латвіі з выхадам да Мітавы (цяпер латвійскі горад Елгава), Баўску (цяпер Баўска), Вількаміру (цяпер літоўскі горад Укмерге) і Вільні (Вільнюсу). Аднак стратэгічная мэта ў аперацыі, якая пасля атрымае назву Нарачанскай, была іншай: перашкодзіць германцам абрынуцца ўсімі сіламі на Францыю. Расійскі Заходні фронт павінен быў выратаваць Вердэн і Парыж…

Рашэнне расійскага камандавання праводзіць наступленне менавіта ў Нарачанскім рэгіёне матывавалася выгоднай канфігурацыяй фронту і перавагай над сапернікам у жывой сіле. Аднак, як паказаў ход наступных падзей, гэтае рашэнне з’явілася фатальным. У рэчаіснасці ж прыродныя асаблівасці раёна (моцна перасечаная мясцовасць з багаццем азёр, цяжкапраходных багністых участкаў) да крайнасці абцяжарвалі наступальныя дзеянні.

У аперацыі павінны былі ўдзельнічаць войскі 1, 2, 5 і 10-й армій. Расійскія войскі мелі перавагу над сапернікам у жывой сіле амаль у пяць разоў, у два разы пераўзыходзілі ў кавалерыі і цяжкай артылерыі. Састаў арміі да моманту наступлення павялічыўся больш як у два разы. Аднак у параўнанні з насычанасцю людзьмі, укамплектаванне арміі ўзбраеннем выглядала больш сціплым. Не было на вышыні і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне расійскіх войскаў. Бракавала галоўнага: снарадаў, патронаў, шанцавых інструментаў.

Досвіткам 18 сакавіка 1916 г. артылерыйскі гром апавясціў пра пачатак Нарачанскай бітвы за Парыж. На ўчастку прарыву абароны саперніка руская артылерыя сканцэнтравала самую высокую шчыльнасць артылерыйскага агню за гады вайны. У набраклых вадой, пацяжэлых снягах на подступах да нарачанскіх азёр дваццаць дывізій 2-й арміі выстраіліся на зыходных пазіцыях, рыхтуючыся нанесці знішчальны ўдар 10-й нямецкай арміі.

Нямецкая абарона налічвала тры лініі, была добра ўмацаванай і прадуманай: некалькі шэрагаў калючага дроту, за якім знаходзілася сетка траншэй і хадоў сувязі, якая ішла ўглыб абароны на адлегласць да двух кіламетраў.

У мерзлай зямлі цяжка было акапацца; велізарныя камякі грунту, што падкідваліся выбухамі васьмідзюймовых снарадаў, забівалі і ранілі не горш за асколкі; у залітых талай вадой варонках таксама нельга было ўкрыцца. Каля калючага дроту салдат пры наступленні расстрэльвалі ва ўпор з кулямётаў, схаваных у добра абароненых гнёздах. Неналаджаным было ў расіян і ўзаемадзеянне пяхоты і артылерыі. Здаралася, што снарады траплялі ў сваіх.

За 10 дзён і начэй цяжкіх, упартых баёў у найскладанейшых умовах вясновага бездарожжа Паўднёвая група войск адваявала ў раёне возера Нарач 10 кв. вёрст. Кошт кожнай вярсты – 7 800 чалавечых жыццяў. 78 000 жыццяў – кошт Вердэна для Расіі.

19 сакавіка ўпершыню пад час Нарачанскай ваеннай аперацыі была прыменена хімічная зброя. Нямецкая артылерыя абстраляла нашы пазіцыі, размешчаныя на паўночным усходзе возера Вішнеўскае, снарадамі з атрутнымі рэчывамі.

28 сакавіка 1916 г. прынята лічыць днём заканчэння аперацыі. Але баі на фронце Паўднёвай групы доўжыліся да 31 сакавіка. Была пастаўлена задача: авалодаць вышынёй “Фердынандаў нос”. Выканаць яе нашы салдаты змаглі толькі ў красавіку.

Вынік аперацыі:

  1. У аперацыі з расійскага боку ўдзельнічала 407 052 штыкі, 18 428 шабляў, 928 гармат, лічачы і рэзервовыя 15-ты і 35-ты армейскія карпусы.
  2. У баях з 18 сакавіка па 1 красавіка ўзята ў палон 1 200 чалавек, паўтара дзясяткаў кулямётаў, 10 кв. км непрыяцельскай тэрыторыі. Вынікі дзеянняў 2-й арміі аказаліся больш чым сціплыя.
  3. У баях з 18 сакавіка па 1 красавіка страчана забітымі і параненымі: 1 018 афіцэраў і 77 427 салдат. З гэтай колькасці 12 000 было абмарожаных і змёрзлых. У момант спынення сакавіцкага наступлення 5 000 трупаў было знята з нямецкіх драцяных загарод. Вялікімі былі і матэрыяльныя страты.

Наступленне пад Нараччу вымусіла Германію перакінуць значныя сілы з-пад Вердэна на Рускі фронт. За час аперацыі сілы саперніка, які супрацьстаяў 2-й арміі, выраслі на 30 000 штыкоў, 150 лёгкіх гармат, 82 цяжкія гарматы і больш за 200 кулямётаў. Бітва пад Нараччу скавала кайзераўскія войскі на Усходнім фронце, і германскае камандаванне было вымушана спыніць наступленне пад Вердэнам. Тым не менш Нарачанская аперацыя развіцця не атрымала і ў канцы сакавіка была спынена. Наступленне вялося ў вясновую бездараж, разрознена, на вузкіх участках фронту; войскі ўводзіліся ў бой па частках, рэзервы пазніліся, кіраванне воінскімі часткамі і злучэннямі парушалася.

За час баёў пад Нараччу расійскае войска страціла каля 100 000 салдат і афіцэраў. Немцы пакінулі на палях бітвы каля 30-40 тыс. салдат, 1 200 чалавек было ўзята ў палон. Такі вынік Нарачанскай трагедыі.

З дакладу палкоўніка Гіпенберга, які высвятляў прычыны правалу Нарачанскай аперацыі: “… менш за ўсё вінаваты войскі, якія заслугоўваюць глыбокай пашаны… Дасылаецца катэгарычная тэлеграма: умацавацца на захопленых участках і ўтрымліваць іх у што б то ні стала. А войскі стаяць па калена ў вадзе і, каб перадыхнуць, складаюць нямецкія трупы і на іх садзяцца, бо акопы поўныя вады. Да іх запаўзаюць параненыя, знявечаныя, не перавязаныя, якія пакутуюць, стогнуць…”.

Доўгія гады Нарачанская аперацыя 1916 г., “Нарачанская Галгофа”, як яе назваў А.А. Кярсноўскі, адзін з самых значных расійскіх ваенных гісторыкаў XX ст., заставалася адной з самых “няўзгадваемых” (“неупоминаемых”) бітваў Вялікай вайны.

Нарачанская бітва стала першай наступальнай аперацыяй Рускай імператарскай арміі пасля вялікага адступлення 1915 г. Яе вопыт выкарыстаў А.А. Брусілаў пры распрацоўцы планаў Луцкай бітвы – знакамітага Брусілаўскага прарыву.

Стратэгічная мэта Нарачанскай аперацыі была дасягнута. Ацаніўшы сітуацыю ў раёне Нарачы як крытычную, немцы былі вымушаны спешна перакінуць у раён баявых дзеянняў чатыры свежыя дывізіі (дзве з Усходняй Прусіі і дзве з Бельгіі), якія павінны былі дзейнічаць супраць Вердэна. Ніводная германская часць не была знята з расійскага фронту. Больш за тое, з 9 па 16 сакавіка націск немцаў на крэпасць Вердэн істотна аслаб. Рэха Нарачы даляцела да Францыі…

 

 

Бібліятэкарам